Вы тут

Добрыя справы на карысць рэгіёна


Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Кацярына Музычэнка:

— Год малой радзімы асацыюецца перш за ўсё з развіццём рэгіёнаў і населеных пунктаў, іх добраўпарадкаваннем і захаваннем унікальнай прыгажосці, стварэннем камфортных умоў пражывання, выхаваннем патрыятычнага стаўлення да роднай зямлі і народных традыцый. І тое, што наступныя два гады таксама пройдуць пад знакам малой радзімы, толькі на карысць нашай агульнай радзіме. Гэта ідэя аб'яднала ўсю Беларусь, усіх яе жыхароў мэтай зрабіць нашу Айчыну яшчэ лепшай.

Гэты год для Магілёўскай вобласці быў юбілейны, споўнілася 80 гадоў са дня яе ўтварэння. З гэтай нагоды ва ўсіх раёнах адбыліся святочныя мерапрыемствы, акорднай кропкай стаў вялікі канцэрт у абласным цэнтры. Наша ўпраўленне падрыхтавала шэраг інфармацыйных матэрыялаў па тэме «Магілёўская вобласць: гісторыя, спадчына, людзі». На працягу года ў працоўных калектывах вобласці праводзіліся адзіныя дні інфармавання, дзе размова ішла пра стварэнне вобласці, яе населеныя пункты з іх багатым мінулым. Мы ўспаміналі нашых знакамітых ураджэнцаў, літаратараў, асоб, якія паўплывалі на развіццё краіны. Унікальным выданнем стала кніга «Магілёўская вобласць: край, у якім мы жывём», падрыхтаваная калектывам інфармацыйнага агенцтва «Магілёўскія ведамасці».

Сёлета абласны цэнтр меў гонар прымаць у сябе ўдзельнікаў V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. За час падрыхтоўкі горад змяніўся: былі абноўлены фасады дамоў, добраўпарадкаваны дарогі, прывабнейшы стаў магілёўскі «Арбат» — вуліца Ленінская, дзе праходзіў вялікі міжрэгіянальны кірмаш. У горадзе пабольшала знакавых аб'ектаў, якія зрабілі яго яшчэ прыгажэйшым, — на ўездзе з боку Мінска з'явілася Трыумфальная арка ў гонар мужных і таленавітых жыхароў абласнога цэнтра, а каля спуску з плошчы Арджанікідзэ ў Падмікольскі парк — парадная лесвіца з каскадным фантанам.

Тэмай малой радзімы было прасякнута і купальскае свята рэспубліканскага ўзроўню «Александрыя збірае сяброў», якое праводзілася ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна восьмы раз. З кожным годам яно набірае абароты і становіцца ўсё больш папулярным. Акцэнт мерапрыемства ставіцца на сяброўскіх сувязях трох братэрскіх народаў — беларусаў, расіян і ўкраінцаў, якіх спрадвеку звязвалі агульныя традыцыі, гісторыя і... Дняпро — старадаўні гандлёвы шлях «з варагаў у грэкі». Менавіта на беразе гэтай ракі і праходзіць свята. У яго аснову пакладзена ідэя развіцця купальскіх традыцый у сусветнай прасторы і часе, а таксама культурны абмен паміж рознымі краінамі ў галіне нацыянальнай самабытнасці. Сёлета была магчымасць пабачыць на гэтым форуме, як шмат розных цікавых фестываляў прапануюць нашы рэгіёны — яны дэманстравалі свае візітоўкі. Тэма малой радзімы лягла ў аснову купальскага гала-канцэрта.

Шмат цікавых ідэй рэалізавалі ўстановы вобласці. Цэнтральная гарадская бібліятэка імя К. Маркса ў рамках праекта «Пра малую радзіму з любоўю» правяла анлайн-апытанне сярод магіляўчан, падчас якога тыя дзяліліся гісторыямі пра сваіх продкаў, згадвалі мілыя сэрцу куточкі, дзе яны нарадзіліся і выраслі. Вынікам праекта стане стварэнне на сайце ўстановы інфармацыйнага рэсурсу «Магіляўчане пра малую радзіму».

