Вы тут

Рэжысёр Сямёнаў-Алейнікаў: Наша праблема — правінцыйнае стаўленне да сябе


Некалькі гадоў таму з кароткаметражным фільмам «Адной крыві» пра сябе заявіў малады беларускі рэжысёр Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў. У 2015-м яго карціна пра двух братоў з рознымі поглядамі на жыццё атрымала Гран-пры міжнароднага кінафестывалю фільмаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Lеt's Сее ў Вене, пасля чаго паўдзельнічала ў яшчэ больш, чым пяцідзесяці форумах, у тым ліку адной з секцый Канскага кінафестывалю. Мы ведаем Мітрыя Сямёнава-Алейнікава таксама як аўтара рэзанансных рэкламных ролікаў і кліпаў («8 Сакавiка» Вадзіма Галыгіна і «Ленінграда» — яго работа), але кінарэжысёрам ён быць не перастаў. На «Лістападзе» за навэлу «Франка» яму быў прысуджаны дыплом «За выбітнае візуальнае рашэнне» ў беларусьфільмаўскім альманаху «Вайна. Застацца чалавекам». А літаральна на днях адбылася анлайн-прэм'ера фільма, з якога ўсё пачыналася: «Адной крыві» цяпер можна паглядзець у інтэрнэце.


Фота: sputnik.by

— Мітрый, наколькі я ведаю, «штуршком» для стварэння фільма «Адной крыві» сталі ўкраінскія падзеі 2013 года. Па сутнасці, твая карціна з'яўляецца адзінай у нашай прасторы спробай, прычым у форме прыпавесці, іх асэнсаваць.

— Сцэнарый на момант Еўрамайдана быў ужо гатовы: гэтую гісторыю я прыдумаў даўно, а ўкраінскія падзеі толькі пацвердзілі, што яе тэма вечная. Я тады суперажываў і тым, і тым: падтрымліваў пратэстуючых і адначасова дзівіўся кадрам, дзе закідвалі нерухомых паліцэйскіх. Бо ў чым вынік канфлікту? — брат пайшоў на брата, а гэта страшна. Яшчэ днём ён усміхаўся, а ўвечары забіў. І не важна, забіваюць па загадзе, за ідэю ці з помсты — ніхто не мае рацыю.

— Ты зрабіў месца дзеяння амаль абстрактным, намякаючы толькі, што гаворка ідзе пра постсавецкую краіну.

— Галоўны герой пратэстуе супраць нейкай умоўнай сістэмы, а ва ўкраінскай сітуацыі, рэальных выступах у Расіі ці Беларусі патрабаванні канкрэтныя. Я свядома зрабіў пратэст у фільме схематычным, калі б я прыўнёс канкрэтыкі, напрыклад, у якасці прэтэнзіі назваў малыя заробкі, не ўсе змаглі б суаднесці сябе з тым, што адбываецца на экране. Я не хацеў звяртацца толькі да беларуса ці толькі да рускага, наадварот, мне хацелася, каб і француз мог убачыць сябе ў маёй карціне. Да мяне нават у Вене падыходзілі і казалі, маўляў, вось, з братам здарылася падобная сітуацыя. А калі разумееш, што тэма жыве і хвалюе незалежна ад месца паказу, — гэта самае каштоўнае для мяне.

— Атрымліваецца, твой фільм апалітычны?

— Мне цікавы сам канфлікт, цікава разабрацца, хто з братоў мае рацыю: той, хто супраць сістэмы, той, хто за сістэму, або той, хто не вызначыўся, і чаму чалавек увогуле павінен вызначацца. Я рабіў фільм не пра палітыку, а пра складанасць і далікатнасць узаемаадносін паміж людзьмі на вострым сацыяльным фоне. Тут ёсць ідэалогія, але не палітычнага характару «выберы мяне», а ў кантэксце агульнахрысціянскага матыву любові да бліжняга. Калі ідэю любові можна назваць ідэалогіяй, то я яе прапагандыст.

— Наогул складана далася праца над карцінай?

— Этап падрыхтоўкі быў доўгім і на момант здымак патрэбныя нам людзі былі занятыя іншымі праектамі, узнікалі праблемы з гукарэжысёрам на пляцоўцы. Каманда была амаль цалкам беларуская, толькі аператарам быў рускі Марк Келім, што скончыў майстэрню Вадзіма Юсава ў ВГІКу. Мастакамі-пастаноўшчыкамі былі мой бацька і жонка Марка Яраслава. Дык вось, нам заўсёды нешта перашкаджала. Знялі сцэны — сышло сонца, памянялася асвятленне, ужо не атрымліваецца мантажны кадр, даводзіцца пераздымаць.

Колькі грошай пайшло на фільм?

