Вы тут

Жаночае здароўе. Як не захварэць, калі вы замерзлі ці прамоклі


Халодныя месяцы года — час, калі жанчынам трэба быць асабліва ўважлівымі да свайго здароўя. Наш арганізм вельмі ўразлівы і рэзка рэагуе на паніжаную тэмпературу навакольнага асяроддзя. Што павінна ведаць кожная жанчына, якія меры варта прыняць, каб не захварэць, калі вы замерзлі ці прамоклі, а таксама якія сімптомы запаленчага працэсу павінны насцярожыць і чаму ў такім выпадку нельга марудзіць з візітам да доктара, расказала акушэр-гінеколаг 11-й гарадской паліклінікі г. Мінска, клінічны ардынатар кафедры акушэрства, гінекалогіі і рэпрадуктыўнага здароўя Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Святлана КРЭЕР.


— Чаму прадстаўніцы прыгожага полу больш, чым мужчыны, схільныя да пераахаладжэння?

— Гэта звязана з анатамічнымі асаблівасцямі мачавой і рэпрадуктыўнай сістэм. Мужчыны ў гэтым плане «выйграюць», яны больш абаронены, бо мочаспускальны канал у іх у пяць разоў даўжэйшы, чым у жанчын. З-за кароткай урэтры патагенныя і ўмоўна патагенныя мікраарганізмы ў спрыяльнай для іх сітуацыі, напрыклад пры пераахаладжэнні, лёгка пранікаюць з геніталій у мочавыдзяляльную сістэму і наадварот, правакуючы захворванні.

— Пераахаладжэнне магчымае, калі на вуліцы мароз -15, а мы ў тонкіх калготках?

— На самай справе жанчыны схільныя да пераахаладжэння нават летам. Нездарма папярэджанне «не сядзі на халодным» перадаецца ад матуль і бабуль да дачок і ўнучак. Правакуючыя фактары самыя розныя: купанне ў вадаёме з тэмпературай ніжэй 18 градусаў, доўгае знаходжанне ў мокрым купальніку, невыкананне правіл асабістай гігіены.

— Атрымліваецца, што нізкая тэмпература — небяспечны вораг жаночага арганізма...

— Тэмпература — толькі спрыяльны фактар для развіцця захворванняў. Наш імунітэт залежыць ад навакольнага асяроддзя. Падчас пераахаладжэння ахоўныя сістэмы арганізма слабеюць. Патагенныя і ўмоўна патагенныя мікраарганізмы актывізуюцца, і ёсць усе шанцы захварэць. Канешне, усё вельмі індывідуальна. Загартаваныя людзі больш устойлівыя да такіх працэсаў. А менш загартаваныя больш схільныя да хвароб.

— Як сябе праяўляе запаленчы працэс? Што мы адчуваем?

— На тое, што з арганізмам адбываецца нешта нядобрае, указваюць рэзі падчас мочаспускання і частыя да яго позывы, непрыемныя выдзяленні з палавых шляхоў, боль у вобласці паясніцы і ўнізе жывата. Калі ўсё гэта суправаджаецца павышанай тэмпературай, слабасцю, стамляльнасцю, болямі ў ніжніх аддзелах спіны пры лёгкім пастукванні, значыць, інфекцыя падымаецца на «верхні паверх». І ўзнікае запаленне нырак, прыдаткаў. Запаленчы працэс у матачных трубах вядзе да іх спайвання, узнікае непраходнасць. Гэта правакуе бясплоддзе. Зразумела, што такія ўскладненні здараюцца далёка не заўсёды. Тым не менш любы з пералічаных сімптомаў — сігнал да таго, каб звярнуцца да ўрача. Калі па нейкіх прычынах жанчына марудзіць са зваротам да спецыяліста, вялікая імавернасць пераходу захворвання ў лік хранічных.

— Якія захворванні вы маеце на ўвазе?

— Часцей за ўсё ў выніку пераахаладжэння ўзнікаюць цыстыт (запаленне мачавога пухіра), аднэксіт (запаленне прыдаткаў — яечнікаў і матачных труб). З боку мочавыдзяляльнай сістэмы гэта ўрэтрыт (запаленне мочаспускальнага канала). Калі працэс ідзе далей і захоплівае ныркі, мы вядзём размовы пра піеланефрыт. Таму па дапамогу варта звяртацца неадкладна. На першым прыёме неабходны агляд, аналізы і, магчыма, спатрэбіцца ультрагукавая дыягностыка. Толькі пасля гэтага пацыентцы ставіцца дыягназ і пачынаецца лячэнне.

— Якую першую дапамогу мы можам аказаць сабе да візіту да доктара? Ці сапраўды так карысны журавінавы морс, які многія раяць?

— Не трэба займацца самалячэннем, калі вас нешта непакоіць. Калі проста замерзлі ці вымаклі, важна хутчэй зняць мокрае адзенне, сагрэцца, ухутаць ногі, выпіць цёплай гарбаты. Для прафілактыкі запаленчага працэсу сапраўды можна ўжываць морс з журавін. Даказана, што рэчывы, якія ўваходзяць у склад гэтай ягады, перашкаджаюць прымацаванню шкодных бактэрый да сценкі мачавога пухіра.

Прафілактыка пераахаладжэнняў — гэта правільна падабранае цёплае адзенне і абутак. Памятайце, што апранацца варта па надвор'і. Аматаркам кароткіх спадніц і тонкіх калготак зімой варта аддаваць перавагу доўгаму верхняму адзенню і тэрмабялізне.

Важна прытрымлівацца пітнога рэжыму. Калі арганізму не хапае вады, канцэнтрацыя бактэрый у мочавыдзяляльнай сістэме імкліва ўзрастае. Гэта звязана з тым, што мача, якая вымывае хваробатворныя мікробы, выпрацоўваецца ў мінімальнай колькасці. Каб пазбегнуць абвастрэння цыстыту, трэба піць порцыямі 200—300 мілілітраў на працягу дня.

Шмат залежыць і ад нашага імунітэту. А яго фарміруюць здаровы лад жыцця, паўнавартасны сон, харчаванне, генетыка, навакольнае асяроддзе. Перад тым як загартоўвацца, лепш парайцеся з урачом. І канешне, не забывайце рэгулярна наведваць гінеколага. Урач яшчэ на даклінічным этапе выявіць схаваныя інфекцыі і своечасова прызначыць лячэнне, дзякуючы якому можна пазбегнуць ускладненняў.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Небяспечнае пераахаладжэнне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».