Вы тут

Віктар Варанец. Апошні форт


Фактычна ўсё жыццё Віктара Варанца звязана з Гродзеншчынай. У самім Гродне ён у 1962 годзе нарадзіўся, у 1985-м скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт, атрымаўшы дыплом філолага і накіраванне на працу ў адну з сельскіх школ непадалёк ад роднага горада. Пасля выкладаў беларускую мову ў абласной гімназіі № 1. І вось ужо больш за дваццаць пяць гадоў займаецца выкладчыцкай і навуковай дзейнасцю ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. А ў вольны час піша: пачынаў з вершаў, але апошнім часам аддае перавагу прозе. Прычым, па прызнанні самога аўтара, усе яго творы так ці інакш звязаныя з роднымі мясцінамі. Што ж, яшчэ Фолкнер сцвярджаў, што яго маленькая паштовая марка роднай зямлі вартая таго, каб пісаць пра яе ўсё жыццё. Між тым нарадзіўся славуты пісьменнік у Нью-Олбані штата Місісіпі — горадзе, які значна саступае нашаму Гродна і па плошчы, і па колькасці насельніцтва. Хтосьці запярэчыць, не паддаўшыся на жарт, што такое параўнанне не зусім карэктнае, але, думаю, пагодзіцца ў галоўным: родная зямля, і праўда, самая невычэрпная крыніца натхнення.

Алесь Бадак


***

Камандуючы замежнымі войскамі генерал-лейтэнант Рэйнхард Гелен стаяў каля акна і
назіраў, як першы вясенні дожджык амывае пыльныя вуліцы Берліна. Нячутна ўвайшоў ад'ютант камандуючага і паведаміў, што штурмбанфюрар СС Эрых Хенельхаўпт і оберштурмбанфюрар СС Ота Скарцэні чакаюць у прыёмнай.

— Паклічце, — ціха загадаў Гелен і накіраваўся да вялікага пісьмовага стала, закладзенага рознымі папкамі.

— Хайль Гітлер! — ускінуўшы рукі ў партыйным прывітанні, прывіталіся госці.

— Хайль, — кіўнуў галавой Гелен. — Прашу, панове, сядайце.

Хенельхаўпт і Скарцэні селі адзін насупраць аднаго і зацікаўлена паглядзелі на
генерала.

— Панове, — адкінуўшыся на спінку крэсла, мяккім голасам загаварыў Гелен. —
Мы з вамі патрыёты Вялікай Германіі і верым, безумоўна у перамогу нямецкай зброі над азіяцкімі варварамі. Але мы з вамі разведчыкі, і зыходзім у сваёй дзейнасці не са звышаптымістычных выступленняў доктара Гебельса, а з рэальных фактаў. Нямецкай арміі патрэбны час на перафарміраванне і пераўзбраенне. Нашы вучоныя вось-вось павінны запусціць у вытворчасць зброю адплаты. А пакуль мы вымушаны адыходзіць. Восенню нашы войскі адступяць на тэрыторыю Польшчы. Так, панове афіцэры, на тэрыторыю Польскага генерал-губернатарства. І да гэтага часу мы павінны арганізаваць на Украіне, у Беларусі і Прыбалтыцы актыўную дыверсійную дзейнасць. У мяне ёсць сакрэтныя даныя з тэрыторыі акупаванай намі Беларусі. Дык вось, панове, з 1941 года да цяперашняга 1944 года партызанамі было забіта 125 тысяч нашых салдат, падарвана больш за 11 тысяч эшалонаў, спалена і знішчана 300 самалётаў, больш за тысячу танкаў і амаль 20 тысяч аўтамабіляў. Я ўжо не кажу пра аўтаматы, кулямёты і іншыя віды зброі.

Ён убачыў, як у прысутных пасля названых лічбаў здзіўлена ўзняліся бровы.

— Так, панове, мы страцілі за гэтыя тры гады амаль дзесяць паўнавартасных пяхотных дывізій. Дык давайце скарыстаем вопыт нашых ворагаў. Намі распрацаваны план «Цэпелін», які падтрымаў фюрар. Адказным за рэалізацыю праекта прызначаны штурмбанфюрар СС Эрых Хенельхаўпт.

— Так ёсць! — прыпадняўшыся, адказаў Хенельхаўпт.

— Да чэрвеня месяца, — працягваў Гелен, — мы павінны стварыць дыверсійнае падраздзяленне Ягдфербандэ-Ост. Камандзірам яго прызначаны оберштурмбанфюрар СС Ота Скарцэні.

