Вы тут

Каб сустракаць Новы год не адной


Умее ж яна здзіўляць. Упершыню здзівіла тады, як мы амаль выпадкова сустрэліся гадоў дзесяць таму, а можа і больш... Пасля кароткага настойлівага стуку дзверы кабінета адчыніліся, на парозе з'явілася яркая прывабная жанчына і літаральна агарошыла сваім пытаннем: «Гэта праўда, што на вашай шыльдзе напісана?» Ад нечаканасці я не адразу ўцяміла, што і адказаць. Па-першае, была занятая тэрміновай справай і перанастроіць мазгі імгненна на іншы лад — задачка не для мяне, ды і не сустракала я таго, каму прыйшло б у галаву пісаць на дзвярах свайго офіса няпраўду.


Але раптоўна госця растлумачыла: «Што і казаць, перамяніліся мы за 20 гадоў. Каб не прачытала прозвішча, не пазнала б». Тады і я пачала ўспамінаць знаёмыя рысы. Гэтая дзяўчына вучылася на курс пазней, у інтэрнаце жыла на суседнім паверсе. Але перамены, якія адбыліся з ёй, з маімі, пэўна, не параўнаеш. Замест таго сціпленькага, амаль непрыкметнага дзяўчаці з райцэнтра стаяла з густам нафарбаваная, стыльна апранутая і, галоўнае, упэўненая ў сабе жанчына. «Ці гэта ты, Галя?» — толькі і спытала я.

— А хто ж яшчэ, — засмяялася мая суразмоўніца. — Выпадкова тут аказалася, тваім суседзям, — паказала на кабінет побач, — участак зямлі прадаю пад забудову, заехала, каб уладзіць некаторыя фармальнасці.

Мы з Галінай некалі нават уступныя экзамены разам здавалі, жылі ў адным пакоі. Праўда, ёй пашанцавала менш, і паступіла яна толькі на наступны год. А вось пра тое, што жывём у адным горадзе, я нават не падазравала. Потым мы сустракаліся не раз. І я даведалася, што Галіна Пятроўна стала гаспадыняй сярэдняй велічыні турыстычнай фірмы, забяспечанай, незалежнай жанчынай. Па выглядзе і інтанацыі здавалася, што ў яе шчаслівая сям'я, ва ўсім жыцці пануе размеранасць і гармонія. Ды і не цярпелася даведацца, як становяцца бізнес-лэдзі.

Аказалася, што становяцца, бывае, не дзякуючы, а насуперак. Толькі цяжка вызначыць чаму: каханню, страсці, пошукам гэтых пачуццяў... Пасля разводу з мужам-вайскоўцам і вяртання з Германіі яна ледзьве ўладкавалася ў аддзел кадраў шараговай арганізацыі. Сяк-так прыватызавала пакой у сямейным інтэрнаце. І вырашыла, што ім з сынам гэтага хопіць. Можа, і зараз жыла б на ўскрайку горада, каб не сустрэла сваё ракавое каханне. Як яна сказала, трапіла ў залежнасць, нібы алкаголік ці наркаман. Пачуць голас стала — як атрымаць дозу таму, хто блізкі да ломкі. З самага пачатку было ясна, што той чалавек не збіраецца нічога мяняць у сваім жыцці. Як і зразумела, што ў гэты кут загнала сябе сама і выбірацца адтуль трэба самой. Хадзіла да псіхолагаў, чытала разумныя кніжкі, пакуль не ўсвядоміла, што неабходна мяняць усё і адразу. Рызыкнула пачаць сваю справу, і пачало атрымлівацца! Работа, як вядома, лечыць, тым больш што яна адбірала ўвесь час. Потым паявіліся грошы, за імі кватэра, машына, бізнес пашыраўся. У «той бок» нават думаць сабе забараніла. І заўсёды выглядала вясёлай, шчаслівай, упэўненай.

На гэты раз мы зноў доўга не бачыліся і сустрэліся, як заўсёды, амаль выпадкова. Галіна паведаміла, што выйшла замуж.

— ?!

— Ну так. Гаварыла, што больш мяне на гэтую прынаду жыццё не зловіць. Гаварыла, няма дурных. Дык так і ёсць. Цяпер — ніякіх жарсцяў, ніякага пякельнага кахання. Цяпер — другое. А ведаеш, чаму сышлася з гэтым чалавекам? Каб Новы год адной не сустракаць. Раней, калі сын быў са мной, яшчэ сяк-так, а калі ён вырас і сышоў, святы для мяне сталі ледзь не выпрабаваннем... Не, мы на фірме ладзім карпаратыў, адзначаем як след. А 31-га я ўсіх павіншую, раней адпушчу, бо ўсе бягуць да сем'яў, да святочных сталоў. Сама прыходжу дадому, пашвэндаюся з кута ў кут, да сваіх сямейных сябровак ісці не хачу, радні ў мяне тут няма. Стараюся раней легчы спаць, каб не ўключаць тэлевізар, не чуць гэтага грукату петардаў, але ж усё роўна выбухі потым разбудзяць. Ляжыш, думаеш, сябе шкадуеш. Так было яшчэ два гады таму.

А цяпер мы разам сядзем ціхенька пад ёлачкай, і так спакойна, утульна. Можна было б куды ехаць, браць тур. Але мой Уладзімір Фёдаравіч зусім не любіць пералётаў, далёкіх дарог. Я часта падарожнічаю нават па роду дзейнасці. Прыеду, скіну здымкі на камп'ютар, разам разглядаем, мне цікава яму расказаць і паказаць. Ён любіць кнігі, шмат чытае. Раскажа, што прачытаў, а мне цікава слухаць. Бывае, прыйду з работы, стомленая, заведзеная, злая, а ён ціха скажа: «Я тваю любімую запяканку тварожную прыгатаваў». І я нібы іншая станаўлюся, нібы тая жаба, скуру з сябе скідваю. І наогул, ведаеш, як добра Новы год сустракаць дома ўдваіх! Раней я кампаніі шумныя любіла. А можа, мне падавалася, што любіла...

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?