Вы тут

Як стваралася страхавая сістэма Беларусі?*


Наш суразмоўнік, дзяржаўны служачы першага класа, выдатнік фінансавай сістэмы Вячаслаў Балібок, заўтра адзначае 70-годдзе. Вячаслаў Дзмітрыевіч унёс значны ўклад ва ўдасканаленне бюджэтнай сістэмы краіны і развіццё страхавой справы, пра што сказана, дарэчы, і ў Ганаровай грамаце Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.


Прадстаўляем суразмоўніка

Вячаслаў Дзмітрыевіч сваю працоўную дзейнасць пачынаў у фінансавым упраўленні Мінаблвыканкама. На розных пасадах прайшоў тут сур'ёзную прафесійную школу.

Пазней працаваў намеснікам начальніка бюджэтнага ўпраўлення Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, у Кантрольнай палаце. Прыкметнымі вехамі працоўнай біяграфіі сталі няпростыя клопаты намесніка старшыні праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» і намесніка генеральнага дырэктара Белдзяржстраха.

Калі было створана Беларускае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства экспартна-імпартнага страхавання «Белэксімгарант», рашэннем урада прызначаны яго генеральным дырэктарам.

Пасля выхаду на пенсію — дарадца па эканамічных пытаннях старшыні Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь.

Жанаты.

— Паважаны Вячаслаў Дзмітрыевіч, часта чалавек лічыць, што гэта ён выбірае прафесію. На самай справе прафесія выбірае нас. А як было ў вас?

— Мой жыццёвы шлях вызначыўся пасля паступлення ў Мінскі фінансава-эканамічны тэхнікум, што знаходзіцца ў падпарадкаванні Мінфіна Рэспублікі Беларусь. Гады вучобы тут я заўсёды ўспамінаю з асаблівай цеплынёй і ўдзячнасцю ўсяму калектыву выкладчыкаў. Тут на ўласным прыкладзе адчуў, што сапраўдны настаўнік заўсёды дае значна больш, чым вызначана вучэбнай праграмай. Ён дапамагае маладому чалавеку зразумець сябе, раскрыць самыя лепшыя чалавечыя якасці, знайсці ў выніку ўласную дарогу ў жыцці.

Менавіта такім настаўнікам стаў для мяне тагачасны дырэктар тэхнікума Дзмітрый Ягоравіч Кавалёў. Ён змог пераканаць, што спецыяльнасць «дзяржаўны бюджэт» — гэта найлепшае, што патрэбна маладому чалавеку, які думае пра веды і будучую кар'еру. Цікавы факт: больш за палову сённяшніх супрацоўнікаў Міністэрства фінансаў і тых арганізацый, што яму падпарадкаваны, пачыналі сваю прафесійную вучобу ў гэтай навучальнай установе. Як і яны, я таксама ўдзячны лёсу за студэнцкія гады, гэта быў цудоўны час.

— Па размеркаванні вы трапілі ў фінансавае ўпраўленне Мінаблвыканкама, што на той час было вельмі крута...

— У актыве ў мяне былі малады запал, служба ў арміі і дыплом з адзнакай тэхнікума. Думаю, усё гэта разам і вызначыла маё першае месца працы.

Фінансавае ўпраўленне Мінаблвыканкама — унікальны калектыў інтэлігентных і вельмі прафесійных людзей. Магчыма, гэта нават найлепшая супольнасць з тых, што я потым сустракаў. Не будзе перабольшаннем сказаць, што Павел Карпавіч Зайцаў, Пётр Станіслававіч Ліхтаровіч, Вадзім Афанасьевіч Шахлевіч, Павел Іванавіч Туронак, Антон Антонавіч Каласко, а разам з імі і шэраг іншых супрацоўнікаў з'яўляліся залатым фондам фінансавай сістэмы Міншчыны і нашай краіны.