— Каля сямі тысяч долараў. Акцёры пагадзіліся працаваць бясплатна, але я плаціў гукарэжысёрам і масоўцы, аплачваў арэнду абсталявання, купіў газель (яна, дарэчы, засталася ў кіношнікаў, здымаецца цяпер у якасці паліцэйскай або машыны хуткай дапамогі). Здымкі занялі чатырнаццаць дзён замест запланаваных сямі, але гэта добра адбілася на якасці фільма. Наогул сямі дзён хапіла б, напэўна, калі б у нас было дастаткова людзей і сродкаў у працэсе падрыхтоўкі і на здымках, а ў нас на пляцоўцы былі я, аператар, механік, акцёры і гукарэжысёр. Для фільма гэта вельмі маленькая каманда, таму ўсім даводзілася многае цягнуць на сабе. Дапамагалі адзін аднаму як маглі.

— Удзел і перамогі ў міжнародных кінафестывалях адкрылі нейкія перспектывы?

— Па-першае, на кінафестывалях наша карціна заўсёды вельмі актыўна абмяркоўвалася і не пакідала гледачоў абыякавымі, а гэта вялікі поспех для кароткага фільма з Беларусі, пра нас загаварылі, зацікавіліся. Паказ майго фільма ў кінатэатры — для мяне маленькі цуд. Калі «Адной крыві» паказвалі на кінафестывалі «Лістапад», я трымаў у руках білет, на якім напісана «Кінатэатр Мір. Адной крыві», і быў шчаслівы ад магчымасці паказаць свой фільм на вялікім экране. Фэсты — гэта вельмі крута, публіка ўсюды розная, цікава назіраць, як успрымаюць твой фільм, пагутарыць з гледачамі.

— Чаму пасля вучобы ў ВГІКу ты вырашыў вярнуцца ў Беларусь?

— Тут прасцей здымаць, тут больш сувязяў, мяне тут больш ведаюць. У Мінску складаней толькі таму, што тут мой дом, час цячэ па-іншаму і я пачынаю расслабляцца. У Маскве ўсё адбываецца хутчэй, яна прымушае рухацца, там складана не працаваць, таму што разумееш: калі ты нічога не будзеш рабіць — прападзеш. Я зразумеў гэта ўжо ў першыя некалькі дзён пасля прыезду і адчуў жах ад разумення, што горад можа цябе праглынуць і выплюнуць. Але ў Мінску ёсць іншая матывацыя: тут хочацца нешта змяніць, каб пра Беларусь загаварылі як пра кінематаграфічную краіну. Як пра Румынію, пра якую ніхто не ведаў, а тут бах! — румынскія рэжысёры пастаянна на галоўных кінафестывалях. У румын падобнае стаўленне да сябе, нам іх праблемы блізкія.

— А што ў нас павінна здарыцца, каб адбылася кінематаграфічная з'ява падобная румынскай?

— Уся складанасць у тым, што якасць фільма наўпрост залежыць ад агульнага ўзроўню адукаванасці, зацікаўленасці, інтэлекту, характару, густу, прафесіяналізму, энергіі, жыццёвай пазіцыі, стылю і жадання самога мастака. У добрым кіно ў першую чаргу ёсць асоба. Нам трэба не баяцца браць праблемныя тэмы і спрабаваць у іх па-сапраўднаму разабрацца. Шлях «нацыянальнага» кіно — гэта тупік, мы наадварот павінны звязваць сябе з мірам, спрабаваць разабрацца ў чалавеку ў прынцыпе, каб з дапамогай гэтага зразумець саміх сябе. Хоць, здаецца, беларусы заўсёды гэтым займаюцца: глядзяць на іншых, робяць для сябе высновы і да апошняга трымаюцца ў баку ад канфліктаў.

— Напэўна, таму і кіно ў нас бесканфліктнае, хоць у цэнтры любога драматычнага твора павінен быць канфлікт.

— Я ўпэўнены, сітуацыя зменіцца: новае пакаленне бачыць свет значна шырэй, у яго больш інтарэсаў, больш магчымасцяў і тэхналогій, людзі пастаянна кудысьці ездзяць, параўноўваюць, пашыраюць кругагляд, мяняюць стаўленне да саміх сабе і свету.

— Якія фільмы, на твой погляд, былі б цікавыя беларускаму гледачу і змаглі б прадстаўляць краіну на міжнародных кінафестывалях?

— Мне здаецца, адна з нашых асноўных праблем — правінцыйнае стаўленне да саміх сябе, пазіцыя «ў нас усё дрэнна, трэба валіць». Нават поспехі ва ўсіх выклікаюць нейкі масавы негатыў, ныццё, у беларускага прадукту апрыёры дрэнная рэпутацыя, нам здаецца, што дзесьці там добра, а ў нас не. Трэба гаварыць на гэтую тэму, зразумець, адкуль такое стаўленне да саміх сябе, і змяніць гэта.

Паглядзець фільм можна па спасылцы.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.