Вы тут

Хто дапаможа ў рамонце печы?


«МС» высвятляла на прыкладзе Клімавіцкага раёна

Сяргей Харошанькі ратавальнік з дэпутацкім вопытам, вось ужо пяты год сумяшчае свае прафесійныя абавязкі з грамадскімі, другое скліканне з'яўляецца дэпутатам Клімавіцкага райсавета.


Ён заклапочаны тым, што колькасць пажараў у параўнанні з мінулым годам павялічылася. Асабліва балюча, што ёсць тыя, хто загінуў. Здаецца, усё прадугледзелі — і з рэйдамі хадзілі, і паасобку нагадвалі грамадзянам, каб не рызыкавалі, а ўсё роўна бяда здаралася.

— Прэтэнзій да стану пячнога абсталявання і праводкі ў тых дамах, дзе адбыліся пажары, не было.
А вось да паводзін гаспадароў заўвагі ўзнікалі. Пяцёра з загінулых наогул нідзе не працавалі. Асноўная прычына іх гібелі — неасцярожнае абыходжанне з агнём.

Ёсць у нас на раёне сын і бацька, якія не даюць жыць спакойна, абодва п'юць, — прыводзіць прыклад Сяргей Харошанькі. — Наведваем іх нават у выхадныя дні, бо сям'я, мякка кажучы, ненадзейная. Сын, акрамя таго, што п'е, яшчэ і курыць. Што датычыцца печкі, то яна ў іх у нармальным стане. Дабіліся, каб сын, калі прыехаў з заробкаў, набыў аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Але ўсё роўна неспакойна. І на сельскі сход гэтую сям'ю вазілі, каб паглядзелі фільм і паслухалі, што бывае, калі правілы парушаюцца. Работнікі РАУС таксама з імі працуюць. Але пакуль безвынікова.

Паралельна з ратавальнікамі супрацьпажарную абстаноўку ў жылых дамах кантралююць супрацоўнікі аддзела адукацыі, сацыяльнай службы. Калі высвятляецца, што ёсць непаладкі з печчу або электраправодкай, з гаспадарамі працуюць па поўнай праграме. Для людзей маламаёмных, якім няма каму дапамагчы, адшукваюцца варыянты матэрыяльнай дапамогі. І майстра, каб замяніць праводку або адрамантаваць печ знайсці не праблема.

— Такая інфармацыя, перыядычна праходзіць праз раённую газету, — кажа Сяргей Харошанькі. — І мы не ставім мэту пакараць чалавека, наш абавязак нагадаць яму, што можа здарыцца няшчасце. Цяжэй за ўсё ўздзейнічаць на людзей працаздольных, якія ў стане самастойна паклапаціцца аб сваёй бяспецы. Але, калі чалавек зусім не жадае нас чуць, можам і штраф выпісаць.

Як дэпутат суразмоўнік перыядычна сустракаецца з насельніцтвам, цікавіцца праблемамі. Але з пытаннем, якім чынам замяніць праводку або адрамантаваць печ, кажа, ніхто не звяртаўся.

— Дарэчы, няспраўныя печ або электрычнае абсталяванне — гэта далёка не самая распаўсюджаная прычына пажараў, — удакладняе ён. — Больш за 80 % — гэта неасцярожнае абыходжанне з агнём. Адным словам — чалавечы фактар. Кожны грамадзянін, у рэшце рэшт, павінен адказваць за сваё жыццё і жыццё сваіх блізкіх у першую чаргу сам.

Нэлі ЗІГУЛЯ

У тэму

Дырэктар Клімавіцкага раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана Грашчанка:

— Акрамя планавых аглядаў на прадмет супрацьпажарнай бяспекі, мы яшчэ працуем з інфармацыяй раённага аддзела па НС. Перш за ўсё вызначаем, да якой катэгорыі адносіцца чалавек. Калі гэта адзінокі пажылы грамадзянін або інвалід I або II групы, запрашаем, напрыклад, перазімаваць у нашым аддзяленні кругласутачнага знаходжання або бальніцы сястрынскага догляду. Прапануем сацыяльнага работніка, у абавязкі якога ўваходзіць і кантроль за супрацьпажарнай бяспекай кліента. Калі бачым, што ў чалавека матэрыяльныя цяжкасці, можам пасадзейнічаць атрыманню адраснай дапамогі або дапамогі з фонду сацыяльнай абароны. Сродкі для пэўных катэгорый грамадзян прадугледжаны таксама рознымі дзяржпраграмамі. На яе могуць разлічваць адзінокія пажылыя грамадзяне, інваліды I і II груп, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Грошы выдзяляюцца на бягучы рамонт печкі, праводкі, устаноўку аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і гэтак далей. Што датычыцца тых грамадзян, у якіх ёсць працаздольныя дзеці, пішам да іх лісты, каб яны паклапаціліся пра сваіх маламаёмных бацькоў. Звяртаемся і ў тыя арганізацыі, дзе калісьці працавалі грамадзяне, якія трапілі ў спіс на дапамогу.

На заметку

Галоўны інжынер ООО «Кампанія ЭВАС» Эдуард Дачанкоў:

— Наша фірма існуе ўжо сёмы год, мы спецыялізуемся на будаўнічых работах. Але не адмаўляемся і ад работы з насельніцтвам. Па лініі сацыяльнай службы дапамагалі адзінокім грамадзянам з устаноўкай аўтаномных апавяшчальнікаў, замянялі праводку. Калі спатрэбіцца, можам і печ адрамантаваць. «МС» пацікавілася, колькі будаўнікі возьмуць за свае паслугі.

Суразмоўнік прывёў цэны без уліку матэрыялаў:

  • адрамантаваць печ можна ад 30 рублёў (рэанімаваць дымаход) да 100 рублёў (перакласці печ);
  • замяніць разетку або выключальнік будзе каштаваць каля 3 рублёў;
  • замяніць электраправодку (100 метраў) — 140 рублёў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».