Вы тут

Як праект «Ветландс» дапамагае звярам і людзям


«А, вунь яны, прыгажуны!» — паказвае кудысьці на гарызонт Васіль ГУРКОЎ, дырэктар рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібоцкі». Праз тры хвіліны пад'язджаем бліжэй, і тры размытыя маленькія кропкі ператвараюцца ў дзясятак статных зуброў. Усяго некалькі крокаў аддзяляюць нас ад жывёл. Асноўная частка іх хутка разбягаецца, і толькі тры веліканы і адзін падлетак з цікавасцю і нейкім напружаннем глядзяць на нас некаторы час, быццам пазіруюць на камеру. Аднак не. Сапраўдныя матывы іх насцярожаных паводзін выдаюць маленькі капыток і вушка, што тырчаць з-за вялікай постаці. Як і ўсе бацькі, дарослыя зубры проста абаранялі свайго малыша.


Пасля Васіль Гуркоў расказаў, што зубры ў Налібоцкай пушчы да чалавека ўжо даўно прывыклі. А некаторых егераў нават ведаюць у твар, таму, напрыклад, з сенам могуць падпусціць вельмі блізка. Гучыць забаўна, але ўзнікае лагічнае пытанне: навошта дзікіх жывёл увогуле кормяць у заказніку, гэта ж не заапарк. Адказ трэба пачаць здалёку.

У канцы мінулага стагоддзя ў «Налібоцкім» была створана першая папуляцыя зуброў, якія жывуць на волі (дагэтуль рэдкіх жывёл трымалі тут у вальерах). І калі ў той перыяд іх колькасць бесперапынна расла, то сёння паказчыкі нараджальнасці знізіліся да нуля. Справа ў тым, што яшчэ 20 гадоў таму Налібоцкая пушча выглядала па-іншаму — разам з лесам тут гарманічна суіснавалі і адкрытыя прасторы, дзе пасвілася свойская скаціна, нарыхтоўвалася сена, а таксама карміліся і дзікія жывёлы (у тым ліку і зубры). Аднак з цягам часу людзі пакінулі заказнік, а дзікія жывёлы самастойна расчышчаць сабе лугі не паспявалі, таму хутка апошнія зараслі хмызнякамі. Сваю ролю адыграла і меліярацыя, калі большая частка поймаў была пераўтворана ў каналы, якія, у сваю чаргу, засяліліся бабрамі.

— Зубр — гэта лясная карова, якой патрэбна трава. Прытым трава, што расце ў лесе ці побач з ім. Цяпер знайсці яе ў заказніку яны не могуць, таму і пачалі выходзіць на калгасныя палі, а гэта сур'ёзная праблема, — падкрэсліў загадчык сектара міжнароднага супрацоўніцтва НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі Аляксандр КАЗУЛІН.

Дапамагчы зубрам і людзям (якія пакутуюць ад нечаканых гасцей) павінен пяцігадовы праект «Ветландс», які фінансуецца Глабальным экалагічным фондам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Па словах спецыялістаў, адна з мэт — аднавіць мазаічнасць лесу, каб жывёлы не разбягаліся. І першыя вынікі ўжо ёсць. Так, на сямі лугавых тэрыторыях да снежня будзе выдалена ўся лішняя расліннасць, а гэта каля 146 га. А ў сакавіку тут пасеюць спецыяльныя сумесі траў, якія вельмі любяць зубры: цімафееўку, купкоўку, аўсяніцу і г. д. Тэхніка, што дапамагае пазбаўляцца ад хмызнякоў, і спецыяльныя сумесі былі закуплены ў рамках праекта. Увогуле за пяць гадоў плануецца расчысціць каля 500 га такіх угоддзяў. Таксама прадугледжаны і падкормачныя пляцоўкі на зімовы перыяд з ячменем, соллю, галінамі і сенам.

Ёсць у праекта і больш маштабныя планы — генетычнае аздараўленне налібоцкай мікрапапуляцыі зубра. Для гэтага на аснове малекулярна-генетычных даследаванняў, магчыма, ужо ў наступным годзе, правядуць пашпартызацыю жывёл.

— Мы не думаем павялічваць колькасць налібоцкіх зуброў да небывалых памераў. Увогуле, іх павінна быць столькі, колькі пракорміць пушча, — сказаў Аляксандр Казулін. — У ідэале, вядома, мы хочам, каб усе беларускія мікрапапуляцыі, якіх зараз дзесяць, мелі магчымасць сустракацца.

Кацярына ЦІТОВА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: «Зубр — гэта лясная карова»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?