Вы тут

На конкурсе студэнцкіх работ «Даступная біяэтыка» вызначылі пераможцаў


«Ці шмат на працягу свайго жыцця мы задумваемся пра смерць? Як часта? Магу выказаць здагадку, што вялікая колькасць спраў, задач і пытанняў, якія мы з вамі вырашаем штодня, перашкаджаюць нам засяродзіцца на тым, што насамрэч важна. Вы спытаеце, а навошта гэта трэба? І скажаце: «Ну смерць і смерць, мы нічога не зменім, навошта лішні раз задумвацца аб негатыўным, што будзе, тое і будзе?!» І так, сябры, думае вялікая колькасць людзей. Я не хачу казаць, што яны не маюць рацыю, і спрачацца, але дакладна ведаю, што свет гэтых людзей можа перавярнуцца, варта толькі ім ці іх сваякам рэальна паглядзець у вочы смерці...» — гэта ўрывак з эсэ студэнта ІІ курса лячэбнага факультэта Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Уладзіслава МАРЦІНОВІЧА. Яго работа заняла другое месца ў Рэспубліканскім конкурсе студэнцкіх работ «Даступная біяэтыка». Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства аховы здароўя, Рэспубліканскі камітэт па біяэтыцы сумесна з аддзелам па біяэтыцы Савета Еўропы пры падтрымцы Інфармацыйнага пункта Савета Еўропы ў Мінску.


Плакат «Жыццё застаецца», на думку журы, стаў пераможцам. Аўтары — студэнты Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Паліна ПЯТРОВІЧ, Елізавета ДОНЧАНКА і Іван КАЛЕСНІК.

Валерыя САКОЛЬЧЫК, беларускі эксперт у Камітэце па біяэтыцы Савета Еўропы падкрэслівае, што конкурс дапамог уцягнуць у абмеркаванне біяэтычнай праблематыкі студэнтаў з усёй краіны: удзел у ім узялі не толькі будучыя медыкі, для якіх гэтыя пытанні блізкія з прычыны іх прафесіі, але і будучыя юрысты, філолагі, архітэктары, інжынеры, аграномы... Для папулярызацыі ідэй біяэтыкі і развіцця культуры біяэтычных дыскусій праведзены конкурс аказаўся нават больш важны, чым навуковыя канферэнцыі, таму што ў конкурсных работах кожны мог выказаць сваю пазіцыю ў дачыненні да пытанняў правоў і свабоды асобы, біямедыцыны, медыцынскай этыкі...

«У Рэспубліцы Беларусь, як вядома, дзейнічае прэзумпцыя згоды на выманне органаў... Пры прэзумпцыі «нязгоды» можна сутыкнуцца з вострым недахопам органаў для трансплантацыі, а на гэтай глебе з'яўляюцца чорныя рынкі органаў, шантаж, злачыннасць і мноства іншых непрыгожых з'яў. Таму, з майго пункту гледжання, найбольш правільнае рашэнне — прэзумпцыя «згоды», але пры адной важнай умове: мінімум 65 працэнтаў насельніцтва павінны быць цалкам азнаёмленыя з усімі нюансамі прэзумпцыі, што дзейнічаюць у нашай краіне.

Мяне вельмі насцярожыў той факт, што ў краіне з насельніцтвам у 9,5 мільёна толькі 2300 чалавек напісалі адмову на выкарыстанне іх органаў для трансплантацыі пасля смерці. Няўжо толькі яны супраць згаданай прэзумпцыі і не згодныя з ёй? Нешта я сумняваюся. Таму вырашыў правесці апытанне насельніцтва (500 чалавек). Гэта былі людзі рознага ўзросту і адукацыі. Вынік пацвердзіў мае асцярогі і, мякка кажучы, здзівіў...» — разважае Уладзіслаў Марціновіч.

Плакат студэнткі Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Наталлі ГРУЗІНАВАЙ заняў у сваёй намінацыі трэцяе месца.

