Вы тут

Віктар Хурсік: Мы ўсюды заўважаем Беларусь


«Vаlе!» — «Бывайце!» — так называецца новая кніга Віктара Хурсіка, прысвечаная Магдалене Радзівіл, знакавай мецэнатцы беларускага адраджэння, пра якую раней мы ведалі надзвычай мала. Праз унікальныя архіўныя дакументы, многія з якіх апублікаваныя ўпершыню, аўтар адкрывае новы погляд на драматычныя часы, дапамагае праліцца святлу памяці на тых, хто дагэтуль заставаўся ў цені...


— Спадар Віктар, у нашай папярэдняй размове вы часта згадвалі праблему таго, што новыя кнігі часта проста не трапляюць да чытачоў у невялікіх населеных пунктах. Давайце пачнём размову з гэтага...

— Людзі з перыферыі, вяскоўцы нават калі ўбачаць пэўную прэзентацыю выдання на тэлеэкране, то наўрад ці ўбачаць саму кнігу. Бо сістэма камплектавання бібліятэк у нашай краіне не адпавядае патрабаванням часу. Раней папаўненне фондаў было сістэмным: «уніз» ішлі кнігі, ацэненыя спецыялістамі на рэспубліканскім і абласным узроўнях. А цяпер грошы для камплектавання бібліятэк аддадзены ў раёны. На ўзроўні ж раёна хапае сваіх праблем — і ў аддзелаў культуры, і ў бібліятэчных сістэм. Таму, нягледзячы на ўвесь «звон» — напрыклад, прэзентацыя майго выдання адбудзецца ў Нацыянальным гістарычным музеі 13 снежня ў 17 гадзін, — на гэтым усё і заканчваецца. Далейшы шлях кнігі залежыць ад руплівасці самога аўтара. Хаця трэба, каб кніга атрымлівала ацэнку на рэспубліканскім узроўні, а пасля трапляла да чытача на перыферыю.

— А як у іншых краінах?

— Мы ўвесь час кажам пра камп'ютарызацыю, у тым ліку бібліятэк. Аднак калі паглядзець, напрыклад, на Германію, там папяровая кніга запатрабавана, і яна ўвесь час у цане. Там галоўная бібліятэка краіны ці пэўнай зямлі аказвае ўплыў на камплектаванне бібліятэк ніжэйшага ўзроўню. Раней у нас існаваў бібліятэчны калектар: абавязковыя асобнікі кніг рассылаліся ў патрэбныя ўстановы, аднак яшчэ частку кніг набывалі для цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы — і такім чынам у абласныя гарады адпраўлялася тое ж, што было ў сталіцы. Дарэчы, па электроннай пошце я праінфармаваў супрацоўнікаў цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы пра сваю кнігу. Але ніхто, акрамя Брэсцкай абласной бібліятэкі, не адгукнуўся. Хацеў правесці прэзентацыю ў адным з райцэнтраў Гродзеншчыны, з якім звязаны многія дакументы з выдання, аднак ніякага адказу з іх бібліятэкі не атрымаў....

— Вы даследуеце архіўныя дакументы. У свой час пісалі краязнаўчыя артыкулы. Як думаеце, ці цікавяцца ў нашым грамадстве гістарычнай тэмай?

— Так, на маю думку, інтарэс ёсць. Аднак падзеі падаюцца фрагментарна. А гістарычны працэс павінен быць цэльным, ісці непарушным ланцужком. А ў нас ён чамусьці пастаянна рвецца. Часам кажуць, што гісторыя Беларусі пачынаецца з паўстання Каліноўскага, але ж і да паўстання Каліноўскага былі беларусы. Былі асобы з нашай эліты, якія жылі надзеяй і рабілі крокі па аднаўленні дзяржаўнасці. І гэта не кажучы пра сялян як асноўных носьбітаў мовы. Калі мы паглядзім на падзелы Рэчы Паспалітай ці на 1831 год, ці яшчэ глыбей — мы ўсюды заўважаем Беларусь. І ў сваёй кнізе я падкрэсліваю гэта, яно з'яўляецца асноўнай ідэяй і мэтай. Генеалогію беларускага шляхецкага роду Завішаў я даследаваў да сярэдзіны ХVІ стагоддзя. А апошняя яго прадстаўніца — Магдалена Радзівіл.

— Чаму абралі для даследавання менавіта лёс гэтай жанчыны?

— Таму што яна ўвесь час рупілася пра беларускую дзяржаўнасць, пра захаванне незалежнасці, пра падтрыманне парадку. Магдалена аддала свае грошы і стаяла каля вытокаў новай беларускай незалежнасці... Многія імкнуцца даказаць, што мы існавалі да 1863 года ці пасля 1863 года — аднак тут і даказваць нічога не трэба! Продкі нашы жылі тут. Беларусы ніколі не былі асіміляванымі і не былі дэпартаванымі. Народ наш увесь час жыў на гэтым месцы. Аднак у нас у школьнай праграме пастаянна пішуць пра Беларусь у складзе Расійскай Імперыі. Няважна, у складзе чаго яна была... Вось асобы Беларусі, вось думкі, вось працы, вось поспехі!

