Вы тут

Канфлікт у Керчанскім праліве вачыма абывацеля


Падзеі ў Керчанскім праліве значна абвастрылі і так няпростыя адносіны Расіі і Украіны. У гэтай калонцы будзе мінімум палітыкі — толькі жыццёвая сітуацыя, у якой з-за таго, што адбылося, апынуўся наш карэспандэнт.


Хутка я іду ў адпачынак. Рашэнне для зімы не самае папулярнае, але вельмі доўгачаканае і жыццёва неабходнае. Сядзець у такую пару года ў Мінску — згубна для псіхікі, бо шэрасць і нестабільнасць надвор'я дакладна не паляпшае настрой.

Вырашылі невялікай кампаніяй пад Новы год паехаць у Львоў. Прычыны? Віза — не патрэбна, горад — выдатны, атмасфера — казачная, грошы — для выезду за мяжу і праўда невялікія.

Ведаючы шчырую любоў беларусаў да Украіны, вырашылі не зацягваць: да сярэдзіны лістапада былі набыты чыгуначныя білеты туды, а авіябілеты — назад, не забыліся перавесці і перадаплату за кватэру. Здавалася, застаецца толькі грыўні купіць.

І тут адбываюцца вядомыя падзеі ў Керчанскім праліве. З'яўляюцца падрабязнасці, відэазапісы, каментарыі з двух бакоў. На самай справе журналіста даволі цяжка здзівіць — выяўляецца прафесійная дэфармацыя.

Таму і навіна аб магчымым увядзенні ваеннага становішча ва Украіне была ўспрынятая будзённа: на жаль, спрэчныя сітуацыі і рэакцыя на іх для сучаснага свету сталі дадзенасцю і нават штодзённасцю.

А вось пацвярджэнне ваеннага становішча ў літаральным сэнсе прымусіла ачуцца — гэта ж і мяне датычыцца! Далей былі прачытаны без перабольшання дзясяткі навін аб падрабязнасцях, каб разабрацца і зразумець, што рабіць далей.

Уважлівыя чытачы, якія сочаць за сусветным парадкам дня і здагадваюцца, да чаго я вяду сваё апавяданне, могуць перапыніць мяне: але ж ваеннае становішча ўведзена не на ўсёй тэрыторыі Украіны, а ў Вінніцкай, Луганскай, Мікалаеўскай, Адэскай, Сумскай, Харкаўскай, Чарнігаўскай і Херсонскай абласцях, а таксама ва ўнутраных водах Азова-Керчанскага праліва.

Сапраўды, той жа Львоў або Кіеў застаецца адкрытым для падарожжаў, а вось перад паездкай, напрыклад, у Адэсу, чалавек, магчыма, задумаецца.

Нагадаю, ваеннае становішча простымі словамі — гэта вельмі сур'ёзная сітуацыя, якая накладае на тэрыторыю пэўную колькасць лімітаў. Хоць прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка ў інтэрв'ю тэлеканалам ужо паабяцаў, што пасля ўвядзення такога становішча абмежаванняў канстытуцыйных правоў грамадзян не будзе.

Аднак матэрыял усё ж пра іншае: што рабіць беларусам, якія, як і я, хацелі правесці навагоднія святы ва Украіне? Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім у інтэрв'ю tut.bу падкрэсліў: «Беларусы могуць спакойна адпраўляцца на ўкраінскую тэрыторыю».

Сапраўдная мудрасць народа (гэта сказана без сарказму) сканцэнтравана ў каментарыях да навін. Так, пад матэрыялам на адным папулярным гарадскім партале было сказана: «Рабяты, баяцца сапраўды не трэба — хто ездзіць ва Украіну, той ведае, наколькі там добра ставяцца да беларусаў».

І адразу ў процівагу адказ: «Так, стаўленне цёплае, але што гэта за адпачынак такі, калі ты прыязджаеш і вымушана адсочваеш усе навіны? Бо ў адпачынку многія хочуць адгарадзіцца ад вонкавай мітусні, выдыхнуць і, нарэшце, расслабіцца. Ці рэальна гэта ў падобнай сітуацыі?»

І не так важна, што гэта за горад, што гэта за вобласць, трапляе яна пад ваеннае становішча ці не — тут узнікае чарада пытанняў, якія пачынаюцца са слоў «А што, калі?».

Сама сітуацыя, акрамя шчырага спачування людзям, выклікае пачуццё татальнай няўпэўненасці, якое слаба паддаецца логіцы. Што рабіць, якое рашэнне прыняць — вяртаць грошы ці ўсё-ткі паехаць, — я, напрыклад, зараз адказаць на гэтыя пытанні не магу. Чаму? Таму што я не ведаю, што будзе далей. Ды і хто ведае?

А як бы ў такой сітуацыі паступілі вы?

Ігар КАРПІН

Загаловак у газеце: І што ты будзеш рабіць?

Каментары

Адназначна паехаў бы! Нагадаю, што ўжо больш за 4 гады частка тэрыторыі Украіны акупавана. І гэта калі і палохала турыстаў, то нязначна. У Львове не прасунуцца ў цэнтры горада ад падарожнікаў! Па сутнасці з-за шырмы "ваеннага становішча" наўрад ці штосьці зменіцца.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.