Вы тут

Прыняты закон «Аб вытворчасці і абароце арганічнай прадукцыі»


У лістападзе быў прыняты закон «Аб вытворчасці і абароце арганічнай прадукцыі». Дакумент уступае ў сілу праз год пасля яго афіцыйнага апублікавання — 18 лістапада 2019-га. Што зменіцца да таго часу і што робіцца ўжо зараз?


Пазіцыя аграрыяў

За апошняе паўстагоддзе прыкметна ўзмацнілася залежнасць інтэнсіўнай сельскай гаспадаркі ад унясення мінеральных угнаенняў, пестыцыдаў, гербіцыдаў, выкарыстання хімічных сродкаў аховы раслін. Гэта ставіць пад пагрозу здароўе прыроды і чалавека. Рэшткавыя дозы хімічных элементаў назапашваюцца ў глебе, у прадуктах харчавання. Менавіта таму ў свеце з'явіўся новы трэнд — вырошчванне экалагічна чыстых прадуктаў.

Важна ведаць, што сістэмы нейтралізацыі пестыцыдаў у прыродзе не існуе. Гэта і служыць прычынай таго, што многія сёння адмаўляюцца ад іх ужывання.

А пры арганічным спосабе вытворчасці не выкарыстоўваюцца хімічныя прэпараты, гармоны росту, антыбіётыкі і метады геннай інжынерыі. Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун лічыць, што вынік дасягаецца за кошт агратэхнічных прыёмаў, папярэджання ўзнікнення хвароб і распаўсюджвання шкоднікаў механічнымі і біялагічнымі метадамі.

У нашай краіне арганічная сельская гаспадарка знаходзіцца на пачатковым этапе. Вытворчасцю такой прадукцыі ў Беларусі займаюцца крыху больш за 20 суб'ектаў гаспадарання, уключаючы фермерскія і асабістыя дапаможныя гаспадаркі, сельскагаспадарчыя і іншыя арганізацыі амаль ва ўсіх абласцях краіны. Сем арганізацый акрэдытавана ў Еўрасаюзе па выдачы сертыфікатаў на вытворчасць арганічнай прадукцыі. Сертыфікавана каля
1,5 тысячы гектараў сельскагаспадарчых зямель.

Экспартны патэнцыял

Плошча зямель у свеце для вытворчасці арганічнай прадукцыі павялічылася за 10 гадоў з 30,2 мільёна да 58 мільёнаў гектараў. Намеснік міністра адзначае, што аб'ём рэалізацыі арганічнай прадукцыі за гэты перыяд на сусветным рынку вырас да 90 мільярдаў долараў (павялічыўся ў два разы). Асаблівасцю гэтага сегмента з'яўляецца стабільна высокі рост (ад 10 % да 20 % у год). Згодна з экспертнымі ацэнкамі, да 2020 года міжнародны абарот арганічнай прадукцыі павялічыцца да 130 мільярдаў долараў.

У сусветным маштабе вядзецца актыўная работа па распрацоўцы і ўдасканаленні нарматыўна-прававога рэгулявання арганічнай вытворчасці. Са 179 краін свету, якія ажыццяўляюць гэтую вытворчасць, 87 маюць адпаведныя законы, 17 краін знаходзяцца ў працэсе іх распрацоўкі, 20 маюць стандарты, але не маюць законаў. Сярод краін СНД па арганічнай сельскай гаспадарцы прынятыя законы ва Украіне, Казахстане, Малдове, Грузіі, Таджыкістане, Арменіі... і цяпер у Беларусі. Вытворчасць арганічнай прадукцыі нарошчваецца, і яна карыстаецца вялікім попытам. Мы можам забяспечыць сваё насельніцтва якаснай прадукцыяй і маем экспартны патэнцыял. Ужо ёсць заказы на такую агародніну з краін блізкага замежжа на сотні мільёнаў долараў.

Попыт стварае прапанову

На пытанне, ці плануецца пастаўляць беларускую арганічную прадукцыю ў Кітай, Уладзімір Гракун адзначыў: «Экспарт будзе залежаць ад попыту. Па заяўцы КНР мы гатовыя яе пастаўляць. Але тут трэба абмяркоўваць, у якой менавіта прадукцыі і ў якіх аб'ёмах паставак можа быць зацікаўлены Кітай, якія патрабаванні прад'яўляюцца на замежным рынку. Закон аб вытворчасці і абароце арганічнай прадукцыі ў нашай краіне ўступае ў сілу толькі праз год, ёсць час для абмеркавання».

