Вы тут

Ніколі ўжо не вернешся, Алеся?


Гісторыя адносін паміж людзьмі, як гаворыцца, старая нібы свет. Уся сусветная культура, гуманітарныя навукі, філасофія і літаратура ў тым ліку з яе раманамі «адчужэння» і «салідарнасці» ў любой краіне скіраваныя на даследаванне чалавечых стасункаў. Таму што, як сказаў мудрэц, усе мы ў зносінах сілкуемся адзін ад аднаго.


Фота аўтара.

У чым феномен прыцягнення і сімпатыі людзей адзін да аднаго, іх раз'яднання і нават адчужэння — гэта тыя этычныя моманты зносін, якія вывучае сацыяльная псіхалогія. Іх мы спрабуем асэнсаваць у нашым прыватным жыцці. Вядома  ж, калі нам цікава, мы імкнемся да іх усведамлення, выкарыстоўваючы свой асабісты жыццёвы досвед, а таксама досвед сяброў і знаёмых. Спадзяюся, і чытач падумае, вобразна кажучы, пра тую хвалю, у якой плыве, маючы зносіны са сваімі роднымі й блізкімі.

«У любові прыняць усё, можа быць, яшчэ цяжэй, чым усё аддаць. Мы ведаем, што аддаем, але не ведаем, што атрымаем…»

Рычард Олдынгтан

Да гэтай гісторыі, якой хачу падзяліцца, маю непасрэднае дачыненне, таму з этычных меркаванняў імёны герояў публікацыі, а таксама назвы месцаў іх працы ў аповедзе змененыя.

Сустрэла даўнюю сяброўку, з якой не гаварылі па душах з паўгода: мэсэндж-зносіны і тэлефонныя званкі ў разлік не бяру. Назаву яе Ганнай. Бачу: плакала — вочы чырвоныя. Што ды чаму, пытаюся асцярожна. Не заплачаш тут, кажа. Раскажу, калі сустрэнемся ў выхадныя, як мая намесніца, якую на працу ўзяла ды ўсяму навучыла, мяне збянтэжыла меркаваннем: маўляў, я ўсім навязваю сваё жаданне…

Зразумела, што гэта не  тычылася сферы іх працы: сяброўка — дырэктар буйнога супермаркета ў Мінску, і, вядома ж, «навязванне» меркаванняў супрацоўнікам у яе — штодзённае. Патрабуецца па статусе: распараджацца, раіць, кантраляваць і нават караць, калі трэба для справы.

Але дзіўна, каб такая дробязь, як парада піць ваду з-пад крана, а не насіць з сабой у бутэлечцы з дому, спарадзіла падобнае меркаванне. Параду ж мая сяброўка дала сваёй падначаленай, Чаму яе так гэта зачапіла — пра тое я даведалася, калі мы разам адпачывалі на лецішчы ў выхадныя.

— Я ж проста ведаю, што вада ў нас у Мінску з артэзіянскіх свідравін — чысцюткая, і каго задавальняе яе мяккасць, той п'е ваду прама з-пад крана, не выкарыстоўваючы фільтры. Уяві,— казала Ганна, — яна ж нават не стала слухаць пра тое, што мы з мужам спецыяльна правяралі якасць вады ў лабараторыі, што сама п'ю гэтую ваду, а не з кулера.

А муж у сяброўкі — вучоны-гідрагеолаг: усё жыццё даследуе ваду і ведае, што пачым у гэтай воднай тэме… І мы завяршылі б, мабыць, нашу размову, рэзюмуючы, маўляў, людзі розныя, калі б Ганна не сказала: так, сілком шчаслівым нікога не зробіш, нават калі любіш…

І мы, успомніўшы кнігу «Усе людзі — ворагі» Рычарда Олдынгтана, якой зачытваліся ў маладосці, занырнулі ў нашае агульнае мінулае… Як аказалася, справа была зусім не ў меркаванні яе малодшай калегі, а ўсяго толькі адно слова «навязваеш» падштурхнула маю сяброўку да асэнсавання гэтай гісторыі.

