Вы тут

Невылечны і небяспечны. Што варта ведаць пра ВІЧ?


Роўна 30 гадоў таму Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя 1 снежня быў вызначаны як дзень барацьбы са СНІДам. Вірус, які ўпершыню выявілі ў 1983 годзе, а паводле даследаванняў замарожаных біяматэрыялаў, ён існаваў ужо ў 1959-м, дагэтуль, на жаль, канчаткова не пераможаны. Праўда, ВІЧ-інфекцыя сёння перастала быць смяротным дыягназам, больш за тое, пры правільным прыёме прэпаратаў яна не ўплывае на працягласць жыцця. Як Беларусь і суседнія краіны апынуліся ў ліку лідараў Еўропы па тэмпах распаўсюджвання гэтага захворвання і чаму яно датычыцца кожнага, расказаў каардынатар праграм па інфекцыйных хваробах краінавага офіса Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Вячаслаў Гранькоў.


— Вячаслаў Іванавіч, якая сітуацыя з ВІЧ-інфекцыяй у свеце і ў нашай краіне?

— Дзякуючы цэламу шэрагу мер, у першую чаргу таму, што з'явілася вельмі высокаактыўная і эфектыўная антырэтравірусная тэрапія, у свеце колькасць новых выпадкаў пачала зніжацца. У параўнанні з 2000 годам яна скарацілася на 36 %. Пры гэтым Еўрапейскі рэгіён, які ўключае 53 краіны (туды ўваходзяць і былыя рэспублікі Савецкага Саюза), — адзіны ў свеце, дзе колькасць новых выпадкаў расце. Прычым менавіта за кошт краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі — былога СССР. У Беларусі з 2000 года гэты паказчык вырас у пяць разоў. У нашым рэгіёне вельмі неспрыяльная сітуацыя.

— Колькіх новых выпадкаў выяўляецца ў нас за год?

— Летась у Беларусі дыягназ упершыню пастаўлены 2 468 пацыентам. Для параўнання скажу, што ў 2007 годзе іх было 990 — у 2,5 раза меней. Калі пытаеш у людзей, якія не звязаны з тэматыкай ВІЧ, дзе, на іх думку, лепшая сітуацыя — у Заходняй Еўропе ці ў нашых краінах, ва ўсіх чамусьці ўпэўненасць, што ў нас лепш. Пры гэтым ва Усходняй Еўропе ў восем разоў захваральнасць вышэйшая, чым у Заходняй, і ў 16 разоў у параўнанні з Цэнтральнай Еўропай. І на жаль, у рэгіёне пакуль не ўдалося стабілізаваць сітуацыю.

Яшчэ адна праблема — у нас па-ранейшаму існуе розніца паміж колькасцю людзей, якія жывуць з ВІЧ, і колькасцю тых, хто ведае пра свой дыягназ. Ацэначная лічба тых, хто жыве з ВІЧ у Беларусі — каля 26 тысяч. Рэальна ж выяўлена згаданае захворванне ў 21 тысячы. Гэта значыць, каля пяці тысяч чалавек проста не ведаюць пра хваробу. Працягваюць жыць і падвяргаць рызыцы і сябе, і сваіх партнёраў.

— З хваробай можна жыць і не ведаць пра яе?

— Гэта не вокамгненнае захворванне. Вірус трапляе ў арганізм чалавека і можа ўвогуле не выклікаць ніякіх праяў. Часам з'ўляюцца падобныя на прастудныя сімптомы, якія праходзяць. І на працягу некалькіх гадоў чалавек можа не ведаць, што ў яго ВІЧ-інфекцыя. Ніякіх спецыфічных праяў няма, і адзіны спосаб выявіць свой станоўчы статус — тэст. Пры гэтым калі хворы не атрымлівае лячэння, тэрмінальная стадыя — СНІД — наступае ў сярэднім праз дзесяць гадоў. Таму важная ранняя дыягностыка. Паводле ацэнак, у нашым рэгіёне палова дыягназаў па ВІЧ-інфекцыі ставіцца позна, калі імунітэт сур'ёзна аслаблены вірусам. А чым пазней пачата лячэнне, тым горшы прагноз. Дарэчы, найбольш позна дыягназ ставіцца ў гетэрасексуальных мужчын — іх 62 %. Гэта тлумачыцца стэрэатыпам, які ў нас існуе: быццам бы ВІЧ — гэта праблема гомасексуальных мужчын, наркаманаў, жанчын, якія аказваюць секс-паслугі. На самай справе гэты датычыцца любога, ніхто з нас не застрахаваны. Згодна з нацыянальнай статыстыкай, у абсалютнай большасці выпадкаў ВІЧ перадаецца менавіта праз гетэрасексуальныя кантакты. А самае ранняе выяўленне якраз у мужчын, якія маюць секс з мужчынамі: яны інфармаваныя і часцей правяраюцца. Чым старэйшы ўзрост, тым пазней выяўленне — людзі больш сталыя лічаць, што гэта праблема моладзі.

— На самай справе ў якой узроставай групе найбольш распаўсюджана ВІЧ-інфекцыя?

— Найбольшая колькасць новых выпадкаў ва ўзроставай групе ад 30 да 40 гадоў — каля 40 %.

— Вакцыны ад ВІЧ дагэтуль не знойдзена. А што змянілася ў лячэнні гэтай інфекцыі?

