Вы тут

Чым армейская традыцыя можа стаць карыснай для гісторыі?


Пік моды на дэмбельскія альбомы прыйшоўся на 70—80-е гады мінулага стагоддзя. Але нядаўна пра іх зноў гучна загаварылі. І на гэты раз дзякуючы не дэмбелям, а фотамастакам з Магілёва і Мінска. Яны стварылі праект з аднайменнай назвай і прадэманстравалі грамадскасці, што з гэтага атрымалася. Выстаўка дэмбельскіх фотаальбомаў прайшла ў магілёўскім этнаграфічным музеі на ўра. І спецыялісты ўсур'ёз прадракаюць, што армейская фотахроніка з часам можа ператварыцца ў сапраўдны від мастацтва.


Ана­толь Тал­ка­чоў, Іры­на Са­во­сі­на і Мі­рон Шчуд­ло (зле­ва на­пра­ва)  пад­час ра­бо­ты над пра­ек­там.

Савецкі хэнд-мэйд

Выстаўку рыхтавалі сумеснымі намаганнямі фотамастакі сталічнага і магілёўскага народных фотаклубаў «Мінск» і «Вясёлка», а таксама народнай «Студыі 3plus» з Магілёва. А каардынавала іх дзеянні магілёўскі фотамайстар Ірына Савосіна.

— Мы не маглі не звярнуцца да салдацкай тэматыкі, паколькі ўсё навокал уяўляе для нас цікавасць, — кажа яна. — Я памятаю сваіх старэйшых таварышаў з Магілёва, такіх як Зіновій Шэгельман і Павел Цішкоўскі, якія ў 70—80-е гады праводзілі шмат розных выставак, запрашалі калег з усяго Савецкага Саюза. Інтэрнэту не было, таму людзі сустракаліся, хадзілі разам на здымкі, рабілі выстаўкі. Гэта было добрай школай, сапраўднай фотаграфічнай акадэміяй. Гучала і крытыка, чуць якую не заўсёды было прыемна, але гэта прымушала вучыцца і расці прафесійна. Дзякуючы гэтаму захавалася шмат карыснага матэрыялу, прысвечанага вузкім бакам нашага жыцця. Тая школа шмат чаго дала, і засталося жаданне гэта працягваць. Зараз у нас моцныя стасункі з фотаклубам з Мінска, мы прывозім да іх нейкія праекты, экспазіцыі. Аднойчы ў кулуарах загаварылі пра ваеннае фота і дэмбельскія альбомы. І я зачапілася за ідэю, чаму б не зрабіць такі праект «Дэмбельскі альбом». Так, гэта фота няякаснае, аматарскае, зробленае дзесьці тайком у шафе, але ўсё роўна гэта вялікі кавалак жыцця людзей, цэлая геаграфія ад Далёкага Усходу і да Калінінграда, ад Кубы да Афганістана. І справа пайшла. Спачатку альбомамі падзяліліся мае калегі, і ўжо сёлета, 23 лютага, у Мінску была зроблена першая выстаўка. Атрымалася вельмі цікава. І вырашана было пашырыць межы. У Магілёве ў экспазіцыю трапілі альбомы яшчэ і звычайных гараджан.

А колькі розных цікавых гісторый усплыло на паверхню. Напрыклад, пра тое, як адносіліся да армейскіх фотаальбомаў у 60-я гады, аказалася, што не ўсе іх і рабілі. Знакаміты магілёўскі фотамайстар Георгій Дондзік служыў на флоце ў Калінінградскай вобласці, а потым іх, прызыўнікоў, тэрмінова накіравалі на Кубу. Гэта быў перыяд карыбскага крызісу 1962 года, калі абвастрылася супрацьстаянне паміж СССР і ЗША. Зразумела, што ў тых умовах ні пра якія альбомы і размовы не магло ісці. Але ж фота засталіся. І потым ужо праз гады дочкі занатавалі ўспаміны бацькі і ўклеілі ў фотаальбом яго армейскія здымкі. Жывы прыклад таго, што калі не шырокай грамадскасці, то для сям'і такія рэчы вельмі патрэбныя.

На сустрэчу Ірына Савосіна прынесла фотаальбом Міхаіла Краснапольскага з Быхаўскага раёна, які, на жаль, ужо памёр. Але пляменнік не выкінуў гэтую памяць пра свайго дзядзьку. Бярэш у рукі армейскі «фаліянт» і пераносішся на паўстагоддзя назад. І нікога ж тады не бянтэжылі ружовыя ружачкі на старонках, наіўныя малюнкі з рамантычнымі пейзажамі, пафасныя подпісы. Але ёсць дэталі, якія і зараз захапляюць. Чаго толькі варта адна чаканка, зробленая ў стылі моднага сёння хэнд-мэйду. Альбом Міхаіла не перацягнуты аксамітам, як гэта часта рабілася ў армейскім асяроддзі, але нейкія агульныя каноны захаваліся — тыя ж малюнкі, паштоўкі з відамі горада — усё, што перадавала тую атмасферу.