«Усяму, што неабходна ведаць, навучыць нельга, настаўнік можа зрабіць толькі адно — паказаць дарогу…»

Рычард Олдынгтан

Пляменніцу маёй сяброўкі яшчэ дзяўчынкай-падлеткам з раскосымі зялёнымі вачыма і светла-попельнымі валасамі да пояса я добра ведала. Штогод, пачынаючы з 12-гадовага ўзросту, Алеся прыязджала ў Мінск на канікулы да сваёй цёткі Ганны, маёй суседкі па маласямейным інтэрнаце, з якога нас і звязала шматгадовае сяброўства.

Маці Алесі прывозіла дачку з заходне-ўкраінскай глыбінкі ў Львоў, садзіла ў цягнік, а Ганна сустракала дзяўчынку ў Мінску. Я добра памятаю, як яна шліфавала гэтую правінцыйную прыгажуню: прывівала густ у адзенні, у манеры трымацца, хадзіць. Вучыла размаўляць, бо ў рускай гаворцы Алесі, якая марыла стаць артысткай, шчодра выкарыстоўваліся ўкраінскія слоўцы й фрыкатыўны гук «г» ніяк не гучаў па-руску — звонка. І я таксама сёе-тое паказвала Алесі, напрыклад, як карыстацца нажом і відэльцам, напрацоўваць балетную хаду, а не наскамі ўнутр. «А ў нас так модна!»,— супраціўлялася Алеся. Шліфоўка давалася няпроста: характар у правінцыялачкі быў свавольны. Дзесяцігадовая розніца ва ўзросце паміж намі не адчувалася: і цётка з пляменніцай былі на «ты». Алеся зносілася з намі як са старэйшымі сяброўкамі. Як само сабой разумелася: Ганна выцягне Алесю з правінцыі, выведзе ў людзі. Мы ўсяляк стараліся дзяўчынку-падлетка акультурваць, імкнуліся не абразіць, давалі свабоду — выбіраць з нашых прапаноў было што.

Пасля заканчэння сёмага класа Алеся паступала ў мінскую школу спартыўнай гімнастыкі, пасля восьмага — у харэаграфічнае вучылішча. І там, і там сказалі: здольная, але ж пераростак… Сяброўцы маёй хапала сіл, цярпення, любові: у яе самой, як і ў мяне, сынок рос, таму яна вельмі любіла гэтую таленавітую дзяўчынку, дачку роднага брата. З ёй, прызнавалася мне, шапталася яшчэ, калі тая расла ў матчыным чэраве, абяцаючы яе ніколі не пакідаць, заўсёды абараняць, а потым, калі малая нарадзілася, горда крочыла з ружовым скруткам, які мірна пасопваў у калясцы, па вуліцах іх маленькага гарадка…

Мацярынскі інстынкт Ганны, як і мой таксама, перакінуўся і на Алесю. Мы паўсюль яе бралі з сабой: у госці да нашых сяброў-акцёраў, вадзілі па тэатрах. Ганна — заўзятая тэатралка, якой я прышчапіла любоў да гэтага віду мастацтва. І тут Алеся, што марыла пра сцэну… Дзяўчынка выдатна спявала, танцавала , нядрэнна дэкламавала, займалася спартыўнай гімнастыкай. У Ганны ў альбоме я бачыла пацешнае фота, дзе яе 10-гадовая пляменніца ў чорным спартыўным купальніку, падняўшы тонкія ручкі ўверх, замерла перад скачком на бервяне. І падпісаны быў здымак няроўным дзіцячым почыркам: Алеся на бервяне…