— Слухаюся! — ускочыў Скарцэні.

— Сядайце, оберштурмбанфюрар, — махнуў рукою генерал. Ён раскрыў папку і пачаў чытаць дакумент.

«Галоўная задача Ягдфербандэ-Оста — правядзенне спецыяльных аперацый у варожым тыле; разведванне і ініцыяванне антысавецкага руху супраціўлення на Усходзе і дапамога яму; дапамога нацыяналістычным аб'яднанням зброяй, інструктарамі, байцамі». Гэта вялікая справа, панове! І няхай вам дапаможа Бог!

Аперацыя па разгортванні антысавецкага супраціўлення атрымала кодавую назву «Мілая котка» (Lіеbсhеnkаtzеn) і ахоплівала тэрыторыю ад Балтыйскага да Чорнага мора. Беларускі напрамак атрымаў назву «Чорны кот» (Sсhwаrzkаtzе). Аснову дыверсійных груп склалі салдаты спецыяльнага батальёна «Дальвіц». Паводле распрацаванага плана, згаданыя групы павінны дэсантавацца на тэрыторыі БССР і, абапіраючыся на беларускіх дзеячаў, якія не адышлі з немцамі, стварыць антыкамуністычнае падполле.

Былі падрыхтаваны і дэсантаваны тры групы. Першая ў складзе чатырох чалавек прызямлілася каля мястэчка Дзятлава.
Другая група (28 чалавек) высадзілася ў раёне Івянца. Трэцяя група (4 чалавекі) была
закінута бліз мястэчка Сапоцкін на Гродзеншчыне.

Камандзірам трэцяй групы быў прызначаны Іван Мікалаевіч Карыцька. Нарадзіўся і жыў у Гродне. Пасля 17 верасня 1939 года пайшоў працаваць міліцыянерам. У 1942 годзе ўступіў у Беларускую самаахову, удзельнічаў у акцыях супраць партызан. Даслужыўся да камандзіра роты. Быў пераведзены ў перасыльны лагер для яўрэяў, гета «Калбасіна», намеснікам камандзіра зондэркаманды.

...Ноч была вельмі зручнай для дэсантавання: неба поўнасцю зацягнута хмарамі, накрапвае дробны дождж, але без ветру. Прызямліліся даволі кучна, таму хутка сабраліся разам. Парашуты тут жа закапалі, паліўшы схрон спецыяльнай вадкасцю ад сабак. Падцягнулі амуніцыю, перазарадзілі аўтаматы і, сарыентаваўшыся па карце, рушылі ў дарогу. Да раніцы яны павінны былі трапіць у вёску Калеты, дзе чакаў сувязны. Праз дзве гадзіны спешнай хады з Карыцькам параўняўся радыст групы Мікіта Аўрамчык.

— Камандзір, нешта мы не туды ідзём. Я ж ведаю гэтыя мясціны. Калеты значна правей.

— І я ведаю гэтыя мясціны! — строга абарваў Мікіту Карыцька. — А калі спатрэбяцца твае веды, я абавязкова запытаюся.

Аўрамчык паціснуў плячыма і вярнуўся на ранейшае месца.

Калі сонца пачало павольна ўздымацца на зямлёй, камандзір аб'явіў прывал.

— Заяц у дазор! Аўрамчык, настрой рацыю! — скамандаваў падначаленым. Застаўшыся вольным, Пятро Скабец, чацвёрты з групы, тут жа прылёг пад вялікімі дубам і заснуў.

— Рацыя гатова, — далажыў Аўрамчык.

— Перадай: прызямліліся нармальна. Крочым да сувязнога.

Іван расклаў карту і пачаў нешта па ёй вылічваць. Хвілін праз дзесяць вярнуўся Сямён Заяц.

— Камандзір, нешта тут не так. Недалёка адсюль скрыжаванне дарог. Стаіць рэгуліроўшчыца. Я з хвіліну паназіраў. Дык вось, некаторыя вайскоўцы пытаюцца, дзе Сапоц-
кін, і яна накіроўвае ў бок, адкуль мы прыбеглі. Мы не ў Калеты ідзём, камандзір?

Да Карыцькі павярнуўся Аўрамчык, прыпадняў галаву і Скабец.

Карыцька абвёў іх цяжкім позіркам і глыбока ўздыхнуў.

— Добра, слухайце сюды. Каб пазбегнуць правалу, немцы пусцілі ў батальёне дэзу, што мы ідзём у Калеты. На самай справе наша база будзе ў Навумавічах.