Ру­жо­выя ру­жач­кі ў дэ­мбель­скім аль­бо­ме ні­ко­га ра­ней не бян­тэ­жы­лі. На­ад­ва­рот, на­гад­ва­лі пра «граж­дан­ку» (з аль­бо­ма Ві­та­лія Апа­шню­ка).

Як пераблыталі Голацк і Полацк

Быў свой дэмбельскі альбом і ў Мірона Шчудло, яшчэ аднаго магілёўскага фотамайстра. Але, смяецца, жыццё яго так пакідала, што альбом прыйшлося разабраць і пакінуць на памяць адны фотакарткі.

У армію ён пайшоў служыць у 1965 годзе, якраз перад Новым годам. Прыгадвае, што спачатку яго накіравалі ва Узбекістан, а потым ужо ў Беларусь. Пакуль ехаў на цягніку, маляваў узбекам русалак на цыферблатах гадзіннікаў. Вельмі ім гэта падабалася. У вайсковай часці яго творчым схільнасцям хутка знайшлі прымяненне. Загадалі аформіць музей, намаляваць партрэты 77 Герояў Савецкага Саюза! І Мірон хутка справіўся. 23 лютага музей ужо адкрылі. Старанні былі ацэнены па заслугах, салдата, які толькі два месяцы таму прызваўся ў армію, заахвоцілі водпускам на радзіму.

Аднойчы яму пашчасціла правесці экскурсію па музеі для самога маршала авіяцыі, Героя Савецкага Саюза Сяргея Рудэнкі. Непрыкметна перайшлі на бытавыя тэмы. Маршал спытаўся пра бацькоў, і хлопец уздыхнуў, што дома яго чакае хворая маці, што ёсць праблемы з дровамі на зіму, зямельным участкам. А праз нейкі час пасля гэтага атрымлівае гнеўны ліст ад маці, маўляў, навошта скардзіўся, цяпер ад увагі мясцовых улад схавацца няма куды.

За­гад аб зваль­нен­ні, паш­тоў­ка з ві­дам го­ра­да, та­ва­ры­шы па служ­бе — гэ­та тыя ка­но­ны, якім ад­па­вя­даў дэ­мбель­скі аль­бом  (у да­дзе­ным вы­пад­ку Аляк­санд­ра Лі­ці­на).

У армейскай гісторыі Мірона Шчудло наогул шмат цікавых выпадкаў. Аднойчы ён нават стварыў сапраўдны перапалох у радах доблесных савецкіх ваенна-паветраных сіл.

— У штабе я чарціў розныя схемы, карты. Аднойчы перад вучэннямі далі заданне зрабіць схемы вучэнняў, графічна паказаць, які полк куды ляціць. Начальнік штаба напісаў назвы населеных пунктаў ад рукі і я прачытаў назву Голацк (ёсць такая вёска ў Віцебскай вобласці) як Полацк. І ўвесь пастаўскі полк адным узмахам рукі адправіў у Полацк на вучэнні. Начальнік штаба памылку не ўбачыў, усё гэта падпісаў і разаслаў. Пачаліся вучэнні, і ўвесь полк рушыў на Полацк. Хутка, праўда, схамянуліся, што нешта не так, пачаўся скандал. У выніку палкоўніка на паўгода разжалавалі ў маёры.

Тады ж у арміі ў хлопца адбылося і першае знаёмства з фотаапаратам. Разам з таварышам па службе, у якога такі апарат быў, адправіліся на здымкі. Мірон вельмі стараўся, пазіраваў, залазіў на дрэвы. Здымкі абяцалі быць цікавымі, але ў нейкі момант плёнка заела. Фатограф-пачатковец упэўнена адкрыў крышку, крыху яе пасунуў і пайшоў далей здымаць. І нікому няўцям, што плёнка ўжо засвечаная напалову.

З нюансамі стварэння дэмбельскіх так званых кніг памяці Мірон Шчудло знаёмы вельмі добра, бо сам намёртва «ўманціраваў» у альбом сталярным клеем армейскія здымкі. Ададраць іх адтуль ужо было не магчыма, хіба што толькі выразаць разам са старонкай. Але іншага клею не было, прыходзілася карыстацца тым, што ёсць. А свабодную ад здымкаў плошчу дамалёўвалі карцінкамі пра любоў, усміхаецца суразмоўнік.

