Вы тут

Цікавыя навіны з-за мяжы


Шчанюка пасадзілі ў турму, гаспадары нанялі для яго адваката

У Вялікабрытаніі шчанюк чау-чау апынуўся за кратамі за ўкус паліцэйскага. Як паведамляе Daіly Maіl, рашэнне падалося многім жыхарам краіны непамерна суровым.

Інцыдэнт адбыўся ў вёсцы Сток-Бруэрн графства Нортгемптаншыр. 4-месячны шчанюк па мянушцы Бангл выбег за вароты дома гаспадароў, банкіраў-мільянераў Хейс, і апынуўся на дарозе, не даючы машынам праехаць. Там яго паспрабаваў злавіць паліцэйскі, але непаслухмяны сабака ўкусіў яго за руку. Жывёлу даставілі ў аддзяленне і пасадзілі ў клетку, шчанюк можа правесці ў зняволенні да дзевяці месяцаў. Вартавыя парадку запэўніваюць, што дзейнічаюць у адпаведнасці з законам 1991 года — актам «Аб небяспечных сабаках».

Рашэнне паліцэйскіх выклікала пратэсты сярод мірных жыхароў. За шэсць дзён больш за 2,5 тысячы чалавек уступілі ў групу ў сацсетцы, якая заклікае вызваліць Бангла. Гаспадар сабакі Дэвід Хейс заявіў, што паважае паліцыю, але лічыць рашэнне празмерным і неадэкватным. Ён дадаў, што яго 15-гадовы сын так засмуціўся праз расстанне з сабакам, што яго прыйшлося забраць са школы пасярод дня. Таксама, паводле слоў Хейса, сабака ў клетцы адчувае страх і стрэс. Ён наняў адвакатаў, каб яны разабраліся ў здарэнні. Паліцэйскія адказалі, што, калі б сабака напаў на дзіця ці справакаваў аварыю, рэакцыя грамадства была б іншая, і абвінавацілі абаронцаў шчанюка ў выкарыстанні двайных стандартаў.

Пару дзён таму шчанюка ўсё ж адпусцілі дадому, ніякіх працэсаў не распачыналася.


Паслухалася маці і выйграла мільёны

Жыхарка амерыканскага штата Паўночная Караліна Шэлбі Трып выйграла ў латарэю буйны джэкпот дзякуючы парадзе сваёй маці, паведамляе партал UPІ.

Трып расказала, што неўзабаве пасля Хэлаўіна ёй патэлефанавала маці і сказала, што выйграла 500 долараў у Адукацыйнай латарэі штата Паўночная Караліна. Жанчына адзначыла, што ў яе ёсць «шчаслівае прадчуванне», таму яе дачка неадкладна павінна ўслед за ёй купіць латарэйны білет. Амерыканка прыслухалася да парады маці і набыла білет імгненнай латарэі, нічога асабліва не чакаючы. «Я нават не сцірала ахоўны пласт да самага вечара», — прызналася Трып. Калі яна ўбачыла, што выйграла чатыры мільёны, то не паверыла вачам. «Мне прыйшлося паклікаць маму, каб тая пераканалася, што я разгледзела ўсе правільна. Калі яна пацвердзіла гэта, я насілася па доме і крычала каля паўгадзіны», — расказала шчаслівая амерыканка. Дзяўчына збіраецца спаўна адплаціць маці за параду: адрамантаваць яе дом і пагасіць іпатэку.


Жаніх атрымаў кулю, але вярнуўся на вяселле

У сталіцы Індыі Нью-Дэлі жаніх атрымаў кулявое раненне падчас вяселля, але адмовіўся пераносіць урачыстасць, паведамляе Hіndustan Tіmes.

Сем'і пачалі святкаваць вяселле дома, а затым накіраваліся ва ўстанову. Жаніх ехаў у карэце, а яго сваякі і госці танцавалі на дарозе. Нечакана на карэту забраліся двое мужчын, якія далучыліся да працэсіі, і стрэлілі ў жаніха. Мужчына атрымаў раненне ў правае плячо. Ён не адразу зразумеў, што адбылося, таму ў зламыснікаў быў час уцячы на матацыкле. Жаніха даставілі ў бальніцу, але праз тры гадзіны ён вярнуўся на вяселле і працягнуў весяліцца. Пасля завяршэння ўрачыстасці мужчыну давялося зноў адправіцца ў бальніцу. У паліцыі мяркуюць, што прычынай нападзення была альбо сварка з гасцямі, альбо асабістая непрыязнасць да жаніха.

Іван КУПАРВАС

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.