Вы тут

«Я патрабую сваё фота на вокладцы!»


Творца і герой. Герой, творца і літаратурны крытык. Лёс нечакана сутыкае асоб, якія ў прынцыпе не павінны былі і пазнаёміцца. Як, напрыклад, я, аўтарка рамана і яго герой.

Пісьменнікі — вядомыя містыфікатары. Гэтага ніхто, нават яны самі, не будзе адмаўляць. Ніколі не распавядуць праўду пра крыніцы натхнення, ніколі не падзеляцца гісторыяй, якая стала асновай мастацкага твора. Ды і ці трэба гэта звычайнаму чытачу? Бо для яго важней за ўсё — сам сюжэт. Іншая справа — літаратурныя крытыкі, журналісты, якія заўсёды хочуць ведаць і бачыць больш, чым даступна звычайнаму «няўзброенаму воку». Таму прыдумляюць версіі, задаюць пытанні аўтару, яго біёграфу. І вельмі-вельмі рэдка, калі гаворка ідзе пра біяграфічную і аўтабіяграфічную прозу, — самім героям. Нібы існуе своеасаблівы закон: маўляў, кніга і яе аўтарства належаць пісьменніку, а тое, якім будзе яго герой, праўдзівы ці не (нават калі ён цалкам рэальны чалавек) — справа другасная.

Але бываюць у жыцці выпадковасці: літаратурны крытык, журналіст, раней завочна знаёмы з аўтарам кнігі, атрымлівае ну проста ўнікальную магчымасць пагаварыць і з героем (калі патрэбна — яго прататыпам), выпадкова сустрэўшыся з ім у любімым бары недалёка ад дома. І вось тут і пачынаецца тая самая... правакацыя.


Такім чынам, гаворка ідзе пра раман Людмілы Шчэрбы «Урб@н.М: Адзін дзень не майго жыцця» (выд. А. Янушкевіч, 2017). Кнігу ўжо паспелі пахваліць у публікацыях у прэсе, назваць «новай з’явай у беларускай літаратуры» і горача абмеркаваць на чытацкіх форумах. Некаторыя нават рэкамендавалі ўключыць яе ў школьную праграму па беларускай літаратуры. Маўляў, хай чытачы ведаюць, што наша літаратура не мае забароненых тэм, а сучасныя аўтары аднолькава таленавіта пішуць як пра радзіму і мову, так і пра секс, узаемаадносіны. Сама аўтарка вызначае кнігу як апавяданне ў жанры mash-up (але гэта хутчэй паралельны раман): яна складаецца з трох розных сюжэтных ліній, падзеі адбываюцца ў біблейскія часы, у сярэдзіне XVII стагоддзя і ў нашы дні. Вядома, мы звернемся толькі да сучаснай гісторыі, толькі пра яе можна знайсці якія-небудзь аб’ектыўныя факты.

Героі: Ганна-пісьменніца (можна меркаваць, што вобраз «спісаны» з самой Людмілы), Макс-піяршчык (у жыцці — медякансультант Віталь), Кот Грэгары Хаус (у жыцці кот Грэгары Хаус, напэўна, — адзіны герой, «кніжны» вобраз якога адпавядае аб’ектыўнай рэальнасці. Я ў гэтым не сумняваюся. Думаю, і ён таксама).

Віталь: Неяк раніцай за кубкам кавы я з усмешкай успомніў гэтую гісторыю, гэты этап жыцця.

— Чытачы прызнаюцца, што звяртаюць увагу на назву кнігі, яна досыць незвычайная. Які сэнс вы ўкладалі, калі пісалі (абмяркоўвалі) кнігу?

Віталь: Ёсць горад, у якім ты адзінокі. «Урб@н.М» — гэта не Мінск. Гэта хутчэй алюзія на Ільфа і Пятрова. У іх дзеянні адбываюцца ў павятовым горадзе N. Тут жа — павятовы горад М, скарочаны да аднаго знака. Люда дадала ў назву Смаўжа. Атрымалася прывабна для моладзі — Урб@н.М. Маркетынг!