— Але ж у Навумавічах нават лесу нармальнага няма, — амаль закрычаў Аўрамчык.

— А нам і не патрэбны лес, — спакойна адказаў Іван. — Мы размесцімся ў форце № 2.

— Дык яго ж узарвалі ў сорак першым.

— Узарвалі, — пагадзіўся Карыцька. — Але ў сорак трэцім сіламі ваеннапалонных і яўрэеў з «Калбасіна», дзе я служыў, мы ўсё аднавілі, адрамантавалі, толькі ўваход пакінулі разбураным.

— А будаўнікоў..? — запытаўся Заяц.

— Назаўсёды пакінулі вартаваць форт! — засмяяўся Карыцька.

Наступнай ноччу яны дасягнулі форта № 2. Уваход у цытадэль і сапраўды быў поўнасцю разбураны. Але прыкладна метраў за дваццаць ад яго за кустамі шыпшыны Іван паказаў іншы добра замаскіраваны ўваход. Дыверсанты паднялі люк і адзін за адным спусціліся па доўгай металічнай лесвіцы ўніз. Іван запаліў ліхтарык. Перад імі быў доўгі вузкі калідор. Усе рушылі наперад. У канцы калідора ўбачылі двое дзвярэй.

— Стойце тут! — загадаў Іван і, адчыніўшы левыя дзверы, увайшоў у пакойчык. Там стаяў нейкі агрэгат з вялікім колам, рамянямі, рознакаляровымі лямпачкамі. Карыцька адклаў ліхтарык, шчоўкнуў некалькімі тумблерамі, затым узяўся дзвюма рукамі за рэмень са скураной пяцелькай на канцы і рэзка рвануў на сябе. Дызель гучна чхнуў, стрэліў — і раптам пачулася роўнае механічнае пастукванне. Рухавічок запрацаваў. Тут жа ў пакойчыку і на калідоры загарэліся лямпачкі.

Іван выйшаў з пакоя і адчыніў дзверы насупраць. Там была невялічкая зала, з якой на тры бакі разыходзіліся галерэі.

— Вось тут мы і спынімся, — сказаў Карыцька. — Прама — пакой з ложкамі, налева — кухня і санвузел. Направа — арсенал. Размяшчайцеся, панове.

Усе накіраваліся прама, з захапленнем азіраючыся па баках. Карыцька звярнуў у пакой са зброяй. Калі дыверсанты распакавалі свае заплечнікі і размеркаваліся па двух'ярусных ложках, у спальню ўвайшоў Іван з ручным нямецкім кулямётам MG-42 у руках.

— Аuf Wіеdеrsеhеn! — спакойна развітаўся ён з паплечнікамі і націснуў курок. Раскацістым рэхам прашамкала зброя. Праз імгненне на падлозе ляжалі тры трупы.

— Ну вось неяк так, — прагаварыў Карыцька і выйшаў з пакоя. Ён накіраваўся на кухню, падышоў да вялікай шафы з металічным посудам і, пацягнуўшы яе на сябе, адскочыў убок. Шафа з посудам грымнулася на падлогу. Карыцька прыкладам аўтамата пачаў абіваць тынкоўку на сцяне. Праз хвіліну там выразна абазначыліся невялічкія дзверцы. Іван дастаў з кішэні ключ, павярнуў яго ў адтуліне і моцна націснуў плячом. Дзверы амаль бясшумна адчыніліся. Паказалася доўгая нізкая галерэя. Каля самага яе ўвахода на падлозе ляжала скрыня з-пад снарадаў. Іван прысеў на кукішкі і адчыніў скрыню. Яна да паловы была запоўнена залатымі каронкамі, ланцужкамі, пярсцёнкамі.

— Вось мы, мае харошыя, ізноў сустрэліся, — пяшчотна прашаптаў Карыцька. — Дары жыдоўскія з гета «Калбасіна» найлепшаму сябру Івану!

І ён гучна зарагатаў. Затым, пасур'ёзнеўшы, перасыпаў золата ў заплечнік, а сам вярнуўся ў арсенальную. Дастаў з кішэні бікфордаў шнур, прыладзіў да толавай шашкі і паклаў пякельную машынку ў скрыню з гранатамі, пасля чаго падпаліў шнур і пабег у галерэю. Шчыльна зачыніў дзверы і, нізка згінаючыся пад цяжарам заплечніка, шпарка накіраваўся па цёмным калідоры. За спінай пачуўся моцны выбух, зверху пасыпалася зямля, тынкоўка, нейкае смецце.

