Вы тут

Мамін дзённік. Там, дзе валадараць паны


«Прыдумаюць жа розныя штукі!» — кажа Аляксандр Фёдаравіч, гледзячы, як яго меншы праўнук дрыгае ножкамі ў дзіцячым шэзлонгу і ловіць цацкі на прымацаванай на ім дузе. «Для маіх дзяцей найлепшай забавай было сядзець на печы», — успамінае дзядуля (між іншым, ветэран вайны) і расказвае пра сваю маці, якая гадавала дзяцей так, як прыйдзецца. Жне жыта — значыць немаўля побач, спіць у стажку. Закрычыць — грудзьмі пакорміць і далей за серп.

Ніякіх дзіцячых прыстасаванняў, акрамя бадай падвешанай да столі люлькі, не было. Пакінуць малое на ложку, абкладуць падушкамі, каб не скацілася, і завіхаюцца па гаспадарцы. На шпацыраванне з каляскай па два разы на дзень не было ні часу, ні ўласна самой каляскі. Галоўным у хаце быў муж, да прыходу якога павінна было быць усё гатова.


Паўгода мы з Арцёмкам выходзілі на вуліцу двойчы на дзень. Цяпер, калі няма дажджу, абмяжоўваемся толькі адным шпацырам. Усё астатняе — кармленні, развівальныя гульні, заняткі на фітболе, расслабляльны масаж, купанне і такія доўгія цырымоніі адыходу на кароткі сон — па плане. Гатаванне вячэры і іншы хатні клопат у ім — пад пунктам нумар два.

Дзякуй богу, калі нешта не зроблена, мой муж не папракае каронным: «Ты ж у дэкрэце!» Ужо ў першую ноч дома, калі сыты сын, праігнараваўшы свой утульны ложачак, нарэшце заснуў пасярэдзіне бацькоўскай канапы, выселіўшы галаву сям'і на вузенькае крэсла-ложак, муж з усмешкай сказаў: «У нас з'явіўся пан», — і гэтым самым вынес вердыкт, хто ў сям'і галоўны.

Раней першых да стала запрашалі мужчын, якія ненадоўга адрываліся ад свайго цяжкага клопату (а яго, асабліва ў вёсцы, хапала). Дзеці даядалі тое, што засталося. Мы ж, пакуль малога не пакормім, самі есці не сядзем.

Ужо з маленства сучасныя дзеці дыктуюць нам свае правілы. Калі нам сустракацца з сябрамі, калі хадзіць у цырульню, калі, у рэшце рэшт, спаць... Але расказала б я пра бяссонныя ночы тым жанкам, якія і жыта жалі, і скаціну даглядалі. Не ведалі яны, як і нашы матулі, пра падгузкі, якія пазбавілі сучасных жанчын мазалёў на руках ад мыцця бялізны па некалькі разоў на дзень. Не мелі яны і цудадзейных дэвайсаў, якія сёння і прыгатуюць, і прыбяруць, і іншыя справы зробяць — дастаткова націснуць кнопачку. Ды і дэкрэтаў доўгі час ніхто не даваў, а тым больш не плаціў за тое, што ты гадуеш уласных дзяцей. А іх у тагачасных сем'ях звычайна было як мінімум трое.

Сёння ж статус шматдзетнасці прыраўноўваецца ледзь не да подзвігу. Тут як з адным справіцца! Хоць, дзякуючы гэткім розным штукам, усё ж нешта можна паспець. Пакуль Арцёмка гойдаецца ў шэзлонгу (з якога, каб не рамяні, ужо даўно выскачыў бы) і пільна слухае свайго прадзеда, які, як можа, забаўляе нашчадка, на пліце даварваецца боршч, а на паліцы — ужо стос папрасаванай бялізны.

Часам і паны бываюць літасцівыя...

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».