Вы тут

Невядомы сшытак Максіма Багдановіча


У айчыннай гуманітарнай навукі ёсць багаты вопыт працы з архівамі, беларускімі і замежнымі. Публікацыі Сцяпана Александровіча, Уладзіміра Калесніка, Генадзя Каханоўскага, Генадзя Кісялёва, Адама Мальдзіса адназначна могуць быць залічаны да асноватворчых у фарміраванні асобнай літаратуразнаўчай школы. Апошнія з названых, па сутнасці, запачаткавалі новы сінкрэтычны жанр — дэтэктыўнае літаратуразнаўства, які ў сённяшнім дбанні пра папулярызацыю навукі можа стаць надзвычай запатрабаваны.


Наш час паскоранай асобаснай рэалізацыі і чакання хуткіх вынікаў працы прывёў да таго, што прадстаўнікі новай генерацыі даследчыкаў не вельмі спяшаюцца ісці ў архівы. Да таго ж сфарміраваўся своеасаблівы стэрэатып, які стрыножвае ахвоту да працы з першакрыніцамі: паколькі ў гэтым архіве ўжо працаваў вядомы вучоны, значыць, усё каштоўнае знойдзена, вычарпана як радовішча.

Архіўныя зборы чакаюць рупліўцаў і гатовы шчодра аддзячыць сенсацыйнымі знаходкамі, як гэта нядаўна адбылося ў Інстытуце сусветнай літаратуры імя А. М. Горкага Расійскай акадэміі навук.

Плён супольнай працы

Міжнароднае навуковае супрацоўніцтва пры сённяшніх тэхнічных магчымасцях адкрывае новыя перспектывы для даследчыкаў. Пры гэтым чалавечы фактар захоўвае свае правы. Важна, каб была сур’ёзная нагода, а «на тым баку» камунікавання — зацікаўленыя, кампетэнтныя партнёры.

Сёлетні юбілей — 150-годдзе «буравесніка рэвалюцыі» — звёў для супольнай працы над навукова-даследчым і выдавецкім праектам «Горкі — Багдановіч» вучоных з некалькіх устаноў Расіі і Беларусі: Інстытута сусветнай літаратуры імя А. М. Горкага РАН, Літаратурнага музея М. Багдановіча, Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі. Спрыяў дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота. Вяла рэй намеснік дырэктара расійскага інстытута Дар’я Маскоўская.

Найбольш важкі вынік праекта — падрыхтаваная да выдання аб’ёмістая кніга «М. Горький и А. Богданович: дружба, рожденная на берегах Волги. Переписка. Воспоминания. Архивные публикации. Исследования», у якой прадстаўлены багаты фактаграфічны масіў ліставання прадстаўнікоў сем’яў Пешкавых, Волжыных, Багдановічаў, а таксама факсіміле невядомых аўтографаў класіка беларускай літаратуры.

Рукапісны сшытак аўтаперакладаў М. Багдановіча быў выяўлены ў Архіве А. М. Горкага (знаходзіцца ў складзе маскоўскага акадэмічнага інстытута) у ходзе падрыхтоўчай працы, разбору і апрацоўкі фондавых матэрыялаў. Беларускі даследчыцкі стан прадчування знаходак, трапяткога стаўлення да артэфактаў, звязаных з жыццём і творчасцю песняра чыстай красы, перадаўся і расійскім калегам. Д. Маскоўская адзначала: «Калі я ўбачыла запіс аб сшытку Максіма Багдановіча, у мяне проста задрыжэлі рукі».

Адсканаваную сенсацыйную знаходку атрымалі ўсе прадстаўнікі аўтарскага калектыву — з калегіяльнай дамоўленасцю: дачасна не агучваць пра яе ніякую інфармацыю. Гэта, зрэшты, станоўча адбілася на ходзе пошукавай і аналітычнай работы: пры расчытванні рукапісаў, узнаўленні ўсёй сістэмы міжасобасных адносін кожны трымаў у галаве, меў перад вачыма знакавы архіўны дакумент сумеснага праекта.

Змест сшытка

Першая старонка сшытка М. Багдановіча.

Маскоўскі сшытак складаецца з 4 лістоў. Першую старонку ачольвае надпіс: «М. Богданович. Стихи (перев. автора с белорус.)». Далей ідуць тэксты васьмі вершаў: «***Уж синее небо темнеет», «***Прочтите с участьем правдивую эту», «***Белым цветом одета калина», «Дед», «***Слышишь гул? Это дико-печальный лесун», «***Подыми к небесам свои взоры», «Триолет» («***На солнце загляделся я»), «Дистихи». Завяршае паэтычную падборку запіс: «Адрес мой: Ярославль, Демидовский Лицей, Максиму Адамовичу Богдановичу. М. Богданович».

