Вы тут

Спявае Рыга “Родны край”


Урачыстасцю і вялікім канцэртам у Латвійскай нацыянальнай бібліятэцы распачаліся традыцыйныя восеньскія Дні беларускай культуры, якія штогод ладзіць Саюз беларусаў Латвіі


Валянціна Піскунова

У гэтым годзе Дні прысвячаюцца 100-годдзю Латвіі, а таксама 15-годдзю Саюза беларусаў Латвіі. Урачыстасць і вялікі канцэрт, што іх распачыналі, прымала бібліятэчная зала імя Імантса Зіедоніса. Варта згадаць: у СБЛ глыбокія карані. Яшчэ 30 гадоў таму з’явіўся ў Рызе першы й найстарэйшы сёння фальклорны гурт “Надзея”. А ў 1993-м заявіла пра сябе Нацыянальна-культурнае таварыства беларусаў Латвіі “Прамень”. Цяпер у СБЛ такіх суполак, што маюць пры сабе й самадзейныя мастацкія гурты, больш за 15. Працуюць у такіх гарадах, як Ліепая, Вентспілс, Елгава, Краслава, Лудза, Ліваны, Даўгаўпілс, Рэзэкнэ ды іншых. Асабліва шмат іх у Латгаліі, дзе спрадвеку жылі беларусы: край той, як вядома, раней і ўваходзіў у склад Віцебскай губерні.

Шмат зрабіла для паяднання суполак у СБЛ Валянціна Піскунова. Родам яна з вёскі Рудня-Целяшоўская Гомельскага раёна, больш за паўвека жыве ў Рызе: выпускніцу факультэта прамысловага й грамадзянскага будаўніцтва Беларускага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту размеркавалі туды на працу. Беларуска з канца 80-х у грамадскім руху, а ў 2003-м ініцыявала стварэнне Саюза беларусаў Латвіі — сама ж ім і кіруе з таго часу. Спачатку ў СБЛ увайшлі суполкі “Прамень” (Рыга), “Уздым” (Даўгаўпілс), “Спадчына” (Екабпілс) і “Мара” (Ліепая), потым далучыліся іншыя. Пра тое, дарэчы, казала са сцэны ў шматлюднай зале Латвійскай нацыянальнай бібліятэкі сама Валянціна Аляксандраўна, як і пра стваральныя справы саюза, беларускай дыяспары ў краіне. Згадвала пра шырокае святкаванне народных і праваслаўных святаў: Калядаў, Купалля, Вялікадня, Пакроваў, пра імпрэзы ў гонар класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, асветніка й ўсходнеславянскага першадрукара Францыска Скарыны, пра канферэнцыі ды іншыя творчыя праекты.

Заслугоўвае павагі, што СБЛ ужо больш за 20 гадоў выдае сваю газету “Прамень”. Ягоная заслуга — і кніга “Латвія – Беларусь: дыялог дзвюх культур”, зборнік вершаў беларускіх паэтаў Латвіі,Беларуска-латышскі й Латышска-беларускі слоўнікі. Дарэчы, апошняе выданне, над якім працавалі многія энтузіясты, да якога спрычыніўся таксама Інстытут беларускай мовы й літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, адзначана было ўзнагародай Прэзідэнта Латвіі Валдзіса Затлерса. Створаны фільм пра жыццё дыяспары, і ўжо чатыры разы праводзіўся конкурс работ на тэму “Беларусы Латвіі. Мінулае і сучаснасць”, па матэрыялах якога выдадзены 4 зборнікі работ. А моладзь дыяспары паспяхова ўдзельнічае ў спартыўных святах і спаборніцтвах, якія праводзіць Латвійская алімпійская акадэмія.

Адна з галоўных заслуг беларускай дыяспары — тое, што з 1994 года паспяхова працуе Рыжская беларуская асноўная школа імя Янкі Купалы. Латвійскія беларусы ездзяць на этнічную радзіму на З’езды беларусаў свету, а фальклорныя гурты выступаюць на фэстах на зямлі продкаў. Праца Саюза беларусаў Латвіі адзначана Ганаровай граматай Міністэрства культуры Беларусі, ён працуе ў цесным кантакце з латвійскім Урадам, з Рыжскай думай. На гэты ж раз дзейнасць СБЛ адзначана Ганароваю граматай Аддзялення гуманітарных навук і мастацтва НАН Беларусі, самой Валянціне Піскуновай уручана Падзячнае пісьмо ад беларускай Акадэміі. Тое зрабіў добры сябар СБЛ Аляксандр Лукашанец — дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы й літаратуры НАН Беларусі, кіраўнік Беларускага камітэта славістаў, акадэмік НАН, доктар філалагічных навук. Ушанавала Валянціну Аляксандраўну медалём свяшчэнна?
мучаніка Іаана Памера і Латвійская праваслаўная царква. Суполка ж “Прамень”, якою кіруе дэпутат Сейма Алёна Лазарава, ушанавана Ганаровай граматай Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Святочная імпрэза ў Рызе