— Форт № 2 зноў загадаў доўга жыць, — з усмешкай прамовіў Карыцька і пакрочыў далей. Хвілін праз трыццаць ён спыніўся перад дзвюма дзвярыма. На адной з іх па-нямецку было напісана «Форт № 3», на другой «Запасны выхад». Іван адсунуў клямку на дзвярах запаснога выхаду, адчыніў іх і пайшоў далей. Крокаў праз сто мужчына апынуўся каля лесвіцы, што вяла наверх. Іван паклаў на падлогу заплечнік, аўтамат, з цяжкасцю падняўся, упёрся галавой і рукамі ў люк і моцна націснуў. Люк крыху адсунуўся. Карыцька прасунуў рукі ў шчыліну і яшчэ мацней націснуў. Люк адышоў у бок. Мужчына спусціўся па заплечнік і аўтамат, выпхнуў іх вонкі і вылез сам. Ён апынуўся ў хмызняку. Метраў за пяцьсот былі бачны змрочныя абрысы трэцяга форта. Іван скінуў камуфляжны камбінезон. Пад ім быў досыць паношаны цывільны касцюм. Дастаў з заплечніка парэпаныя боты і кепку, пераабуўся. Выцягнуў з кішэні пашпарт на імя Будніка Пятра Пятровіча, пагартаў і вярнуў на месца. Устаў, агледзеўся. Крокаў за дваццаць убачыў адзінокі куст бэзу. Падышоў бліжэй, выцягнуў дэсантны нож, усадзіў па рукаятку сантыметраў за дваццаць ад куста і правёў па ўсім радыусе. Затым моцна рвануў куст на сябе. Той паваліўся на бок, адкрыўшы крышку невялічкага схрона. Туды Карыцька акуратна паклаў свой заплечнік з золатам, вярнуў куст на месца і паправіў вакол траву. Адышоў на пару крокаў і пільна ўгледзеўся. Ніякіх слядоў не было бачна. Задаволена ўсміхнуўшыся, Іван зашпурнуў убок непатрэбны аўтамат і пакрочыў на Гродна.

У верасні 1979 года ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі СССР прыйшоў дзіўны ліст з горада Тулы.

«Даруйце, што не называю свайго прозвішча. Скажу па праўдзе — баюся. Я працую на будоўлі, і днямі ў нас адбылася аварыя: уначы ад моцнага ветру ўпаў кран якраз на бытоўку, дзе дзяжурыў мой стары сябар Буднік Пётр Пятровіч. Калі яго выцягнулі з-пад завалаў, ён ледзьве дыхаў. У бальніцы ўрачы шмат прыклалі сіл, каб яго выратаваць. Калі я прыйшоў праведаць, Пётр вельмі дрэнна выглядаў. Ён узяў мяне за руку і сказаў наступнае:

«Ты ведаеш, Мікола, у мяне няма ні свая-
коў, ні сям'і. Ты мой адзіны сябар. На Беларусі, поблізу Гродна, ёсць вёска Лабна. Каля яе знаходзяцца рэшткі форта № 3. Паедзь туды, знайдзі адзінокі куст бэзу, вырві куст і знойдзеш заплечнік з золатам. Я так і не выбраўся па яго. Вазьмі частку сабе, астатняе перадай царкве, няхай мяне, грэшніка, памянуць добрым словам». Наступнага дня Пятро памёр. Не ведаю, гэта было трызненне ці праўда, але адкуль у яго, рабацягі, торба золата? А нават калі гэта і праўда, я ў такія гульні не гуляю. Таму і напісаў вам. А далей рабіце, што хочаце. Да пабачэння. Не, лепш бывайце!»

«Старшыні камітэта дзяржаўнай бяспекі т. Андропаву Ю. У. Па факце атрыманага ліста, рэг. нумар 54298, Гродзенскім абласным камітэтам дзяржаўнай бяспекі былі праведзены адпаведныя мерапрыемствы. У выніку следства было ўстаноўлена, што форт № 3 практычна ўвесь знішчаны ў час вайны. Ніякіх хадоў не было знойдзена. Кустамі бэзу зарасла практычна ўся навакольная мясцовасць, і ідэнтыфікаваць названае месца практычна немагчыма. Атрыманую інфармацыю пра схаванае золата калегі з Гродна лічаць не адпаведнай рэчаіснасці. Начальнік другога галоўнага ўпраўлення КДБ СССР Грыгарэнка Рыгор Фёдаравіч».

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.