Да навук яна не надта была схільная, маўляў, артыстцы гэта ні да чаго. Але мы спрабавалі дастукацца да яе, разважаючы пра агульны кругагляд чалавека, яго духоўнае развіццё, раілі пачытаць тую ці іншую кнігу. Чытанне прозы й паэзіі давалася Алесі з цяжкасцю. «Якой жа ты будзеш артысткай, калі не любіш паэзію»,— казала ёй Ганна. Калі Алеся перайшла ў дзясяты клас і ў чарговы раз прыехала да сяброўкі на адзін з летніх месяцаў, для яе адкрылася і паэзія Марыны Цвятаевай, і проза Міхаіла Булгакава. Абставіны склаліся так, што зрабіла гэта я. Зрэшты, правільней сказаць: гэта ж Алеся тады саспела, каб успрымаць узровень літаратуры са знакам якасці. Як абвяшчае старажытная індыйская мудрасць: гатовы вучань — прыходзіць настаўнік. Вось і я ў пэўным сэнсе была для Алесі такім настаўнікам. Тым летам у ад'ездзе быў мой муж, сяброўка таксама з'ехала ў камандзіроўку, нашы дзеці адпачывалі ў бабуль — таму дзяўчынка заставалася са мной. Мы, натуральна, вялі сардэчныя гутаркі, гаварылі й пра каханне. Таму і лірыка Марыны Цвятаевай была вельмі дарэчы. Алеся слухала і ўжо не пратэставала супраць чытання вершаў. Ну, а раман «Майстар і Маргарыта» Булгакава я вельмі люблю сама, таму проста неяк узяла кнігу з паліцы, адкрыла і пачала чытаць услых. Праявіла валюнтарызм, праігнараваўшы Канфуцыя: варта вучыць таго, хто шукае ведаў, выявіўшы сваё невуцтва. Чытаючы, краем вока назірала… Па меры разгортвання фабулы рамана вочы Алесі пачыналі блішчаць ярчэй, і я ўбачыла ў іх суперажыванне. Чытанне захапіла нашу выхаванку. Кажу «нашу», бо прымала вялікі ўдзел у далучэнні Алесі да літаратуры, тэатра, як і да паўсядзённых жаночых абавязкаў.

Уласна, мы з Ганнай нічога не рабілі. Усё складвалася як бы само сабой. Алеся бачыла, як жывем мы, і, вядома, упітвала, як губка, усё, што ёй падабалася ў нашым асяродку. А жылі мы весела, дружна і з суседзямі па інтэрнаце. Бо тое была маладосць, калі лёгка сябравалася і на ўсё хапала часу. Ніхто з нас тады не задумваўся пра асабісты камфорт, і калі словы «стомленасць» ці «недахоп часу» гучалі побач, мы ўспрымалі іх як нешта чужароднае. І ў далёкай будучыні былі тыя сённяшнія дні, калі ўсё менш часу на сяброў і сваякоў. Калі ўсё больш востра адчуваеш, што ён ляціць, і ўсё больш цэніш уласны камфорт і магчымасць займацца творчасцю.

«Ніхто не можа ведаць па-сапраўднаму іншага чалавека. Можна толькі адгадваць, калі любіш…»

Рычард Олдынгтан

Так, часу і сіл у маладосці хапала на ўсё. І, мабыць, кожны дзень жыцця дарыў радасць і новы досвед. Таму і дні былі доўгімі, а не кароткімі, як цяпер. Цікава і мне было клапаціцца пра Алесю. Часам я нават забывалася пра тое, чыя яна пляменніца. Гэта было наша агульнае з Ганнай дзіця, якое год ад году падрастала. Мы захапляліся наіўнасцю, непасрэднасцю Алесі… А таксама працаздольнасцю і ўпартасцю. Ды і ўсе суседзі па нашым сямейным блоку яе любілі, таму выяўлялі шчырую зацікаўленасць у лёсе дзяўчыны: з задавальненнем слухалі, як яна спявае, чытае вершы, ненадакучліва раілі, як апрануцца і прычасацца на першы экзаменацыйны тур. Усё было скіравана на агранку «алмаза» з правінцыі.

