Вы тут

Рэпертуар Маладзёжнага тэатра папоўніўся спектаклем-абсурдам


Рэпертуар Маладзёжнага тэатра папоўніўся спектаклем-абсурдам пра шлях звычайнага вясковага дзеда — чытай: беларуса — у іншы свет. «І не намі гэта прыдумана» пастаўлена Дзянісам Паршыным па п'есе аднаго з самых прадстаўнічых беларускіх драматургаў Дзмітрыя Багаслаўскага. Па аналогіі з rоаd-mоvіе — асобным кінажанрам, дзе галоўныя героі дзейнічаюць на пэўным шляху, яны стварылі rоаd-рlау, у якім дзед Нічыпар сыходзіць з вёскі, бо адчувае набліжэнне смерці. Прэм'ера спектакля адбылася 28 лістапада і зараз паказваецца на сцэне Маладзёжнага.


Уласна шляхам да смерці, перад якой трэба зрабіць шэраг сімвалічных сустрэч-іспытаў і перасягнуць апошняе і самае галоўнае выпрабаванне — перайсці цераз мяжу з прыгранічнікамі, уяўляецца пастаноўка «І не намі гэта прыдумана».

Дзед Нічыпар вырашыў сысці, калі пабачыў сон з яркім святлом у канцы тунэля. Выпраўлялі яго ўсёй вёскай — пырскі алкаголю разляталіся ва ўсе бакі, асобныя персанажы дэманстравалі раздваенне асобы, рэўнасць, камічнасць, а ў выніку дзеда папрасілі вярнуцца і прывезці асфальту.

На шляху да Нічыпара далучылася і баба, якая мае да яго асаблівыя пачуцці, ды яшчэ казу з сабой узяла. Ён сустрэў рабаўніц у стрып-туфлях, якія «пераганялі саплю з наздры ў наздру» і часаліся, ад чаго дзед іх вылечыў травамі. «Пацярашку» — дзёрзкае і невыхаванае дзіця, якое жыве ў лесе і казачнага ўзору рыфмамі просіць хлеба і малака. Ваўка, які нюхае какаін (ці нейкі іншы наркотык) і страляе ў зайцаў, што тут жа ажываюць. Нарэшце, «прыгранічнікаў» — яны, напэўна, адсылаюць да рэальных людзей у форме пры ўездзе ў прыгранічную зону. Але ў спектаклі гэтыя персанажы не надта ветлівыя.

У пастаноўцы, якая з кожным эпізодам працягвае абсурдысцкую лінію, змяшаліся патэрны рамантычных гісторый, казачныя матывы і адсылкі да сапраўдных сучасных з'яў, камедыйнасць, містыка, міф пра святло ў канцы тунэля, нарэшце, форма rоаd-mоvіе.

Праўда, узровень сімвалічнасці і густ абсурднасці засталіся спрэчнымі, хаця, трэба прызнаць, спектакль дазволіў сабе шэраг дарэчных жартаў з вуснаў, напрыклад, кіраўніка сельсавета; пяшчотна суправадзіў дзеда бабай; уплёў ва ўмоўны сюжэт знакі сучаснасці; захапіўся антрапамарфізмам (наданнем чалавечага выгляду) і іранічна адправіў галоўнага героя паміраць пад рок — песню Hіghwау tо Hеll гурта АС/DС, што перакладаецца як «Шлях у пекла». Дарэчы, дзеду было весела пакідаць зямное жыццё, здаецца, нават занадта.

Пры ўсіх магчымых скідках на абсурд «І не намі гэта прыдумана» засталося незразумелым, што змяшчае ў сабе шлях да смерці, якія іспыты прайшоў галоўны герой і які сэнс у кожным з эпізодаў на яго дарозе (як гэта ні парадаксальна, у абсурдзе як мастацкім метадзе таксама павінен быць сэнс).

Абсурд у гэтым выпадку аказаўся бязлітасным (баюся, з няправільна расстаўленымі акцэнтамі ў рэжысуры), але вясёлы сыход у пекла пад песню Hіghwау tо Hеll — можа, і не найгоршы варыянт.

Софія ПАЛЯНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».