Праблемным аспектам прэзумпцыі згоды на выманне органаў пасля смерці для наступнай іх трансплантацыі прысвечана і эсэ, якое перамагло ў конкурсе ў сваёй намінацыі. Яго аўтарам стала магістрантка юрыдычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта Кацярына ЕРАХАВЕЦ: «Як вызначыць, свядома ці несвядома донар пры жыцці не заяўляў пра адмову ад вымання яго органаў для трансплантацыі? Для вырашэння праблемы, мяркую, варта прадугледзець магчымасць устанаўліваць не толькі нязгоду, але і згоду... Гэта дазволіла б пазбегнуць неадназначных сітуацый ужо пасля смерці донара, калі пытанне аб правядзенні трансплантацыі павінна быць вырашана вельмі аператыўна. Больш за тое, сама працэдура падачы заявы можа быць спрошчана. Замест падачы заявы ў дзяржаўную арганізацыю аховы здароўя па месцы жыхарства (месцы знаходжання), іншую дзяржаўную арганізацыю аховы здароўя, у якой пацыенту аказваецца медыцынская дапамога, урач мог бы прапаноўваць пацыенту зрабіць пад подпіс адпаведную адзнаку ў яго медыцынскай картцы: «Згодны» або «Нязгодны». Таксама варта звярнуць увагу на тое, што ў нашай краіне праблема заключаецца ў адсутнасці інфармацыі ў грамадзян аб магчымасці заявіць пра сваю нязгоду на выманне органаў для трансплантацыі пасля смерці. Вырашыць гэтую праблему на цяперашні момант магчыма пры дапамозе ўрачоў, якія могуць пра яе расказаць...»

Плакат студэнтаў БДМУ Аліны АНДРЭЙЧЫКАВАЙ і Вікторыі АРЛОВАЙ. 2-е месца ў конкурсе.

А трэцякурсніцы педыятрычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Марыя ЯНКЕВІЧ і Наталля МАЛЫШКЕВІЧ прысвяцілі сваю конкурсную работу пытанням падтрымкі цяжкахворых людзей: «Асноўнай праблемай нашага грамадства з'яўляецца табуяванасць тэмы смерці і невылечных захворванняў. Людзі баяцца ці не хочуць падымаць яе з розных прычын, напрыклад з-за страху захварэць або з пераканання, што няма сэнсу дапамагаць чалавеку, калі ён усё роўна не паправіцца. А калі тэма не падымаецца, грамадства застаецца недасведчаным у ёй. З гэтага выцякае шэраг праблем... Напрыклад, цяпер у Мінску адбываецца мадэрнізацыя будынка былога санаторыя-прафілакторыя, зусім хутка менавіта ў ім будзе хоспіс. Аднак многія мясцовыя жыхары рэагуюць на гэты факт негатыўна, і прычыны розныя: людзі не хочуць, каб побач з імі ўвесь час нехта паміраў, думаюць, што будзе спецыфічны пах, баяцца прыгнечанай атмасферы. Існуе цэлы шэраг іншых падобных забабонаў, абумоўленых стэрэатыпным мысленнем.

Часцяком нават сваякі, якія гатовыя зрабіць усё для блізкага чалавека, не хочуць аддаваць яго ў хоспіс, таму што да канца не разумеюць усіх нюансаў аказання хоспіснай дапамогі. Важна разумець, што хоспіс — гэта не толькі ўстараненне сімптомаў і абязбольванне. Хоспіс — цэлая філасофія. Хоспіс — гэта месца, дзе важная кожная дробязь...»

Рэспубліканскі конкурс студэнцкіх работ па даступнай біяэтыцы праводзіўся ў трох намінацыях: «Плакат», «Відэа» і «Эсэ». Яго ўдзельнікі ўзнялі шмат важных тэм: ВІЧ-стыгматызацыю, адмову ад абортаў, выкарыстанне жывёл у навучальным працэсе і іншыя.

Пераможцы конкурсу ў Страсбургу.

15 беларускіх студэнтаў (уладальнікі прызавых месцаў у кожнай намінацыі) па выніках конкурсу былі запрошаны з навучальным візітам у Страсбург. Узнагароджанне пераможцаў адбылося ў рамках 14-га пленарнага пасяджэння Камітэта па біяэтыцы Савета Еўропы. Паказальна, што пры абмеркаванні студэнцкіх работ многія дэлегаты прапанавалі праводзіць па прыкладзе Беларусі такія конкурсы штогод у розных краінах свету.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Прэзумпцыя згоды... пры поўным інфармаванні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Карэспандэнт «Звязды» схадзіла на майстар-клас па стварэнні «пісанак».

Культура

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на начных здымках нацыянальнага кінапраекта

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на начных здымках нацыянальнага кінапраекта

Гісторыка-прыгодніцкая стужка пра Беларусь, беларуса-ваяра і беларуса-вучонага.

Спорт

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Тры медалі ў беларусаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце

Больш за 150 спарт­сме­наў з 36 кра­ін све­ту — гэта са­мыя моц­ныя ба­ту­тыс­ты су­час­нас­ці.