Вы тут

Гандлёвае абслугоўванне Міншчыны ажыццяўляюць 143 аўтакрамы


Гандлёвае абслугоўванне 3580 населеных пунктаў Мінскай вобласці, дзе пражывае больш за 100 тысяч чалавек, ажыццяўляюць 143 аўтакрамы спажывецкай кааперацыі. Сярод іх 150 вёсак з насельніцтвам да пяці чалавек, 950 — ад шасці да дзесяці жыхароў. Нягледзячы на тое, што шэраг маршрутаў стратныя, кааператары ўважліва адносяцца да патрэб патэнцыйных пакупнікоў.


Усяго распрацавана 378 разнастайных маршрутаў, якія прадугледжваюць абслугоўванне аднаго населенага пункта з перыядычнасцю два-тры разы на тыдзень, у тым ліку тройчы ў тыдзень аўтакрамы заходзяць у 1645 вёсак. У сярэднім адна аўтакрама штодзень абслугоўвае 15 вёсак: працягласць маршрутаў руху — ад 40 да 200 кіламетраў. Для кожнай машыны распрацаваны графік з указаннем часу прыбыцця ў населены пункт і стаянкі.

За апошнія гады сучасная аўтакрама істотна змянілася як па знешнім выглядзе, так і па ўнутраным напаўненні. Напрыклад, машыны на базе шасі «МАЗ» маюць дзве-тры адзінкі халадзільнага абсталявання, электронныя вагі, касавы апарат, умывальнік. Усе магазіны «на колах» маюць банкаўскія плацежныя тэрміналы для безнаяўных разлікаў.

Халадзільнае абсталяванне дазваляе забяспечыць дастаткова шырокі пералік харчовых тавараў. Гэта натуральная малочная прадукцыя, сыры, свежамарожаная рыба, каўбасы, марожанае і шмат чаго іншага. У асартыменце не менш за 80 найменняў харчовых і 25 нехарчовых тавараў. Абавязкова тут будзе і прадукцыя вытворчасці спажыўкааперацыі: хлебабулачныя і кандытарскія вырабы, мяса і паўфабрыкаты з яго, мяса птушкі і паўфабрыкаты з яе, мінеральная вада, кансервы з агародніны і садавіны. Рэалізуюцца таксама прадукты, які выпускаюцца пад уласнай гандлёвай маркай.

На тавары, якіх няма ў асартыментным пераліку, прымаюцца заяўкі. Кааператары праводзяць дваровы абход для таго, каб даведацца, што патрэбна насельніцтву. Ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, пажылым людзям аказваюцца дадатковыя паслугі па дастаўцы тавараў на дом. Акрамя таго, у аўтакрамах рэалізуецца пэўны асартымент акцыйнай прадукцыі, у святочныя дні ладзяцца разнастайныя маркетынгавыя акцыі з уручэннем падарункаў грамадзянам паважнага ўзросту. Не застаюцца без увагі і гараджане, якія выязджаюць на лета ў садовыя таварыствы і дачныя кааператывы. Ім не трэба думаць, дзе ўзяць неабходныя прадукты: везці з сабой са сталіцы, купляць у райцэнтры або ў найбліжэйшым населеным пункце. Гэтыя клопаты цалкам узяў на сябе Мінскі аблспажыўсаюз. Ужо каторы год рэгіянальныя арганізацыі спажывецкай кааперацыі паспяхова выконваюць пастаўленую перад імі задачу: з наступленнем вяснова-летняга перыяду максімальна задаволіць патрэбы адпачывальнікаў і ўласнікаў больш як тысячы дачных таварыстваў з дапамогай сезонных гандлёвых аб'ектаў і аўтакрамаў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Пакупнік не ідзе? Мы самі прыйдзем да яго!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».