Першыя сем вершаў (у двухмоўным мастацкім увасабленні) былі вядомыя і раней, прадстаўлены і пракаментаваны ў Поўным зборы твораў паэта ў 3 тамах. Пры іх параўнанні з тэкстамі маскоўскага сшытка знаходзім нязначныя разыходжанні (вылучаны курсівам):

«Но не век расцветает калина, — // Не вплетает цветов уж Марина» — «Но не век расцветает калина, — Не вплетает калины Марина» («***Белым цветом одета калина»); «Что дрожит и блестит на листах дубняка…» —

«Что горит и дрожит на листах дубняка…» («***Слышишь гул? Это дико-печальный лесун»);

«И ты станешь опять, как дитя, // И затихнут больные укоры…» — «И опять станешь ты, как дитя, // И затихнут больные докоры» («***Подыми к небесам свои взоры»).

Верш «Триолет» («***На солнце загляделся я») у выяўленым рукапісе прадстаўлены без традыцыйнага аўтографа «Красавец юный, Триолет…», узятага Багдановічам з твора рускага паэта Канстанціна Фофанава. Тут перад намі адзінае пунктуацыйнае разыходжанне — працяжнік: яго наяўнасць у гэтым выпадку, заўважым, вельмі лагічная і нават неабходная: «На солнце загляделся я, — // И солнце очи ослепило».

Заключныя «Дистихи» з маскоўскага сшытка — невядомы твор класіка беларускай літаратуры. Прытым гэтая невядомасць падвойная: цяпер неабходна весці пошукі тэксту беларускага арыгінала, які папярэднічаў аўтаперакладу на рускую мову. Думаецца, яго існаванне выдаецца першым радком, у прыватнасці, ужытым зваротным дзеясловам з постфіксам -ся. У прынцыпе, яго выкарыстанне ў рускай паэзіі магчымае. Як правіла, гэта звязана з фальклорнай стылізацыяй творчасці. Але ў гэтым канкрэтным вершы перад намі паўстае менавіта пясняр чыстай красы, з паэтыкай, тыпалагічна блізкай да творчай практыкі прадстаўнікоў рускага Сярэбранага веку. У святле сказанага пераклад першага вершаванага радка не выклівае цяжкасцей, не наносіць ніякіх лексічных і вобразна-выяўленчых страт: «Праўда, і чорныя дні спляталіся з яснымі днямі…»

Правда, и черные дни сплеталися с ясными днями,

Но далеко уж они в прошлое все отошли.

Всех я теперь их люблю, — ведь издали кажется сердцу,

Словно узорная чернь по серебру пролегла.

Перад намі яшчэ адзін узор асвоенасці М. Багдановічам строфікі, папулярнай з часоў Антычнасці. У беларускага паэта яна прадстаўлена ў якасці самастойнай вершаванай формы. Падобны твор быў уключаны ў падборку «Пентаметры» нізкі вершаў «Старая спадчына». Даследчыкам вядома, што ў аўтарскім экзэмпляры «Вянка» № 2 загаловак «Пентаметры» быў зменены паэтам на «Элегічныя дысціхі». Для нагляднасці тыпалагічнага супастаўлення прывядзём тэкст апошняга з вядомых трох «Пентаметраў»:

З нізкага берагу дно акіяна вачам недаступна, —

Глуха укрыла яго сіняя цемень вады.

Але ўзбярыся ўгару на вяршыну прыбрэжнай страмніны,

Кожны каменьчык на дне, пэўна, пабачыш ты стуль.

Эпісталярна пацверджана, што мастацкая канцэпцыя, змест і структура рукапісу будучага «Вянка» (1913) вымалёўваліся паступова, у супольнай працы аўтара і рэдактараў — Вацлава Ластоўскага і Антона Луцкевіча. Лісты паэта, дасланыя ў Вільню на адрас «Нашай Нівы», утрымліваюць шматлікія ўдакладненні і дапаўненні, просьбы, не заўсёды ўлічаныя ў выданні. Да таго ж перфекцыяніст Багдановіч меў звычку вяртацца да ўжо апублікаванага, перапрацоўваць. Думаецца, у выпадку з паметамі на старонках выдадзенага паэтычнага зборніка, а таксама рукапіснымі «Дистихами» з маскоўскага сшытка мы маем справу з канчатковым аўтарскім вызначэннем (удакладненнем) вершаванай формы свайго твора.

