Вы тут

Дакументальны фільм прасачыў за жыццём бяздомнай жанчыны


Сёлета найлепшым дакументальным фільмам Нацыянальнага конкурсу кінафестывалю «Лістапад» стала работа беларуса з Расіі Руслана Фядотава «Песні для Кіта». Назіранне за вось ужо тры гады бяздомнай, але непасрэднай і жыццярадаснай (хоць насамрэч вельмі стомленай) жанчынай пазначана як супраца Беларусі і Расіі. Магчыма, гэта ўсё ж не найлепшы беларускі дакументальны фільм сезона (і гэта маё асабістае меркаванне), але зменлівасць лёсу пазбавіла яго вартых канкурэнтаў і надала статус «першага». Імем Мінскага міжнароднага кінафестывалю.


Выбраная журы работа ў нейкім сэнсе кантрастуе з яшчэ адной карцінай Руслана Фядотава з праграмы Нацыянальнага конкурсу «Саламанка», якую мы дагэтуль не можам забыць. Два гады таму, створаная ў суаўтарстве з беларускай Аляксандрай Кулак, яна таксама атрымала ўзнагароду «Лістапада» як найлепшы дакументальны фільм беларускай праграмы. Работа на стыку дакументальнага і ігравога кіно чорна-бела і стыльна расказала гісторыю чалавека з рэлігійнай абшчыны менанітаў у Мексіцы.

«Песні для Кіта», знятыя ўжо пад уздзеяннем Марыны Разбежкінай, што ў цітрах значыцца як цьютар/настаўнік, — абсалютна дакументальнае кіно, без эстэтызацыі наваколля, без ігравога складніка, без закадравага голаса, без дакладнага зразумелага сюжэта. Але ў цэнтры яго — таксама фрустраваны чалавек, які знаходзіцца ў кантэксце грамадства і яго ўплываў і марыць пра нешта іншае. Што яшчэ аб'ядноўвае дзве карціны — універсальнае значэнне, пра якія б далёкія ад Беларусі тэрыторыі яны ні расказвалі. Калі «Саламанка» трапляе ў Мексіку, то галоўная гераіня «Песень для Кіта» Рада Свістун — жыхарка Масквы, але месца дзеяння тут — напэўна, наўмысна — сцёртае. Толькі па ледзь бачным Беларускім вакзале і здагадках глядач можа ідэнтыфікаваць горад.

Дык вось, структура фільма да фінальнай яго часткі ўяўляецца замалёўкамі пра жыццё галоўнай гераіні ў розных лакацыях, без тлумачэнняў, асаблівай сувязі паміж эпізодамі, без нейкай звязнай лініі апавядання. Але сутнасць гэтых замалёвак, здаецца, у тым, каб глядач убачыў абсалютную прастадушнасць і весялосць бяздомнай гераіні, больш шчаслівай, чым многія ўладальнікі даху над галавой. І ў канцы зразумеў, што весялосць усё ж — падманлівая штука.

Усё пачынаецца ў грамадскай прыбіральні, дзе Рада фарбуе валасы, мые з мылам плюшавую цацку, крычыць прадстаўніцы, напэўна, адміністрацыі ўстановы, што нічога дрэннага не робіць і хутка выйдзе. Акуратная, непасрэдная, дзяўчынка па паводзінах, Рада ўяўляецца нейкім феноменам, прынамсі для тых, хто не зведаў бяздомнага жыцця. У яе ёсць сябры (здаецца, і каханак), тэлефон, добрае і чыстае адзенне. Яна можа танцаваць на гарадскім свяце і спяваць песні ў метро. Яна ведае, дзе пафарбаваць валасы. Яна смяецца, прычым смех у яе шчыры. Яна трывала прымае незадаволеныя каментарыі, звальненне, злоў на крадзяжы шампуню ў краме і з былой лёгкасцю пераходзіць у новы эпізод. Яна нават можа ўгаварыць лямпачку свяціць, а тэлефон — зараджацца. І выехаць на пікнік за горад, каб пасмажыць танныя сасіскі і запячы бульбу ў вуголлі. Дзень Перамогі яна святкуе так, быццам свой дзень нараджэння ў дарагім рэстаране — радуецца жыццю і ўсё. Адным словам, галоўная гераіня ламае стэрэатыпы пра бяздомных, што мы маем, альбо насамрэч з'яўляецца выключнай басячкай, якая пры ўсёй неўладкаванасці абмінае турботы, захоўваючы лёгкае стаўленне да жыцця.

І вось калі карціна ўжо ўпэўніла гледачоў у асобным радасным сусвеце Рады Свістун, здараецца пранізлівая канцоўка, што надае ўсяму сказанаму бездань сэнсаў з супрацьлеглымі эмоцыямі. Руслан Фядотаў зрабіў вельмі займальны трук, а «Песні для Кіта» — наконт назвы можна толькі прапаноўваць тэорыі — завяршыліся як уважлівы і блізкі да свайго героя падхват асабістага жыцця (часам гэтая блізкасць і «заўважнасць» выклікае асобныя пытанні).

Прэм'ера карціны адбылася на расійскім кінафестывалі «Артдакфэст», які ў свой час адкрыў і «Саламанку». Фільм таксама быў паказаны на найпрэстыжнейшым фестывалі дакументальнага кіно ІDFА ў Амстэрдаме. Выдатна, што Руслан Фядотаў — беларус, што самарэалізуецца за мяжой, — змог атрымаць узнагароду на «Лістападзе», а «Лістапад» збірае ў Нацыянальную праграму беларусаў не толькі з Беларусі. Бо надзвычай часта аўтары робяць у іншым месцы тое, чаго не зрабілі б у гэтым. «Саламанка» нашага жыцця.

Загаловак у газеце: Фарбаваць валасы ў грамадскай прыбіральні

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.