Вы тут

Першыя дні ва ўніверсітэце


Раніца. Здавалася б, яшчэ нядаўна не па-асенняму цёплыя дні нагадвалі пра летнюю бесклапотнасць... Цяпер жа адчуванне халадэчы па дарозе ва ўніверсітэт навявае лёгкі сум. Аднак пакрысе ажыўленне на вуліцах вяртае ў рэальнасць і дае зразумець, што пара ўваходзіць у працоўны рытм. У метро позірк падае на лістоўку са знаёмымі словамі «Дарогу адужае той, хто ідзе», і на твары з'яўляецца ўсмешка, а думкі пераносяцца ў той дзень, калі я ўпершыню пачула гэты выраз з вуснаў рэктара Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Ім Наталля Пятроўна Баранава задала першакурснікам станоўчы настрой, зарадзіла пазітывам і прывітальнае слова дэкана факультэта міжкультурных камунікацый Дзмітрыя Ігаравіча Тупіка. Прадстаўнікі БРСМ і прафкама далі зразумець, што магчымасць зрабіць насычаным сваё студэнцкае жыццё ёсць у кожнага, трэба толькі падысці да гэтай задачы крэатыўна і з жаданнем...


Голас, які аб'яўляе прыпынак станцыі метро, рассейвае прыемныя ўспаміны. Плошча Перамогі. Пераход. Святлафор. І вось натоўп студэнтаў імчыцца спасцігаць веды. Тэлефон разрываецца ад бесперапынных паведамленняў у чаце:

— Хто ведае, дзе знаходзіцца аўдыторыя Д307?

— А-а-а, аўтобус не прыйшоў, я спазняюся...

— Дзяўчаты, пачакайце мяне ў фае.

— Арнольд, ты зрабіў фанетыку?

За плячыма — першыя месяцы вучобы. Лекцыі, практычныя заняткі, семінары, а хутка залікі і экзамены — такія яшчэ нязвыклыя для першакурснікаў рэчы, якія пакідаюць шмат уражанняў. У студэнтаў, што нядаўна пераступілі парог ВНУ, ужо склалася ўласнае меркаванне аб універсітэце, выкладчыках, аднагрупніках і, магчыма, аб сваёй будучай прафесіі. Ці можна давяраць першаму ўражанню? Пра гэта я распытала ў сваіх аднагрупнікаў.

Лізавета МАКЕЙЧЫК:

— Са школы бачыла сябе выключна ў гуманітарнай ВНУ. Дакладныя навукі не хацелі паддавацца, а адзнакі па матэматыцы і фізіцы ўсё выразней вымалёўвалі далейшыя перспектывы. Заставалася толькі вырашыць, куды паступаць. Спачатку выбар быў паміж БДУ і МДЛУ. Важную ролю адыгрывала менавіта вывучэнне мовы. А што ў гэтым плане можа быць лепш за самую прэстыжную лінгвістычную ВНУ краіны? Заставалася зрабіць яшчэ адзін важны выбар — факультэт. Тут, зноў жа, былі два варыянты: перакладчыцкі або міжкультурных камунікацый. Прааналізаваўшы ўсю магчымую інфармацыю, выбрала апошні. І зараз магу сказаць, што за гэты час ні аб чым не пашкадавала. Атмасфера факультэта настолькі камфортная, што з першай хвіліны адчуваеш сябе на сваім месцы. Не сумняваюся, на першым курсе будзе складана, але я суцяшаю сябе, успамінаючы словы добрага сябра: «Студэнцкія гады павінны стаць самымі лепшымі ў тваім жыцці. Палюбі свой універсітэт, тое, чым ты займаешся, асновы сваёй будучай прафесіі, і кожную раніцу ты будзеш прачынацца, усведамляючы, што ідзеш у месца, якое для цябе як другі дом».

Анастасія СІНІЦКАЯ:

— Да гэтага часу не верыцца, што я ўжо не вучаніца, а студэнтка ўніверсітэта, ды яшчэ такога элітнага. У школе нас часта палохалі расказамі пра строгіх і вельмі патрабавальных выкладчыкаў ВНУ, пра незразумелы на першы погляд матэрыял і складанасці ў яго вывучэнні. Можа, праз тое я думала, што лекцыі ва ўніверсітэце — гэта амаль паўтары гадзіны невыразна запісаных у спешцы слоў. Я лічыла, што студэнты нават не задумваюцца, пра што пішуць. Прызнацца шчыра, напачатку ўсё так і было, але з часам пачынаеш улівацца ў гэты працэс. Ты можаш настолькі зацікавіцца новай інфармацыяй і яе асэнсаваннем, што забываеш пра час.

