Вы тут

Дзе шукаць рэчы, забытыя ў грамадскім транспарце


Кожны з нас хоць раз у жыцці адчуваў сябе «машкай-разявашкай». Прычым досыць часта мы прымяраем на сябе гэтую ролю ў дарозе. Выходзім з вагона электрычкі ці душнага салона аўтобуса, з палёгкай уздыхаем, а пасля раптам разумеем: рэчы нашыя «ту-ту» — паехалі далей без нас. Куды звяртацца ў такой сітуацыі, высвятляла карэспандэнт «Звязды».


Усё вырашае хуткасць

— Калісьці ў транспартнікаў быў цэлы алгарытм па захаванні і вяртанні забытых рэчаў. Пры кожным парку і нават у дыспетчарскіх гарадскога транспарту меліся куточкі для «згубленых скарбаў». Яны папаўняліся пасля кожнай змены, — успамінае намеснік гендырэктара «Мінсктранса» Віктар Тозік.

Сёння ў «бюро знаходак» савецкага ўзору няма неабходнасці. І не таму, што людзі перасталі забываць рэчы. Няўважлівых пасажыраў як раз стала больш. Аднак цяпер з развіццём тэхналогій сістэма працуе інакш.

У 2012 годзе ў «Мінсктрансе» з'явіўся адзіны Цэнтр кіравання рухам. Тут дыспетчары сочаць за грамадскім транспартам у рэжыме рэальнага часу. На вялізным маніторы бачна, якія аўтобусы, тралейбусы і трамваі спяшаюцца, якія спазняюцца, а якія ідуць дакладна па раскладзе. Але самае галоўнае — праз цэнтр можна звязацца з кожным кіроўцам па тэлефоне ці адправіць яму паведамленне. Апроч таго, яшчэ адна задача супрацоўнікаў цэнтра — прымаць званкі на «гарачую лінію» ад пасажыраў.

— У выпадках са згубленымі рэчамі трэба дзейнічаць хутка. Чым раней схаменяцеся і патэлефануеце дыспетчарам, тым больш шанцаў, што забытае знойдуць. Як толькі паступае званок, мы тут жа звязваемся з кіроўцам, апісваем страту. На прыпынку ён можа зазірнуць у салон і забраць рэч. Тут кожная хвілінка мае значэнне. На жаль, іншыя пасажыры могуць прысвоіць сабе чужое, — тлумачыць галоўны дыспетчар «Мінсктранса» Святлана Юшко. — Многія чакаюць вечара (а некаторыя і наступнага дня) і толькі тады пачынаюць пошукі. Але навошта цягнуць, калі забытую рэч цяпер можна перахапіць «на хаду»? Тым больш што практыка паказвае: да аўтапаркаў даязджае ў асноўным дробязь накшталт пальчатак і парасонаў.

38 пашпартоў, «зменка» і «бомбы»

— Наконт пакінутых рэчаў нам тэлефануюць некалькі разоў на дзень. Пік «забыўчывасці» прыпадае на святочныя дні і верасень, калі ў сталіцу прыязджаюць тысячы наваспечаных першакурснікаў, — расказвае дыспетчар Ала Рубановіч. — Партрэт сярэднестатыстычнага «губліўца» скласці цяжка: гэта і дзеці, і студэнты, і маладыя матулі, і салідныя мужчыны ў касцюмах, і пенсіянеры. Пакідаюць усё, што вязуць: сумкі, кашалькі, праязныя дакументы, адзенне... Моладзь забывае тэлефоны, планшэты і ноўтбукі. Як толькі ўмудраюцца? Здаецца, ні на імгненне іх з рук не выпускаюць, але ўсё адно пастаянна нам наконт сваіх гаджэтаў тэлефануюць. Тое ж самае датычыцца курсавых і дыпломных: студэнты спяшаюцца на абарону і ў мітусні часта забываюць раздрукаваныя работы ў транспарце. Школьнікі быццам па прыкладзе старэйшых таксама любяць забыцца ў дарозе ранцы з кнігамі і сшыткамі, пакеты са спартыўнай формай. Не толькі вяртаючыся дадому, але і накіроўваючыся ў школу. І тут ужо закрадваюцца сумненні: ці выпадковасць гэта?

На памяці ў дыспетчараў цэнтра нямала і больш сур'ёзных гісторый. Адна жанчына неяк пакінула ў аўтобусе сумку з некалькімі дзясяткамі пашпартоў, якія везла на атрыманне віз. На шчасце, страту хутка знайшлі, але ўладальніца ў той дзень ледзь не пасівела ад хвалявання. Яшчэ адзін небарака забыў новенькі тэлевізар. Прычым ён нават не памятаў, дзе гэта адбылося — у аўтобусе ці тралейбусе.

— Некалькі гадоў таму ў раёне Цэнтральнага аўтавакзала ў транспарце заўважылі падазроную дарожную сумку, з якой тырчалі правады. Гаспадара побач не было. Асабліва ўражлівыя пасажыры казалі, быццам нават чулі ціканне... — кажа Святлана Юшко, крыху панізіўшы голас. — Усе перапалохаліся не на жарт! Разам з міліцыяй выклікалі сапёрную брыгаду. А ўнутры аказаліся ўсяго толькі старыя разеткі, зламаныя электрапрыборы і г. д. Пэўна, нейкі электрык ехаў дадому з работы, ды і забыў у салоне сваё «багацце».

Напалохаць можа не толькі падазроная рэч, але і адны толькі словы пра яе.