Я ніколі не забуду, як Алеся з'явілася пакараць сталіцу — паступаць у тэатральна-мастацкі інстытут. Мы з Ганнай падрыхтавалі для яе арыгінальную праграму — прозу, паэзію. Сябар-акцёр падабраў байку. Я вучыла нашу будучую зорку дэкламаваць, тлумачыла, што важна не толькі прыгожа прачытаць тэкст, але й адчуць яго душу, самой захапіцца, і тады, казала, табе паверыць журы. І вось дзень настаў. Ранкам суседзі сабраліся на кухні, каб пажадаць Алесі поспеху і, калі тая пайшла, згрудзіліся каля акна, каб з вышыні пятага паверха ўбачыць, як наша выхаванка, пастукваючы абцасікамі, ляцела ў інстытут — насустрач свайму лёсу. І Алеся паступіла! Меркаванне журы было адназначным: туры абітурыентка з Украіны прайшла бліскуча! І ніхто з выкладчыкаў не заўважыў украінскага акцэнту ў яе вымаўленні. Аб тым па сакрэце мне сказала сяброўка педагога, які набіраў курс на акцёрскае аддзяленне.

Ганна радавалася бязмерна: яе дзяўчынка вырвецца з глухамані, яна ж усё для таго зрабіла! І гэта была наша агульная перамога. Святкавалі мы яе ў крымскім Кактэбелі, куды вялікай камандай паехалі адпачываць і дзе новаспечаная студэнтка была ўсеагульнай любіміцай. І нам здавалася, што добра ведаем Алесю, і наперадзе ў яе — шлях поспеху і радасці: яна ж была такая таленавітая і мэтанакіраваная. Але мы не адгадалі, бо не задумваліся над тым, што сталенне чалавека — гэта і камяні на дарозе жыцця, і расчараванні, і страты. А яшчэ — сукупнасць генаў і выхавання. Тады ж мы яшчэ былі дылетантамі ў пытаннях пазнання сябе, чым зацікавіліся значна пазней, калі сталі дарослымі нашыя сыны. Так, нам з Ганнай здавалася, што шчаслівы лёс Алесі быў наканаваны на бліжэйшы час, калі не назаўсёды. Як жа мы памыляліся: бо нават хвіліну — і тую не ўтрымаеш, як гучыць у Рэмарка ў «Трыумфальнай арцы». Што ўжо тут казаць пра «назаўжды»! А юную Алесю і пагатоў было — не ўтрымаць…

«Жыві і памыляйся. У гэтым жыццё. Не думай, што ты не можаш быць дасканаласцю,— гэта немагчыма…»

Рычард Олдынгтан

Вельмі часта менавіта сапраўдная дружба, кажуць псіхолагі, дапамагае нам пасталець, зразумець, хто мы ёсць і куды нам рухацца далей. Але калі мы вырастаем, то ўсё больш забываем пра людзей, якія не толькі дапамагалі нам прымаць важныя жыццёвыя рашэнні, а й дзяліліся кавалкам хлеба. Зразумела, прычыны гэтай няпамятлівасці могуць быць самыя розныя. Так здарылася і з Алесяй.

Яна ўсё радзей з'яўлялася ў нас у інтэрнаце, калі й забягала, то на хвілінку да Ганны. Жыла ў студэнцкім інтэрнаце. У яе з'явіліся сябры, сяброўкі. Неяк заскочыла на даўжэй, мы яе пакармілі на кухні пад гукі «АВВА». Нагадаю: гэта культавы шведскі музычны квартэт, які быў у зеніце славы ў 1972–1982 гадах і названы па першых літарах імёнаў выканаўцаў. І вось тады ўпершыню й мяне Алеся непрыемна здзівіла, дапусціўшы бестактоўнасць у адносінах да суседзяў, ды й да нас, кінула: што вы тут гэтую састарэлую музыку слухаеце, мода на яе прайшла… Я раптам убачыла яе непрыгожай. Мы з Ганнай пераглянуліся, і нічога ёй не сказалі. Вядома ж, гэтую прыкрую рэпліку апраўдалі тым, што Алеся такая маладая, ад правінцыяналізма яшчэ не пазбавілася, маўляў, жыццё навучыць яе ўстрымлівацца ад рэзкіх, не далікатных меркаванняў.

