Вы тут

Дзелавыя людзі Моталя


Калі згадаць бізнес у вёсцы, то адразу на памяць прыходзіць Моталь. Бо там спрадвеку жылі людзі прадпрымальныя, яны ўмелі зарабляць капейку. І цяпер умеюць.


Ад прадпрымальных прадзедаў

Адкуль у маталян памкненні да асваення новых рамёстваў, любоў да працы, настойлівасць у дасягненні мэты, цікава разважаюць у мясцовым музеі. Тут лічаць, што ў свой час асаблівую міласць да мястэчка праявіла каралева Бона. Паводле адной з легендаў, яна праязджала праз паселішча і ўбачыла сялян, якія адрозніваліся ад іншых вонкавым выглядам. З ранку працоўнага дня яны былі чыста і прыгожа апранутыя. Менавіта тут манаршая асоба ўзвяла адну са сваіх рэзідэнцый. Пазней яна прывезла з Італіі і Германіі майстроў-рамеснікаў, якія навучылі і местачковых. Адсюль і тыповыя мотальскія прозвішчы: Кульбеда, Шыкалай, Палто...

Моталь жа атрымаў асаблівыя прывілеі, падпарадкоўваўся непасрэдна вялікаму князю, а жыхары плацілі падатак у казну, ні паншчыны не адраблялі, ні прыгону не ведалі. Варта сказаць, што да сярэдзіны ХІХ стагоддзя палавіну насельніцтва Моталя складалі яўрэі. Надзвычай прадпрымальныя людзі, яны, несумненна, паспрыялі росквіту мястэчка. На тагачасныя восем тысяч насельніцтва тут працавала 96 невялікіх крамаў. Гандлявалі самым разнастайным таварам. Было шмат усялякай вытворчасці. Дарэчы, дзед і бацька першага прэзідэнта Ізраіля Хаіма Вейцмана сплаўлялі тут лес у Польшчу і іншыя краіны Еўропы. Так што дух прадпрымальніцтва і цяга да сваёй справы ў Моталі выспявалі вякамі.

Мотальскія кажухі насілі нават у Аргенціне, Бразіліі, Англіі, расказваюць у музеі. Потым у Турцыі навучыліся вырабляць скуры і наваднілі сваёй прадукцыяй рынак. Недзе на рубяжы васьмідзясятых-дзевяностых гадоў жанчыны сталі за ткацкія станкі, якія захоўваліся ў кожным доме, і пачалі ткаць хусткі. З сінтэтычных нітак атрымліваліся мяккія, прыемныя на дотык хусцінкі, якія з ахвотай у час дэфіцытаў куплялі на прасторах амаль усяго былога Савецкага Саюза.

Тым часам паднімаліся першыя мотальскія прадпрымальнікі-каўбаснікі. Варта сказаць, што Сцяпана Мінюка называюць тут другім па значэнні пасля Хаіма Вейцмана земляком, які прынёс славу мястэчку. Яшчэ ў 1930-я гады ён атрымаў ліцэнзію на вытворчасць каўбас і
адкрыў каўбасны цэх. З таго часу выраб каўбас не перарываўся, у савецкія часы ён вёўся пад эгідай спажыўкааперацыі. Цяпер тут працуюць тры цэхі па вытворчасці каўбас. Фермер Андрэй Мінюк, праўнук Сцяпана Мінюка, робіць каўбасу па дзедаўскіх рэцэптах.

Бізнесмен і дэпутат

І самы буйны мясаперапрацоўчы цэх — гэта вытворчы кааператыў «Моталь», які ўзначальвае Мікалай Шыкалай. Сёння кааператыў выпускае каля трох тон мясных і каўбасных вырабаў у суткі і дае работу 73 вяскоўцам.

Пра несумненны аўтарытэт Мікалая Шыкалая можа сведчыць той факт, што вяскоўцы трэці раз абіраюць яго дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета. Мікалай Сцяпанавіч гаворыць, што развіццё прадпрымальніцтва на яго радзіме, па-першае, абумоўлена гістарычна, па-другое, бізнесу спрыяюць умовы: у населеным пункце з добрай інфраструктурай кампактна пражывае чатыры тысячы чалавек, і бізнес развіваецца, выходзіць за рамкі вёскі, да таго ж прыклад аднаго сельскага жыхара натхняе другога.

