Вы тут

Лукашэнка: Мы поўныя рашучасці рэалізаваць усе дамоўленасці з Суданам


У Беларусі праходзіць афіцыйны візіт Прэзідэнта Рэспублікі Судан Амара Хасана Ахмеда аль-Башыра.


Гэты візіт з'яўляецца лагічным працягам развіцця двухбаковых адносін паміж нашай краінай і ўсходнеафрыканскай дзяржавай. Моцны штуршок быў дадзены паўтары гады таму, калі Прэзідэнт Беларусі ўпершыню ў гісторыіі двухбаковых адносін наведаў з афіцыйным візітам Судан. "Нам удалося тады дасягнуць шэрагу дамоўленасцяў, якія змогуць безумоўна вывесці нас на вельмі высокі ўзровень супрацоўніцтва,  па меншай меры мы зможам стварыць фундамент нашых адносін, калі выканаем гэтыя дамоўленасці, — сказаў Аляксандр Лукашэнка, вітаючы свайго афрыканскага калегу ў Палацы Незалежнасці. — Мы поўныя рашучасці рэалізаваць усе дамоўленасці настолькі хутка, наколькі на тое будзе воля суданскага боку".

Прэзідэнт Судана пацвердзіў выніковасць праведзенай паўтары гады таму сумеснай работы ў Хартуме і сяброўскія адносіны паміж Суданам і Беларуссю. Ён сказаў, што ў двзвюх краін ёсць шмат  супадзенняў, і палітычнае, эканамічнае, ваена-тэхнічнае супрацоўніцтва развіваюцца. "Рэальны вынік вашага візіту ў Судан — наша рашэнне адкрыць пасольства ў Беларусі, — сказаў Амар Хасан Ахмед аль-Башыр. – І мы сумесна з Беларуссю можам шмат зрабіць, у тым ліку ў пытаннях, якія датычацца міру".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў пэўныя вынікі ў рэалізацыі сумеснага плана дзеянняў, які быў  складзены падчас яго візіту ў Хартум паўтары гады таму.

"З мэтай паляпшэння ўзаемных разлікаў у гандлі мы дамовіліся, што беларускія кампаніі будуць здабываць золата на вашай тэрыторыі, вашы нетры вельмі багатыя на гэты метал, і я вам удзячны — вы сёння прынялі рашэнне аб прадастаўленні нам другога радовішча золата",  — паведаміў ён.

Яшчэ адно буйное дасягненне сённяшніх перамоў двух прэзідэнтаў — пагадненне аб стварэнні ў Судане зборачных прадпрыемстваў і сельскагаспадарчых комплексаў поўнага цыклу. "У бліжэйшы час мы адкрыем у Судане машынабудаўнічы цэнтр, дзе будзе ажыццяўляцца зборка трактараў, аўтамабіляў, будаўнічай тэхнікі. Таксама мы створым ў вас малочна-таварныя комплексы і цяпліцы закрытага тыпу  па вырошчванні гародніны і расады ў закрытым грунце", — працягнуў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь гатова аказаць грамадзянам Судана медыцынскую дапамогу па ўсіх напрамках, якія будуць цікавіць, а таксама навучыць суданскіх спецыялістаў высокатэхналагічным аперацыям.

"Мы гатовы падрыхтаваць вашых спецыялістаў для работы на той тэхніцы, якую будзем вырабляць на тэрыторыі Судана, — дадаў ён. – На месцы, у створаных цэнтрах мы будзем навучаць вашых грамадзян".

Прэзідэнт Беларусі выказаў гатоўнасць да супрацоўніцтва і ў гуманітарнай сферы: адукацыі, навукі, спорце.

"Толькі што, спадар прэзідэнт,  вы прынялі лёсавызначальнае рашэнне для беларуска-суданскага супрацоўніцтва – аб адмене падатку на вырабленую тэхніку для таго сумеснага прадпрыемства, якое будзе працаваць у Хартуме, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. – Гэта павысіць канкурэнтаздольнасць  тэхнікі,  і я думаю, што мы зможам гандляваць гэтай тэхнікай не толькі ў Судане, як мы толькі што дамовіліся, але і па ўсёй Афрыцы".

Вельмі важна, лічыць беларускі лідар, што ў прадстаўнічай дзяржаўнай дэлегацыі Судана прысутнічаюць банкаўскія спецыялісты, што дазваляе наблізіцца да заключэння адпаведных пагадненняў па ліквідацыі перашкодаў для тавараабароту. 

"Спадар прэзідэнт, думаю, вы пагадзіцеся са мной, што нам трэба рухацца наперад і працягваць выкананне дамоўленасцяў, дасягнутых у Хартуме", — рэзюмаваў беларускі лідар. Ён падзякаваў Амару аль-Башыру за асабістую падтрымку сумесных ініцыятыў і праектаў. "Мы гатовыя да адкрытага дыялогу, абмеркавання актуальных пытанняў супрацоўніцтва ў інтарэсах народаў нашых краін", — дадаў ён.

***

Пасля сустрэчы ў шырокім складзе быў падпісаны шэраг міжурадавых дамоўленасцяў у сферы права і падаткаў, а таксама пагадненні паміж міністэрствамі, ведамствамі і кампаніямі аб супрацоўніцтве. Кіраўнікі дзяржаў падпісалі сумесную заяву, у якой далі ацэнку супрацоўніцтву дзвюх краін, выказалі ўзаемную павагу і падтрымку, пацвердзілі важнасць развіцця гандлёва-эканамічных адносін, узаемадзеяння ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы.