Жыццё і вучыла. Праз першае каханне, ды такое яркае, што на курсе ўсе зайздросцілі: як гэта яе, 18 гадовую дзяўчынку, абраў самы-самы, таленавіты студэнт-прыгажун, старэйшы ў групе. Гэта было першае каханне Алесі, якое дабавіла ёй жаноцкасці. Нават знешне дзяўчына змянілася: стала больш мяккай. Куды й падзелася яе рэзкасць. Гэтая артыстычная пара часта бывала у нашым інтэрнаце, і суседзі, дзякуючы абаяльнасці таго, хто быў побач з Алесяй, забыліся пра яе крытыку «АВВА», ці то апраўдалі тую нетактоўнасць маладосцю, як і мы з Ганнай.

 А потым усё неяк разам абвалілася… Скончыўшы першы курс, Алеся прыйшла да нас і паведаміла: яе сябар, якога не задавальняў узровень выкладання, кідае інстытут, а яе на другі курс не пераводзяць і раяць забраць дакументы. Мы з Ганнай былі аглушаныя, але так і не змаглі зразумець, чаму Алесю адлічылі. Бо ацэнка яе здольнасцяў на працягу першага курса была высокай, ведаем таксама, што на ўзроўні народных артыстаў ёй прадказвалі бліскучую кар'еру артысткі драмы. Дзіўна паводзіла сябе й сяброўка кіраўніка курсу, не кажучы нам пра сапраўдныя прычыны: чаму наша дзяўчынка не можа працягваць вучобу. І сама Алеся, як нам здавалася, чагосьці не дагаворвала. І тады мы прыдумалі легенду для знаёмых: сышла яна з акцёрскага аддзялення з-за свайго каханага. А з часам гэта стала не важна.

«Памылак не бывае. Падзеі, якія мы прыцягваем у нашае жыццё, якімі б непрыемнымі для нас яны ні былі, неабходныя для таго, каб мы навучыліся таму, чаму павінны навучыцца…»

Рычард Бах

Амаль цэлы год Алеся жыла ў Ганны. Аксане ж, яе маці, вырашылі не гаварыць аб адлічэнні дачкі, каб не хваляваць. Часам дзяўчына і ў мяне начавала: сынок яе любіў, і Ганне трэба было даць магчымасць пабыць з мужам і сынам. Яшчэ Алеся падзарабляла ў дзіцячым садзе, куды хадзілі нашы з Ганнай хлопчыкі, яна іх і вазіла туды і назад. Вядома ж, дзяўчына перажывала. Мы як маглі яе падтрымлівалі: і маральна, і матэрыяльна. А потым Алесю ўзялі-такі ў адзін з мінскіх тэатраў, дзе яна з часам стала вядучай актрысай. Скончыла завочна інстытут па сумежнай спецыяльнасці, выйшла замуж, нарадзіла дачку. Але так склалася, што яе муж чамусьці не ўспрымаў цётку: ці то раўнаваў пляменніцу да Ганны, ці то не хацеў ні ад каго прымаць дапамогу, ці то Ганна яму проста не падабалася. Вядома ж, і такое бывае. Ганна толькі зрэдку ездзіла да Алесі ў госці на іх здымную кватэру, калі мужа там не было. Распавядала мне, якая пляменніца разумніца: чысцюля, гаспадыня. І апрануцца ўмее пры невялікіх фінансавых магчымасцях. Ды і ў тэатры ўсё добра складвалася.