Варта асобна сказаць пра загадчыка фінансавага ўпраўлення, тады гэта быў Павел Карпавіч Зайцаў. Павага да яго такая, што хочацца назваць яго вялікім грамадзянінам мінскай зямлі (нарадзіўся ён у Крупскім раёне). Павел Карпавіч умеў спакойна, канструктыўна і эфектыўна вырашаць самыя складаныя фінансавыя задачы і дабівацца максімальных вынікаў.

За больш чым дваццаць гадоў кіраўніцтва (з 1978-га да 2001-га) яму ўдалося забяспечыць якаснае складанне і выкананне бюджэту вобласці, а гэта рэгіён, дзе паўтара мільёна насельніцтва і больш за 400 прадпрыемстваў. І ўсё дзякуючы таму, што пастаянна ўдасканальваліся формы і метады фінансавай работы. У не вельмі простыя дзевяностыя гады ён умела правёў структурныя пераўтварэнні ў фінансавым упраўленні. Быў абраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 13-га склікання.

Павел Карпавіч рана пайшоў ад нас. Сваёй яркасцю як асобы, чыста чалавечай абаяльнасцю ён суправаджаў мяне ва ўсіх маіх творчых перамогах. Калі працуеш побач з такімі людзьмі, то міжволі імкнешся падцягнуць сябе да іх узроўню.

Сімбіёз у адным калектыве дзяржаўных людзей, з якіх можна было браць прыклад, і маладых спецыялістаў, што імкнуліся дасягнуць высокай прафесійнай планкі, дазволіў фінансаваму ўпраўленню Мінскага аблвыканкама выхаваць такіх вядомых людзей, як В. В. Амарын, М. П. Корбут, А. І. Сверж, В. В. Дашкевіч, В. В. Лушчыцкі, Н. К. Лісай, І. С. Шунько і іншых, хто сёння з'яўляецца гонарам фінансавай сістэмы.

Пун­со­выя вет­ра­зі —  шчас­лі­вы сім­вал «Бел­эк­сім­га­ран­та».

— Важным этапам вашай біяграфіі стала праца ў Міністэрстве фінансаў Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, набліжаецца 100-годдзе гэтай паважанай дзяржаўнай установы. Каго б вам хацелася адзначыць, пра каго сказаць добрае слова?

— Без перабольшання твар нашай Беларусі ХХ стагоддзя — такія людзі, як тагачасны міністр фінансаў Баляслаў Іосіфавіч Шаціла. Ён прытрымліваўся дэмакратычнага стылю кіравання, асабіста займаўся найбольш складанымі праблемамі, давяраючы падначаленым самастойна вырашаць усе астатнія пытанні адпаведна іх кваліфікацыі. І заўсёды такім чынам дабіваўся максімальнага эфекту. Патрабавальны да сябе і іншых, ён, між іншым, клапаціўся не толькі аб прафесійным, але і каб кадравым росце маладых: сачыў, каб годныя работнікі райфінаддзелаў пераходзілі з цягам часу ў аблфінаддзелы, а спецыялістаў абласнога звяна запрашалі на работу ў Мінфін.

Мне міністр персанальна двойчы даваў магчымасць працаваць у апараце Мінфіна, і я з удзячнасцю ёю карыстаўся. Дарэчы, Баляслаў Іосіфавіч знаходзіўся на сваёй няпростай пасадзе даўжэй, чым хто, — з 1965-га да 1990 года, гэта значыць, чвэрць усяго тэрміну дзейнасці міністэрства.

Цалкам лагічна ўспомніць пра яго выхаванца і майго непасрэднага кіраўніка — начальніка бюджэтнага ўпраўлення, а пазней намесніка міністра фінансаў Мікалая Філіпавіча Румаса. Амаль у кожным міністэрстве, ведамстве ёсць людзі, якія валодаюць энцыклапедычнымі ведамі і могуць у крытычны момант падказаць адзіна правільнае рашэнне. Такой застаецца ў памяці яркая асоба Мікалая Філіпавіча. А праца ў бюджэтным упраўленні стала для мяне вызначальнай.