Беларусь зацікаўлена ў пастаўках на экспарт. А для гэтага трэба, каб нашу прадукцыю лічылі экалагічна чыстай на сусветным узроўні. Цяпер разглядаецца пытанне аб уступленні ў Міжнародную федэрацыю арганічнага сельскагаспадарчага руху (ІFОАM). «Гэта важна для прызнання нашых сертыфікатаў у свеце. Усю інфармацыю аб вытворчасці арганічнай прадукцыі мы стараемся ўніфікаваць у адпаведнасці з еўрапейскімі патрабаваннямі, каб можна было рабіць пастаўкі як на рынак краін ЕАЭС, так і на еўрапейскі», — сказаў Уладзімір Гракун.

Спецыяльны знак «Арганічны прадукт»

Беларускі дзяржаўны інстытут стандартызацыі і сертыфікацыі плануецца ўпаўнаважыць весці рэестр вытворцаў арганічнай прадукцыі, паведаміла начальнік упраўлення ацэнкі адпаведнасці і ліцэнзавання Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Лізавета Казленка.

Законам уводзіцца добраахвотная сертыфікацыя арганічнай прадукцыі і працэсаў яе вытворчасці на адпаведнасць дзяржстандартам Беларусі і тэхнічным кодэксам устаноўленай практыкі. «Юрасобы, фізасобы, індывідуальныя прадпрымальнікі, якія пройдуць сертыфікацыю прадукцыі па Нацыянальнай сістэме пацвярджэння адпаведнасці, будуць уключаны ў рэестр вытворцаў арганічнай прадукцыі. Фарміраванне рэестра ўскладзена законам на Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі. Рэестр павінен быць размешчаны на сайце Дзяржстандарта», — сказала Лізавета Казленка.

Сертыфікаваныя вытворцы атрымаюць права наносіць знак «Арганічны прадукт» на спажывецкую або транспартную ўпакоўку. Гэты знак можа выкарыстоўвацца пасля ўступлення закона ў сілу, гэта значыць, праз год. «Калі казаць пра агульныя падыходы, то на сёння сертыфікаты на прадукцыю выдаюцца тэрмінам на пяць гадоў. У гэты перыяд праводзяцца дзве перыядычныя ацэнкі: першая — праз 18 месяцаў пасля выдачы сертыфіката і ўступлення яго ў сілу, другая — не менш чым праз 18 месяцаў пасля першай», — растлумачыла прадстаўнік Дзяржстандарта.

Эколагі толькі «за»

Арганічная вытворчасць дае цэлы шэраг дадатковых магчымасцяў для атрымання экалагічных, эканамічных і сацыяльных выгад. На гэта звярнуў увагу намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Андрэй Кузьміч.

Правільна арганізаваная арганічная вытворчасць вядзе да аздараўлення стану навакольнага асяроддзя, памяншэння паступлення тэхнагенных хімічных рэчываў у глебу і далей у падземныя і паверхневыя воды. Гэтаму будуць спрыяць нормы прынятага закона «Аб вытворчасці і абароце арганічнай прадукцыі», паводле якіх пры вытворчасці такой агародніны і садавіны забараняецца ўжываць хімічныя ўгнаенні і сродкі аховы раслін, іншыя сінтэзаваныя хімічным шляхам сродкі.

У Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на перыяд да 2030 года ў якасці аднаго з галоўных крытэрыяў развіцця сельскай гаспадаркі прадугледжаны рост долі арганічных зямель у агульнай плошчы сельскагаспадарчых угоддзяў да 3—4 %. Палажэнні аб неабходнасці развіцця вытворчасці арганічнай прадукцыі ўтрымліваюцца і ў дактрыне нацыянальнай харчовай бяспекі Беларусі да 2030 года.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Клубніцы без нітратаў і агуркі без пестыцыдаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Балерына Юлiя Дзятко: Дзецi кар'еры не перашкода, калi i работа любiмая, i дзецi жаданыя

Балерына Юлiя Дзятко: Дзецi кар'еры не перашкода, калi i работа любiмая, i дзецi жаданыя

Яны пазнаёмiлiся ў 10-гадовым узросце ў харэаграфiчным вучылiшчы i з таго часу не расстаюцца.

Грамадства

Не атрымалася паехаць на мора? Займiцеся складаннем радаводу!

Не атрымалася паехаць на мора? Займiцеся складаннем радаводу!

Колькасць людзей, якiя спрабуюць адшукаць свае каранi, з кожным годам павялiчваецца. 

Грамадства

Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

Першая дапамога дзецям пры траўмах. Што трэба ведаць?

​Дастаткова часта дзецi трапляюць у крытычныя сiтуацыi праз сваю цiкаўнасць i павышаную актыўнасць.