Вы тут

Час, адукацыя і заробак — тры праблемы шматдзетных маці. Як пераадольваць?


Сёння існуе каласальная дзяржаўная падтрымка сем'яў з дзецьмі, якая забяспечыла паніжэнне рызыкі іх беднасці і аказала станоўчы ўплыў на нараджальнасць. Вялікі ўнёсак быў зроблены ў 2012—2013 гадах, калі павялічыліся выплаты, а дапамогу на дзяцей «прывязалі» да сярэдняга заробку ў Беларусі. Памеры дзіцячых выплат бываюць нават большыя за заробак, на які могуць разлічваць жанчыны. Але дзеці растуць, і, рана ці позна шматдзетныя мамы, якія займаліся выхаваннем сваёй малечы некалькі дэкрэтных запар, вымушаны выйсці на работу ці шукаць новую. З якімі праблемамі яны сутыкаюцца і як іх пераадольваюць?


Паміж работай і сям'ёй

— Апошні мой дэкрэтны водпуск доўжыўся пяць гадоў, — расказвае Юлія КАРАЛЬ з Мінска. — На самай справе, шукаць работу мне не прыйшлося, бо вярнулася туды, адкуль сыходзіла ў дэкрэт. Даволі хутка адаптавалася на рабоце, але ў мяне раз-пораз узнікаюць непрыемнасці... Нядаўна дачка захварэла на гаймарыт — даволі сур'ёзная праблема. А ўсё чаму? Бо да гэтага я старалася не браць бальнічныя лісты. Маё дзіця часта хварэла на ВРЗ, але здавалася, што прастуда — дробязь у параўнанні з добрымі адносінамі з работадаўцам, які быў вельмі незадаволены маімі паходамі на бальнічны. Асабліва цяжка, калі дзеці, а іх у мяне трое, пачыналі хварэць адно за адным. Таму і старалася не браць бальнічныя... Вынік — гаймарыт. У дэкрэтным было лягчэй. Даход хоць і напалову меншы, але нам нават удавалася адкладваць грошы. Зараз — не. Не заўсёды хапае часу нагатаваць карыснай ежы, і прыходзіцца набываць паўфабрыкаты. Вельмі шмат грошай выдаткоўваем на дзіцячую адукацыю. Толькі адна развіццёвая школа на дваіх малодшых з'ядае 90 рублёў заробку. А гэта не адзіная патрэба маіх дзяцей. Канешне, можна і дома з імі пазаймацца. А калі? З раніцы на работу. Прыходжу ўвечары, праверыла ўрокі, паелі, прыбраліся і ўсе — час спаць. А на выхадных трэба пачысціць, памыць, папрасаваць, нагатаваць... Пакінуць работу немагчыма, бо трэба, самі разумееце, зарабляць на пенсію.

Самая вялікая праблема жанчын пасля выхаду на работу — гэта час. Яго не хапае, каб пазаймацца, пагаварыць з кожным малым... Дзеці могуць наведваць розныя школы, садкі, гурткі, якія не заўсёды знаходзяцца побач з домам, і да таго каштуюць грошай. Жанчынам, якія свядома нараджалі дзетак, даводзіцца проста разрывацца паміж работай і сям'ёй.

Дайсці да цэнтра занятасці

Адукацыя, дарэчы, з'яўляецца другой праблемай. Часам жанчыны сыходзяць у дэкрэт увогуле амаль што адразу пасля заканчэння школы. У выніку пасля працяглага дэкрэтнага на рынку працы такая прэтэндэнтка проста прайграе бяздзетным равесніцам.

— Да першага дэкрэтнага я не працавала, — расказала Ілона СТРЭЖ з Бабруйска.— Адразу амаль са школьнай лаўкі — у дэкрэтны. І хоць паступіла ў каледж на юрыста, але тады яшчэ не скончыла... Вырашыла звярнуцца ў Цэнтр занятасці насельніцтва і там атрымала адукацыю прадаўца. На той час мне вельмі дапамаглі цётка і сястра, якія папросту даглядалі маіх дзетак, пакуль мяне не было дома. Калі б ніхто не дапамагаў, наўрад ці атрымала б адукацыю. Пасля курсаў адразу пайшла працаваць прадаўцом. Было цяжка, але мне вельмі пашанцавала з кіраўніком — ён заўсёды ішоў мне насустрач, нават калі дзеці хварэлі. Да таго ж у мяне і з напарніцай былі добрыя адносіны. Калі мне патрэбна было сыходзіць на сесію (вучылася завочна), яна мяне падмяняла, а потым я адпрацоўвала за яе. Графік быў зручны: два дні праз два. Адукацыя сёння мае вялікаю ролю. Работадаўца з большым задавальненнем возьме спецыяліста, чым кагосьці з сярэдняй адукацыяй.

У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны расказалі, што дапамагаюць з адукацыяй усім беспрацоўным і з працаўладкаваннем — усім, хто да іх звяртаецца.

— Для людзей, якія доўга не працавалі ці проста не могуць знайсці работу па той спецыяльнасці, якая ў іх ёсць, арганізаваны спецыяльныя курсы па павышэнні кваліфікацыі і курсы па атрыманні новай прафесіі,— расказвае начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі Алег ТОКУН. — Курсы арганізаваны зыходзячы з патрэбаў пэўнага рэгіёна і запросаў работадаўцаў. Акрамя курсаў, распрацаваны некалькі дзяржаўных праграм па сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва.

