Вы тут

У лістападзе Веткаўская сярэдняя школа № 1 адзначыла сваё 150-годдзе


Паўтара стагоддзя таму ўстанова была заснавана як Веткаўскае жаночае народнае вучылішча, якое ўтрымлівалася на дзяржаўныя сродкі. 50 гадоў таму да круглай даты школа атрымала падарунак у выглядзе новага трохпавярховага цаглянага будынка.


Ста­ры бу­ды­нак Вет­каў­скай шко­лы № 1.

Мясцовы музей баявой і працоўнай славы, створаны некалі педагогам і байцом партызанскага атрада Яўгеніяй Дынькінай, захоўвае ў тым ліку экспанаты, якія расказваюць гісторыю школы з канца ХІХ стагоддзя.

Настаўнік Сяргей Перапялюк да юбілею выпусціў выданне, у якім сабраў самыя цікавыя старонкі біяграфіі школы. У ім, напрыклад, паслужны фармулярны спіс адной з першых настаўніц, дачкі святара — Марыі Рыгораўны Галавінскай, якая прыйшла сюды выкладаць 1 верасня 1886 года. У чэрвені 1896 года імператарскім указам ёй быў падараваны сярэбраны медаль з надпісам «За стараннасць». У музеі захоўваецца і колішняя пячатка вучылішча. Яе знайшла ў сваім агародзе і падарыла музею жыхарка Веткі Алена Гаспадарова.

Самае галоўнае, што складае гонар вучэбнай установы — яе выпускнікі. Дарэчы, іх імёны вядомыя на ўсёй постсавецкай прасторы. Двойчы Герой Савецкага Саюза Павел Галавачоў, які здзейсніў самы вышынны таран падчас Вялікай Айчыннай вайны. Герой Савецкага Саюза Міхаіл Батракоў, старшыня Савета Міністраў БССР Уладзімір Бровікаў і намеснік старшыні Саўміна таго ж часу Ніна Сняжкова, начальнік Маскоўскага вышэйшага ваеннага каманднага вучылішча генерал-маёр Іван Магонаў...

Бы­лыя рэк­та­ры Го­мель­ска­га ўні­вер­сі­тэ­та імя Фран­цыс­ка Ска­ры­ны Мі­ха­іл Сель­кін і Аляк­сандр Ра­га­чоў на юбі­леі шко­лы.

Сённяшні намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка таксама заканчваў Веткаўскую школу № 1 — у 1982 годзе. Пра альма-матар не забываецца і цяпер. Сёлета на вераснёўскай лінейцы віцэ-прэм'ер ад імя ўрада ўручыў кіраўніцтву ўстановы сертыфікат на абсталяванне камп'ютарнага класа.

Ёсць і іншыя вядомыя дзяржаўныя і грамадскія дзеячы нашага часу — выпускнікі Веткаўскай школы № 1: рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Галубоўскі, два былыя рэктары Гомельскага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны — Міхаіл Селькін і Аляксандр Рагачоў, расійскія і беларускія навукоўцы Сяргей і Аляксандр Караткевічы.

Дырэктар школы № 1 Алена Новікава — таксама яе выпускніца. Яна кажа, што тыя, хто тут вучыўся, імкнуцца не забываць адзін аднаго. Многія становяцца добрымі сябрамі. Падтрымлівае кантакты са школай і Аляксей Грамыка — унук легендарнага савецкага дыпламата Андрэя Грамыкі, які нарадзіўся на Веткаўшчыне і чыё імя цяпер носіць школа.

Цяпер у ёй навучаюцца каля 660 школьнікаў. Многія паказваюць выдатныя вынікі на алімпіядах, маюць перамогі ў конкурсах і спаборніцтвах рознага ўзроўню. Значыць, расце годная змена славутым папярэднікам.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Школе ёсць кім ганарыцца

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.