Вы тут

Беларусы занялі 2-е месца ў агульным заліку Парадэльфійскіх гульняў—2018


Беларусы занялі 2-е месца ў агульным заліку Парадэльфійскіх гульняў — 2018 і заваявалі Гран-пры ў намінацыі «Вакальнае мастацтва».


Нядаўна ў расійскім Іжэўску (Удмурція) завяршыліся Другія міжнародныя Парадэльфійскія гульні — маштабныя інклюзіўныя творчыя спаборніцтвы для людзей з інваліднасцю, якія прадстаўлялі 22 краіны свету. Вельмі ўдалым быў удзел у мерапрыемстве беларускай дэлегацыі: як расказала Наталля Задзяркоўская, начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры, пры непасрэднай фінансавай падтрымцы якога ажыццяўлялася гэта паездка, у неафіцыйным «медальным заліку» наша краіна заняла 2-е месца па колькасці атрыманых узнагарод, саступіўшы толькі Кітаю.

Цягам тыдня больш як 1,5 тысячы ўдзельнікаў выступалі ў 29 намінацыях па 8 відах мастацтва: музычнае, выяўленчае, аўдыявізуальнае, тэатральнае, харэаграфічнае, цыркавое, літаратура і жэставая песня. Таксама ў межах Гульняў праходзілі тэматычныя міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі, адбываліся шматлікія семінары, творчыя сустрэчы і майстар-класы (напрыклад, беларускі параалімпіец, бізнесмен, майстар спорту і ўдзельнік нацыянальнай параалімпійскай каманды па плаванні Аляксей Талай шмат сустракаўся са школьнікамі і студэнтамі, зараджаў аптымізмам і жыццялюбствам асаблівых выхаванцаў цэнтра сацыяльнага прадзюсіравання «Журавейнік»).

Народны мужчынскі вакальны гурт «Хорус», які вось ужо 13 гадоў дзейнічае на прадпрыемстве «Элект» Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, прадстаўляў на Другіх Парадэльфійскіх гульнях вакальнае мастацтва. Квартэт выконваў два музычныя нумары: «Белая Русь ты мая» і папуры, складзенае з песень савецкіх кампазітараў. І, нягледзячы на сур'ёзную канкурэнцыю — больш як 100 удзельнікаў — атрымаў Гран-пры! «Гэта безумоўна важны і важкі вынік, — адзначае кіраўнік калектыву Ігар Кецкін, — бо ў сваёй сістэме Беларускага таварыства інвалідаў па зроку мы шмат разоў займалі першыя месцы на розных конкурсах, але прызнанне на міжнародным узроўні, выступленне на адной сцэне з такімі артыстамі, як «Буранаўскія бабулі», Дыяна Гурцкая — гэта была новая прыступка. Без лішняй сціпласці скажу, што ўся Удмурція за гэтыя дні закахалася ў маіх хлопцаў».

Акрамя таго, арганізатары Гульняў назвалі беларусаў «Самай пазітыўнай і дружнай камандай удзельнікаў».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Дружныя і пазітыўныя

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.