Вы тут

Воблака сярод нябёс і вечнасць


Юлія Алейчанка, пераклады якой у кнізе «Пад чароўным шкельцам», адзначанай Нацыянальнай літаратурнай прэміяй 2018 года ў намінацыі «Дэбют», прагучалі гэтаксама хораша, як і арыгінальныя творы, працягвае ўпэўнена працаваць у гэтай галіне мастакоўскай дзейнасці. Пацвярджэнне таму тое, што яна з’яўляецца ўкладальнікам асобных кніг серыі «Светлыя знакі. Паэты Кітая». Паасобныя творы іншаземных паэтаў перастварыла сама. Дый публікацыі ў часопісах таксама сведчаць на карысць таму: пераклады яе на годным узроўні.


Выйшла і аўтарская перакладная кніга Ю. Алейчанкі «Вецер у валасах». Яна, як і зборнік «Пад чароўным шкельцам», пабачыла свет дзякуючы Выдавецкаму дому «Звязда» (2018). Тым самым адноўлена добрая традыцыя. Раней, як вядома, падобнае практыкавалася даволі часта. Свае кнігі перакладаў мелі Рыгор Барадулін, Юрка Гаўрук, Аляксей Зарыцкі і іншыя, хто добра вядомы і як перакладчык.

Дзякуючы маладой таленавітай паэтэсе-перакладчыцы па-беларуску «загаварылі» 11 аўтараў, якія жывуць у Азербайджане, Казахстане, Літве, Расіі, Таджыкістане, ва Украіне. І, канешне ж, Кітаі. Іх вылучыў наўмысна. Вытрыманы алфавітны прынцып падачы той ці іншай краіны. Паводле яго кітайцы «ідуць» трэцімі. Але гаворку хочацца пачаць менавіта з іх твораў.

Уважліва чытаючы зборнік «Пад чароўным шкельцам», можна было пераканацца, што Ю. Алейчанка найбольш уважлівая, чуйная менавіта да кітайскай паэзіі. Глыбока адчувае яе адметнасць, непадобнасць, арыгінальнасць. Гэта сведчанне і вялікай начытанасці паэтэсы, з чаго ідуць і вытокі эрудзіраванасці. Істотна і тое, што, пішучы ўласныя творы, яна дасканала валодае і рознымі формамі верша. Імі ж надта багатая паэзія гэтага аднаго з самых старажытных народаў на зямлі.

Будучы паэтам па прызванні, для перакладу абірае тое, што асабліва адпавядае складу яе душы. Звязана гэта і з зацікаўленасцю лепш спазнаць, чым жыве лірычны герой таго ці іншага паэта, а праз яго быццам збоку зірнуць і на самую сябе. Убачыць сябе як бы ў нейкай іпастасі. Паэзія заўсёды адкрывае падобную мажлівасць, калі яна — не простае рыфмаванне, хай сабе і дасканалае. У белым жа вершы, верлібры, — не адна метафарычная насычанасць, ускладненасць вобразнага мыслення — прысутнічае і нешта большае, што і словамі не заўсёды выкажаш, але адчуеш, пранікаючы ў выяўленчую структуру верша. Таму гэтым разам і ўзяла для перастварэння па-беларуску зусім непадобных паміж сабой паэтаў. Да ўсяго з розных эпох.

Зямны шлях Мэн Хаажаня ўмяшчаецца ў 689—740 гадах. Разам з яго сябрам Ван Вэем яны з’яўляюцца найбольш вядомымі паэтамі-пейзажыстамі дынастыі Тан. Большую частку свайго жыцця правёў пустэльнікам. Але гэтай адасобленасці ад свету і людзей у яго творах не адчуваецца. Хоць, правільней сказаць, яна ёсць, але асаблівая. Лірычны герой існуе нібыта і сам па сабе, ды нішто з таго, што адбываецца, яму не чужое. Як у адным з лепшых вершаў Мэн Хаажаня «Падворак у Цаньяні»:

На вандроўніка морак спускаецца ціхі,

Чую словы ядвабныя песні чароўнай.

Рвуць мне сэрца такія жалобныя зыкі,

Што захочацца ў хвілю вярнуцца дадому!

…Эх, прывольныя надта землі Луяна,

А магільны ўзгорак вузенькі-малененькі.

Я вярнуся. І буду маліцца старанна,

Покуль бачаць святло мае бедныя зрэнкі.

А вось Сюй Чжымо жыў куды бліжэй да нашых дзён. Нарадзіўся ў 1897 годзе, памёр у 1931-м. Вучыўся ў Злучаных Штатах Амерыкі і Англіі. У Кітаі ўваходзіў у паэтычную суполку «Маладзік». У чымьсці яна сугучная нашаму «Маладняку». Хоць, як на маю думку, гэта для празаіка абавязкова шмат значыць багатая жыццёвая біяграфія — для паэта куды важнейшая біяграфія ўнутраная. Падмацаваная вялікім талентам, яна здатная шмат што сказаць. У гэтым упэўніваешся, чытаючы вершы Сюя Чжымо. Асабліва «Раптам»:

Я воблака сярод нябёс,

Што ў тваёй хвалі адаб’ецца,

Што свежай кропляй праліецца,

І не шукай спакойны лёс:

І цень, і след — не варты слёз.

Мы ноччу стрэліся на моры

І маем шлях свой, ты і я.

