Вы тут

Уладзімір Цвірка. Свіслач


Недзе на землях суседкі Польшчы знаходзяцца вытокі ракі Свіслач. Але літаральна праз некалькі дзясяткаў кіламетраў яна перасякае мяжу і імчыцца ўжо па Беларусі, шпарка і настойліва нясе воды да славутага Нёмана.


Калі плысці па Свіслачы з боку мяжы, то праз нейкі час можна адчуць, як рака непрыкметна запавольвае бег, прыцішваецца, бы нечым уражаная. Шум вады робіцца ціхі і лагодны. Быццам размаўляе з берагам. З кім жа сустрэлася Свіслач? Аказваецца, з неверагодна прыгожым паркам былой шляхецкай сядзібы ў сённяшнім горадзе Свіслач.

У пісьмовых крыніцах гэтыя мясціны згадваюцца з пачатку XVI стагоддзя. Мяркуючы па грашовай вартасці гаспадаркі на той час, можна смела сцвярджаць, што яна мела дастаткова вялікія надзелы зямлі, сядзібны дом ці нават палац, разнастайныя гаспадарчыя пабудовы, можа, і прадпрыемствы.

Першапачаткова гэта была каралеўская маёмасць, якую потым перадалі шляхецкаму роду Грамыкаў. Затым Свіслаччу валодалі Тарлы, Ромеры. З пачатку ХІХ стагоддзя сядзіба перайшла ва ўласнасць знакамітага ў Вялікім Княстве Літоўскім роду Пуслоўскіх. Адна з прадстаўніц гэтага роду, Марта Пуслоўская, у 1882 годзе пабралася шлюбам з заможным шляхціцам Казімірам Красінскім. Менавіта з гэтага моманту свіслацкая сядзіба атрымала новае эканамічнае і культурнае развіццё.

Сёння цяжка сказаць, дзе жыла маладая пара да пабудовы новага сядзібнага дома. Але ёсць версія (хутчэй легенда), што для жылля нейкі час выкарыстоўваўся драўляны дом, вельмі незвычайны і цікавы па архітэктуры, пабудаваны зусім недалёка ад існуючага сядзібнага. Сёння многія сцвярджаюць, што гэта была простая жылая будыніна. Для тых, хто працаваў у сядзібнай гаспадарцы? Занадта шыкоўна! Можа, гэта былы жылы дом гаспадароў нейкага суседняга фальварка? З часам, спадзяюся, высветліцца.

Ну, а пакуль зноў вернемся да сядзібы Красінскіх, якія ў 10-я гады ХХ стагоддзя пабудавалі вялізны дом у стылі мадэрн. Цікавая гэтая пабудова была тым, што сумяшчала у сабе несумяшчальнае. На адным з трох паверхаў знаходзіліся шыкоўная бібліятэка і багата абстаўлены салон, дзе, як сведчаць сучаснікі, збіраліся прадстаўнікі інтэлігенцыі, бадай, з усёй Беларусі: мастакі, музыканты, пісьменнікі і палітыкі, сярод якіх быў нават Джавахарлал Нэру, які потым будзе вядомы ўсяму сусвету як прэм’ер Індыі.

А вось паддашак займала галубятня, ды не абы-якая, а паштовых галубоў. Больш за тое: на вялізным цокальным паверсе гадаваліся ды разводзіліся трусы рэдкіх дарагіх парод. Некаторыя гаспадарчыя пабудовы захаваліся і па сёння.

Дарэчы, салон, які каля сарака гадоў трымала Марта Красінская, неаднаразова наведвала наша знакамітая зямлячка — вядомая на ўвесь свет пісьменніца Эліза Ажэшка. Некалькі гадоў яна нават заставалася тут улетку на даволі доўгі час і працавала над сваімі творамі. Пра гэта сама неаднаразова згадвала ў мемуарах.

Апошні гаспадар Свіслачы, старэйшы сын Красінскіх Міхаіл, быў забіты ў суседнім фальварку ў 1939 годзе. Пасля смерці мужа Марта падарыла частку сваёй бібліятэкі Гродзенскаму музею і з’ехала жыць у Францыю, куды раней ужо накіраваўся малодшы сын Красінскіх…

Я доўга блукаў па парку, які размясціўся на высокім беразе Свіслачы. Захапляўся ўдалай планіроўкай. Некалі тут стаялі шыкоўныя альтанкі, з якіх адкрываліся чароўныя краявіды на раку, лугі і палеткі, якія бягуць уздоўж рэчышча да самага гарызонту. Шмат чаго яшчэ можна было б распавесці пра парк Красінскіх як выдатны прыклад мастацтва ландшафтнага дызайну. Але лепш паглядзець усё на ўласныя вочы!

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.