— Пад патранажам Мінфіна, Нацбанка і ААТ «ААБ Беларусбанк» у пачатку 2001 года ў краіне ствараецца новае страхавое агенцтва для абароны інтарэсаў прадпрыемстваў, якія працуюць на экспарт. Наша газета ў той час даволі цесна з вамі супрацоўнічала, і я дакладна ведаю, што ініцыятыва ішла ад вас і вы былі тым рухавіком, які «накручваў усе спружыны». А згаданыя вышэй паважаныя інстанцыі добра разумелі неабходнасць страхавання знешнеэканамічных рызык і ўсяляк падтрымлівалі. Савет Міністраў прызначыў вас генеральным дырэктарам. Ці лёгка было запусціць у жыццё нязвыклы для краіны кірунак дзейнасці?

— Калі нехта ствараў нешта новае, той разумее, наколькі шматгранны гэты шлях. Нават ужо пасля прыняцця рашэння. Спатрэбілася аператыўна ствараць нарматыўную базу, фарміраваць каманду, шукаць сродкі для статутнага фонду і вырашаць многія іншыя пытанні. Сапраўднай удачай было тое, што на гэтым шляху сустрэліся сапраўды дзяржаўныя людзі, якія разумелі важнасць задачы і падставілі плячо. Велізарная ўдзячнасць усім ім, асабліва Мікалаю Пятровічу Корбуту, які ў якасці міністра фінансаў падтрымаў новую структуру на ўсіх этапах.

А роднае бюджэтнае ўпраўленне міністэрства, як магло, таксама паспрыяла выдзяленню бюджэтных сродкаў пры страхаванні экспартных кантрактаў, а яшчэ ўваходжанню «нованароджанага» прадпрыемства асобным радком у бюджэт краіны.

Лю­дзі спра­вы, якім за пе­ра­мо­гу  ў па­пу­ляр­ным кон­кур­се ўру­ча­юць вось та­кую сім­ва­ліч­ную (і сім­па­тыч­ную) скульп­тур­ку, — са­праўд­нае ба­гац­це на­цыі. Вячаслаў Дзмітрыевіч — «Чалавек года — 2009».

Усе зыходзілі з таго, што Беларусь да гэтага часу не мае экспартнага страхавога агенцтва, пры тым, што ва ўсіх развітых краінах свету яны існавалі ўжо доўгі час. Напрыклад, у Германіі — Euler Hermes, у Чэхіі — EGAP, у Польшчы — KUKE, Венгрыі — MEHІB і гэтак далей. Сапраўды, айчынныя экспарцёры павінны мець роўныя магчымасці са сваімі замежнымі контрагентамі ў галіне крэдытных і страхавых стасункаў. Толькі на такіх умовах можна было развіваць экспарт у краіне са сваёй асаблівай эканомікай. Так што з'яўленне Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства экспартна-імпартнага страхавання «Белэксімгарант» стала заканамернасцю.

Існуе слушная думка: «Калі ты разбіраешся ў тэхналогіі, значыць, яна ўжо ўстарэла». Скажу шчыра, што сама тэхналогія функцыянавання новага прадпрыемства была цалкам нязвыклай для Беларусі. Пачынаць даводзілася ў многіх выпадках з чыстага, што называецца, ліста і з абавязковым улікам усяго найлепшага, на што былі багатыя аналагічныя замежныя кампаніі.

Сёння веды вельмі хутка старэюць, і важна нават не тое, што ты ведаеш, а як хутка ты ўмееш вучыцца. Разумеючы гэта, мы старанна вучыліся ўсе разам — кампетэнтнасці, стратэгічнаму кіраванню, самаўдасканаленню, прадпрымальнасці і многаму іншаму. І ўсё для таго, каб стаць лідарам у гэтай сферы дзейнасці.