Гады ішлі. Мы з Ганнай бачыліся не часта, раз'ехаўшыся па сваіх кватэрах. І калі перасякаліся з Алесяй у гасцях ці то ў мяне, ці то ў Ганны, гаварылі без перапынку. І здавалася, наша сяброўства ніколі не скончыцца. Ох, ужо гэта ніколі… А потым я даведалася ад Ганны: Алеся развялася, а праз год выйшла замуж за сябра мужа цёткі. Ганна і вяселле зладзіла ў сябе дома: бацькі мужа не надта былі захопленыя абранніцай сына, у якой была дачушка. У хуткім часе скончылася і акцёрская кар'ера Алесі. З тэатра сышоў кіраўнік, і яна вырашыла прысвяціць сябе сям'і. Так прайшло 12 гадоў. У Алесі нарадзіліся яшчэ дзве дачкі. Дарэчы, Ганне пляменніца даверыла ўсіх трох сваіх дзяўчынак выкупаць пасля вяртання дадому з радзільні: бо мама была далёка. І Ганна ганарылася, што гэты традыцыйны славянскі абрад купання новароджаных выконвае яна, як старэйшая ў мінскім сямейным клане. Дочкі Алесіны раслі, а Ганна жартавала, што ў маладым узросце стала, як сама сябе назвала, цёткай-бабуляй — бо ўсе тры прыгажуні былі яе ўнучатымі пляменніцамі. Яна іх таксама любіла, і калі даводзілася сустракацца, кожны раз імкнулася іх пацешыць. І ёй было прыемна, што нават за такую дробязь, як шакаладка, дзяўчынкі былі ўдзячныя. А калі запрашала да сябе ў госці, то ўлаштоўвала свята з песнямі, вясёлымі жартамі й шчодрым застоллем. Адна з дачок Алесі аднойчы сказала: Ганна, ты — жанчына-свята. І я ведала ад сяброўкі, хоць і сама ў тыя дні не раз сярод іх бывала, што пачуццё сваяцтва і сяброўства іх не пакідала. А ў апошнія гады большасць выхадных яны праводзілі разам: выбіраліся на пікнікі — то ў лес, то на лецішча сына Ганны… Часам і без дзяцей, бо тыя станавіліся ўсё больш самастойнымі.

«У нас заўсёды няправільны пункт адліку. Замест таго каб пачынаць з сябе, мы хочам выпраўляць іншых, а сябе пакідаем на потым. Пачні кожны з сябе — вось нам і будзе святло паўсюль! Святы Іаан Залатавуст кажа: «Калі чалавек сам сабе не нашкодзіць, ніхто не зможа яму нашкодзіць!»

Сербскі старац Фадзей Вітаўніцкі

Аналізуючы сітуацыю, якая склалася паміж Ганнай, Алесяй і яе дарослымі дочкамі, я натыкнулася на роздумы псіхааналітыкаў: ці будуць людзі сябраваць і мець зносіны, калі пасталеюць — тое залежыць ад іх адданасці адзін аднаму і часу, які яны гатовыя ахвяраваць на зносіны. Магу сказаць, з Ганнай у нас так і атрымалася. Па гэты час, хоць і не часта, мы сустракаемся і з задавальненнем маем цёплыя зносіны, гаворым па душах. А вось у Алесі з цёткай дружба разладзілася. Ганна страшэнна перажывала гэты разрыў, і нават «сарвала» сэрца: ляжала ў бальніцы. Бо як дачка была для яе Алеся, прызналася. Ганна і з псіхолагам кансультавалася, да якога пайшла з пытаннем: ці трэба наогул было браць на сябе адказнасць, выцягваць з правінцыі пляменніцу? Гэта быў ваш выбар, адказала тая і, выкарыстоўваючы псіхалагічныя тэсты, патлумачыла, што ў Алесі пачаўся перыяд, калі ёй трэба ўсе аўтарытэты адкінуць, у тым ліку і любімую цётку, каб павысіць сваю самаацэнку, іншымі словамі, стаць дарослай. Парадокс, але й Ганна, якая вучыла пляменніцу не залежаць ні ад чыіх меркаванняў: калег, дачок ды яе асабістых, аказалася вінаватай. Так бы мовіць, хоць і з добрых намераў, навязвала Алесі свае парады і жаданні, а яшчэ «лезла» ў яе сям’ю, цікавячыся, як там справы. Магу Ганну зразумець: ад такога абвінавачвання цяжка было не «сарваць» сэрца. Тым больш, калі сам ведаеш, куды добрыя намеры могуць завесці.

І цяпер, калі мы з сяброўкай сустрэліся, яна прызналася мне, што за паўтары гады іх растання з пляменніцай Ганна ўсвядоміла, у чым памылялася ў дачыненіі да сваёй дзяўчынкі. І расказала без утойвання, што ж адбылося. Аказалася, у адным з эмацыйных станаў, выкліканых асабістай стомленасцю, назапашанымі праблемамі на працы, якія аслабляюць чалавека, яна дазволіла сабе ў дыялогу з мужам крытычна выказацца пра Алесю, бо тая адцягвала сваё рашэнне аб сумесным адпачынку з цёткай. Маўляў, неразумная, зноў пачаліся ваганні… Аказваецца, быў яшчэ момант у іх жыцці, калі пляменніца вадзіла цётку за нос, абяцаючы сумесны адпачынак. А мужчыны, як вядома, не надта любяць прымаць удзел у абмеркаванні «жаночых» пытанняў, накшталт тых, што трэба купляць авіябілеты, і хто з кім будзе жыць… Ды яшчэ пасля напружанага працоўнага дня. Муж Ганны ўскіпеў, дасталася ўсім: і ёй, і Алесі з мужам, і яе старэйшай дачцэ. Успомніліся іншыя трэнні паміж сем'ямі, якія лёгка знікалі: бо чаго не бывае між сваякамі, калі яны любяць адзін аднаго. Сяброўка, як магла, супакойвала мужа, шкадавала, што завяла тую гутарку, адчуваючы, што не павінна была настойваць на сумесным адпачынку з Алесяй. Больш таго, вымавіла: так, мы з табой на іншай хвалі… І муж, і жонка не чулі, што на працягу размовы на павышаных танах нехта стаяў у пярэднім пакоі, а потым знік. То была Алеся, якая тую размову потайкам падслухала.

«Перш чым асуджаць кагосьці, вазьмі яго абутак і прайдзі яго шляхам, паспрабуй яго слёзы, адчуй яго боль. Наткніся на кожны камень, аб які ён спатыкнуўся. І толькі пасля гэтага кажы, што ты ведаеш — як правільна жыць…»

З размовы вучоных з Далай-Ламай

Псіхолагі маюць рацыю, калі гавораць: людзям важна адчуваць, што іх укладванне ў сяброўства раўназначнае — што яны атрымліваюць столькі ж, колькі аддаюць. Адданасць і ўменне аддаваць  — яшчэ адна ўмова сяброўства на ўсё жыццё. Ганна гэта рабіць умела у дачыненні да сям'і Алесі. Але яе памылка, па-мойму, была ў тым, што чакала ад пляменніцы таго ж, успрымаючы яе як саму сябе. А дзяўчына ў сілу розных прычын не магла весці дыялог, як гаворыцца, на той жа частаце хвалі, даць Ганне, чаго б ёй хацелася: адкрытасці, шчырасці, душэўнасці, жадання ўдасканальваць сябе, прызнаваць свае памылкі, аналізаваць іх разам… У гэтым сэнсе Ганна — прыклад і для мяне. Калі ў чым памыліцца, то лёгка прызнае сваю недасканаласць. Аднак Алеся — іншая, яе ўнутраны свет — закрыты. Яна не церпіць крытыкі ў свой адрас і, як правіла, не прызнае сваіх пралікаў нават у зносінах з блізкімі. Такія людзі не ўмеюць (не хочуць?) прасіць прабачэнне. Чаму? Падказку ў развагах над гэтым знайшла ў Далай-ламы, чым і падзялілася з Ганнай. У яго ёсць меркаванне: калі на пачатку жыцця чалавек падвяргаўся небяспецы, то і ў далейшым ён будзе пастаянна глядзець на свет як на крыніцу небяспекі.

А сутнасць у тым, што Алеся нарадзілася ў няшчаснай сям'і: яе бацька, брат Ганны, піў і жорстка абыходзіўся з маці. Вось адкуль, як кажуць, ногі растуць. Дзіцячымі псіхалагічнымі траўмамі, пэўна, можна растлумачыць і душэўную закрытасць Алесі, і яе нястрымнае жаданне стварыць свой свет камфорту і бяспекі. Як і жаданне чуць адабрэннне ў свой адрас і ад цёткі, і ад дачок. І ніякай крытыкі! Любое напружанне з боку, у тым ліку тое, што ішло ад вас з мужам, казала я Ганне, пляменніца, сталеючы, успрымала як навязванне стылю жыцця, у якім была для яе небяспека. Спачатку маўчала, цярпела. А вы, навязліва раячы працаваць над сабой, заходзілі на яе асабістую тэрыторыю без дазволу, абмяжоўвалі яе волю. Вы ўспрымалі яе як сябе. А яна, паўтаруся, іншая. Тое, што для вас, паміж вамі, непрыймальна, у сям’і Алесі — норма. Але ж гэта, мяркую, зусім не значыць, што працэс усведамлення сябе ў такіх людзей не ідзе. А тут раптам яна чуе — «неразумная», на «іншай хвалі»… Ды яшчэ ад каго? Ад той, што карысталася ў яе вялікім аўтарытэтам. А мужа Ганны Алеся наогул лічыла ідэалам. Як там кажуць, куміры былі зрынуты…

У такіх выпадках псіхолагі раюць: любіш — прымай чалавека такім, які ён ёсць, не спрабуй яго змяніць. І апраўдвай яго недасканаласць, і даруй: бо і сам ты — недасканалы. Памятаеш, казала я Ганне, у Олдынгтана ёсць радкі: «Ніколі не спрабуй зрабіць іншых тым, чым у цябе не атрымалася…». А не задавальняе нешта ў чалавеку — сыходзь. І Ганна, і яе муж, наадварот, спрабавалі пры сустрэчах раскрыць вочы пляменніцы на саму сябе, каб тая разумела, чаму ў яе ўзнікаюць цяжкасці з мужам, з дочкамі. Больш таго: маглі падтрымаць не яе, а яго ў той момант, калі менавіта мужчыну трэба было ўсвядоміць меру сваёй адказнасці ў сямейнай дыскусіі. Я разумею, што ў жаданні ашчаслівіць Алесю Ганна і яе муж памыляліся. Лепшае, што яны маглі зрабіць — выслухаць тых, калі ім тое было патрэбна. А рэзкая размова, якую падслухала Алеся, прывяла да заканамернага выніку: сем'і рассталіся. Пляменніца пазней сказала: «Я ўсё чула». І не даравала Ганне, хоць і гаварыла пры сустрэчы праз паўгода, што на цётку не крыўдзіцца. Больш за тое, асудзілі Ганну і дочкі Алесі, бо яны, як аказалася, вельмі раўнавалі маці да зносін з цёткай…

Пасля аповеду Ганны ў мяне склалася ўражанне: усе члены сям'і Алесі, якіх цётка не аднойчы апраўдвала, падтрымлівала, выслухоўвала, калі яны скардзіліся адно на аднаго, і раіла прымірыцца, усклалі віну за трэнні ў іх жыцці, сямейныя канфлікты — на яе. Але, разважалі мы з вышыні сваіх гадоў, не варта на іх за гэта крыўдзіцца, бо крыўда — рэч небяспечная: можа разбурыць чалавека знутры, калі ён нават пра тое не падазрае. Сваякі ж у той момант жыцця і сапраўды плылі ў іншых яго хвалях. Гэта ні добра, ні дрэнна. Проста ім зручней было ў шторм на іншым караблі. Пажадаем ім спадарожнага ветру. А то й штылю. У іх жа цяпер ўсё добра? Магчыма, калі-небудзь мы і прышвартуемся ў адной ціхай гавані. І адноўленымі сустрэнемся — для радасці.

Валянціна Ждановіч

Графічнае афармленне Артура Гурына

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».