Вы тут

На шляху беларускай дзяржаўнасці


Каб абмеркаваць гісторыю беларускай дзяржаўнасці, у тым ліку 100-годдзе БССР, за круглым сталом у прэс-цэнтры Дома прэсы сабраліся дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ, загадчык аддзела навейшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Сяргей Траццяк, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Валянцін Мазец, навуковы супрацоўнік аддзела ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Алена ТРУБЧЫК і загадчык кафедры гісторыі Беларусі гістарычнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка Анатоль ВЯЛІКІ.


“Праз стагоддзі нам цяжка ў поўнай меры зразумець тыя складанасці, з якімі сутыкнуліся тыя, хто хацеў стварыць першую беларускую дзяржаву. Але чаго ж усё-такі было больш у гэтым руху, нацыянальнага ці савецкага? – задаўся пытаннем мадэратар, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Павел Сухарукаў. –  Што стаяла на першым месцы? Натуральна, што з боку расійскіх уладаў было больш савецкага ў стварэнні дзяржавы. Аднак цікава, што было з боку нашых дзеячоў?..”

Анатоль Вялікі звярнуў увагу прысутных на такі тэрмін як белнацкамунізм – імкненне пабудаваць савецкую, але нацыянальна арыентаваную краіну. Цікава і тое, што былі дзеячы, якія імкнуліся пабудаваць краіну пад патранатам часовай нямецкай улады, былі тыя, хто падначальваўся савецкай уладзе, а іншыя – вялі актыўную працу сярод мільёна беларусаў-бежанцаў, якія апынуліся ў Расіі. Але, па сутнасці, хоць і рознымі спосабамі, але ўсе яны імкнуліся да адной і той жа мэты.

Сяргей Траццяк адзначыў, што, магчыма, БССР дазволілі ўтварыцца менавіта як буфернай краіне – той зямлі, якой расійскія ўлады ў выпадку геапалітычных канфліктаў змогуць ахвяраваць.

Алена Трубчык таксама адзначыла, што беларускі рух не быў маналітнай з’явай. У прыватнасці, яна звярнула ўвагу на тагачасную адукацыйную палітыку. На тое, напрыклад, як польскія ўлады дазвалялі настаўнікам заканчваць беларускія настаўніцкія курсы ў Вільні, але потым ніводнага не прызнавалі годным для працы. Казала яна і пра зусім невялікую колькасць беларускіх школ, якая была ў савецкі час.

Вячаслаў Даніловіч даволі ёмка перадаў кароткую і лагічную гісторыю падзей першай паловы XX стагоддзя, якія былі непасрэдна звязаны са стварэннем нашай рэспублікі.

Падрабязней прачытаць пра лёсавызначальныя для савецкай краіны і беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці падзеі можна будзе неўзабаве на старонках “Звязды”.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.