Вы тут

Маларытчанін стварае кнігу гісторыі горада


Валерый Савасціёнак — чалавек у Маларыце вядомы. Не, ён не вызначыўся алімпійскімі рэкордамі, не мае літаратурных прэмій ды іншых адзнак. Ён па крупінках збірае фотагісторыю горада.


Са школьнага альбома

Нястомны калекцыянер ходзіць па дамах і кватэрах гараджан, перапісваецца з сотнямі ўраджэнцаў свайго горада ў інтэрнэце. І ўсё для таго, каб сабраць больш здымкаў і звестак пра яго герояў ды падзеі. У яго шмат аднадумцаў і паплечнікаў, якія маральна падтрымліваюць ідэю стварэння гэтага своеасаблівага летапісу.

Валерый Савасціёнак па прафесіі ваенны аўтамабіліст. У свой час скончыў Чэлябінскае ваеннае вучылішча, 11 гадоў праслужыў у ракетным палку пад Маларытай. Потым пайшоў у аўтасправу, якая заўсёды была па душы. Ужо некалькі гадоў канчаткова выйшаў на пенсію: зараз Валерыю Антонавічу 67 гадоў, і ён цалкам прысвяціў сябе любімаму хобі.

А пачыналася, як нярэдка бывае, выпадкова. Да чарговай сустрэчы з аднакласнікамі захацеў адшукаць старыя здымкі і зрабіць невялікую галерэю свайго класа. Здымкаў сабралася больш, чым разлічваў. Потым неяк неўпрыкмет калекцыя вырасла да маштабаў школы, далей — болей, з'явіліся здымкі даваеннай пары. І раптам стала так цікава — убачыць звыклыя дамы, вуліцы, часам прадпрыемствы ў гістарычным абліччы. Фотаздымкі стаў збіраць мэтанакіравана. Падрыхтаваў некалькі публікацый у раённай газеце, прыйшоў на шэраг мерапрыемстваў у бібліятэку. Бібліятэкары і газетчыкі таксама падтрымалі ініцыятыву.

На фоне апошняй ракеты

— Цяпер у маім архіве каля 40 тысяч здымкаў, — расказвае Валерый Антонавіч. — Яны адлюстроўваюць жыццё горада ў ХХ стагоддзі. Тут паказана, як вучыліся, працавалі, будавалі, лячылі людзей землякі.

У архіве можна знайсці кіраўнікоў раёна за розныя гады. Вядома, жыццё горада ў пасляваенныя гады нельга разглядаць асобна ад вайсковай часці. Справа ў тым, што пад Маларытай дыслацыраваўся ракетны полк.
У райцэнтры быў так званы ваенны гарадок — кварталы дамоў для вайскоўцаў. Сама часць знаходзілася далёка ў лесе. Мужчыны займаліся ваеннай справай, іх жонкі працавалі пераважна ў сацыяльнай сферы. Засталося шмат фатаграфій той пары. Ды і кожны здымак сам па сабе сёння, несумненна, гісторыя.

Валерый Антонавіч паказвае асобныя з іх: вось Маларыцкая школа механізацыі, цяпер гэта аграрны ліцэй. На групавым здымку 1953 года першы выпуск механікаў-камбайнераў школы. Вось на фота дэманстрацыя на 9 мая ў пачатку 60-х. Перад святочнымі трыбунамі праходзіць машына з макетам рэйхстага. Цяпер гэта канструкцыя выглядае надта дзіўна, каб не сказаць, прымітыўна, але так было. А гэта значыць, што кожны адрэзак часу меў свае сцэнарыі святкавання Перамогі.

А вось і фота вайскоўцаў на фоне апошняй ракеты. Базу ліквідавалі ў адпаведнасці з дагаворам 1987 года, а праз два гады вывезлі апошнюю прадстаўніцу грознай зброі. І ўся каманда, якая абслугоўвала гэтую ракету, напружана глядзіць у аб'ектыў фатографа-аматара. На другім здымку з нагоды юбілею згаданага палка ў салдацкай сталоўцы іграе духавы аркестр, і тут ужо ўсе вясёлыя...

Скарб з чамадана

Больш за 770 сем'яў райцэнтра абышоў аўтар гэтай калекцыі. «Бывае, прыходзіш да гаспадароў, — расказвае Валерый Савасціёнак — просіш паказаць сямейны альбом на прадмет старых здымкаў, а гаспадыня рукамі махае, маўляў, нічога цікавага, адны вяселлі, хрысціны ды іншыя сямейныя ўрачыстасці, партрэты сваякоў яшчэ. А потым разгаворышся, яна дастане матчын, а то і бабулін чамадан з гарышча ці антрэсоляў, а там — скарб. Здаралася, да 60 здымкаў удавалася адшукаць у адной сям'і».

