Вы тут

Студэнты вучаць старшакласнікаў разважаць пра сэнс жыцця, каханне і сям'ю


Сталічныя студэнты вучаць старшакласнікаў разважаць пра сэнс жыцця, каханне і сям'ю.

Прагучыць банальна, але некаторыя бацькі не маюць часу ці не лічаць неабходным размаўляць са сваімі дзецьмі-падлеткамі на такія сур'ёзныя тэмы. У многіх школьнікаў перад вачамі стаіць прыклад няўдалых адносін маці з татам. Пры такім раскладзе хлопцы і дзяўчаты перастаюць верыць, што ў наш час можна з першай спробы пабудаваць шчаслівую сям'ю. Праект «Сафія» — сумесная ініцыятыва Белдзяржуніверсітэта і Беларускага саюза жанчын. Ён дапамагае моладзі не страціць веру ў сябе і іншых, раскрывае сутнасць трывалых адносін паміж людзьмі.


Пасля пятага-шостага ўрока дзесяцікласнікі сярэдняй школы № 204 Мінска збегчы дадому не спяшаюцца. Сёння іх чакаюць яшчэ адны заняткі. Ніякіх складаназлучаных сказаў, задач па геаметрыі і экскурсаў у гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. Тэма ўрока казытлівая, але тым і цікавая: гаворка пойдзе пра каханне і закаханасць, і весці яе будзе другакурсніца механіка-матэматычнага факультэта БДУ Ульяна Салавей.

Першыя хвіліны хлопчыкі пасмейваюцца, дзяўчаты чырванеюць. Але паступова ўцягваюцца і пачынаюць здзіўляць свайго лектара надзвычай дарослымі думкамі-высновамі. Не пазнаць хулігана-троечніка, які пускаецца ў дыскусію з выдатніцай пра тое, дзе знаходзіцца мяжа паміж ахвярнасцю і звычайнымі пакутамі.

— Адносіны паміж мужчынам і жанчынай «кранаюць за жывое» амаль усіх старшакласнікаў і студэнтаў. Калі шчыра, то спачатку мне і самой вельмі хацелася разабрацца ў гэтых паняццях. Да знаёмства з «Сафіяй» я асабліва не задумвалася пра тое, што ёсць розніца паміж каханнем і закаханасцю. Затое вельмі часта даводзілася чуць як пра існаванне фантастычнага «кахання з першага погляда», так і пра яго адсутнасць. Мне патрэбна было лагічнае тлумачэнне, заснаванае на рэальных гісторыях людзей, што жывуць сярод нас, — расказвае Ульяна пасля заняткаў.

Яна і яшчэ з дзясятак такіх жа студэнтаў — валанцёры «Сафіі».

— Назва сімвалічная. Сафія ў перакладзе з грэчаскай мовы — мудрасць. Да таго ж, у хрысціян Сафіяй звалі маці Веры, Надзеі і Любові. Сёння яны адносяцца да ліку святых, — расказвае заснавальніца ініцыятывы — кіраўнік аддзела маладзёжных праграм і праектаў упраўлення выхаваўчай работы БДУ, кіраўнік маладзёжнага крыла БСЖ Наталля Ярашэвіч. — Ідэю праекта падказала само жыццё. Сям'я, каханне, сяброўства — здаецца, словы, вядомыя ўсім, і тлумачэння не патрабуюць. Аднак, як паказваюць апошнія апытанні беларускіх студэнтаў, далёка не ўсе маладыя людзі маюць канкрэтныя і трывалыя ўяўленні на гэты конт. Высветлілася, што прыкладна трэцяя частка з 400 апытаных хлопцаў і дзяўчат з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта лічаць неабходнай афіцыйную рэгістрацыю шлюбу. Што да астатніх — яны не могуць знайсці прычыну для гэтага, таму згодныя на сужыццё. «Бо так прасцей». Чаму студэнты так разважаюць? Магчыма, з-за таго, што бачаць навокал шмат прыкладаў нешчаслівых шлюбаў, ці, магчыма, гэта яшчэ адзін вынік глабалізацыі. Падобныя погляды ніколі не былі ўласцівыя беларусам. Яны літаральна навязваюцца нам праз інтэрнэт. Дастаткова зазірнуць у папулярныя маладзёжныя анлайн-СМІ. Там убачым тэксты пра свабодныя ці аднаполыя адносіны, пра мэтанакіраваную адмову ад дзяцей і таму падобнае. Такія гісторыі падаюцца як нешта эксклюзіўнае і моднае. Вось хлопцы і дзяўчаты і пачынаюць думаць, што гэта норма.

