Вы тут

Проза, якую пісаў паэт


Проза, якую напісалі паэты, для мяне заўсёды была асаблівая. Не стала выключэннем і чарговая кніга Міколы Адама «Гульня ўяўлення» (Кіеў, Кіеўскае выдавецтва Стрэльбіцкага, 2017), куды ўвайшлі апавяданні розных гадоў, некаторыя з якіх упершыню надрукаваныя яшчэ ў часопісе «Першацвет».


І справа тут не толькі ва ўласных вершаваных радках Адама-паэта, якія ўдала ўплятаюцца ў прозу, прамаўляючыся вуснамі герояў апавяданняў. Апісанні наваколля, знешнасці і псіхалагічнага стану герояў вызначаюцца асаблівай маляўнічасцю, свежасцю нязбітых вобразаў, паэтычнасцю.

«Малады снежань толькі-толькі паспеў апрануць белае паліто і адпусціць бародку, белую з карычневымі плямамі».

Або «Вечар у снежным катуху паступова пераходзіў у ноч. Але ноч не мянялася вопраткай з вечарам», — так пачынаецца трыпціх «Без святла». Ці не з’яўляюцца такія радкі паэзіяй у прозе?

Ды і сэнс згаданага твора нечым нагадаў Алеся Разанава: ёсць у яго такія пункціры, дзе паэт разважае, што адна і тая ж з’ява (тут — адключэнне святла) для адных можа быць трагедыяй, для іншых — ратункам.

За празаічнай творчасцю Міколы Адама сачу даўно. Дзесяцігоддзя паўтара — дакладна.

Што новага адкрыла для сябе? Зварот да драматычных падзей пачатку дваццатага стагоддзя (апавяданне «Ішоў дождж»). Але нават і тут аўтар не здраджвае свайму стылю. Ён не апранае жанчын у целагрэйкі з хусткамі і не ставіць іх ля печы.

Вікторыя ў «Рускай рулетцы» стыльная і жаданая ў сваіх строях. Ды і зеленавокая Аксана з апавядання «Ішоў дождж» па-жаноцку прывабная, калі перад трагічнай кульмінацыяй выскоквае на ганак у адной гімнасцёрцы.

Жанчыны ў прозе Міколы Адама прыгожыя, здольныя на эксперыменты. Мужчыны — рашучыя, брутальныя. Пачуцці — палкія, хэпі-энды — рэдкія.

Хто яны, героі апавяданняў? Часцей мужчына і жанчына. Мужчына — часам пісьменнік, часам не зусім паспяховы. І, як значная частка гэтай «браціі», можа заліваць уласную непаспяховасць гарэлкай або зайздросціць больш паспяховым калегам, якім шанцуе ў літаратуры і асабістым жыцці («Добры чалавек Мазахаў», «Макулатура»). Жанчына…

Пра апісанне знешнасці гераінь варта сказаць асобна. Я проста недаравальна блытала аўтара з лірычным героем (хаця амаль упэўнена, што доля аўтабіяграфічнасці ў апавяданнях ёсць). І была ўпэўненасць, што аўтар кахаў усіх сваіх гераінь.

А сапраўды, як не кахаць? Танклявую, няхай сабе і фантастычную Ніко з дзьмухаўцовымі валасамі; зеленавокую цнатлівую дзяўчынку-выдатніцу Сашу са «Спёкі», стыльную і дзелавую, але насамрэч такую пяшчотную Вераніку з «Рыцара», анёлападобную з нялёгкім лёсам Аляксандру — студэнтку «кулька».

І яшчэ да гэтай блытаніны. Усё ж чытаючы фразы кшталту «Каму цяпер чытаць тоўстыя кнігі?» або «П’яны тарыф дзейнічае баспамылкова, асабліва па тых, каго мы любім», я пагаджалася з аўтарам, а не з лірычным героем.

Яшчэ героі? На фоне эпізадычных сяброў-сябровак і стрыжаных «браткоў» вылучыла б адзіноту і цішыню.

Не зусім звыклы і зварот да фантастычных матываў. Хоць на іх ёсць намёк у назве кнігі. Фантастыкай ніколі не захаплялася. Напэўна, таму пачвара з кулямётам у кукурузе не кранула. А вось момант, дзе на каруселі павольна круцяцца партрэты забітых паэтаў, вельмі зачапіў.

У творах Міколы Адама шмат кахання, гарэлкі, сексу, смерці, цыгарэт. Усё, як у жыцці. І што б ні казалі нам пра высокую маральнасць, такія творы будуць чытацца. Не пабаюся абагульнення, але тэмы гэтыя запатрабаваныя.

Але ў некаторых апавяданнях мне проста не хапіла працягу. Многія з апавяданняў, прадстаўленых у кнізе, маглі б стаць аповесцямі. Узяць хаця б «Сашу».

Засмуцілі карэктарскія хібы і граматычныя недакладнасці. Усё ж Мікола Адам — пісьменнік сур’ёзны. Такой жа сур’ёзнасці хацелася б ад карэктараў і рэдактараў.

Аксана ЯРАШОНАК-КАМІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.