— Сёння можна гаварыць не толькі пра бізнес у Моталі, але і ва ўсім сельсавеце, — разважае дэпутат. — У суседніх Тышкавічах фермерска-сялянская гаспадарка «Знаходка Палесся» моцна стаіць на нагах. Прадпрыемства хоць і маладое, але даволі дынамічна развіваецца. Яго кіраўнік Таццяна Каткавец акрамя агароднінаводства зрабіла ўпор на вырошчванне кветак у прамысловым маштабе. І вось ужо цюльпаны з Тышкавічаў ведаюць у нашай краіне і за яе межамі. Другі сельскі прадпрымальнік заняўся дрэваапрацоўкай і дасягнуў поспеху. А пачыналася ўсё на маіх вачах у тых жа Тышкавічах, іншых вёсках з гектара зямлі, які вяскоўцы пачалі браць для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі. Лічу, што гэта добры старт для таго, каб апрабаваць сябе ў якасці гаспадара, адчуць, што бізнес гэта тваё, напрацоўваць вопыт і рухацца далей.

Ад рыбы да пячэння

Ну а ў Моталі зараз працуе больш за 25 прыватных прадпрыемстваў. Напрыклад, прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «Шыкалай» спецыялізуецца на перапрацоўцы рыбы. Там зараз занятыя пад два дзясяткі чалавек, і прадукцыя карыстаецца попытам. З райцэнтра, іншых гарадоў нярэдка едуць у фірменны магазін рыбаперапрацоўшчыкаў па прадукцыю. У аграгарадку і ваколіцах ужо і цяжка сказаць, які бізнес сельскагаспадарчага кірунку не прадстаўлены. Зараз асобныя прадпрымальнікі сталі займацца вырошчваннем буякоў, парэчкі, з'явілася новая піларама. Некаторыя знайшлі сябе ў гандлёвай справе. У чатырохтысячным Моталі больш за дваццаць вялікіх і малых магазінаў. У нас наогул умеюць працаваць. Наша сельгаспрадпрыемства «АграМоталь» — адно з найлепшых не толькі ў раёне, але і ў вобласці. «А калі ёсць работа, дастойная зарплата, дык людзі і не спяшаюцца пакідаць родныя мясціны», — разважае Мікалай Шыкалай.

А хто і пакідае, бывае, вяртаецца. Як, напрыклад, Мікалай Стасевіч. Яшчэ ў 90-х ён канчаткова вярнуўся на малую радзіму, адкрыў сваю пякарню. Сёння гэта прадпрыемства «Анікс Санія» — невялікая фабрыка па вытворчасці печыва «Мотальская выпечка». Кампанія Мікалая адкрыла музей хлеба з дапамогай гранта Еўрасаюза. А каб прыцягнуць больш наведвальнікаў у музей і сваю вёску, Мікалай Стасевіч заняўся аграэкатурызмам, пабудаваў на беразе Ясельды цудоўную сядзібу «Мотальская Венецыя».

Сацыяльная адказнасць бізнесу

Без удзелу прадпрымальнікаў сёння немагчыма ўявіць сацыяльную, культурную сферу аграгарадка, яго добраўпарадкаванне, лічыць старшыня Мотальскага сельскага Савета Сяргей Піліповіч. Той жа вытворчы кааператыў «Моталь» не раз дапамагаў інвалідам па зроку, дзецям-інвалідам, школам, музеям, выдзяляў грошы на рамонт і будаўніцтва храмаў. А фестываль «Мотальскія прысмакі», які ўпэўнена становіцца брэндам Іванаўскага раёна, мясцовыя дзелавыя людзі, можна сказаць, выпеставалі, вынеслі на сваіх плячах. Як вядома, арганізаваць і правесці падобны фестываль, прыняць такую колькасць гасцей — гэта вялікія траты. Ды і паказаць сваю прадукцыю трэба прыгожа, ярка, запамінальна. Адным словам, тутэйшыя прадпрыемствы становяцца галоўнымі героямі і дзеючымі асобамі названага фестывалю падчас яго правядзення. А з'яўленне такога фэсту стала лагічным працягам работы ды адлюстраваннем «жылкі» мясцовых жыхароў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Іванаўскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.