Напрыклад, праграма перасялення. Сутнасць яе ў тым, што чалавек, які не можа знайсці работу ў сваім рэгіёне, пераязджае туды, дзе патрабуюцца спецыялісты яго кваліфікацыі. На новым месцы даюць жыллё. Гэта могуць быць дом, кватэра ці інтэрнат — у залежнасці ад наймальніка. Акрамя таго, выплачваюцца пад'ёмныя ў памеры сямі бюджэтаў пражытковага мінімуму, а калі чалавек пераязджае ў сельскую мясцовасць, то 9 такіх бюджэтаў. Таксама кампенсуюцца ўсе расходы па перавозцы маёмасці.

— Ёсць праграмы, праз якія мы дапамагаем чалавеку распачаць свой бізнес, — дадае спецыяліст. — Па-першае, мы можам спачатку навучыць такіх людзей асновам прадпрымальніцкай дзейнасці: як рэгістравацца, якія падаткі плаціць і г. д. Людзі падчас гэтых курсаў атрымліваюць першапачатковыя веды па праве і эканоміцы. Калі ж чалавек рашаецца адкрыць сваю справу, то потым мы можам дапамагчы і фінансава. У рамках праграмы выдзяляецца субсідыя на арганізацыю прадпрымальніцкай дзейнасці. Але яе абавязкова трэба выкарыстаць па мэтавым прызначэнні. Чалавек сам вызначае, куды пойдуць грошы, у сваім бізнес-плане. Памеры субсідый адрозніваюцца, але ў цэлым яна складае каля 11 бюджэтаў пражытковага мінімуму. А калі чалавек арганізуе справу ў сельскай мясцовасці, то гэта 15 бюджэтаў. Ва ўсіх абласцях зацверджаны прыярытэтныя віды прадпрымальніцкай дзейнасці, важныя для развіцця рэгіёнаў. І калі чалавек будзе арганізоўваць менавіта такую справу, то хутчэй за ўсе, ён гэтую субсідыю атрымае.

У выпадку з адукацыяй і пошукам работы для жанчыны — трэба дабрацца да мясцовага цэнтра занятасці, папрасіць дапамогі і... знайсці людзей, якія будуць даглядаць малых, пакуль яна атрымлівае адукацыю.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці

Калі чалавек хоча працаваць, то, канешне, работу знойдзе. Пытанне застаецца з заробкам, бо са з'яўленнем кожнага новага члена сям'і прапарцыянальна павялічваюцца і яе патрэбы. Дзе шукаюць выйсце маці, якія могуць напрацаваць на сярэдні заробак, але яго папросту не хапае на ўсіх?

— У мяне дзевяць дзяцей, — расказвае Ала СКАРАБАГАТАЯ з Мінска. — Усіх сама пад сэрцам вынасіла. Старэйшаму ўжо трыццаць гадоў, а малодшаму — шэсць. У 23 гады ў мяне нарадзілася першае дзіця. Я не адчувала сябе стомленай, напэўна таму, што сама па характары вельмі актыўная. Такі ж мой муж. Амаль да 2000-х гадоў дапамагала мужу працаваць як ІП, нават у дэкрэце. Вось так разам і гадавалі малых. Пасля нараджэння чацвёртага дзіцяці я ўвогуле вырашыла сысці з работы, бо катастрафічна не хапала часу. Быў у мяне невялікі перыяд паміж дэкрэтнымі, калі я пайшла на работу ў дзіцячы садок на некалькі месяцаў. Але гэта не заробак. Як выжывалі? Лёгка нам не было. Часта сям'я карысталася дапамогай грамадскіх арганізацый... А потым старшыя дзеці пайшлі працаваць, стала значна лягчэй. Сёння я на пенсіі — ужо амаль тры гады. Афіцыйны працоўны стаж — 20 гадоў. Дарэчы, на пенсію я сышла раней, чым выйшла з дэкрэтнага водпуску (смяецца). Калі большасць дзяцей сталі самастойныя, я пачала займацца грамадскай дзейнасцю. Наша арганізацыя дапамагае шматдзетным і прыёмным сем'ям. Прадуктамі, адзеннем, робім рамонты, дапамагаем дзецям атрымаць дадатковую адукацыю, арганізоўваем розныя конкурсы для сем'яў... Асноўны наш рэсурс — самі шматдзетныя і прыёмныя сем'і. Яны і дапамагаюць адзін аднаму. Як ніхто іншы, гэтыя людзі разумеюць важнасць такой дапамогі, бо ведаюць, што цяжкія перыяды могуць здарыцца ў любых сем'ях. Калі б была магчымасць вярнуцца ў мінулае, то, нягледзячы на ўсе цяжкасці, я нічога не змяніла б. У нас вялікая, добрая і дружная сем'я, дзе звычайна дапамагаюць адзін аднаму. Нашы дарослыя дзеці зараз клапоцяцца пра нас нават у фінансавым плане. Іншымі словамі, пажынаем, што пасеялі.

Кожная сям'я так ці інакш сутыкаецца з падобнымі праблемамі. Аднак шматдзетныя больш рызыкуюць апынуцца па-за межамі якаснага жыцця. Але пакуль у жанчын ёсць упэўненасць у сваім выбары, яны пераадольваюць цяжкасці. Галоўнае, каб яны ўсё ж паспявалі падняць галаву і падумаць: «Добра тое, што я раблю».

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.