Вы тут

Простыя рэчы. Пластыкавыя вокны


Усё пачынаецца з невялікага, з нашага стаўлення да самых простых рэчаў. Ці ў стане мы ўлічыць дробязі, прыняць правільнае рашэнне, калі яно датычыцца чагосьці не відавочнага на першы погляд, але ад гэтага не менш важнага?..


Зноў і зноў у розных месцах даводзіцца бачыць, як у гістарычна каштоўныя будынкі ўстаўляюць... пластыкавыя вокны. Пэўна, калі ў доме яшчэ хтосьці жыве або, скажам, будынак выкарыстоўваецца як музей і ў ім працуюць людзі, яны напэўна ж будуць рады такому абнаўленню. Вецер не будзе больш дзьмуць у шчыліны, унутры стане спакайней і ўтульней. Але ж, як вядома, хоць і важна тое, што ўнутры, сустракаюць заўсёды па адзежы, па знешнім выглядзе.

Мне заўсёды бачыўся пэўны метафарызм у тым, як на зіму ў вясковых хатах устаўляюць падвойныя вокны. У нас на Валожыншчыне, дзе жыве бабуля, прастору паміж дзвюма рамамі заўсёды любілі ўпрыгожыць — пакласці слой ваты (быццам снег), а на ёй раскласці памаранчавыя званочкі-сухацветы з шарыкамі ўнутры, а таксама невялічкія навагоднія цацкі. Атрымлівалася вельмі святочная кампазіцыя! Яна дадавала казачнага настрою, адразу адчувалася пераднавагодняя пара, сэрца і розум настройваліся на цуды... Але яшчэ больш сімвалічна тое, як вясной двайныя рамы вымаюць, пакідаючы толькі адну. Хоць і можа быць холадна, хоць гэта і крыху небяспечна — застаецца толькі тоненькая шыба. Затое акно прамываюць, прыбіраюць усё лішняе. Нібы расплюшчваюць вочы пасля зімовай спячкі. Прэч усё старое — наперадзе вясна і новае жыццё. Вокны — гэта вочы дома. А вочы павінны быць адкрытымі. Такі сімвалізм.

Тым больш балюча глядзець, як у старых мурах ці даволі крохкіх драўляных пабудовах пачынаюць ззяць бялюткія пластыкавыя вокны. Гэтыя вочы быццам чужыя зусім. Няма ў іх мудрасці, узважанасці і прыгажосці колішніх поглядаў дамоў... І іх нават не назавеш новымі моднымі акулярамі. Такім чынам хтосьці, не думаючы, быццам спрабуе змяніць душу дома. Але ж сэрца застаецца ранейшае.

Днямі ішла на работу па цэнтральнай сталічнай вуліцы і пабачыла гэта зноў... У будынку, які стаіць на праспекце Незалежнасці, адно за адным з'яўляюцца пластыкавыя вокны. Варта адзначыць, што сам будынак шэра-пясочнага колеру. На першым паверсе там месціцца кавярня. Я бачыла яе разоў з тысячу і вось толькі цяпер звярнула ўвагу на тое, што там таксама стаяць новыя вокны, аднак яны не ярка-белыя, а карычневыя і па форме зроблены дакладна на ўзор тых, што стаялі раней. Таму яны не выглядаюць наватворам і даволі арганічна ўспрымаюцца ў такім асяроддзі. А яшчэ дзівіць тое, што будынак, у якім адзін за адным пачынаюць запальвацца ярка-белыя вочы — гэта інтэрнат Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, у якім ёсць цэлы архітэктурны факультэт! Няўжо ніхто з выкладчыкаў, дасведчаных спецыялістаў ці нават студэнтаў не можа звярнуць увагу на такі «рамонт» і змяніць ход падзей? Калі мы не можам паўплываць нават на сваё, дык аб чым тады гаварыць?..

Побач, на праспекце, знаходзіцца адзін з будынкаў Дома друку. Я спецыяльна звярнула ўвагу, якія ў ім стаяць вокны. Туды ўстаўлены акуратныя шэрыя шклопакеты, зробленыя дакладна на ўзор ранейшых вокнаў — таму вокны і будынак глядзяцца цэласна.

І ўсё тое, пра што напісана вышэй, як той казаў, яшчэ паўбяды. Каб не два «але». Першае — сталічны праспект Незалежнасці з'яўляецца помнікам гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Другое — яго плануюць намінаваць на ўключэнне ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Відавочна, што ўстаноўка ў дамы архітэктурнага ансамблю офісных вокнаў можа скараціць шанцы на ўнясенне ў спіс каштоўнасцяў чалавецтва. Не трэба быць вялікім спецыялістам, каб разумець гэта.

На жаль, не так рэдка даводзіцца бачыць ці чуць пра тое, што ў пэўны гістарычны будынак усталявалі новыя вокны, мімаходзь збілі ляпныя ўпрыгожанні, перафарбавалі і... выключылі са спіса каштоўнасцяў. Да болю простая, але дзейная схема, якая, на жаль, не працуе ў адваротны бок.

Што казаць, калі нават у старажытных адрэстаўраваных замках нашай краіны цяпер можна сустрэць пластыкавыя вокны! Але ж можна рабіць іначай. Як прыклад: у Любчанскім замку, які аднаўляе дабрачынны фонд на чале з Іванам Пячынскім, усталяваны драўляныя дубовыя вокны, пакрытыя цёмнай марылкай. Так, гэта выйшла даражэй, чым калі б ставіліся пластыкавыя. Аднак аўтэнтычнасць даражэйшая. І прастаяць такія вокны даўжэй, і ў цікаўных турыстаў не будзе адчування, што дзесьці іх падманулі.

Як ужо гаварылася вышэй, вокны — гэта вочы дамоў. Аднак праз навюткія шклопакеты нічога не праглядаецца. Такія вочы маўчаць. Ім няма чаго сказаць.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».