Вы тут

Падпісанне візавага пагаднення з Расіяй адкладзена


Пасяджэнне Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы прайшло ў Брэсце. Па яго выніках прэм'ер-міністры Беларусі і Расіі падпісалі шэраг дакументаў, а таксама бакі адобрылі праект бюджэту на наступны год. Даходы ў ім запланаваны ў памеры больш за 7 мільярдаў расійскіх рублёў (каля 106 мільёнаў долараў), расходы — каля 6,3 мільярда рублёў (95 мільёнаў долараў). Значная частка пойдзе на фундаментальныя даследаванні.


Пагадненне аб узаемным прызнанні віз з Расіяй будзе падпісана пасля завяршэння ўнутрыдзяржаўных працэдур у Беларусі. Пра гэта журналістам пасля пасяджэння паведаміў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас.

"Сёння мы не падпісвалі візавае пагадненне. Беларускі бок да пасяджэння Саўміна не паспеў завяршыць унутрыдзяржаўныя працэдуры. Думаю, у найбліжэйшы час мы іх завершым і пагадненне будзе гатовае да падпісання", — сказаў ён.

На парадку дня пасяджэння знаходзілася 25 пытанняў. Сяргей Румас пракаментаваў асноўныя кірункі ўзаемадзеяння, якія ўчора абмяркоўваліся паміж бакамі. "Галоўным індыкатарам двухбаковых адносін быў і застаецца ўзаемны тавараабарот. На жаль, у 2018 годзе дысбаланс у гандлі таварамі паміж Беларуссю і Расіяй узмацняецца. Па выніках дзесяці месяцаў 2018 года адмоўнае сальда ўзаемнага гандлю павялічылася на 2,3 мільярда долараў. Прычына гэтага — мы павольна набліжаемся да вырашэння важных для беларускага боку праблемных эканамічных пытанняў. Гэта і абмежаванні Рассельгаснагляду доступу на расійскі рынак прадукцыі беларускага аграпрамысловага комплексу, забарона на ўдзел беларускіх прадпрыемстваў у сістэмах дзяржаўных закупак для патрэб абароны і бяспекі, абмежаванне на ўдзел у расійскіх праграмах субсідавання закупак сельскагаспадарчай тэхнікі", — падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада.

Пры гэтым ён адзначыў, што найважнейшы складнік двухбаковага ўзаемадзеянне — гэта безбар'ернае асяроддзе для суб'ектаў гаспадарання. На думку Сяргея Румаса, у рамках Саюзнай дзяржавы знойдзены аптымальны механізм вырашэння пытання — рабочыя групы па ключавых кірунках супрацоўніцтва. Па выніках іх работы атрымалася скараціць пералік праблемных пытанняў доступу на рынкі Беларусі і Расіі.

Таксама на пасяджэнні быў разгледжаны план мерапрыемстваў па далейшым развіцці малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў Саюзнай дзяржаве на 2019 год. Сяргей Румас нагадаў, што ў кастрычніку была зацверджана нацыянальная стратэгія па гэтым кірунку. Беларусь і Расія тут ставяць сугучныя задачы. Таму, на думку беларускага прэм'ер-міністра, надзвычай важнай з'яўляецца каардынацыя сумесных намаганняў па развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы.

Прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў лічыць, што гандлёва-эканамічныя адносіны развіваюцца пазітыўна, калі глядзець па паказчыках тавараабароту: ён расце — за дзесяць месяцаў гэтага года амаль на 13 %, блізка падышоў да ўзроўню ў 30 мільярдаў долараў. Але кіраўнік расійскага ўрада пагадзіўся, што яшчэ ёсць над чым працаваць. "Трэба працягваць сістэмна, паслядоўна здымаць тыя бар'еры, якія існуюць і якія стрымліваюць узаемны гандаль, ствараць для нашых кампаній спрыяльныя і раўнапраўныя ўмовы доступу на рынкі, падтрымліваць малы і сярэдні бізнес, асабліва ў тых сектарах, якія мы лічым перспектыўнымі, — гэта высокатэхналагічныя, навукаёмістыя сектары. І тое, і другое ў нас нядрэнна развіта", — падкрэсліў Дзмітрый Мядзведзеў.

Акрамя таго, кіраўнік расійскага кабміну лічыць, што неабходна развіваць узаемадзеянне паміж расійскімі і беларускімі рэгіёнамі. А таксама — нарошчваць аб'ёмы паставак тавараў сумеснай вытворчасці на рынкі трэціх краін.

Пры гэтым Дзмітрый Мядзведзеў адзначыў, што ёсць неабходнасць паглядзець на тое, што адбывалася з саюзным дагаворам з 1999 года: што выканана, а што не. "Ёсць цэлы шэраг адчувальных тэм, якія мы рэгулярна абмяркоўваем. Яны датычацца выраўноўвання ўмоў гаспадарання ў нашых краінах, аказання эканамічнай, у тым ліку фінансавай, падтрымкі". І вось калі казаць аб нашых інтэграцыйных праектах, то тут ёсць два сцэнарыі. Кансерватыўны — пры захаванні контураў той Саюзнай дзяржавы, якая была створана на сённяшні момант, без павышэння ўзроўню інтэграцыі да тых межаў, падкрэсліваю, якія ўстаноўлены ў дагаворы ад 8 снежня 1999 года, без фарміравання ўсіх інстытутаў, якія закладзены ў гэтым дагаворы. Пры гэтым мы працягнем фарміраванне Еўразійскага эканамічнага саюза на пяць краін і іншыя праекты", — сказаў прэм'ер Расіі.

А таксама растлумачыў і пра іншы сцэнарый, які заснаваны на павышэнні ўзроўню інтэграцыі, з павышэннем узаемазалежнасці эканомік і магчымасці аказання падтрымкі ў рашэнні самых розных пытанняў інтэграцыі. У тым ліку, ён удакладніў, што гэты шлях прадугледжвае і стварэнне шэрагу адзіных органаў: мытні, суда, падліковай палаты... "У гэтым выпадку магчыма праводзіць і адзіную падатковую палітыку, і, сапраўды, палітыку ў галіне цэнаўтварэння і тарыфаўтварэння ў той частцы, якая зараз перададзена Еўразійскай камісіі. Які з гэтых варыянтаў абраць, трэба абмяркоўваць", — рэзюмаваў Дзмітрый Мядзведзеў.

Абодва прэм'ер-міністры адзначылі сімвалічнасць правядзення пасяджэння Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы ў горадзе-героі Брэсце напярэдадні 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Надзея АНІСОВІЧ, Брэст

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.