Вы тут

Беларускі нараджаюць першынца ў 26 гадоў


Пазашлюбныя сексуальныя кантакты, вялікая колькасць сірот, разводы, непаслухмянасць, а часам і жудасныя паводзіны дзяцей, зніжэнне нараджальнасці, што паступова вядзе да вымірання народаў, — вось тыя праблемы, якія былі агучаны падчас VІ форуму «Святасць мацярынства», што сабраў у Мінску больш за 400 удзельнікаў з розных краін — прадстаўнікоў органаў дзяржулады, традыцыйных рэлігій, грамадскіх дзеячаў, медыкаў, псіхолагаў, сацыяльных работнікаў.


Адзін са шляхоў умацавання сям'і — вяртанне да традыцыйных каштоўнасцяў, супрацьстаянне ідэям, што навязваюцца праз сучасныя сродкі камунікацыі і інфармацыі. Напрыклад, міжнароднымі інстытутамі і глабальнымі фондамі прасоўваецца так званая гендарная ідэалогія, якая ўздзейнічае на свядомасць моладзі. З іншага боку, пэўныя фармацэўтычныя кампаніі таксама лабіруюць свае інтарэсы і навязваюць стандарты паводзінаў. Так, гарманальная кантрацэпцыя сёння выкарыстоўваецца як лекі ад усіх гінекалагічных праблем, што насамрэч супярэчыць медыцынскай навуцы. Апошнія даследаванні паказваюць, што падобныя сродкі не спрыяюць памяншэнню колькасці абортаў і замест таго, каб дапамагчы жанчыне перамагчы гінекалагічныя хваробы, па факце прыводзяць да таго, што праблемы з дзетараджэннем яшчэ больш ускладняюцца.

Свабода ці агрэсія?

Уласна, захаванне жаночага здароўя і прафілактыка абортаў сталі тэмай аднаго са шматлікіх круглых сталоў, якія праводзіліся ў межах форуму. Урачы, псіхолагі, сацыяльныя работнікі і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый падзяліліся сваімі назіраннямі і вопытам.

«З тых часоў, як у жанчыны з'явілася магчымасць выбіраць — станавіцца ёй мамай ці не, мы назіраем яе агрэсіўныя паводзіны ў дачыненні да свайго рэпрадуктыўнага здароўя і сацыяльна-біялагічнай функцыі: гэта дашлюбныя палавыя зносіны, працяглы тэрмін выкарыстання сродкаў кантрацэпцыі перад першымі родамі. Сярэдні ўзрост пачатку палавога жыцця ў дзяўчат — 14 гадоў, у той час як першынца беларускі нараджаюць у 26 гадоў, а расіянкі нават пазней.
За 10—15 гадоў палавога жыцця з кантрацэпцыяй і абортамі жанчына набывае вялікую колькасць гінекалагічных і іншых захворванняў, якія істотна зніжаюць яе рэпрадуктыўны патэнцыял, адсюль і вялікая колькасць самаадвольных абортаў, цяжарнасцяў, якія не развіваюцца... Кожны палавы кантакт для арганізма — інфармацыя аб магчымым наступленні цяжарнасці, і калі гэта перарываецца штучна, узнікае рэфлекс «ёсць адносіны — няма цяжарнасці», што становіцца прычынай псіхалагічнага бясплоддзя», — заўважыў доктар медыцынскіх навук, загадчык кафедры акушэрства і гінекалогіі Валгаградскага дзяржаўнага медуніверсітэта Мікалай ЖАРКІН.

Негатыўнае стаўленне да цяжарнасці і думкі аб аборце, нават калі жанчына яго і не зрабіла, не застаюцца «непачутымі» — малы «выяўляе» сваё нежаданне з'яўляцца на свет, дзе яму не рады: павялічваецца колькасць абвіццяў пупавіны, расце працэнт кесаравых сячэнняў.

Часта сужэнцы не маюць фізіялагічных праблем, але зачаць дзіця ў іх не атрымліваецца. Пры выкарыстанні ж тэхнік перынатальнай псіхалогіі цяжарнасць і роды маюць месца. «Калі перынатальны псіхолаг будзе падтрымліваць жанчыну, вучыць яе пэўнай форме паводзін, цяжарнасць праходзіць экалагічна і якасна, па-іншаму ўспрымаюцца роды. Вельмі важна, з якімі эмоцыямі парадзіха да іх падыходзіць», — упэўнена кандыдат псіхалагічных навук Расійскага нацыянальнага даследчыцкага медуніверсітэта Таццяна БРЭСО. Часта будучых мамачак пужаюць, замест таго, каб паказаць, што пра роды трэба думаць не як пра боль, а як пра работу. Толькі пры такім падыходзе жанчына ўпэўнена паводзіць сябе падчас родавага працэсу і выходзіць з яго не такой змучанай пакутамі і, што галоўнае, не баіцца праз некаторы час зноў нараджаць.