— Давайце вернемся да асобы Магдалены Радзівіл. Раскажыце, чым яна адметная?

— Пачатак ХХ стагоддзя, уздым Расійскай Імперыі, усе ганаровыя тытулы страчваюць значэнне, страчваецца роля і сельскай гаспадаркі. І ў гэты час пачынаюцца адраджэнскія рухі. Нацыянальныя меншасці ў Расіі паварочваюцца на Захад, пачынаюць шукаць шляхі да незалежнасці. Польшча мела аўтаномію ў складзе Расійскай Імперыі, увесь час захоўвала і мову, і культуру, таму там было прасцей. Аднак астатнія народы мелі горшыя ўмовы: была забаронена мова, не толькі ў нас, але і ў літоўцаў, і ў іншых. Само адраджэнне вымагала перш за ўсё грошай. Ластоўскі пісаў, што пасля 1905 года ўсе намаганні сацыялістаў былі разбітыя ў пух і прах, не засталося ніводнага чалавека, які б здолеў падымаць беларускае пытанне. Іншыя краіны абапіраліся на нацыянальны капітал, аднак у беларусаў яго не было. А Магдалена ў 1906 годзе пачала фінансаваць беларускі друк, школкі, рэлігійных дзеячаў. Дарэчы, аказалася, што Эпімах-Шыпіла і раней звяртаўся да іншых заможных асоб, да Вайніловіча і іншых, аднак ніхто не згаджаўся ахвяраваць на справу адраджэння ні капейкі. У гэтым сэнсе значнасць Магдалены Радзівіл і пачатку беларускага адраджэння проста неацэнныя. Яна з'яўлялася найвялікшым палітычным дзеячам свайго часу. Яна была набліжанай да Дзяржаўнай Думы, ладзіла свае салоны, дзе імкнулася прасоўваць уласны погляд: маўляў, хлопцы, ну давайце нешта рабіць!.. Яе грошы далі штуршок уздыму нацыянальнай дэмакратыі, якая гуртавалася вакол «Нашай нівы». І Янка Купала, і многія іншыя дзеячы ў нас уганараваныя належным чынам. Аднак тыя, хто распачынаў справу, дапамагаў найперш фінансава, засталіся ў цені.

— Раскажыце пра асабістае жыццё Магдалены.

— Калі я чытаў пра яе дзіцячыя гады, было даволі сумна. Яна мела досыць выбухны характар, да таго ж яе лічылі не надта прыгожай. Была ў дзяўчыны і сястра, старэйшая на год, поўная супрацьлегласць — прыгожая і спакойная. І вось маці вельмі любіла менавіта сястру, а Магдаленай пагарджала. Нярэдка яна заходзіла ў пакой і казала: «А дзе мая любімая дзяўчынка? Зараз мы з ёй паедзем...» Магдалена выбягала насустрач, спадзеючыся, што яе хаця б прыгалубяць. Маці ўвесь час абірала старэйшую. Магдалена была вельмі адукаваная — свабодна чытала на трох мовах, выдатна разбіралася ў літаратуры. Яе выдалі замуж за старэйшага чалавека, бацькавага равесніка. Яны пражылі разам 12 гадоў. У сваіх лістах да бацькі Магдалена пастаянна пісала, што ў мужа вельмі дрэннае здароўе. Маладой жанчыне даводзілася ўвесь час быць ля хворага старога. Калі муж памёр, жонцы не пакінуў абсалютна нічога — усю маёмасць перапісаў на дачку. Пазней Магдалена паехала ў Англію, адпачывала там і пазнаёмілася з хлопцам, на 19 гадоў маладзейшым за яе. Гэта быў Мікалай Радзівіл, які стаў другім мужам і даў ёй прозвішча. У той час, каб трапіць у Дзярждуму Расіі, мужчыну трэба было прайсці маёмасны цэнз. Магдалена падаравала свайму мужу маёнтак у Кухцічах: яна верыла, што вырашэнне нацыянальнага пытання беларусаў магло адбыцца праз вярхоўную ўладу, праз Пецярбург. Магчыма, так бы і адбылося, каб не рэвалюцыя... Свет змяніўся, і яна выбрала іншую тактыку, пачала шмат ахвяраваць на нацыянальны рух.

— Спадар Віктар, вы з журналістыкі перайшлі ў выдавецкую справу. Раскажыце, як пачуваецеся ў гэтай прафесіі?

— Раней за выхад адной кнігі, якая друкавалася вялізным тыражом, можна было адразу набыць кватэру. Аднак я прыйшоў у справу пазней. Цяпер тыраж у 200 асобнікаў лічыцца нармальным. А ў 1000 асобнікаў — гэта быццам увогуле нешта экстраардынарнае. Я займаюся гістарычнымі даследаваннямі, друкую важныя для нацыянальнай спадчыны кнігі, якія застануцца і пасля мяне, таму пачуваюся шчаслівым.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.