Вы тут

Ці ёсць у птушак малако, ці насамрэч крумкач — «муж» вароны?


Пра самыя распаўсюджаныя домыслы, якія строяць людзі ў адносінах да птушак, расказаў на чарговым "Зоачацвяргу" спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" арнітолаг Сямён Левы.


Совы дрэнна бачаць днём

— Днём гэтыя птушкі звычайна сядзяць у сховішчах, заплюшчыўшы ці прыжмурыўшы вочы, — кажа Сямён Левы. — І людзі думаюць, што яны не лётаюць, таму што не бачаць. На самай справе совы добра арыентуюцца і ўдзень. А свае яркія вочы прыплюшчваюць, каб іх не заўважылі іншыя драпежныя птушкі.

Падабранага птушаняці не прымуць назад у гняздо з-за паху чалавека. Нягледзячы на тое, што птушкі сапраўды адчуваюць чалавечы пах, гэта іх не спалохае і птушаня не кінуць — бацькоўскі інстынкт у іх дастаткова моцны.

Сава можа круціць галавой на 360 градусаў. У гэтых птушак галава паварочваецца значна лепш, чым у чалавека, але будова іх цела дазваляе гэта рабіць толькі на 270 градусаў у адзін бок. Поўны абарот сава рабіць не можа.

Каршуны цягаюць курэй. На самай справе каршуны — даволі рэдкія на Беларусі птушкі, прытым яны не палююць на курэй. Гэтым займаюцца шулякі-галубятнікі (раней называліся ястрабамі-цецяроўнікамі).

— Калі шуляк панадзіўся цягаць курэй, можна абараніцца ад драпежніка сеткай, — параіў Сямён Левы. — Забіваць жа іх нельга, ды і бессэнсоўна: на месца адной птушкі прыляціць другая.

Птушынае малако — гэта выдумка. У птушак ёсць сакрэт (выдзяляецца ў валляку), падобны да тварожыстай масы, які і называюць птушыным малаком. Ім птушкі, асабліва прадстаўнікі атрада голубападобных, выкормліваюць сваё патомства. Але да аднайменных цукерак гэты сакрэт ніякага дачынення не мае.

Усе чорныя птушкі ў горадзе — вароны. Насамрэч вароны (як самцы, так і самкі) маюць чорна-шэрую афарбоўку. Часта ж збіраюцца ў чароды і шумяць у гарадах яшчэ адны прадстаўнікі крумкачовых — гракі. У прыродзе ёсць і чорныя вароны, але ў нас птушкі гэтага віду рэгіструюцца вельмі рэдка — іх арэал знаходзіцца на захадзе Еўропы.

Крумкачы жывуць 300 гадоў. Па даных еўрапейскіх цэнтраў кальцаванняў, птушкай-доўгажыхаркай можна назваць буравесніка — яна можа жыць у дзікай прыродзе каля 50 гадоў. Крумкачы ж дажываюць да 23-х. У няволі гэтыя птушкі жывуць даўжэй, але таксама не шмат (дзесьці да 50 гадоў).

У дзятла бывае страсенне мазгоў. За секунду дзяцел можа стукнуць дзюбай 22 разы, а за дзень зрабіць 12 тысяч удараў аб цвёрдую паверхню. Але гэта не шкодзіць здароўю птушак дзякуючы цэламу шэрагу прыстасаванняў, якія яны выпрацавалі за час эвалюцыі.

Снягір — "зімовая" птушка. Гэта меркаванне ўзнікла таму, што людзі не бачаць снегіроў у цёплы час. Але летам яны таксама знаходзяцца ў Беларусі: гнездавы перыяд і час кармлення птушанят птушкі праводзяць, як правіла, у яловых лясах. Зімой жа снегіры прылятаюць да чалавечых паселішчаў у пошуках больш даступнага корму.

Лебядзіная песня, лебядзіная вернасць існуюць. У народзе лічаць, што лебедзі ўтвараюць пару на ўсё жыццё і паміраюць услед за сваім "сужэнцам", выконваючы апошнюю песню. Але сваім гучным голасам лебедзі карыстаюцца з розных нагод. Пры гэтым ёсць даследаванні адносна чорных аўстралійскіх лебедзяў. Вучоныя высветлілі, што 17 працэнтаў у вывадках птушанят не з'яўляюцца патомкамі самца з гэтай пары.

Птушкі на зіму не ўпадаюць у спячку. У Паўночнай Амерыцы жыве белагорлы амерыканскі казадой, які хаваецца ў шчылінах скал, упадае ў здранцвенне і так праводзіць зіму. Падобны механізм ёсць і ў стрыжоў, чые птушаняты таксама ў такім стане могуць чакаць бацькоў з ежай у складаных умовах надвор'я. Але яго нельга назваць паўнавартаснай спячкай.

Вераніка КОЛАСАВА

Фота Мі­ка­лая Гу­лін­скага

"Зоачацвер" — гэта навукова-папулярныя лекцыі пра прыроду і жывёл, арганізаваныя "Аховай птушак Бацькаўшчыны" і "Навукай па-за сабой" сумесна з ЦНБ НАН Беларусі, НПЦ па біярэсурсах і ОZ.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».