Вы тут

Голая дабрачыннасць


Днямі на вочы трапілася інфармацыя аб тым, што ў невялікім англійскім гарадку маці, якія страцілі дзяцей, сфатаграфаваліся аголеныя для календара, які называецца «Моцныя мамы Сохэма». Такім чынам жанчыны ажыццявілі дабрачынны праект. Ён ставіў сабе за мэту сабраць грошы для адной з бальніц і фонду ахвяр дарожна-транспартных аварый.


Усе мадэлі з гэтага календара ў розны час пахавалі дзяцей. Адна з іх, паводле яе ж азначэння, накіравала сваё гора на стваральную працу дзеля іншых. Кабета аб'яднала такіх жа жанчын для дабрачыннай акцыі. А падобнай фотасесіяй яна хацела паказаць, што нават пасля самай страшнай трагедыі трэба працягваць жыць. «Што нам цяпер, надзець чорнае і сядзець у куце да канца жыцця? — гаварыла яна. — Пакуты, праз якія мы прайшлі, навучылі нас таму, што жыццё вельмі кароткае для гэтага». Адным словам, дванаццаць жанчын з рознымі фігурамі, асобныя, з лішняй вагой не пасаромеліся зняцца без адзення. Праўда, фатограф зрабіў сваю работу прафесійна, усе інтымныя месцы гераінь карцінак нейкім чынам прыкрытыя. На агульным здымку яны крыху нагадваюць карціны Клода Манэ. Наогул, да мастацкіх характарыстык календара няма асаблівых прэтэнзій. На Захадзе, і не толькі там, здаецца, становіцца модна рабіць такія календары. То пажарныя, то паліцэйскія могуць паказаць свае атлетычныя целы і зарабіць грошы. Не кажучы ўжо пра сімпатычных служачых банкаў жаночага полу альбо сакратарак у стылі вамп. З аднаго боку — бяспройгрышная рэклама, з другога — сапраўды арыгінальны спосаб заробку на якія-небудзь патрэбы.

Але ж у выпадку з матулямі Сохэма маем крыху другі паварот, іншую, што называецца, тэму... Напрыклад, некалькі гадоў таму маю ўвагу прыцягнуў факт, што ў вёсках Грузіі нават у спёку шмат жанчын ходзяць у чорных сукенках. Потым мне растлумачылі чаму. Аказваецца, справа ў мясцовых звычаях. Жанчына, якая пахавала мужа альбо каго з дзяцей, ходзіць у чорным адзенні да канца жыцця. Вядома, нельга параўноўваць менталітэт жыхароў грузінскай вёскі і еўрапейскага горада.

Я ні ў якім разе не стала б асуджаць гэтых брытанскіх жанчын. Каляндар стаў для іх першым этапам сумеснай работы. Потым яны арганізавалі нешта накшталт клуба моцных маці. І не дай бог нікому стаць членам такога клуба. Але сам факт з'яўлення падобнага календара як спосабу зарабіць грошы сведчыць аб тым, што і там з дабрачыннасцю не ўсё гладка. Не вельмі адклікаецца сучасны індывід інфармацыйнага грамадства на заклік дапамагчы другому. Яго, гэтага індывіда, трэба крыху падштурхнуць.

Думаю, усе заўважылі, як многа просьбаў у інтэрнэце, на тэлебачанні, у газетах ахвяраваць грошы на аперацыі або курс лячэння для дзяцей за мяжой. Шчыра кажучы, ці кожны з нас ахвяраваў хоць па рублі на такія адчайныя заклікі? Магу прыгадаць са свайго жыццёвага вопыту, як пералічвалі з мужам на рахунак адной сям'і, якая гадуе хворых блізнят, а іх бацька таксама захварэў на анкалогію. Потым аднойчы ўвагу прыцягнула аб'ява, калі прасілі грошай хворай маладой настаўніцы. Яшчэ раз спісала колькі рублёў з рахунку мабільнага на аперацыю дзіцяці... Але ж гэта ўсё нейкія разавыя і нязначныя адлічэнні. Правяла нешта накшталт невялічкага сацыялагічнага даследавання ў асяроддзі сяброў і знаёмых. Вынікі не парадавалі: мала хто, зусім мала хто дапамагаў. І нібы прачытаўшы мае думкі, толькі што пазваніла дачка. Яна ў мінскім метро прачытала аб'яву, што дзіцяці патрабуецца аперацыя коштам у 800 тысяч долараў. Гэта аграмадная сума. А дзіця на здымку — нібы анёлачак. Вось і перакінула са свайго тэлефоннага рахунку два рублі. І тады я падумала, што нават студэнты, не кажучы ўжо пра нас, працуючых, маглі б штомесяц ахвяраваць рубель са стыпендыі. Адна з маіх апытаных рэспандэнтак сказала, што яна гатовая напісаць заяву, каб з зарплаты кожны месяц спісваўся б, напрыклад, рубель альбо два ці тры. Бо самой пералічваць рукі не даходзяць. Ды трэба, каб існаваў фонд, куды гэтыя грошы паступалі б. Фонд мог бы быць нават электронным, без удзелу людзей, як гарантыя таго, што грошы пойдуць строга па прызначэнні.

Існуючых жа фондаў і намаганняў дабрачынных арганізацый сёння, як бачым, недастаткова. Таму трэба думаць, моцна думаць, як стварыць падобныя скарбонкі і як выхоўваць грамадскую думку. Хадзіць бацькам хворых дзяцей з працягнутай рукой па багатых фірмах і людзях — справа амаль што марная. Многія бізнесмены кажуць прыкладна так: я плачу вялікія падаткі. І гэта праўда. А вось рабіць маленькі ўнёсак рэгулярна, відаць, па сілах кожнаму. Хоць бы за тое, што прырода падарыла табе і твайму дзіцяці лепшае здароўе і магчымасці і не выбрала цябе сваёй ахвярай. Таму мы ўсе ў даўгу перад тымі, хто спрабуе выратаваць сваіх дзяцей і блізкіх ды хапаецца за саломінку, хай тонкую і кволую. І мы павінны, проста абавязаны даць ім шанц.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.