Вы тут

У Мінску прайшоў арт-фестываль «Дыялог ±60»


«Сфатаграфуйце мяне на фоне гэтай карціны, калі ласка! — папрасіла мяне прыемная пажылая жанчына. — Мы яе ўсе разам малявалі. І ад душы пры гэтым весяліліся!»


Выстава карцін людзей трэцяга ўзросту.

Мая новая знаёмая, 80-гадовая Раксана Лук'янава, аказалася валанцёрам з ліку тых, хто працуе з былымі вязнямі канцлагераў і іншымі людзьмі, якія пацярпелі ад нацысцкіх пераследаў. «Вельмі многія з іх ужо не выходзяць са сваіх кватэр, мы, валанцёры, тэлефануем ім, размаўляем, наведваем», — кажа яна.

Раксана Сяргееўна сама дзіця вайны. Усё жыццё працавала з моладдзю, выкладала хімію ў політэхнічным інстытуце (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт), з'яўляецца дацэнтам.

«Цяпер група з тых пажылых людзей, якія могуць хадзіць, збіраецца па панядзелках, каб маляваць, — захоплена расказвае яна. — І я з імі як валанцёр. З намі працуе прафесійны мастак, Аксана Чутцава, яна нас карэктуе і натхняе. Я зусім не ўмела маляваць да гэтага. А зараз дзеці і ўнукі ў захапленні ад маіх карцін! А яшчэ мы шмат размаўляем. Прывозім яблыкі з дачы, прыносім пірагі з дому і п'ём разам гарбату. Нашы дзеці і ўнукі выраслі, я сама ўжо ўдава, на жаль, таму стасункі — гэта самае важнае, я лічу, гэта вялікая справа!»

А Людміла Балабко прачытала пра гэты фестываль у інтэрнэце. Прыйшла — і тут жа прыняла актыўны ўдзел у адкрытай дыскусіі аб старасці «Як стаць сталым і не пашкадаваць пра гэта». «Мне здаецца, усё залежыць ад унутранага свету і настрою чалавека, ад таго, наколькі ён адчувае сябе сучасным, — упэўненая яна. — Мне 62 гады, працавала інжынерам-будаўніком, а цяпер стала мастаком-фларыстам. Я захапляюся Японіяй за тое, што там умеюць бачыць прыгажосць квітнеючай сакуры, любуюцца прыродай. Сама стараюся ўпрыгожыць сваю кватэру, працую з пялёсткамі кветак, хваёвай карой, ракавінкамі, рэжу выцінанкі... Ужо нават была мая персанальная выстаўка. Я лічу, што шчасце — прадметнае, і радасць шукаем мы самі сваімі вачамі...»

Удзельніца творчай майстэрні «Мой звыклы новы дом».

Наталля Хлапкова з Універсітэта трэцяга ўзросту напярэдадні зламала правую руку, але тым не менш правяла на арт-выстаўцы майстар-клас па вязанні на руках: «Проста не магла падвесці і не апраўдаць даверу арганізатараў і ўдзельнікаў. Усё атрымалася!» — лічыць яна.

* * *

Паводле звестак Белстата, у нашай краіне налічваецца больш за два мільёны пажылых людзей, — гэта кожны пяты жыхар Беларусі. Ці ёсць у іх магчымасць рэалізаваць свае здольнасці і жаданні, удзельнічаць у важных для грамадства падзеях? Як людзям трэцяга ўзросту адчуваць сябе камфортна і паўнавартасна на пенсіі? Гэтыя важныя пытанні падняў арт-фестываль «Дыялог ±60». Яго арганізатары паставілі перад сабой задачу стварыць асяроддзе, дзе няма граніц для ўзросту, а ёсць прастора для бязмежнай творчасці, дзе кожнага пачуюць і зразумеюць, дзе можна наладзіць дыялог паміж прадстаўнікамі розных узростаў.

На фестывалі можна было ўбачыць выстаўку партрэтаў былых ахвяр нацыянал-сацыялізму і дзяцей вайны фатографа Ягора Войнава і карціны людзей трэцяга ўзросту, якія яны стварылі ў творчай майстэрні «Мой звыклы новы дом» у рамках праекта «Скажам адзіноце «не». Паглядзець дакументальна-прэзентацыйны фільм «Месца сустрэчы: дыялог» (рэжысёр Раман Раманаў, Беларусь, 2018 год) аб былых вязнях нацыянал-сацыялізму, які ламае стэрэатыпы пра старасць і спрыяе сацыялізацыі пажылых.

Ахвотныя маглі прыняць удзел у адкрытых дыскусіях з беларускімі філосафамі, гісторыкамі, рэдактарамі і экспертамі на тэмы: «Як мы памятаем тое, што памятаем», «Як стаць сталым і не пашкадаваць пра гэта» і нават «Секс у пажылым узросце». А яшчэ — далучыцца да майстар-класаў для ўсіх узростаў — па вязанні без пруткоў, роспісе па фарфоры, вегетарыянскім харчаванні.

Была прадстаўлена і інсталяцыя «Біялогія мастацтва» — сумеснае даследаванне аўдыявізуальнага мастака Bаzіnаtо і групы пажылых людзей з майстэрні «Мой звыклы новы дом». Удзельнікі паспрабавалі стварыць новы твор мастацтва — калектыўную карціну — па-за межамі знаёмых мастацкіх практык. Менавіта на яе фоне мяне папрасіла сфатаграфаваць адна з яе стваральніц Раксана Лук'янава. Працэс з'яўлення гэтай карціны быў зняты на відэа і зроблены часткай інсталяцыі.

* * *

«Ужо дзесяць гадоў мы каардынуем праграму «Месца сустрэчы: дыялог» у Беларусі. У розных рэгіёнах краіны сумесна з партнёрамі рэалізавалі больш за 130 праектаў, праз якія штогод падтрымліваем каля дзвюх тысяч чалавек, — сказала на адкрыцці фестывалю старшыня праўлення міжнароднага грамадскага аб'яднання «Узаемаразуменне» Анжаліка Аношка. — Арт-фестываль «Дыялог ±60» — гэта мерапрыемства, якое мы робім да юбілею гэтай праграмы. Праз выстаўку, дыскусіі, майстар-класы мы хочам паказаць, як можна павысіць якасць жыцця былых вязняў і іншых пажылых людзей. Фармат фестывалю дапамагае прадэманстраваць, што ўзаемадзеянне паміж пакаленнямі можа быць змястоўнае і цікавае для людзей рознага ўзросту».

Святлана БУСЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».