Адным словам, было зусім не проста. Пераломным момантам стаў выхад Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 534 ад 25.08.2006 года «Аб садзейнічанні развіццю экспарту тавараў, работ, паслуг», які не толькі замацаваў выключнае права на правядзенне страхавання экспартных рызык з падтрымкай дзяржавы за «Белэксімгарантам», але і вызначыў усю метадалогію сістэмы экспартнага страхавання ў краіне. Тым самым Беларусь стала ў адзін шэраг з перадавымі краінамі, якія даўно маюць нарматыўна-прававыя акты, што рэгламентуюць функцыянаванне нацыянальных сістэм стымулявання экспарту. Хачу падкрэсліць гэтую думку: зараз у краіне дзейнічае нацыянальная сістэма стымулявання і абароны экспарту.

— Сёння «Белэксімгарант» моцна стаіць на нагах, ён пазнавальны і запатрабаваны...

— Абсалютна правільна, пазнавальны і запатрабаваны. Тут шмат залежыць ад тых, хто знаходзіцца, як кажуць, каля руля. Дзесяць гадоў назад я перадаў штурвал у надзейныя рукі. З таго часу Генадзь Антонавіч Міцкевіч разам з сваёй камандай умела і эфектыўна кіруе нашым караблём пад пунсовымі ветразямі ў бурным моры-акіяне рынку.

Унутры краіны страхавое прадпрыемства мае дагаворы з вядучымі экспарцёрамі — такімі як ААТ «МАЗ» і «Белаз», РУП «МТЗ», ААТ «Белкамунмаш», СП «Беліта», ЗАТ «Атлант» — пералік можна доўжыць. Толькі за перыяд з 2007 да 2015 года заключаецца каля 50 тысяч дагавораў страхавання экспартных рызык, а сума страхавога пакрыцця экспарту тавараў дасягае больш як 4,3 мільярда долараў ЗША.

— Успомнім, што «Белэксімгарант» — першая страхавая кампанія Беларусі, якая атрымала міжнародны рэйтынг фінансавай устойлівасці «В».

— Так, у міжнародным рэйтынгавым агенцтве Fіtch Ratіngs. Невыпадкова наша краіна стала свайго роду ўсходняй пляцоўкай, дзе на базе «Белэксімгаранта» экспартна-крэдытныя агенцтвы іншых краін свету Бернскага саюза ўдасканальваюць свае прафесійныя веды і адначасова паступова мяняюць сваю думку наконт групы палітычнай рызыкі Рэспублікі Беларусь.

Прэстыжна і тое, што двойчы ў Мінску праводзіліся міжнародныя канферэнцыі Бернскага саюза. Іх удзельнікі (кожны раз — з больш чым 40 краін свету) атрымалі магчымасць вывучыць эканамічны патэнцыял рэспублікі, абмяняцца досведам правядзення страхавання экспартных крэдытаў і ўмацавання андэррайтынгавай палітыкі.

«Белэксімгарант» мае ўласны раздзел-прэзентацыю ў штогадовай справаздачы Бернскага саюза, яна выдаецца ў Лондане і распаўсюджваецца ва ўсім свеце. Прадпрыемства расце і развіваецца, мае філіяльную сетку. Тым самым дэманструючы, ШТО менавіта адрознівае па-сапраўднаму таленавітую кампанію ад проста ўдалага бізнес-праекта. Тут працуюць людзі, здольныя мысліць і працаваць творча, прадпрымальна, эфектыўна. У пацвярджэнне прывяду такі факт: пасля прафесійнай школы «Белэксімгаранта» многія яго супрацоўнікі ўзначалілі вельмі адказныя напрамкі ў краіне.

— Сярод іх ёсць і вашы выхаванцы, давайце назавём імёны.

