Вы тут

Пра штучнае апладненне, замарозку і іншыя працэдуры


Перад парамі, якія не могуць мець дзіця і задумваюцца аб працэдуры ЭКА, паўстае шмат пытанняў. Аб тым, што прапануе сучасная медыцына, у чым прычыны бясплоднасці, як правільна «адкладваць» бацькоўства і чаму нарадзіць усё ж лепш да 40 гадоў, расказала рэпрадуктолаг вышэйшай катэгорыі, загадчык аддзялення планавання сям'і і рэпрадукцыі медыцынскага цэнтра «Ладэ» Алена ПАНКРАТАВА.


— Алена Аляксееўна, якія прычыны бясплоднасці?

— Найперш давайце вызначымся, што такое бясплоднасць. Такі дыягназ ставіцца, калі ў жанчыны да 35 гадоў цяжарнасць не наступае на працягу года рэгулярнага палавога жыцця. Пасля 35 гадоў мы чакаем не больш за паўгода. Прычыны бясплоднасці дзеляцца на некалькі груп: запаленчыя захворванні і непраходнасць матачных труб, генітальны эндаметрыёз, эндакрынныя і імуналагічныя хваробы, мужчынскі фактар. Самая распаўсюджаная прычына бясплоднасці ў жанчын сёння — генітальны эндаметрыёз. Калі ў жанчыны ён у 3-4-й стадыі, то ні пра якія метады лячэння, акрамя экстракарпаральнага апладнення, размова ісці не можа. Чым хутчэй такая жанчына прыйдзе ў клініку і зробіць ЭКА, тым вышэйшая імавернасць наступлення цяжарнасці. З цяжкім эндаметрыёзам шанц наступлення цяжарнасці не больш за 20 %, калі гэта маладая жанчына. Калі ўзроставая, то яшчэ менш. Шмат зараз і мужчынскага бясплоддзя — каля 50 %.

— Ці есць фактары, якія загадзя могуць падказаць, што ў будучым з дзетараджэннем могуць быць праблемы?

— Калі хлопчык у дзяцінстве хварэў цяжкай «свінкай», верагоднасць бясплоднасці досыць высокая. Калі ў жанчыны былі аперацыі на яечніках, маюцца эндакрынныя праблемы, той жа цукровы дыябет ці захворванні шчытападобнай залозы, парушэнні менструальнага цыкла, узмоцненае аваласенне, атлусценне — гэта фактары рызыкі. Пра непраходнасць ці адсутнасць матачных труб я ўжо згадвала.

— У такіх выпадках робіцца ЭКА?

— Для таго каб нарадзіць пры бясплоднасці, не заўсёды патрэбна ЭКА. Пара павінна прыйсці да рэпрадуктолага і абследавацца. Калі ёсць магчымасць лячыць пару медыкаментознымі метадамі, гэта робіцца. Таблеткі, уколы, фізіятэрапія, імунныя фактары, схемы стымуляцыі і схемы для мужчын — самыя розныя варыянты. Калі такое лячэнне не дапамагае, ёсць хірургічны метад: робіцца лапара- ці гістэраскапія. У некаторых выпадках адначасова робіцца дзве аперацыі (так званая сімультанная аперацыя). Яны могуць насіць як дыягнастычны, так і лячэбны характар. Калі хірургічны этап не прывёў пару да наступлення цяжарнасці, ёй прапаноўваюцца дапаможныя рэпрадуктыўныя тэхналогіі. Гэта ўнутрыматачная інсемінацыя, ЭКА і сурагатнае мацярынства. Для кожнага з гэтых метадаў існуюць як паказанні, так і супрацьпаказанні.

— Можна адразу зрабіць ЭКА?

— Для гэтага павінны быць паказанні: цяжкі мужчынскі фактар, адсутнасць дзвюх матачных труб, старэйшы рэпрадуктыўны ўзрост. І нястрымнае жаданне зрабіць ЭКА, мінуючы ўсе астатнія метады. На жаль, з такім мы таксама сутыкаемся. Але мы не робім ЭКА, калі ёсць супрацьпаказанні — хваробы, пры якіх супрацьпаказана цяжарнасць, бо гэта звязана з рызыкай для жыцця жанчыны.

— Наколькі эфектыўныя названыя тэхналогіі?

— З тэхналогіяй ЭКА я працую 13 гадоў. Калі пачынала, шанцы наступлення цяжарнасці былі 30—35 %. Гадоў праз пяць яны сталі 35—40 %, сёння — 40 %. Ёсць клінікі, дзе атрымліваецца 50—60 % і нават 70 %. Усё залежыць ад таго, якімі тэхналогіямі валодае ўрач і наколькі аснашчана лабараторыя. Але 100 % у ЭКА не будзе ніколі.

— Да якога ўзросту робіцца ЭКА?

— Гэта балючая тэма: чым маладзейшая пара, тым большыя шанцы наступлення цяжарнасці. У групе да 35 гадоў шанцы наступлення цяжарнасці будуць пад 70 %. Ад 35 да 40 — не больш за 35—40 %. Ва ўзросце пасля 40, асабліва пасля 42 гадоў, шанцы імкнуцца да нуля.

— А калі жанчына пасля 40 хоча нарадзіць?

