Вы тут

Цяпло не па Цэльсію


Чаму можна павучыцца ў насельнікаў Крайняй Поўначы

"Дык вось ты які, паўночны алень!" — сказала я бялюткаму, як снег, з чорнымі плямамі на плячах рагатаму прыгажуну. Алень скасавурыў на мяне сваё бліскучае цёмнае вока і абыякава адвярнуўся. Бачылі мы, маўляў, такіх турыстаў. А вы пажывіце тут увесь час, пакалупайце ежу з-пад снегу, тады пабачым, ці будзеце вы вішчаць ад захаплення...


На Крайнюю Поўнач, а калі дакладна — на паўвостраў Ямал, мы трапілі, як нам сказалі мясцовыя, у адлігу — у Салехардзе было ўсяго мінус шаснаццаць. Там сапраўдная зіма, якая нібы вярнула ў дзяцінства, — з кашлатымі ад снегу елкамі, з гурбамі, з марозным рыпеннем пад нагамі. Гэткае адчуванне пераднавагодняга шчасця, амаль забытае ў нашых мокра-шэрых мясцінах. Але гэта захапленне змянілася іншымі, больш сур'ёзнымі і трывалымі ўражаннямі. І высновамі — мы ж заўсёды нечаму вучымся ў людзей, якія жывуць у адрозных ад нашых абставінах і стасунках.

Вось, напрыклад, у пасёлку Сабета, што на беразе Карскага мора, за семсот кіламетраў на поўнач ад Палярнага круга, куды трапіць можна толькі самалётам ды хіба яшчэ на атамным ледаколе, жывуць, лічы, адны мужчыны, пяць тысяч чалавек — вахтавікі, якія прыязджаюць з Вялікай зямлі працаваць на вялізным прадпрыемстве па вырабе звадкаванага газу. І, уявіце сабе, там няма ні кроплі алкаголю — ні ў якім выглядзе. На спіртное, як і на ўтрыманне хатніх жывёл (яны могуць парушыць унікальную экасістэму Арктыкі) тут самая строгая забарона. Любую забарону можна абысці? Не скажыце. Тут вынайшлі вельмі эфектыўны спосаб барацьбы з п'янствам. За ўжыванне, ці за правоз, ці за захоўванне моцных напояў штраф мільён расійскіх рублёў. Прычым плаціць не чалавек, які праштрафіўся, а арганізацыя, якая яго наняла. Уявіце, як клапоцяцца пра захаванне сухога закону самі наймальнікі. Цікавы досвед, праўда? Пры жаданні абсалютна прымяняльны і не ва ўмовах Крайняй Поўначы...

А яшчэ шмат чаму можна павучыцца ў спрадвечных насельнікаў гэтай зямлі — малых народаў Поўначы, як прынята іх называць. На Ямале гэта ў большасці сваёй ненцы і ханты. Многія з іх (называюць лічбу каля трох тысяч трохсот сем'яў) і сёння жывуць, як продкі — качуюць па тундры з аленямі. Канешне, у іх побыт дадалася цывілізацыя — дзеці вучацца ў школах (цяпер вельмі папулярны кірунак развіцця качавых школ: настаўнікі самі прыязджаюць на стойбішчы, каб не адрываць малых ад прывычнага, звычайнага для іх ладу жыцця), перасоўныя генератары дазваляюць мець у чумах электрычнае асвятленне, падключаць камп'ютары, зараджаць мабільныя тэлефоны. Нарты, запрэжаныя аленямі, замяняюць снегаходы (праўда, толькі зімой, бо летам па тундры снегаход не паедзе, а нарты — транспарт універсальны). Але, нягледзячы на выгоды сучаснага свету, гэтыя людзі ўсё роўна амаль увесь час застаюцца сам-насам з прыродай, якая для іх — родны дом, а яны для яе — неад'емная частка. Менавіта таму гэтыя народы стараюцца захаваць — не толькі з-за іх унікальнай культуры побыту, але і з меркаванняў экалогіі. Бо так разумна, так ашчадна, з такой любоўю і беражлівасцю, з такім разуменнем да мясцовай экасістэмы — суровай, але вельмі ўразлівай, могуць ставіцца толькі яны.