Прэзідэнт Беларусі ацаніў вынікі перамоў як плённыя. "Супрацоўніцтва паміж краінамі развіваецца, у апошнія паўтара гады адзначаны значны прагрэс, — сказаў ён пасля завяршэння цырымоніі  падпісання сумесных дакументаў. — Судан застаецца нашым важным і надзейным партнёрам у Афрыцы. У нас выдатныя палітычныя адносіны. Мы вітаем адкрыццё суданскага пасольства ў Беларусі, у сваю чаргу гатовыя да такіх жа крокаў на тэрыторыі Судана".

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што з Прэзідэнтам Судана абмеркавана бягучая сітуацыя ў свеце і ў рэгіёнах дзвюх краін. Ён адзначыў агульнасць падыходаў па асноўных пытаннях міжнароднага парадку дня.

Асноўная ўвага на перамовах у Мінску нададзеная гандлёва-эканамічным адносінам, падкрэсліў ён: "У цэлым я задаволены тым, што двухбаковыя дамоўленасці выконваюцца. І беларускія, і суданскія ведамствы сапраўды прыкладаюць намаганні  для рэалізацыя намечанага. Мы імкнёмся прыйсці да больш сучасных і шматпланавых эканамічных адносін, чым толькі абмен таварамі".

З гэтай мэтай Беларусь укараняе ў практыку праектны падыход пры арганізацыі экспарта сваёй  прадукцыі ў Судан. "У прыватнасці, мы прасоўваем нашы паслугі, тэхніку і абсталяванне ў рамках розных праектаў, ці то стварэнне машынабудаўнічага прадпрыемства, мяса-малочанага комплексу, вырошчванне гародніны і расады ў закрытым грунце па беларурускіх тэхналогіях або перспектыўны праект па разведцы і здабычы золата, — патлумачыў Прэзідэнт. — Такі падыход лічым узаемавыгадным. Гэта бяспройгрышная сітуацыя для абодвух партнёраў".

Патэнцыял у дзвюх краін, якія знаходзяцца на стыку важнейшых рэгіёнаў, — найшырокі, перакананы беларускі лідар. Беларусь злучае Еўропу і Азію, уваходзіць у Еўразійскі эканамічны саюз. Судан з'яўляецца мостам паміж арабскай цывілізацыяй  і Афрыкай, брамай на афрыканскі кантынет. "І нам ёсць, што прапанаваць дадзенаму рэгіёну, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. —  Таму неабходна і надалей працаваць разам, ствараць сумесныя прадукты для іх прасоўвання як у Афрыцы, так і тут, у Еўразіі".

Прэзідэнт Беларусі акцэнтаваў, што ў першую чаргу робіцца стаўка на экспарт у Судан высокатэхналагічнай прадукцыі з наступным стварэннем сумесных зборачных прадпрыемстваў.

"Мы зыходзім з таго, што нарошчванне і дыверсіфікацыя беларускага экспарту павінны не толькі адказваць нашым інтарэсам, але і садзейнічаць эканамічнаму развіццю Судана — рашэнню суданскім бокам задач у галіне індустрыялізацыі, развіцця сельскай гаспадаркі, падрыхтоўкі мясцовых высокакваліфікаваных кадраў", — патлумачыў ён.

"Як я разумею, зараз перашкод няма, — падсумаваў Прэзідэнт Беларусі. —  За дзесяць месяцаў 2018 года экспарт беларускіх тавараў у Судан павялічыўся практычна ўдвая ў параўнанні з  аналагічным перыядам 2017 года".

Неабходна працягваць работу па вываду беларуска-суданскага супрацоўніцтва, перш за ўсё ў гандлёва-эканамічнай сферы, на новы, больш высокі якасны ўзровень, падкрэсліў ён. "Пра гэта мы дамовіліся з маім калегам Амарам аль-Башырам.  Мы таксама дамовіліся аб супрацоўніцтве з Паўднёвым Суданам, і я прапанаваў, каб тры краіны маглі арганізаваць супрацоўніцтва: Судан, Паўднёвы Судан і Беларусь".

Самая галоўная дамоўленасць — да наступнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Хартум пераўтварыць падпісаныя дакументы ў жыццё. У Судане павінны быць створаны машынабудаўнічы цэнтр, сельскагаспадарчы комплекс, цяпліцы па беларускіх тэхналогіях і наладжана сумесная здабыча золата.

Прэзідэнт Рэспублікі Судан пацвердзіў, што пункты погляду лідараў дзвюх краін супалі ў многіх эканамічных і палітычных пытаннях. "Усе падпісаныя сёння і раней пагадненні стварылі добрую глебу для развіцця двухбаковых эканамічных адносін, — сказаў ён. —  Мы ў Судане будзем сачыць за рэалізацыяй усіх дамоўленасцяў, бо яны надаюць вялікі імпульс далейшаму супрацоўніцтву. Для Судана і Беларусі гэта пачатак стратэгічных адносін".

Амар аль-Башыр запэўніў, што ўсе падпісаныя ў Мінску дакументы будуць рэалізаваныя да наступнага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Судан.

"Немалаважна адкрыццё беларускага пасольства ў Хартуме, — падкрэсліў Прэзідэнт Судана.  — Гэта таксама будзе выконваць вялікую ролю ў развіцці адносін і рэалізацыі намечаных праектаў".

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.