— Мы пакуль не вынайшлі лекаў, якія б поўнасцю пазбавілі ад гэтай хваробы, але я думаю, мы да гэтага прыйдзем. Важна, што яна перастала быць фатальным захворваннем, як гэта было ў канцы 80-х — пачатку 90-х. Сёння гэта кантралюемае хранічнае захворванне. Калі не было лячэння, чалавек мог пражыць у сярэднім дзесяці гадоў да развіцця тэрмінальнай стадыі. Цяпер пры рэгулярным прыёме прэпаратаў чалавек з ВІЧ-інфекцыяй мае такую ж працягласць жыцця, як і без яе. Сённяшняя тэрапія дазваляе знізіць узровень віруса ў крыві да невызначальнага ўзроўню. І хворы цалкам аднаўляе свой імунітэт, ён мае магчымасць ствараць сям'ю, выхоўваць дзяцей і не можа перадаваць ВІЧ сексуальным шляхам. У тых краінах, дзе дасягнулі высокага ахопу антырэтравіруснай тэрапіяй, рэзка знізілася колькасць новых выпадкаў. Бо калі чалавек на лячэнні, ён не заразны. Таму каб спыніць распаўсюджанне ВІЧ-інфекцыі, нам трэба пратэсціраваць як мага больш людзей і пачаць лячэнне ўсіх хворых. Дарэчы, калі жанчына з ВІЧ-інфекцыяй падчас цяжарнасці прымае антырэтравірусныя прэпараты, то дзіця нараджаецца здаровае. У 2016 годзе Сусветная арганізацыя аховы здароўя ўручыла Беларусі сертыфікат аб элімінацыі перадачы ВІЧ дзіцяці ад маці. Ёсць адзінкавыя выпадкі штогод, калі ў жанчын з ВІЧ нараджаюцца інфіцыраваныя дзеткі, але яны звязаны з тым, што жанчыны не прымалі прэпараты падчас цяжарнасці.

— Як у нас ажыццяўляецца лячэнне?

— З 2018 года Беларусь далучылася да рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя «лячэнне ўсіх». Любому чалавеку, у якога дыягнаставана ВІЧ-інфекцыя, адразу паказана лячэнне. Раней яно пачыналася, калі паказчык колькасці СD-4 лейкацытаў у крыві падаў да пэўнага ўзроўню. Амаль цалкам, за выключэннем адзінкавых прэпаратаў, лекі закупаюцца за дзяржаўныя сродкі. Цяпер лячэнне атрымлівае крыху больш за 70 % хворых. І вядзецца работа, каб знайсці тых, у каго ВІЧ-інфекцыю дыягнаставалі раней, але лячэнне не было паказана, і прапанаваць ім тэрапію.

— Як даведацца пра свой ВІЧ-статус?

— Толькі праз тэсціраванне — здаць аналіз крыві на ВІЧ. Такая магчымасць існуе ва ўсіх медыцынскіх установах. Ёсць сэрвісныя недзяржаўныя арганізацыі для ключавых груп, напрыклад, для людзей, якія ўжываюць ін'екцыйныя наркотыкі. Мы, дарэчы, сталі адной з першых краін, якая выканала рэкамендацыю Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па саматэсціраванні. Экспрэс-тэсты прадаюцца ў нашых аптэках, яны вызначаюць наяўнасць віруса па сліне. Праверыцца можна дома, і калі вынік станоўчы, ісці па пацвяржэнне ў медыцынскую ўстанову. Зменены і алгарытм дыягностыкі: існуюць экспрэс-тэсты — гэта першае тэсціраванне па крыві, а вынік становіцца вядомы праз некалькі хвілін. Калі ён станоўчы, то тут жа здаецца кроў на пацвярджальны тэст.

Вялікая праблема ключавых груп — крыміналізацыя наркаспажывання. З 2014 года медыцынскія работнікі павінны паведамляць у органы ўнутраных спраў аб усіх выпадках пастаноўкі на ўлік па наркаспажыванні. Зразумела, што наркаспажывец ніколі не пойдзе ў медыцынскую ўстанову, калі ведае, што пра яго заявяць органам унутраных спраў. Так яны фактычна пазбаўлены доступу да сэрвісаў дыягностыкі, прафілактыкі, лячэння, у тым ліку і звароту па медыцынскую дапамогу. Яшчэ адна праблема ключавых груп — дыскрымінацыя і стыгма. З-за гэтага яны пазбягаюць кантактаў, не звяртаюцца па дапамогу. Стыгма, або негатыўнае стаўленне, на жаль, ёсць і з боку медыцынскіх работнікаў.

— Ці паміраюць у нас ад СНІДу?

— Людзі не павінны паміраць ад ВІЧ-інфекцыі. Але ёсць і тыя, хто не ведае пра сваё захворванне і трапляе ў поле зроку медыкаў на канчатковых стадыях, калі з-за зніжэння імунітэту на фоне ВІЧ-інфекцыі развіваюцца інфекцыі ці анкалагічныя захворванні. Найбольш частая прычына смерці людзей з ВІЧ — туберкулёз. У стадыі СНІД летась у Беларусі памерла 275 чалавек. Але мы спадзяёмся, што калі-небудзь будзе распрацавана вакцына, якая дазволіць назаўсёды перамагчы гэту інфекцыю, і праекты па яе распрацоўцы актыўна рэалізуюцца.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.