Да прыкладу, сваіх аленяў яны не кормяць нават у самыя страшныя халады і завеі. Жывёлы самі здабываюць сабе ежу — мясцовы мох ягель, з-пад снегу. Толькі калі здараецца галалёд — праява глабальнага пацяплення — і снег ператвараецца ў шурпак, які не прабіць капытом, — тады аленям даюць мінеральную дабаўку (соль) і падсыпаюць крыху камбікорму. І гэта не жорсткасць, а простае разуменне, што інакш алені перастануць быць аленямі і выжываць у натуральных умовах ім стане цяжэй... Прыгадваюцца тут нашы зубры, алені і нават дзікі, якіх, ледзь прыцярушыць снегам, ужо спяшаемся карміць напоўніцу сенам, аўсом і бульбай, робячы іх амаль свойскай скацінай. І ўпершыню падумалася: а ці добра для іх саміх мы так робім?

У ненцаў шмат сабак, але няма бадзяжных ці пакінутых жывёл. Тут нікому нават у галаву не прыйдзе выгнаць сябра за нейкую правіну ці проста таму, што надакучыў. З імі на роўных дзеляцца галоўным у тундры — ежай і цяплом. Бо гэта — частка іх жыцця, іх існавання, і як адарваць ад сябе гэту частку? Сабакі адказваюць любоўю і адданасцю — гэтыя невялікія калматыя лайкі ніколі не брэшуць на людзей, лашчацца да гаспадароў, нібы коткі, самі, без каманды, трымаюць аленяў у статку, а калі ўжо пачалі гаўкаць — значыць, побач ходзіць воўк ці самы люты вораг — расамаха, якая сваімі доўгімі кіпцямі можа проста забіць нават вялікага рагача.

Гэтыя людзі вельмі любяць дзяцей — кожнае малое тут лічыцца падарункам духаў іхняй зямлі. Гэткія маленькія бажкі катаюцца ў сваіх адмыслова вышытых белых футрачках на цацачных снегаходах і проста віюць вяроўкі з бацькоў, бабуль і іншых старэйшых сваякоў. Гаварыць пра тое, што ненцы ніколі не адмаўляюцца ад дзяцей, нават не буду — калі ўжо сабакі ў іх у пашане, то што казаць пра малых.

Увогуле, гэта вельмі шчырыя, адкрытыя, добрыя людзі. І тое, што напачатку, кіруючыся прывычнымі стэрэатыпамі, лічыш наіўнасцю і нават недалёкасцю, вельмі хутка выяўляецца вялікай чалавечай мудрасцю, якая дапамагае ім захаваць сябе ўжо не адно стагоддзе, выжыць ва ўмовах, якія здаюцца ўвогуле непрымальнымі для чалавечага існавання, сагрэць сябе і навакольных цяплом, якое вымяраецца па іншай шкале, чым градусы па Цэльсію ці Фарэнгейце.

Цяплом, якога так часта не хапае нам у нашых абагрэтых кватэрах і ў нашым шэра-мокрым пераднавагоднім надвор'і.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Чавусах створана сістэма па падтрымцы людзей і чалавечых сувязяў

У Чавусах створана сістэма па падтрымцы людзей і чалавечых сувязяў

Клопат аб людзях паважнага ўзросту набывае ў нашым грамадстве асаблівае значэнне.

Грамадства

Сістэма аплаты працы бюджэтнікаў стане прасцейшай

Сістэма аплаты працы бюджэтнікаў стане прасцейшай

Гэта прадугледжана Указам Прэзідэнта ад 18 студзеня 2019 года № 27 «Аб аплаце працы работнікаў бюджэтных арганізацый». 

Грамадства

Куда ехать за впечатлениями? Рассказывают представители туриндустрии

Куда ехать за впечатлениями? Рассказывают представители туриндустрии

Ко ІІ Европейским играм готовятся не только спортсмены, но и туркомпании.