— «Чаго вы тут седзіце, калі я ў аўтобусе сакваяж пакінуў? Там, між іншым, бомба!» — пачула я аднойчы ў тэлефонную трубку, — успамінае Святлана. — Спачатку быў шок, а пасля я ўзяла сябе ў рукі і стала задаваць «тэрарысту» пытанні. Гады размоў з пасажырамі (а сярод іх сустракаюцца вельмі розныя людзі) навучылі мяне многаму. Мужчына ахвотна назваў сваё імя і паведаміў, па якім маршруце ідзе аўтобус з «бомбай». Мы тут жа звязаліся з усімі кіроўцамі, патэлефанавалі ў 102. І хоць пагрозы аказаліся фальшывымі, гора-«мінёру» прыйшлося заплаціць немаленькі штраф. Супрацоўнікі міліцыі забралі яго з уласнай кватэры «цёпленькім і п'яненькім».

Бывае, і самі кіроўцы папярэджваюць злачыннасць:

— Неяк жанчына забыла сумачку. Іншая запрыкмеціла безгаспадарную рэч, хацела прысвоіць яе сабе. Толькі пацягнула рукі — аўтобус рэзка спыніўся. Шафёр тут жа ўвайшоў у салон і забраў сумку: «Яна не ваша! Я ўсё бачыў у люстэрка». Дама пачала апраўдвацца, маўляў, я не аднойчы знаходзіла згубленае і заўсёды спрабую вярнуць яго ўладальнікам, пішу аб'явы ў газеты і г. д. Прыйшлося тлумачыць ёй, што ў нас свая сістэма вяртання.

А як за МКАДам?

У рэгіёнах пасажыры часцей, чым у Мінску, запрыкмеціўшы безгаспадарную рэч, імкнуцца перадаць яе кіроўцу ці ўвогуле не чапаюць. Таму па прыездзе ў гараж салон сам па сабе можа нагадваць бюро знаходак.

— У такім выпадку знойдзенае апісваецца і застаецца ў аўтапарку ў чаканні ўладальніка. Пры гэтым, каб забраць рэч, недастаткова проста па яе прыехаць. Спатрэбіцца яе падрабязнае апісанне, — расказалі ў «Брэстаблаўтатрансе».

Вядома, у невялікіх гарадах такіх тэхналогій, як у сталіцы няма. Аднак схемы пошуку тут маюць пэўныя асаблівасці. Напрыклад, у Баранавічах пасля змены шафёры знаходзілі нават ноўтбукі. У аўтапарку яны не залежваюцца. Паколькі мясцовы народ, згубіўшы рэч, у першую чаргу звяртаецца не да дыспетчараў, а ў праваахоўныя органы.

Што рабіць, калі рэчы забытыя...

У АЎТОБУСЕ, ТРАЛЕЙБУСЕ, ТРАМВАІ

Званіце па нумарах «гарачай лініі» адразу, як толькі заўважыце прапажу. Майце на ўвазе, што прасцей адшукаць рэчы, калі пасажыр ведае нумар маршрута, дакладны час і прыпынак, на якім садзіўся. Дарэчы, у Мінску гэтая інфармацыя адбіваецца на талонах ў момант кампасціравання.

«Гарачая лінія» «Мінсктранса» — (017) 222-99-50.

У іншых гарадах напрамую звяртайцеся ў аўтапаркі.

У МЕТРО

У падземцы згубленае два-тры дні захоўваюць на канцавых станцыях — «Каменная Горка», «Малінаўка», «Магілёўская» і «Уручча». Калі на працягу некалькіх дзён уладальнік не аб'яўляецца, знаходкі аддаюць у міліцыю.

Даведка метро па забытых рэчах — (017) 219-51-70.

У МАРШРУТЦЫ АБО ТАКСІ

Усё проста — тэлефануйце дыспетчарам, у якіх замаўлялі машыну. Але і тут важна памятаць маршрут і дакладны час, калі вы ехалі.

У ЦЯГНІКУ

Па правілах Беларускай чыгункі, усе забытыя рэчы асядаюць у камерах захоўвання канцавых станцый маршрута. Там знойдзенае ляжыць да 60 дзён, а пасля яго адпраўляюць на дарожны склад рэалізацыі, дзе камісія вырашае далейшы лёс рэчаў. Адпраўляючыся на вакзал па сваё дабро, не забудзьцеся прыхапіць з сабой пашпарт і грошы. За кожныя суткі захоўвання прыйдзецца заплаціць 79 капеек.

Камера захоўвання чыгуначнага вакзала Мінска — (017) 225-06-71.

У АЭРАПОРЦЕ

Тут рэчы таксама трапляюць у багажнае аддзяленне. Праўда, знаходзяцца там да той пары, пакуль не прыйдзе гаспадар. Цана за «ператрымку» страты — амаль у пяць разоў перавышае чыгуначную.

Камера захоўвання нацыянальнага аэрапорта — (017) 279-10-53.

Калі пошук праз транспартныя службы аказаўся безвыніковым, звярніцеся па дапамогу ў інтэрнэт. На сайт www.burоnаhоdаk.bу штодзённа дадаюцца дзясяткі новых аб'яў аб стратах і знаходках. Акрамя таго, ёсць сэнс зазірнуць на папулярныя форумы. У сацсетках можна зайсці ў суполкі і паблікі горада, дзе вы жывяце. Часам там размяшчаюцца запісы пра знойдзенае.

Ганна КУРАК

Загаловак у газеце: Нехта губляе. а хто знаходзіць?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».