Сшыткі-двайняты

Апошняя старонка з невядомым вершам «Дистихи»

Працяглы час аўра сенсацыйнасці адкрыцця і беспрэцэдэнтнай адзінкавасці ў творчай спадчыне М. Багдановіча суправаджала рукапісны зборнік, адшуканы бібліёграфам Нінай Ватацы ў 1964 годзе. З успамінаў бацькі паэта вядома, што яго стварэнне звязана з Нютай Гапановіч. Атрымаўшы ў падарунак зборнік «Вянок», яна адказала, што не разумее па-беларуску. Тады М. Багдановіч спецыяльна для дамы свайго сэрца зрабіў падборку з 22 вершаў, пераклаў іх і аформіў у адмысловы сшытак — «Зеленя». З аўтарскай атрыбуцыяй «Стихи. Перевод с белорусского автора. Ярославль. 1909 — 1913 гг.», прысвячэннем «Нюте» і эпіграфам «Переводы стихов — словно женщины: если красивы, то неверны; если верны, то некрасивы. Нем. писат. поговорка».

Рукапісны зборнік «Зеленя», літаратурная сенсацыя «адлігавых» 1960-х, стаў ці не асноўным фактарам, які паклікаў да жыцця непераўзыдзенае эсэ Міхася Стральцова «Загадка Багдановіча» (аўтарскае жанравае вызначэнне — аповесць), дзякуючы якому адбылася вехавая перакадзіроўка хрэстаматыйнага бачання жыцця і творчасці класіка беларускай літаратуры.

Думаецца, ёсць падставы сцвярджаць, што абодва рукапісныя сшыткі аўтаперакладаў узніклі пасля выхаду «Вянка», але пакуль немагчыма адназначна сказаць — у якім парадку. Пры першым супастаўленні фармальнастатыстычнага кшталту можна вылучыць наступныя адрозненні: 1) колькасная непарытэтнасць выбраных твораў (22 і 8); 2) сем з уключаных вершаў амаль ідэнтычныя па тэкставым афармленні; 3) «Дистихи» з маскоўскага сшытка — невядомы прыклад арыгінальнай і перастваральнай працы М. Багдановіча.

Рукапісныя зборнікі мелі абсалютна розных адрасатаў, што, мяркуем, прадугледжвала істотныя канцэптуальныя разыходжанні ў падборы твораў. Пры гэтым максімальна сцішаным у абодвух рукапісах было сацыяльнае і адраджэнскае гучанне, звыклае для беларускай чытацкай аўдыторыі. Рукапісны зборнік «Зеленя» прысвечаны канкрэтнай асобе з блізкага сваяцкага акружэння, далёкай ад літаратурных клопатаў. Ён зыходна не прызначаўся для друку і распаўсюджання. Маскоўскі сшытак быў адпраўлены ў выдавецтва «Знание» (СанктПецярбург), у якім М. Горкі займаў вядучыя пазіцыі (па меншай меры, так тлумачыцца цяперашняе месца архіўнага захоўвання рукапісу). На першым сшытку заўважны адбітак куртуазнасці, на другі ўскладзена місія нацыянальнай літаратурнай прадстаўнічасці.

Наяўнасць двух гэтых рукапісаў стварае ўдзячную глебу для перспектыўных параўнальных даследаванняў: літаратура-, моваі почырказнаўчых.

Каардынаты новых пошукаў

Максім Багдановіч цесна супрацоўнічаў з многімі расійскімі перыядычнымі выданнямі і выдавецтвамі, сталічнымі і рэгіянальнымі: «Сатирикон», «Русский экскурсант», «Нижегородский листок», «Голос», «Украинская жизнь», кнігавыдавецтва К. Някрасава і інш. Многія з яго допісаў так ці інакш закраналі беларускую тэму. Паасобныя паэтычныя аўтапераклады на рускую мову нязменна суправаджаліся пазнакай пра мову арыгіналаў.

На прыкладзе маскоўскага сшытка мы маем справу з беспрэцэдэнтнай у творчай практыцы М. Багдановіча падборкай вершаў, ажыццёўленай, як нам бачыцца, з улікам вядомай рэдакцыйнай палітыкі, ідэйна-эстэтычных прыярытэтаў выдавецтва «Знание», а таксама актуальных запытаў патрабавальнай сталічнай аўдыторыі.

Мяркуем, многае ў лёсе маскоўскага сшытка мог бы праясніць суправаджальны ліст М. Багдановіча, існаванне якога цалкам лагічнае. Такім чынам, мы маглі б атрымаць адказы на шэраг пытанняў: на чыё імя дасылаўся рукапіс? калі быў атрыманы ў выдавецтве і з якой рэзалюцыяй? якім чынам аргументаваў паэт мэтазгоднасць яго публікацыі? і інш. Значыць, неабходна далейшая скрупулёзная праца ў фондах маскоўскага Архіва А. М. Горкага, іншых профільных устаноў Расіі.

Мікола ТРУС, дактарант Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».