— Я выдатна стаўлюся да любой жанчыны, якая хоча нарадзіць. Дзеці, гэта, бадай, самае вялікае шчасце, якое нам дадзена. Геніі, між іншым, нараджаюцца толькі ў сталых бацькоў. Жыццё ва ўсіх па-рознаму складваецца. Добра, калі жанчыне пашчасціла выйсці замуж у 18 гадоў, нарадзіць дзетак і далей рабіць кар'еру. Калі жанчына не знайшла чалавека, з якім хацела б мець дзяцей, і сустракае яго ў 42 гады, трэба ж паспрабаваць нарадзіць.

Як вядома, росквіт рэпрадуктыўнай сістэмы жанчыны прыпадае на ўзрост з 18 да 25 гадоў. Пасля 40 гадоў толькі 20 % яйцаклетак могуць апладніцца і скончыцца нармальнымі родамі і здаровым дзіцем. Але ёсць жанчыны, якія і ў 40 гадоў цяжараць без праблем, а ёсць тыя, у каго ў 30 гэта ўжо немагчыма. Сёння, калі жанчына хоча зрабіць кар'еру і адкласці мацярынства на больш позні тэрмін, яна можа замарозіць свае яйцаклеткі і выкарыстоўваць іх пазней — як пэўную страхоўку. Калі ў 40 гадоў не атрымаецца зацяжарыць, у яе будзе запасны варыянт: замарожаныя яйцаклеткі, шанц наступлення цяжарнасці з якімі значна вышэйшы.

— Колькі каштуе працэдура замарозкі?

— Прыкладна 2,5 тысячы беларускіх рублёў. Захоўванне каштуе 23 рублі ў месяц.

— Пасля якога ўзросту замарожваць яйцаклеткі ўжо позна?

— Да мяне нядаўна прыйшла пацыентка, ёй 42. Я яе адгаворвала, ды жанчына і сама выдатна разумее, што шанцаў у яе няшмат. «Але калі я не паспрабую, як я буду жыць у старасці?» — кажа яна і мае рацыю. Чым маладзейшая жанчына замарожвае яйцаклеткі, тым больш шанцаў, што ўсё атрымаецца. Пасля 42 гадоў гэта немэтазгодна рабіць. Пасля 49 гадоў мы іх не возьмем, бо ЭКА пасля 50 гадоў не робяць.

— У суседніх краінах, дарэчы, такога абмежавання няма.

— Дзіця варта не толькі нарадзіць, але і паспець выхаваць. Таму межы ўстаноўлены не проста так, усё павінна быць больш-менш своечасова.

— Што павінна ведаць жанчына пры падрыхтоўцы да ЭКА? Гэта сапраўды гарманальны ўдар для арганізма?

— Варта ведаць, што гэта не страшна, не балюча, і ўсім мы імкнёмся дапамагчы. З бясплоднасцю два варыянты: можна яе не лячыць і ўсё пакінуць як ёсць. Або зрабіць спробы ЭКА і ў вас, магчыма, будуць дзеці. Тут кожны выбірае для сябе сам. Канешне, мы працуем з гарманальнымі прэпаратамі, але ніякіх пабочных уздзеянняў яны не выклікаюць. Калі мы бачым, што штосьці ідзе не так, у любы момант мы можам адмяніць працэдуру. Ніхто не рызыкуе здароўем жанчыны дзеля ўяўнага шанцу наступлення цяжарнасці. Калі жанчына пасля працэдуры трапіла ў стацыянар, гэта ўскладненне. Яны вельмі рэдкія, і кожны ўрач успрымае гэта як асабістую трагедыю.

— Колькі спроб ЭКА можна рабіць?

— Колькі заўгодна. У нас ёсць пацыенткі, якія робяць і 10, і 15, нават 20 спроб. Жанчыны цалкам абследаваны, і калі бачым, што ёсць нейкая, напрыклад анкалагічная, схільнасць, мы лепш лішні раз праверым, накіруем на кансультацыю.

— У вашай асабістай практыцы якая была найбольшая колькасць спроб?

— Дзевяць. Пацыентка зрабіла тры спробы ў мяне, пасля яшчэ пяць у іншага доктара, пасля зноў прыйшла да мяне. Я паставіла ўльтыматум, што больш не буду рабіць ёй ЭКА, і яна зацяжарыла — двойняй (усміхаецца. — Аўт.). Калі я вучылася ў Маскве, у адной вядомай балерыны была 22-я спроба.

— У чым недахопы метаду ЭКА?

— Адзіны недахоп ЭКА — гэта яго кошт. Гэта нятанная працэдура, яна каштуе ад 4 да 6 тысяч рублёў. І, на жаль, наўрад ці будзе таннець. Гэта высокія тэхналогіі, і яны каштуюць грошай. Раней у мяне былі пацыенты, якія прадавалі трохпакаёвыя кватэры, заставаліся ў аднапакаёвых. Сёння ёсць магчымасць узяць на гэтыя мэты крэдыт. Нямала пацыентак, якія ідуць на ўсё дзеля магчымасці мець дзяцей, іншыя робяць адну спробу і больш не працягваюць. У любым выпадку запатрабаванасць гэтага метаду вышэйшая, чым колькасць пацыентаў, якія могуць сабе яго дазволіць. Але зменшыць кошт ЭКА пакуль немагчыма.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: «ЭКА — гэта не страшна»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.