— З фота тады адчувалася напружанне, бывала, што і салдат з натуры маляваў, — кажа ён. — А ў маім альбоме меліся нават выразкі з газеты, бо пра маю музейную справу ў цэнтральнай прэсе пісалі. Абгортку для альбома зрабіў драўляную і пакрыў лакам. А вось таварышы абцягвалі вокладку аксамітавай тканінай. У каго тканіны не было, зразалі тайком з казённых крэслаў: для альбома шукалі толькі самае лепшае.

Ад дэ­мбель­ска­га аль­бо­ма Мі­рон Шчуд­ло па­кі­нуў толь­кі фо­та­карт­кі.

Фатограф як знаходка для часці

Анатоль Талкачоў службу праходзіў у элітных войсках — у Пскоўскай паветрана-дэсантнай дывізіі. І было гэта ў 1966—1968 гадах. На той час ён быў ужо нядрэнным фатографам і лічыў, што ўсе гэтыя дэмбельскія альбомы — кіч, таму рабіць сабе не стаў. Але гэта не перашкодзіла яму захаваць нават па сённяшніх часах шэдэўральныя фота. Тут і якасць, і сюжэт цікавы. Чаго варты толькі здымак скачкоў з самалёта, калі ў паветры адначасова знаходзіцца да ста парашутыстаў. Па цяперашніх часах — проста неймаверная колькасць.

— Калі высветлілася, што я ўмею фатаграфаваць і нават маляваць, мне ў арміі адразу ж уручылі ў рукі на той час вельмі перадавы люстраны фотаапарат, — прыгадвае Анатоль. — А яшчэ ўсклалі абавязкі па маляванні і паштовых паслугах. Я быў самы жаданы для салдат чалавек, бо за час сваёй службы перанасіў ім безліч лістоў і грашовых пераводаў.

Фатограф быў паважаны чалавек нават сярод афіцэраў. Намеснік камандзіра па строі, вельмі строгі палкоўнік, якога баяліся нават калегі, прызвычаіўся хадзіць да салдата праяўляць плёнкі. На рэактывы і іншыя неабходныя дробязі грошай не шкадаваў. Здымаў жа ён актыўна і рэгулярна. Аднойчы да Анатоля завітаў таварыш, хлопец страціў пільнасць, адкрыў бачок для праявы, і палкоўніцкая плёнка засвяцілася. За такое можна было і на гаўптвахту трапіць. Але знаходлівы баец сказаў палкоўніку, што вада скончылася і, пакуль ён бегаў за ёй, плёнка пачарнела. Было відаць, што афіцэр нешта падазрае, але зразумець, дзе яго падманваюць, не можа. Усё абышлося, але паслугамі Анатоля палкоўнік больш не карыстаўся.

А ў салдата з'явіўся новы «сябра» — намеснік камандзіра дывізіі па проціпаветранай абароне.

— Ксераксаў тады не было, прыходзілася ўсё маляваць уручную. Нават сакрэтныя рэчы, — расказвае суразмоўнік. — Аднойчы спатрэбілася намаляваць схему для стрэльбаў: дзе пушкі стаяць, як ляціць самалёт і гэтак далей. І так 12 задач. Малюю 12 схем, здымаю і друкую, колькі трэба. У выніку на вучэннях, пакуль іншыя разбіраліся, што і як, мы ўжо адстраляліся і адпачывалі.

Салдаты па «паслугі» Анатоля звярталіся не часта. «Павальнай эпідэміі на дэмбельскія альбомы тады наогул не было, — удакладняе ён. — Ды і несур'ёзна гэта ўсё, думалася тады. Мае здымкі друкаваліся ў газетах, і гэта была досыць высокая планка. І толькі нядаўна я ўсё ж такі зрабіў сабе дэмбельскі альбом. З арміі засталося шмат негатываў, вырашыў крыху навесці парадак у архівах. Зрабіў, і самому спадабалася. Успаміны так і нахлынулі...

P. S.

Ірына Савосіна разам з уражаннямі ад дэмбельскіх альбомаў атрымала такі багаж армейскіх баек, што ў самы раз і кніжку пісаць. А можа, калі-небудзь яна гэта і зробіць? Выданне, можна не сумнявацца, пойдзе на ўра.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Ірыны САВОСІНАЙ

Загаловак у газеце: Альбом для «дэмбеля»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Чый боршч найлепш і навошта гарод гарадзіць.

Грамадства

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

Хоць толькі збіраюцца выйсці на рынак працы.