Лагойск супраць абортаў

Важна працаваць не толькі з пацыентамі, але і з медперсаналам. Не сакрэт, што акушэр-гінеколаг мае над жанчынай вялікую ўладу. Часта менавіта ад гэтага доктара залежыць выбар жанчын, якія трапілі ў складанае становішча і не ведаюць, што рабіць з незапланаванай цяжарнасцю. Неабходна рыхтаваць спецыялістаў, нацэленых на захаванне дэмаграфічнага патэнцыялу, фарміраваць маральныя ўстаноўкі, выкладаць ім біяэтыку, вучыць паважаць жыццё з моманту зачацця. Тут мала проста мець спецыяльныя праграмы для ўсіх, хто працуе ў галіне захавання рэпрадуктыўнага здароўя — неабходна заканадаўча абараніць урачоў, на якіх могуць «наехаць» пацыенткі за адмову рабіць аборт.

І трэба сказаць, што заканадаўства таксама паступова мяняецца, а ўрачы, якія лічаць штучнае перарыванне цяжарнасці злом, карыстаюцца новымі магчымасцямі. Так, невялікі беларускі гарадок выступіў супраць «дзетазабойства». Ірына Казлоўская, акушэр-гінеколаг Лагойскай раённай цэнтральнай бальніцы, пераможца конкурсу «Жанчына года — 2017» і, між іншым, шматдзетная мама, адной з першых уголас заявіла пра сваё нежаданне рабіць аборты: «Калі я даведалася, што ў Расійскай Федэрацыі ўнесены папраўкі ў закон, якія даюць права на адмову ўрача ад перарывання цяжарнасці, я чакала такіх змен у нашым заканадаўстве. І, як толькі яны былі прынятыя, літаральна на наступны дзень напісала заяву аб адмове, а ўслед за мной і мае калегі. І сёння Лагойск — горад, дзе не робяць абортаў. Як вынік, бачу, сталі мяняцца ўстаноўкі жанчын. Раней яны ведалі, што можна прыйсці і без усялякіх пытанняў будзе перарывацца цяжарнасць, а зараз працэдура ўскладнілася, і яны ўжо думаюць, як папярэдзіць непажаданую цяжарнасць. Мне даводзілася чуць ад жанчын, якіх адгаварылі ад абортаў, «дзякуй». Але я ўпэўнена, што сёння трэба шмат гаварыць з падлеткамі, мяняць іх стаўленне да ўзаемаадносін і замест запужванняў, накшталт «не прынясі ў падоле», усяляць упэўненасць, што «калі-небудзь у іх будуць дзеці з каханымі людзьмі ў шчаслівых сем'ях».

«Паліп» назвалі Лізай

Між іншым, адно з апошніх даследаванняў паказала, што на пытанне, «Што б вы рабілі, калі б аборты былі забароненыя?», большасць жанчын адказала: «Нараджалі б». На жаль, сёння куды часцей на цяжарную, якая рашаецца зрабіць аборт, уплываюць тыя, хто побач: партнёр, бацькі, а часам і чужыя людзі.

«Урачы не ўбачылі дзіця, сказалі, што гэта паліп, і калі прыйшла паўторна, паведамілі, што ён вырас. А сёння гэтаму «паліпу» дзевяць гадоў. Завуць Лізай, — дзеліцца сваёй гісторыяй шматдзетная маці, кіраўнік маскоўскага фонду «Жанчыны за жыццё» Наталля МАСКВІЦІНА. — Падчас цяжарнасці мяне накіроўвалі на аборты (што для мяне, як веруючага чалавека, непрымальна), адгаворвалі: «Навошта такой маладой у 25 гадоў нараджаць трэцяе дзіця?». І калі я чула гэтыя жахлівыя прапановы пра чыстку, разумела, што цяпер проста не маю права не дапамагаць жанчынам, якія трапляюць у такое ж становішча». Сёння арганізацыя аб'ядноўвае тысячы валанцёраў у розных гарадах, вядуцца антыабортныя курсы, штодзень маніторацца сацыяльныя сеткі і спецыяльная праграма адсочвае жанчын, якія ў інтэрнэце заяўлялі пра аборт. Ствараюцца спісы, і такія жанчыны «размяркоўваюцца» паміж валанцёрамі (найчасцей жанчынамі, якія маюць дзяцей і ведаюць, як падтрымаць тых, хто трапіў у складанае становішча). У крызісных сітуацыях цяжарным жанчынам дапамогуць не толькі з кансультацыямі спецыялістаў, але і матэрыяльна: бясплатна можна атрымаць рэчы і для парадзіхі, і для немаўляці, нават праблемы з жыллём вырашальныя.

Такія ж арганізацыі дзейнічаюць і ў Беларусі. У межах сацыяльнага праекта «Ты не адна» праводзяцца мерапрыемствы на базах медустаноў, з'явілася інтэрактыўная карта, на якой паказаны ўсе віды бясплатных паслуг для цяжарных, і гэта не толькі дапамога медыкаў, псіхолагаў, юрыстаў, але і арганізацыя вольнага часу: спартыўныя аб'екты, музеі, курсы. У выніку міжведамаснага ўзаемадзеяння здзяйсняецца падтрымка жанчын, якія трапілі ў складанае становішча. У сацыяльным цэнтры «Шчаслівы малы» можна атрымаць як гуманітарную дапамогу, так і адукацыйную, маладым матулям падкажуць, як даглядаць малога, як знайсці працу. Тут яны знойдуць сяброў, абзавядуцца карыснымі кантактамі, а галоўнае, стануць больш упэўненымі і адчуюць, як гэта здорава — быць мамай.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?