— А. В. Скрага стаў генеральным дырэктарам «Белспецзнештэхнікі», В. А. Войцік — генеральным дырэктарам УСП «Белзнешстрах», Г. В. Цімашэвіч — генеральным дырэктарам СТАА «Белкаапстрах» і гэтак далей.

Яркіх асоб, хто працаваў побач, заўсёды было многа. Часткова я назваў іх імёны ў самым пачатку нашай гутаркі, але напярэдадні знамянальнай для Міністэрства фінансаў краіны даты хацелася б згадаць таксама Н. А. Ермакову, А. В. Кабякова, Г. І. Кумпіцкага, Г. А. Міцкевіча, В. І. Сямашку, В. І. Шуста — працягваць можна доўга. Усё гэта людзі высокага выніку. Беларуская зямля ўраджайная на таленты, а ў прафесіі фінансіста, дзяржаўнага чалавека без своеасаблівага таленту не абысціся.

Ство­ра­ны В. Д. Ба­лі­бо­кам і М. А. Зай­ца­вай  пры пад­трым­цы «Бел­эк­сім­га­ран­та» і Бе­ла­рус­ка­га дзяр­жаў­на­га эка­на­міч­на­га ўні­вер­сі­тэ­та пад­руч­нік «Стра­ха­ван­не ў знеш­не­эка­на­міч­най дзей­нас­ці» над­звы­чай за­па­тра­ба­ва­ны ў вы­шэй­шых  на­ву­чаль­ных уста­но­вах Бе­ла­ру­сі і Ра­сіі.

Хачу пажадаць, каб лёс і далей быў добразычлівы да людзей гэтай няпростай, клапатлівай галіны, гэтай прафесіі, не шкадаваў для іх удач. А за іх поспехамі стаіць дабрабыт суайчыннікаў.

Гутарыў Уладзімір ХІЛЬКЕВІЧ

Здымкі з архіва В. Д. БАЛІБОКА і «Белэксімгаранта».

УНП 101421509

*На правах рэкламы

Спецыяльны дазвол (ліцэнзія) № 2200/13-00049 на права ажыццяўлення страхавой дзейнасці. Выдадзены Міністэрствам фінансаў РБ 23 красавіка 2008 года.

Ад рэдакцыі

Як вядома, цаліну ўздымаюць першапраходцы, гарады бяруць военачальнікі, а любую новую справу пачынаюць людзі няўрымслівыя, творчыя, прафесіяналы з вялікай літары. Менавіта такім на працягу многіх гадоў супрацоўнікі нашай газеты ведаюць Вячаслава Дзмітрыевіча Балібока — былога намесніка старшыні праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк», першага генеральнага дырэктара Беларускага ўнітарнага прадпрыемства экспартна-імпартнага страхавання «Белэксімгарант». Гэтае вельмі патрэбнае эканоміцы рэспублікі прадпрыемства было створана ў значнай ступені дзякуючы яго ініцыятыве і разуменню сітуацыі на сусветным рынку. Практыка пацвердзіла вялікую карысць дзяржаўнай падтрымкі экспарту стараннямі калектыву агенцтва. І вытворцы не раз казалі заслужаны і шчыры «дзякуй!».

Паважаны Вячаслаў Дзмітрыевіч! Мы далучаемся да ўсіх цёплых слоў у Ваш адрас. Віншуем з цудоўнай датай і жадаем моцнага здароўя, аптымізму, дабрабыту. І новых дзесяцігоддзяў шчаслівага жыцця наперадзе.

Звяздоўцы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад. 

Грамадства

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Сярод знаёмых у мяне ёсць шмат жанчын, якія звяртаюцца да ўрача пры любым занядужанні і пры кожнай магчымасці афармляюць бальнічны ліст. 

Культура

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Пісьменнік і дысідэнт Андрэй Сіняўскі, калі расказваў пра ўтрыраваную дробязнасць савецкай «цывілізацыі», прывёў у прыклад аповесць Міхаіла

Грамадства

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка.