Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


У «чужой парафіі...»

Сёлета хіба ў канцы лета з'явілася магчымасць праехацца па родных мясцінах, па сваёй Бацькаўшчыне, хоць на некалькі хвілін ды зазірнуць у некалі мнагалюдныя, а зараз выміраючыя ці нават нежывыя вёсачкі, дзе жыла ці дажывае шматлікая радня: толькі ў дзеда з бабуляй было 12 дзяцей!

Такім чынам заехалі мы і да свякроўкі жончынай сястры, неспадзеўкі пагасцілі там.

А пачалося ўсё, як водзіцца, з драбязы, з агляду гаспадаркі, з гароду, у якім, нягледзячы на пустазелле, вельмі шмат што яшчэ расло. Гаспадыня, у прыватнасці, пахвалілася добрай палоскай ячменю.

— Некалі б зжала і вокам не міргнула, — уздыхнула яна, — а сёння аніякай сілы ўжо...

— Можна скасіць, — тут жа знайшліся мы.

— Ды каго тут дапросішся? Каго дзе знойдзеш?

— А не трэба — ні таго, ні другога, — падрадзіўся я. — Скашу, балазе і час ёсць, і сілы, і вопыт. У вёсцы ж вырас. З маленства араў (ручкі плуга — вышэй галавы былі!), баранаваў, касіў, вазіў... Працаваў і дома, і ў калгасе... Дык чаму б і не ўспомніць?

На падворку тут жа знайшлася каса, у цянёк, пад куст, што на мяжы, гаспадыня паставіла трохлітровік пахкага малака ад сваёй кароўкі. І справа пайшла — ажно засвістала, нягледзячы на тое, што дзянёк выдаўся яшчэ той: пакуль ячмень скасіў, слоік малака і выжлукціў.

А потым ужо разам паселі за стол. Як водзіцца, знайшлася чарачка, а да яе — свая бульбачка (толькі што з печы з хрумсткай скарыначкай), яечня са свінінкай, дамашняя, можна сказаць, пальцам піханая каўбаска... Смаката, карацей, невыказная!

Ад пуза наеўся. Трэба ж было і запіць. Наліў у кубак малака, адрэзаў лустачку батона, па звычцы шчодра «накрыў» яго маслам.

— А ў нас так не ядуць, — прамовіла гаспадыня і тут жа, пачырванеўшы, асеклася.

Мая рука з батонам павісла ў паветры, а жанчына тым часам вінавата растлумачыла, што амаль усё малачко здае дзяржаве, каб мець нейкую капейчыну, што масла дома ўжо даўно не б'е, бо для гэтага трэба было б збіраць смятану, здымаць вяршкі. А «знятае» малако, вядома ж, ніхто не прыме. І парсючку яго аддаваць шкада. А можа, і грэх... Так што масла ёй выгадней купіць, бо колькі ж яго трэба...

«Калі на батон не мазаць?» — падумаў я наўздагон і таксама пачырванеў перад гэтай мілай вяскоўкай...

А потым яшчэ і ўспомніў наша, крылатае: «Што ні хата, то свой комін» і «У чужую парафію са сваім звычаем не ходзяць». А я, бач...

Век жыві, век вучыся.

Іван А., г. Мінск


Хімік

Быў час (а можа, ён і застаўся?), калі ў вёсках самай хадавой «валютай» лічылі гарэлку. Прычым не «Маскоўскую» ці «Сталічную», а так званую карчоўку, бо сяляне «ціснулі» яе і сапраўды па лясах, па карчах... Сыравіна для гэтага — бульба, жыта, буракі — была ва ўсіх, тэхналогія прыгатавання — адпрацаваная да дробязяў, канспірацыя — амаль ваенная: тыя ж міні-
бровары працавалі гадамі. Ды і як без гэтага, калі дровы ці сена прывезці трэба, гарод узараць — таксама, дах падладзіць, бульбу выбраць ды пасадзіць... Куды ні кінь, усюды клін, гэта значыць, гарэлка.

Шмат негатыву прыўнесла яна ў жыццё, шмат гора ў сем'і, але ж і смеху было таксама.

...Наш зямляк Васіль горкім п'яніцам тады не лічыўся, але ж выпіць быў не дурны. Таму яго жонка, Ганна, гарэлку ў хаце ніколі не трымала: хавала то на гарышчы, то ў пуні, то ў склепе...

Гаспадар, праўда, усюды знаходзіў (хоць, мо, і не адразу)...

Так што Гануля мела занятак: шукала ўсё новыя і новыя хованкі.

Дык вось неяк, пасля навальніцы, Васіль пацягнуўся на ўзмежак, каб накасіць бычку травы. Ішоў памалу, глыбокай разорай паміж бульбай ды градамі, і раптам сярод цыбулі ўбачыў велікаватае шкло. Нагнуўся — дно хрушчоўскай шклянкі. Думаў, што адбітае — акуратна адгроб зямлю... Не, аказалася, цэлая пасудзінка... Надзетая на рыльца графіна, а ўжо ён — укапаны ў градку. І... не пусты!

Васіль — святкаваў! У душы. Але ж пакуль прыгроб знаходку зямлёй і вярнуўся ў хату. Жонка гатавала сняданак і як заўжды спяшалася, таму ягонае пытанне, ці не пара ўжо шчыпаць цыбулю, прапусціла міма вушэй: маўляў, вялікая — шчыпай: навошта пытаешся?

І з тога самага дня муж зажыў! Ледзь не кожны дзень ён хадзіў па знаёмай разоры. (Ганна казала, што няўдалая сёлета сеянка, уся цыбуля ў стрэлкі пайшла, трэба, маўляў зрываць.) Вось ён і стараўся: абрываў, потым адзін з даўжэзных цубукоў апускаў у графін, праз «трубачку», можна сказаць, смактаў «гаючую» вадкасць і заядаў яе свежымі вітамінамі. Васілёва цяга да іх жонку зусім не трывожыла. Але...

Усё добрае, як вядома, мае звычку дрэнна канчацца: аднойчы, апусціўшы цыбук у пасудзіну, Васіль уцягнуў толькі горкага паветра.

Час быў «замятаць сляды». Для гэтага ён узяў з кухні чайнік (з вадой, як падумаў) і наліў у графін.

— Дзе мае лекі? — перад ядой спыталася жонка.

— Гэта ж якія? — здзівіўся той.

— Я ў чайніку святаянніку заварыла, страўнік палячыць.

— Знайшла чым... Лепш бы першачку, — параіў быў муж і тут жа асекся, бо, відаць, на сваю галаву: Ганна тут жа выскачыла з хаты — рушыла ў гарод...

Назад вярталася з лямантам:

— Гіцаль! Алкаш пракляты! Я ж той першачок фільтравала, я ж думала, ён на лякарства будзе... А ты... Зноў вынюхаў, зноў выжлукціў!

— Ды вычыхаўся ён, — бараніўся мужчына. — Ты што — у школе хімію не вучыла? Градусы выйшлі...

— Слухай ты, «хімік-выдатнік»! Скажы мне: калі градусы выйшлі, то святаяннік мой як увайшоў?

Адказу на гэта пытанне ў Васіля не было. Яшчэ і таму, што перад носам у яго жонка трэсла пустым графінам. Да таго ж яны з Ганнай былі аднакласнікі, так што яна цудоўна ведала і пра яго «поспехі» ў вучобе, і пра яго «подзвігі», адзін з якіх і прыляпіў да мужчыны пажыццёвую мянушку — Хімік...

Некаму — на смех, а каму і на слёзы.

Ніна Кандрашонак, г. Петрыкаў


«Тэарэтык» марксізму

Што і казаць, пры камуністах жыццё было па-свойму цікавае, па-свойму страшнае і нават смешнае. Іншае, карацей. Так, амаль нічога не было тады ў крамах, але ж мы мелі грошы. Так, уладкоўваліся на работу па блаце, «па званку», як той казаў, але ж потым не трэсліся, не дагаджалі начальству, якое захоча — прадоўжыць кантракт, а захоча — не... Хадзілі на дэманстрацыі, крычалі «Няхай жыве!..» Але ж не плацілі столькі за дровы і лекі, не было такіх штрафаў ды падаткаў. І ў спадчыну мы ўступалі прасцей... Ну, планавалася зверху ўсё... Ну, «фільтравалася», што глядзець, што не глядзець, што насіць, што не насіць, што чытаць-выпісваць (газету «Правда» — абавязкова... Усім камуністам, начальнікам)...

Прычым вось гэтыя, скажам так, ідэалагічныя ўстаноўкі на самацёк не пускаліся. Яны, як і ўся наглядная агітацыя, былі пад кантролем. Гэта значыць, што час ад часу на месцы выязджаў адказны сакратар з райкама партыі, ацэньваў розныя стэнды з тэзісамі, паказчыкамі, графікамі росту і тады ж абавязкова заходзіў у Дом культуры ды бібліятэку...

Дык вось якраз там ён аднойчы выявіў страшнае: у калгасе (ды яшчэ «Запаветы Ільіча»!) хоць бы нехта адзін узяў пачытаць творы Леніна! Ганьба, карацей, недапрацоўка.

Бібліятэкарцы паставілі яе на від. Яна, адпаведна, тут жа зрабіла высновы, гэта значыць, праверка за парог, а ў яе ўжо ўсе «чытаюць» класікаў: паляводы — Энгельса, механізатары — Леніна, а «Капітал» Карла Маркса (можа, для таго, каб каровы тоўстыя былі — як тыя тамы) — калгасны заатэхнік.

Ну, падманула яна, ну прыпісала... А дзе тады не прыпісвалі? Бібліятэка што — горшая?

Але ж тут у хуткім часе вялікі сход. Начальства на яго панаехала, у тым ліку з райкама. Хто-ніхто вырашыў у бібліятэку зайсці — праверыць, ці палепшылася ж «чытальнасць».

Ды рэзка, як аказалася!

На пасяджэнні актыву гэты факт адзначылі. Нават больш за тое — заатэхніка, які ў кароткі тэрмін вывучыў увесь «Капітал», паднялі з месца, пахвалілі, а потым папрасілі яшчэ і сказаць, што канкрэтна ён «пачарпнуў» з Марса?

А той жа, бедны, ні сном, ні духам — нічога не чэрпаў! Стаіць, вачамі лыпае. І як той немец: «Я, я, я...»

Прыняўшы гэтае яканне за недахоп слоў, каб выказаць сваё захапленне, чалавеку дазволілі сесці. І між іншым, запаважалі.

А таму пасля сходу заатэхнік зайшоў-такі ў бібліятэку і сапраўды ўзяў дамоў «Капітал». Некалькі разоў адкрываў яго тоўстыя тамы, спрабаваў гартаць, але... «З маёй работай, — казаў, — «Му-му» не кожны адолее».

І сапраўды працаваў ён амаль кругласутачна, кніжак амаль не чытаў, але бібліятэкарку «не здаў» ні тады, ні потым.

...Вось так мы і жылі. Зверху нам нешта ўнушалі, мы рабілі выгляд, што слухаем і верым. А хто што чуў і хто ў што верыў — аднаму Богу вядома.

Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Ад яе ж чарговы напамін, што ўсе «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі з жыцця чытачоў» на старонках «Звязды» не проста друкуюцца, — яны ўдзельнічаюць у конкурсе на найлепшую. Вынікі яго будуць падведзены на пачатку наступнага года. Журы — і вялікае чытацкае, і маленькае рэдакцыйнае — працуе, гісторыі пошта прыносіць... Дасылаючы іх,  калі ласка, паведамляйце свае пашпартныя даныя і — на ўсякі выпадак — нумар тэлефона для аператыўнай зваротнай сувязі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».