Цяпер, вядома, дапамагаюць і сацыяльныя сеткі. Ён зрабіў групу ў «Аднакласніках», там ужо налічваецца каля 600 падпісчыкаў. Многія з іх перыядычна скідваюць фота з сямейных альбомаў.

У сваіх пошуках і паходах аўтару будучай кнігі ўдалося пазнаёміцца з мноствам цікавых людзей. Такіх, напрыклад, як ветэран Вялікай Айчынай вайны Дзмітрый Яўстаф'евіч Кацёл. 93-гадовы чалавек горача адгукнуўся на прапановы дапамагчы фотаматэрыяламі з асабістага архіва. Яго жыццё гэта і ёсць гісторыя горада. Былога франтавіка адразу пасля вайны прызначылі начальнікам раённага фінаддзела, ёсць фатаграфія, дзе ён у вайсковай форме на рабочым месцы. Усе франтавікі доўга яшчэ насілі форму. Затым ён працаваў дырэктарам піўзавода, пазней Дзмітрыя Яўстаф'евіча накіравалі старшынёй у калгас, а ў канцы працоўнай біяграфіі ён кіраваў структурай у дзяржстраху. «Яго выключная памяць на даты, прозвішчы, падзеі была для мяне як знаходка ў справе класіфікацыі здымкаў, састаўленні подпісаў. І такіх цікавых сустрэч за ўсе гады набіраецца многа», — заўважае Валерый Савасціёнак.

Дзень Перамогі ў Маларыце. 60-я гады.

Ад пробнага варыянта да грунтоўнага

Ідэя кнігі ў яе аўтара паступова нараджалася і мацнела з самага пачатку збору. А інакш навошта столькі работы! Кніга асаблівая, у ёй амаль няма тэксту, толькі здымкі і подпісы да іх, якія і павінны прасачыць этапы развіцця горада. Пробны варыянт кнігі, даволі аб'ёмны фаліянт з 870 фотаздымкамі, удалося надрукаваць у адной з устаноў сталіцы на прынтары. Сшылі яе ў Брэсце, атрымалася два экзэмпляры. І вось гэты чарнавы варыянт, паводле слоў аўтара, наглядна прадэманстраваў усе агрэхі. Цяпер на адной з платформаў краўдфандынгу адкрыты збор грошай на сапраўдную кнігу, якая будзе зроблена ва ўмовах друкарні. У кнізе мяркуецца размясціць здымкі па раздзелах. Іх рабочыя назвы: «вуліцы горада», «адміністрацыя», «міліцыя», «прадпрыемствы, установы і арганізацыі». Раздзелы патрэбныя, каб кожны чытач па паказальніку зместу мог лягчэй адшукаць тых людзей альбо падзеі, якія яго цікавяць. Напрыклад, Маларыцкі агароднінасушыльны камбінат працуе ў горадзе больш за 50 гадоў. Праз яго цэхі прайшло ўжо некалькі пакаленняў гараджан, не дзіва, што прадпрыемству будзе прысвечаны цэлы раздзел. Ну а тэматычная падборка «вуліцы», вядома, зацікавіць усіх. Напрыклад, ёсць здымак, дзе маладая маці з каляскай стаіць каля стэнда з абласной газетай «Заря». Раней свежыя газеты размяшчалі на спецыяльных канструкцыях пад шклом, іх чыталі на вуліцы. А нехта пазнае ў той жанчыне са здымка сваю маці ці бабулю.

Цяпер аўтар кнігі працуе над тэкстамі подпісаў і афармленнем старонак. З дызайнам Валерыю Антонавічу дапамагае інвалід першай групы Генадзь Ляўчук. Генадзь прыкаваны да ложка. І калі ўдасца сабраць грошай на выданне 1000 экзэмпляраў, аўтар мяркуе большую частку з прыбытку патраціць на новыя каляску і пад'ёмнік для Генадзя.

— Для чаго ўсё гэта раблю? — перапытвае няўрымслівы маларытчанін. — Па-першае, мне вельмі цікавая новая справа, я чалавек па жыцці актыўны, не магу сядзець на адным месцы. Я наведваю групу здароўя, хаджу ў гітарны клуб, паспяхова выступаю на маларыцкіх марафонах. Але ж гэта 13-гадовае хобі, якое, спадзяюся, стане падарункам для ўсіх нераўнадушных гараджан, застанецца нашым унукам.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Маларыцкі раён

Загаловак у газеце: Народная фотахроніка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».