Таксама й Прэзідэнт Латвіі Раймандс Вейаніс даслаў у Саюз беларусаў Латвіі Вітальны ліст. Была ўзнагарода і ад Рыжскай думы за подпісам мэра Ніла Ушакова: Падзячныя лісты суполцы “Прамень” ды асабіста яе кіраўніцы. Ганаровыя граматы МЗС Беларусі актывістам беларускага руху ў Латвіі ўручалі новы Амбасадар Беларусі Васіль Марковіч з дарадцам-пасланнікам Амбасады Аляксеем Мацюхевічам. Пры тым Васіль Міхайлавіч пажадаў супляменнікам моцнага здароўя, багацця ў хаце ды паабяцаў: аб’едзе сам асабіста ўсе латышскія гарады, дзе жывуць беларусы. А Эдгар Суна, намеснік кіраўніка ўпраўлення Рыжскага свабоднага порта, які заўсёды падтрымлівае беларускую дыяспару, нагадаў: менавіта з культуры пачынаюцца ўсе добрыя стасункі паміж людзьмі. Дык вось беларусы, лічыць ён, умеюць такія стасункі наладжваць — як ніхто іншы.

Адной з галоўных падзей свята стала прадстаўленне вялізнага Беларускага ручніка: у розных суполках дыяспары яго вышывалі з 2016 года. Рукатвор той разгарнулі на сцэне — і ўсе ахнулі ад такой прыгажосці! Як вядома, вышываны ручнік для беларускай сям’і спрадвеку — абярэг, захавальнік здароўя, дабрабыту й ладу, ён удзельнічае ва ўсіх галоўных падзеях жыцця сям’і, упрыгожвае дом. На ўрачыстасці Алёна Лазарава паведаміла, што ручнік будзе ўрачыста ўручаны Прэзідэнту Раймандсу Вейанісу на форуме нацыянальных меншасцяў Латвіі — 23 лістапада 2018 года.

І быў потым у святочнай зале вялікі канцэрт. Беларускай песняй “Мая зямля” адкрыла яго салістка ансамбля “Надзея” Людміла?Сінкевіч. Далей выступалі фальклорныя гурты беларускіх суполак з усёй Латвіі, пры тым ішлі цудоўныя відэа- і фотарады, быў канферанс вядучых на беларускай і латышскай мовах. І песні кожны з гуртоў выконвалі як народныя беларускія, так і латышскія, і латгальскія. Выступалі гурты “Ноктюрн” з Краславы, “Вавёрачка” з ансамбля Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы. Ансамбль Славянскага таварыства “Узоры” з Ліванаў уручыў хлеб-соль шаноўнаму сходу з пажаданнем “Няхай у кожнага ў доме ён заўсёды будзе” — і песню вядомую выканаў па-беларуску “Хлеб ды соль”. А ўдзельнікі гурта “Сузор’е” з Рэзэкнэ падарылі грамадзе саламяную ляльку-хатніка, якая, паводле беларускіх традыцый, і ёсць нябачны ахоўнік хатняй прасторы, яе жыхароў.

Гурты выходзілі на сцэну ў вельмі прыгожых, адметных касцюмах: у кожнага — свае фарбы, розны дызайн, дэкор, і розныя нацыянальныя галаўныя ўборы. Вельмі ўсіх уразіў выступ гурта “Bіteіtes” суполкі “Сябры” з гарадка Віляны: дзве дзяўчынкі спявалі акапэла латгальскія народныя песні. Гурт “Аколіца” з Дагды падаў народную песню “Ехаў Ясь на кані” як невялічкі спектакль, а “Рябинушка” з Прэйляў, выконваючы песню “Самовар”, і падарыла гэты прадмет народнага побыту арганізатарам свята. Пры тым сказана было шмат добрых слоў у адрас Валянціны Піскуновай.

Цудоўнае відэа пра родны горад знялі ўдзельнікі гурта “Паўлінка” з ліепайскай суполкі “Мара”. І да таго ж праспявалі на латышскай і беларускай мовах песню “Родная мова” (пераклад на беларускую з малдаўскай зрабіў Станіслаў Валодзька). Госці з Ліепаі да таго ж чыталі цудоўныя вершы Максіма Танка. І яшчэ адна “Паўлінка” выступала — тэатральная студыя з таварыства “Уздым” з Даўгаўпілса: на тэму беларускай народнай песні “Ой, рана на Івана” самадзейныя артысты паказалі кранальную сцэнку. Выдатна выступаў і найстарэйшы гурт дыяспары “Надзея”, праспяваўшы рознастылёвыя песні “Зязюля” і “Ці свет, ці світае”. А напрыканцы па традыцыі ў зале магутна гучала ўрачыстая песня, амаль гімн “Родны край” — яе выконвалі як артысты, так і гледачы, устаўшы з месцаў, усе разам.

Наталля Лебедзева, г. Рыга

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?