Камусьці можа падацца дзіўным, чаму заняткі для школьнікаў праводзяць студэнты. Яны ж самі толькі робяць першыя крокі ў дарослым жыцці. За іх плячыма, як правіла, яшчэ няма досведу стварэння сям'і. Многія толькі пачынаюць будаваць сур'ёзныя адносіны з супрацьлеглым полам. Аднак у Наталлі на гэты конт іншыя думкі:

— Цяперашнія старшакласнікі зусім не такія, якія былі яшчэ дзесяць-пятнаццаць гадоў таму. Незвычайна самастойныя і цікаўныя ў пытаннях, якія закранаюць іх асабістае жыццё. Для многіх з іх словы дарослых — настаўнікаў і бацькоў — не аўтарытэт. Хлопцам і дзяўчатам важна самастойна дакапацца да ісціны, яны не саромеюцца выказваць уласнае меркаванне, нават калі яно ідзе ўразрэз з думкамі астатніх. Таму наша задача перш за ўсё — падзяліцца са школьнікамі інфармацыяй, а пасля выклікаць іх на дыялог. Важна, каб падлеткі самі ў працэсе размовы ці гульні прыйшлі да пэўных высноў. Толькі ў такім выпадку намаганні не прападуць дарма.

«Якая яна, ідэальная дзяўчына вачыма старшакласнікаў?»

Пераемнасць пакаленняў — гэта аснова, на якой трымаецца «Сафія». Гэта яшчэ адна з прычын, па якой са школьнікамі працуюць студэнты. Яны быццам сувязныя паміж дарослымі і падлеткамі. Перш чым ісці да сваёй аўдыторыі, хлопцы і дзяўчаты прайшлі падрыхтоўку ў прафесіянальных лектараў. У якасці экспертаў для студэнтаў выступаюць куратар асветніцкага праекта «За жыццё, мараль і сямейныя каштоўнасці» Алена Ярашэвіч, журналіст і радыёвядучая, кіраўнік фестывалю сацыяльнай рэкламы «Далонька» Алена Есіна, рэжысёр, акцёр, музыкант Віталь Любецкі, а таксама святары, псіхолагі, выкладчыкі. Запрошаныя госці закранаюць надзвычай цікавыя тэмы. Напрыклад, намеснік дырэктара Студэнцкага гарадка Белдзяржуніверсітэта Дзмітрый Мікулка з вышыні ўласнага досведу разважаў пра тое, ці варта рабіць выбар паміж сям'ёй і кар'ерай. Спявак, выкладчык БДУ і наваспечаны тата Дзмітрый Нікановіч разам з жонкай Кацярынай расказаў пра складанасці, з якімі можа сутыкнуцца маладая сям'я.

— У нашай краіне шмат прыкладаў цудоўных сем'яў і неабыякавых людзей, гатовых падзяліцца сваім досведам, — упэўнена студэнтка чацвёртага курса факультэта журналістыкі Надзея Мархель. — Мне на пару з Цімафеем Бекішавым дасталася тэма «Мужнасць/Жаноцкасць». Працуючы над ёй, давялося пералапаціць шмат літаратуры, перагледзець дзясяткі відэа і пазнаёміцца з многімі экспертамі ў гэтым пытанні. Каб спачатку выхаваць адпаведныя якасці ў сабе і толькі пасля ісці з імі да школьнікаў. Невялікая розніца ва ўзросце дазваляе гутарцы быць больш адкрытай.

Весткі пра «Сафію» разлятаюцца з хуткасцю святла. Праект яшчэ не адзначыў і год існавання, аднак ужо прайшоў шлях ад унутрыўніверсітэцкай да рэспубліканскай ініцыятывы. «Сафійскія» сустрэчы на найбліжэйшы час запланаваны ў трох сталічных школах і каледжы. Акрамя таго, чакаюць хлопцаў і дзяўчат у Бабруйску: там распачалі аналагічную ініцыятыву і просяць падзяліцца напрацоўкамі. Дзякуючы сацыяльным сеткам аб праекце БДУ ведаюць нават у далёкім Арэнбургу. Выкладчыца мясцовага ўніверсітэта таксама арганізоўвае семінары на тэмы сямейных каштоўнасцяў і хоча пазнаёміцца са сваімі беларускімі «калегамі». Валанцёрскі абмен прызначаны на люты 2019-га.

Ганна КУРАК

Загаловак у газеце: Запрасіце ў госці «Сафію»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чый боршч найлепш і навошта гарод гарадзіць.

Грамадства

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

Хоць толькі збіраюцца выйсці на рынак працы.