Прыемна, калі бляск запомніш,

Ды лепей забыцца ў промнях дня…

Відавочна касмічная напоўненасць радка. Толькі з-за гэтага лірычны герой не губляецца ў высях Сусвету. Космас хоць і вабіць яго да сябе, але, нягледзячы на вялікую прыцягальную сілу, гэта ніколькі не перашкаджае быць поруч з Той, без якой на зямлі няўтульна. Ю. Алейчанка, тонка адчуўшы свое-асаблівасць светабачання Сюй Чжымо, прыўнесла ў яе і тое, што ідзе ўжо ад светаўспрымання чалавека, які ад Кітая далёка, але, дзякуючы вершу, побач. Тым самым кітаец Сюй Чжымо стаў адначасова і беларусам. Зразумела, дзякуючы высокаму паэтычнаму майстэрству перакладчыка. Такое ўменне для таго, хто перастварае паэзію, вельмі важнае. Без яго нават вершы, значныя ў арыгінале, страчваюць адметнасць. Становяцца нейкімі безаблічнымі.

Ю. Алейчанцы такая небяспека не пагражае. Яна строгая і патрабавальная ў адборы як саміх паэтаў, так і твораў. Чытаючы кнігу, неаднойчы ўпэўніваешся, што пры падрыхтоўцы вытрыманы адзін і той жа прынцып. Па-рознаму можна называць яго, але сутнасць адная і тая ж. Перакладзена, увайшло ў яе толькі тое, што найбольш падабаецца, нечым уразіла. Як, у не меншай ступені, прыцягнула ўвагу і біяграфія пэўнага паэта. Зыходзячы з гэтага, Ю. Алейчанка і прымае захады для таго, каб кола чытачоў пашырылася.

Гэтак паставілася яна і да творчасці азербайджанскага паэта Мікаіла Мушфіга. Зведаў тое, чаго ліхі час не мінуў і ў жыцці многіх беларускіх паэтаў. Таксама стаў ахвярай сталінізму. Быў расстраляны 12 мая 1939 года, пражыўшы ўсяго трыццаць адзін год. Вершы ж пісаў з 18 гадоў. Выдаў дзесяць кніг паэзіі. Менавіта паэзіі, а не проста рыфмаваных радкоў, што могуць быць менш ці больш дасканалымі, але, на жаль, не заўсёды знаходзяць належны водгук у душы. Паэзія ж, як вядома, — гэта тое, што звычайнымі словамі і не выкажаш. Яе трэба чытаць і чытаць. Удыхаючы водар слоў, захапляцца жывапісам. Адчуваючы, як усё гэта напаўняе тваю істоту святлом першароднасці. Як дзякуючы вершу «Зоркі»:

Гляджу з зямлі у далеч туманоў,

А вы ў адказ глядзіце жарсна, палка.

І слёзы на вачах маіх ізноў —

Не разгадаць складаную загадку…

Што між каханай паўстае і мной.

Адно з адным яшчэ мы не знаёмы.

Ды сэрцы блізка. Ад мілосці стома.

Ды сэрцы блізка! То не ёсць гульнёй.

І хай адлегласць гэта застаецца —

Тваім святлом я буду вечна грэцца!

Было б добра, калі б Ю. Алейчанка пераклала яшчэ колькі вершаў Мікаіла Мушфіга. Каб набрала на цэлы зборнік яго на беларускай мове. Ён не застаўся б незатрабаваны. Хто любіць паэзію, не можа не палюбіць і творчасць гэтага выдатнага азербайджанскага паэта. Як і творчасць тых, хто прадстаўлены ў кнізе «Вецер у валасах». Гэта, апроч ужо названых, Сяргей Комаў (Казахстан), Майроніс (Літва), Андрэй Каровін, Саліх Гуртуеў, Лула Куні (Расія), Нізом Касім (Таджыкістан), Леся Мудрак і Сяргей Савін (Украіна). Як зазначае ў прадмове «Што адаб’ецца ў хвалі…» Алесь Карлюкевіч, «розныя па характары пранікнення ў жыццё, шматаблічныя па ўсведамленні фарбаў рэчаіснасці, усе з паэтаў прачытваюцца, несумненна, праз погляд, праз светапогляд Юліі Алейчанкі. Гэтым і цікавая кніга маладой перакладчыцы “Вецер у валасах”, якая ўсё ж разам з тым прадстаўляе і дастаткова шырокі геаграфічна-паэтычны ландшафт. Ландшафт дружбы з усім Сусветам».

Гэтая кніжка, як і «Пад чароўным шкельцам», аформлена мастаком Камілем Камалам, Беларусь для якога стала другой Радзімай. Малюнкі арыгінальныя. Дапасуюцца да зместу твораў. Становяцца плоццю ад плоці іх. Спасцігаюць унутраную сутнасць таго, пра што пішуць паэты. У пэўнай ступені пра гэта і вершпрысвячэнне Ю. Алейчанкі яму, Камалу:

Рычаць ільвы ў мораку вякоў,

Ірдзее ранак над Каспійскім морам.

Купацца ў фарбах — доля дзівакоў,

Што свет ратуюць ад вайны і гора.

 

У гульнях жарсных на краі зямлі

Не пагубляць бы крылаў першародных!

Няхай бы казкі дзіўныя плылі

І Беларусь заўжды лічыла родным.

 

Няхай бы вежы Вавілонскай гмах

Не раз’яднаў, а зноў злучыў у згодзе.

А мастака чароўны пэндзля ўзмах

Вядзе у вечнасць ў зыркім карагодзе…

 

Вечнасць і ў паяднанасці народаў, у збліжэнні іх літаратур, культур. Паэзіі — не ў апошнюю чаргую. Апошнім часам гэты, такі жаданы, працэс адбываецца і дзякуючы Юліі Алейчанцы.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?