Наогул, многія дысцыпліны ўжо звязаны з першай мовай, якую вывучаем, — англійскай. І менавіта яны, фанетыка і граматыка, даюцца нам складаней за ўсё. Даводзіцца шмат і ўпарта працаваць, а выкладчык нас падтрымлівае, настойваючы, што любая праца не застанецца неўзнагароджанай! Ці ўсё адгукнецца на калоквіуме.

Здзівілі і самі выкладчыкі, якія, знаёмячы са сваімі прадметамі, расказвалі шмат цікавага пра студэнцтва, прыводзілі прыклады з жыцця і проста жартавалі. Асабліва падабаюцца заняткі, на якіх мы не проста моўчкі сядзім і слухаем педагога, але і прымаем актыўны ўдзел у размове, спрачаемся, адстойваем свой пункт гледжання, адказваем на пытанні альбо задаём іх самі.

Таццяна КОТ:

— Я з Гомеля і, шчыра кажучы, рада, што мне далі інтэрнат. За нядоўгае знаходжанне тут змагла вылучыць ужо шэраг плюсоў. Па-першае, выгаднае размяшчэнне. У той час як многім аднакурснікам прыходзіцца ехаць праз увесь горад, у мяне ёсць магчымасць хутка дабрацца да ўніверсітэта. Можна, напрыклад, не насіць з сабой увесь дзень форму для фізкультуры, а схадзіць па яе перад заняткамі. Па-другое, гэта самы недарагі варыянт пражывання ў Мінску, бо за інтэрнат мы плацім, можна сказаць, капейкі.

Яшчэ адна перавага заключаецца ў тым, што побач у інтэрнаце жывуць аднакурснікі, да якіх у любы момант можна звярнуцца па падмогу. Я лічу, мне пашанцавала з суседкамі, мы адразу раззнаёміліся з дзяўчатамі ў блоку. Увогуле, тут не засумуеш. Калі на першым часе ўсе мае думкі былі толькі пра тое, як я хачу дадому, дык цяпер падабаецца гэтая самастойнасць, тое, што я ўсё раблю сама.

Мне даспадобы абстаноўка, якая склалася ў групе. Усе таварыскія і прыязныя, мы адразу ж знайшлі агульную мову і ў любы момант гатовыя падтрымаць адно аднаго. Неяк у школе мне сказалі: «Сяброў прасцей за ўсё набыць у школе і ўніверсітэце, пазней зрабіць гэта будзе ўжо непараўнальна складаней», — і я цалкам з гэтым згодная.

Яўгенія ПУЛІНА:

— Ужо з першых дзён вучобы зразумела, што маё студэнцкае жыццё пройдзе не толькі за канспектамі, але і за актыўным удзелам у разнастайных мерапрыемствах, якія праводзіць ВНУ. Тут створаны ўсе ўмовы для рознабаковага развіцця: ёсць спартыўныя пляцоўкі, танцавальныя залы, мноства гурткоў, праводзіцца шмат мерапрыемстваў і конкурсаў.

Не разлічыўшы сваіх сіл спачатку, я ўступіла ў многія калектывы. Але пазней, усвядоміўшы, што з такімі тэмпамі мяне надоўга не хопіць, выбрала для сябе асноўныя напрамкі, у ліку якіх была вакальная студыя «Арт-груп». Я ніколі прафесійна не займалася вакалам, але гэта мяне не спыніла. Прыйшлося прыкласці ўсе намаганні пры падрыхтоўцы. І як жа было прыемна ўбачыць сваё імя ў спісе тых, хто прайшоў адбор. Спадзяюся, у хуткім часе я змагу прымаць удзел у розных мерапрыемствах і конкурсах як ва ўніверсітэце, так і за яго межамі.

Вось такіх розных учарашніх школьнікаў аб'яднаў у сваіх сценах Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Але мэта ў цяперашніх студэнтаў адна — дасканала авалодаць замежнымі мовамі і стаць запатрабаванымі спецыялістамі.

Надзея БОБРЫК, студэнтка І курса факультэта міжкультурных камунікацый МДЛУ

Загаловак у газеце: Статус абноўлены — «Студэнт», ці Першыя глыткі новага жыцця

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.