Людміла: «Урбан» (urbs) з лацінскай мовы перакладаецца як «горад». І мы ўсе жывём у гэтым віртуальным або рэальным горадзе. Нездарма ж гісторыя пачалася з аб’яўлення, паслання, крыку адзіноты аднаго з жыхароў гэтага горада. Назва — як рэха гэтага крыку. Першая частка — тое, што адбываецца ў наш час, — была напісана досыць хутка, атрымаўся такі эстэцкі аповед, але мне гэтага здалося мала, тым больш яблык — адзін з сімвалаў рамана — натуральным чынам прывёў герояў у Эдэмскі сад. Так, у спробе асэнсаваць сучасныя стасункі мужчыны і жанчыны, іх вытокі ў адвечным кантэксце была створана біблейская «падкладка». Было цікава прасачыць і гістарычную перспектыву, знайсці сугучны характар. Затым у кнізе з’явіўся рэальны персанаж — Канстанцін Паклонскі, ужо тады, у XVII стагоддзі, ён пазіцыянаваў сябе «палкоўнікам беларускім» і меў амбіцыі стварыць самастойную беларускую дзяржаву вакол Магілёва. Пра яго лёс мала звестак, мала дакументаў, захаваліся толькі яго лісты. Так што рэальныя гістарычныя факты і мастацкая выдумка тут ізноў пераплеценыя.

— Ці існавала насамрэч аб’ява «гарадскога вар’ята», гатовага здаць пакой, а ў якасці платы атрымліваць магчымасць быць выслуханым?

Віталь: Так. І яно стала прычынай нашага з Людай знаёмства. Мы сустрэліся ў гандлёвым цэнтры. Не памятаю дакладна, ці гэта быў мой дзень нараджэння, ці блізка да яго. Чамусьці пра гэта гаворка ішла. Сустрэцца атрымалася не адразу. У мяне тады было шмат званкоў-лістоў, звязаных з аб’явай. Нават праз некалькі месяцаў тэлефанавалі дзіўныя людзі і задавалі дзіўныя пытанні. Вельмі негатыўна спрацавала тая рэч, што аб’яву занадта распаўсюдзілі. Першыя званкі былі ад адэкватных, на іх я і разлічваў, калі пісаў. А калі навіну апублікавалі ўсюды, то 90 % званкоў былі дзіўныя. Тады сустрэўся з некалькімі людзьмі, але толькі з адным з іх змог бы ўжыцца і мець зносіны.

А з Людай мы пабачыліся ў гандлёвым цэнтры, проста прагуляліся. Мне падабаецца хадзіць па гандлёвых цэнтрах, вакзалах. Гэта як медытацыя. У нейкай кавярні купілі вялікія шкляначкі, папрасілі ў іх замест кавы змяшаць джын з тонікам. Тады на ніжнім узроўні «Сталіцы» была тэрыторыя, дзе стаялі адключаныя аўтаматы, не было святла, нейкія месцы завешаныя поліэтыленам. Мы зайшлі, сядзелі на падлозе, пілі, палілі: не хацелася выходзіць на вуліцу. Так і пазнаёміліся. Не думаю, што ў той момант яна думала пра нейкі раман са мной. Проста ёй, напэўна, было сумна. У яе ў галаве ўжо тады складаўся нейкі сюжэт, які яна хацела пратэсціраваць у жыцці. Ужо пасля першай сустрэчы аформілася ідэя нешта напісаць. Думаю, гэта не задумвалася як раман, хутчэй, хацелася абыграць гісторыю ў форме аповеду. Я быў не супраць. Тым больш гэта не дакументальны матэрыял, і маё прозвішча, імя не будуць названыя, што было для мяне абавязковай умовай. Не думаю, што разуменне рэалістычнасці маёй персоны надало б нейкія новыя рысы сюжэту. Мы размаўлялі пра мяне як пра абстрактнага героя, адзінокага ва «Урб@не», вось і ўсё.

Людміла: Для мяне гэтая гісторыя пачалася з публікацыі ў «Комсомольской правде» аб’явы і аповеду пра яго аўтара. Што датычыцца кнігі... Безумоўна, у кожнага аўтара ў кожнай кнізе можна заўважыць аўтабіяграфічныя дэталі. Імі ён ажыўляе вобразы, прычым розныя. І дэталі гэтыя не заўсёды падзейныя, хутчэй, унутраныя перажыванні той ці іншай сітуацыі. Можна сказаць, што аўтар дорыць частку сябе кожнаму з герояў. Нават кату з маёй першай кнігі «Уладар рыбаў».

— І кату Грэгу з «Урб@н.М»?

