Вы тут

Будслаўскі фэст атрымаў міжнароднае прызнанне


Будслаўскі фэст, любімы многімі жыхарамі нашай краіны, атрымаў міжнароднае прызнанне! Ён унесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Такое рашэнне днямі прыняў міждзяржаўны камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Падчас 13-й сесіі камітэта, якая адбывалася на Маўрыкіі, рашэнне аб уключэнні Будслаўскага фэсту ў лік каштоўнасцяў было прынята адзінагалосна.

У наш час Будслаўскі фэст — гэта дзясяткі тысяч людзей розных канфесій, якія крочаць у бок адной з галоўных каталіцкіх святыняў. Яны выпраўляюцца з розных гарадоў і мястэчак Беларусі, каб у выніку злучыцца і стварыць агульнае ўрачыстае шэсце. Пілігрымы спыняюцца на начоўкі ў розных населеных пунктах, дзе адпачываюць, спяваюць песні, гутараць з мясцовымі жыхарамі, каб зранку працягнуць свой шлях з думкамі пра Бога.


Чаму ж менавіта Будслаў абралі пілігрымы? Будынак храма складаецца з дзвюх частак: старога касцёла (сёння гэта капліца), пабудаванага ў 1633—1643 гадах, і новага, узведзенага ў 1767—1783 гадах. Такім ён дайшоў і да нашага часу. У старым касцёле знаходзіцца арыгінальны разьбяны драўляны алтар эпохі ранняга барока. Кампазіцыя алтара, як сведчаць даследчыкі, не мае аналагаў у сакральнай архітэктуры Літвы і Польшчы. На сценах касцёла да нашых дзён захаваліся ўнікальныя роспісы — восем сюжэтаў, якія з'яўляюцца выдатнымі помнікамі ранняга класіцызму.

Сам комплекс былога кляштара бернардзінцаў, а таксама дэкаратыўнае аздабленне касцёла — галоўны і бакавыя алтары, роспісы — унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі як помнік першай катэгорыі. У 1994 годзе Будслаўскаму касцёлу нададзены тытул базілікі малой. Такім званнем храмы звычайна ўзвялічваюцца з-за свайго ўзросту, памеру ці гістарычнага значэння. Вернікі мараць, што калі-небудзь касцёлу будзе нададзена званне базілікі вялікай. Але такі статус надае толькі асабіста Папа Рымскі, прызнаючы тым самым значнасць храма. Тым больш прыемна, што цяпер фэст прызнаны нематэрыяльнай культурнай каштоўнасцю, да таго ж сусветнага ўзроўню!

Варта дадаць, што ўключэнне беларускай урачыстасці ў спіс ЮНЕСКА з'явілася вынікам шматгадовай сумеснай работы Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, Міністэрства культуры і Міністэрства замежных спраў нашай краіны пры шырокім удзеле мясцовых органаў улады і грамадскіх супольнасцяў, няўрадавых арганізацый і экспертаў.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Загаловак у газеце: Будслаўскі фэст — каштоўнасць чалавецтва!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».