Году малой радзімы і 45-годдзю магілёўскага прадпрыемства «Магатэкс» быў прысвечаны дабрачынны марафон, які адбыўся падчас фестывалю «Вялікая бард-рыбалка». За кожны кіламетр, які прабягалі ўдзельнікі акцыі, прадпрыемства пералічвала рубель на дабрачынны рахунак, дзе акумулююцца сродкі на адраджэнне архітэктурнай жамчужыны Беларусі першай паловы ХVІІ стагоддзя — Быхаўскага замка. Усяго было сабрана 2 тысячы рублёў.

Актыўна праводзіцца ў вобласці рэгіянальная маладзёжная ініцыятыва Магілёўскай абласной арганізацыі БРСМ «Добрыя справы табе, мая малая радзіма!» Удзельнікі праекта самастойна выбіраюць месцы і віды работ. Займаюцца будаўніцтвам, уладкаваннем дзіцячых пляцовак, добраўпарадкаваннем дваровых тэрыторый, месцаў пахаванняў і помнікаў абаронцам Радзімы, паркаў і сквераў, прыпыначных пунктаў.

Тэлекампанія «Шклоў» распачала цыкл перадач «Малая радзіма малымі вачыма». Дзеці гэтага раёна вядуць гаворку пра родныя мясціны, славутых ураджэнцаў.

У Крычаве стартавала акцыя «Кніга добрых спраў», вынікам якой стане стварэнне друкаванага і электроннага варыянтаў кнігі з рэальнымі прыкладамі таго, як жыхары рэалізуюць карысныя для раёна праекты.

Парк любові і згоды створаны на Маладзёжным возеры ў Слаўгарадзе. Гэта ініцыятыва мясцовага прадпрыемства «Жылкамгас» стала пераможцам конкурсу ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Ад вытокаў да развіцця», які быў рэалізаваны мясцовым фондам развіцця сельскіх тэрыторый «Адраджэнне-Агра».

Прыемна, што пра родны край не забываюць нашчадкі тых, хто калісьці жыў на нашай зямлі. Грамадзянін Швецыі Андрэй Дараган, прадзед якога Восіп Дараган пабудаваў на свае грошы ў канцы ХІХ стагоддзя чыгуначную ветку ў Асіповіцкім раёне, падараваў царкве Святога Панцеляймона ў аграгарадку Дараганава сямейныя іконы — яны на працягу доўгага часу перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Ён неаднаразова прыязджаў на малую радзіму сваіх продкаў разам з жонкай Ланай. Раённаму гісторыка-краязнаўчаму музею яны перадалі больш за 400 розных прадметаў і дакументаў, якія належалі знакамітаму роду. Пры садзейнічанні раённых уладаў і музея ў Асіповічах адкрылася адмысловая экспазіцыя, прысвечаная дваранскай сям'і Дараганаў.

А ў аграгарадку Мяжысеткі Магілёўскага раёна нядаўна з'явіўся храм у гонар Святога Уладзіміра. Гэта падарунак ад намесніка міністра замежных спраў Расіі Алега Сырамолатава — з населеным пунктам звязана жыццё яго сваякоў. Не забылася пра сваю малую радзіму і магіляўчанка Рыма Данільцава, якая стварыла ў вёсцы Вялікі Нежкаў Бялыніцкага раёна музей. У бацькоўскай хаце яна сабрала сямейныя фатаграфіі і прадметы побыту, якімі карысталіся ў мінулым стагоддзі яе родныя. І такіх прыкладаў шмат.

Зараз мы вядзём падрыхтоўку да яшчэ адной сур'ёзнай падзеі, якую будзем адзначаць налета, — 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мы ў неаплатным даўгу перад тымі, хто заваяваў для нас Вялікую Перамогу, і будзем рабіць усё, што ад нас залежыць, каб захаваць мір і стабільнасць у краіне. Толькі разам мы зробім наша жыццё камфортным і бяспечным для нашых нашчадкаў.

Падрыхтавала Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».