Людміла: Каты тут — няўлоўныя і сімвалічныя персанажы. Прысутнасць чорнага ката ў цёмным пакоі... Мне вельмі спадабаўся водгук аднаго з чытачоў, які назваў кнігу «падарожжам па горадзе з вар’ятам-фатографам». Я імкнуся асвоіць абшары нашага горада ў кнізе, таму пры ўсёй умоўнасці Урбана М. у ёй шмат згадак канкрэтных месцаў і аб’ектаў Мінска. Цікава, калі кніга пачынае жыць сваім жыццём, выклікаць эмоцыі, часам не абы-якія. Кнігу часта спрабуюць класіфікаваць як жаночую прозу. Але тут хутчэй трансфармуецца вядомае выказванне: ёсць добрая літаратура ці ўся астатняя. Пісьменнік жыве над гендарам, над часам, ён здольны назіраць усю панараму. Вядома, свет у жаночым і мужчынскім успрыманні мае розныя рысы, але літаратура павінна быць якаснай без асаблівых акцэнтаў. І ўжо, вядома, бянтэжаць у наш час анахранічныя каментары кшталту «што можа напісаць баба?». У параўнанні з «Уладаром рыбаў» «Урб@н.М» чытаецца больш складана. Тут герой пазіцыянуе сябе гарадскім вар’ятам. Напэўна, больш складана сачыць за ходам яго мыслення, успрымаць мазаіку свету. Гэта не жаночы раман, а раман рыцарскі, любоўны, дзе ролю рыцара бярэ на сябе жанчына, падарожнічаючы на сваім аўто. Хацелася, каб пад модным «соусам» чытач убачыў нешта на самай справе важнае, тое, што стварае асобу.

— У кнізе героі абмяркоўваюць тэкст рамана, які нібыта разам ствараюць. Чаму былі менавіта такія задачы?

 Віталь: Я не пісьменнік, проста хацеў, каб кніга, тэкст выклікалі больш рэфлексіі. Хацелася расставіць спецыфічныя для светаадчування дэталі, маркеры, каб у іх хтосьці пазнаваў і сябе, думаў: «Я не адзін такі дэбіл». Было важна, напрыклад, знайсці аднадумцаў, якія тусуюцца на вакзале. Не таму, што ім няма дзе тусавацца, а таму, што ім падабаецца вакзал іх ён супакойвае, як і мяне. Гэта асабістае, не тое, пра што будзеш пісаць на сваёй старонцы ў Facebook. На вакзале клёва, калі ты нікога не сустракаеш, не з’язджаеш і не прыязджаеш. Гэта як чужое вяселле, калі проста падсеў за вясельны стол. Ты вучышся, назіраеш. У 2 гадзіны ночы не знойдзеш у Мінску месца цішэйшага, чым зала чакання. Я сядаю ў зале чакання і чытаю. Я гэта люблю.

— А як жа вокладка? Заўвага з тэксту — пра фота «А можа, да пояса?» — усё ж не ўлічана.

Віталь: Мая метафара тут ёсць, але з яе зрабілі нейкую навагоднюю ёлку з яблыкамі. Люда дала мне прачытаць першапачатковы варыянт, без гістарычнай часткі. У мяне своеасаблівае трактаванне сюжэта з Бібліі, якое не прэтэндуе на арыгінальнасць. У нейкі час захапляўся гісторыяй рэлігіі і рэлігіяй. І тут мы апынуліся на адной хвалі. Ідэя была ў тым, што кніга заканчваецца сімвалічным выхадам з раю, потым пачынаецца іншая гісторыя. Там не павінна быць вываду, класічнай кульмінацыі і развязкі. Герой не перастаў быць адзінокі, усё засталося на сваіх месцах. Героі проста выходзяць з адной гісторыі і ідуць у іншую. І гэта мне блізка.

— Напэўна, крыўдна, што кніга выйшла без твайго ведама і ты сам не ўдзельнічаў у яе падрыхтоўцы на фінальных этапах?

Віталь: Не. Ні ў якай ступені не крыўдна. Ні тады, ні цяпер не прэтэндую на разуменне працэсу пошуку свайго я. Я шукаю і сябе, і сваё месца ў свеце. Гэта звязана з нейкімі дзіўнымі падзеямі ў жыцці. Пра ўсё гэта трэба пісаць. Але пішуць мала.

Марына ВЕСЯЛУХА

Каментары

секс? праз е? ну можа... але ж медякансультант? літарку ы забыліся. і дзе пра ката грэгары гаворка ідзе, там няма працяжніка. цяжкавата чытаць такое(

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?