Вы тут

Як вучоныя з Магілёва ўкладвалі інвестыцыі ў сябе і што з гэтага атрымалася


Магілёўская інавацыйная фірма «ЭКОМП», якая спецыялізуецца на вытворчасці вырабаў тэхнічнага і медыцынскага прызначэння, была створана ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. А калі ўлічваць, што сваю дзейнасць заснавальнікі пачыналі яшчэ ў сярэдзіне 80-х, адзіным інвестарам на ўвесь вялікі Савецкі Саюз быў бюджэт. Найлепшыя выпускнікі Магілёўскага машынабудаўнічага інстытута (цяпер Беларуска-Расійскі ўніверсітэт) выбралі сваёй прафесіяй навуку і, па сутнасці, зараблялі грошы для сваёй альма-матар, бо складалі касцяк навукова-даследчай лабараторыі валаконна-аптычнай тэхнікі, якая існавала пры ўстанове. Маладыя вучоныя прапаноўвалі не проста ідэі, а канкрэтныя распрацоўкі, якія былі запатрабаваныя ў ваеннаабароннай прамысловасці Савецкага Саюза. Але аднойчы ў краіне была аб'яўлена канверсія, і фінансаванне такіх вось невялічкіх навукова-даследчых лабараторый прыпынілася. Распрацоўшчыкі вымушаны былі выйсці ў адкрытае плаванне і паспрабаваць прадаць свой «інтэлект» як мага даражэй.


Аляксандр Кац дэманструе надгляднае абсталяванне.

Заказ для Хадаркоўскага

— Адна з першых структур, якая была фактычна створана Міхаілам Хадаркоўскім, «МЕНАТЭП»(міжгаліновыя навукова-тэхнічныя праграмы) прыцягвала маладых вучоных, канструктараў, каб з іх дапамогай вырашаць рэальныя патрэбы эканомікі, — расказвае Аляксандр Кац, дырэктар ТАА «НВП ЭКОМП». — У Савецкім Саюзе таварны рынак быў пусты, дрэнна было і ў прамысловасці, і ў ахове здароўя. Тады мы і звярнулі ўвагу на галіну медыцынскага абсталявання. Да гэтага рабілі для авіяцыі спецыяльныя бараскопы — такія тоненькія «вочкі», з дапамогай якіх можна было заглянуць у самую вузкую адтуліну. Але, як выкарыстаць на практыцы свой вопыт у грамадзянскай сферы, мы не ведалі. Пакуль не падвярнулася структура Хадаркоўскага. На той момант у медыцыне існавала патрэба ў лазерна-тэрапеўтычных устаноўках. Мы іх стварылі.

Калі разваліўся Саюз, паўстала праблема з дзяржрэгістрацыяй нашай медыцынскай тэхнікі. Без гэтага нельга было яе прадаць — ніхто не купіць. Першыя некалькі вырабаў атрымалася зарэгістраваць толькі ў 1993 годзе. Тады ж паехалі на першую выстаўку ў Маскву і ўсе свае прыборы прадалі. А заадно знайшлі новых заказчыкаў і партнёраў.

На патрэбу дня

— Чым жыве сёння інавацыйная фірма? Хто ў яе інвестуе? Ці бярэ яна пазыкі?

— Мы самадастатковыя. Ніякіх пазыковых сродкаў не бяром, жывём выключна на сваё заробленае, — усміхаецца Аляксандр Кац. — Мы занялі сваю нішу і працуем выключна на заказы. Зараз, напрыклад, карыстаецца попытам надгляднае абсталяванне. Паколькі ва ўсім свеце існуе пагроза тэрору, шмат арганізацый, для якіх бяспека не пусты гук, набываюць гэтую прадукцыю. Робім простыя аптычныя даглядчыкі і больш прасунутыя — з электронікай і відэафіксацыяй. Дарэчы, пасля тэракта ў мінскім метро ў адным выданні пад фота чалавека з нашым надглядным абсталяваннем напісалі, што яно англійскае і вельмі дарагое. Я нават абуральны ліст выдаўцу накіраваў. Маўляў, крыўдзіце беларускага вытворцу. І яны далі абвяржэнне.

— Ваша прадукцыя з'яўляецца імпартазамяшчальнай?

— У Беларусі ёсць закон аб дзяржаўных закупках, і трэба прытрымлівацца пэўных працэдур. Акрамя нашых вырабаў у краіне зарэгістраваны расійскія, кітайскія, нямецкія... Нашы вырабы не горшыя за нямецкія і японскія, але нельга дырэктыўным шляхам прымусіць кагосьці браць толькі ў нас. Мы, напрыклад, пастаўляем нашы вырабы ў медыцынскія арганізацыі Беларусі. Але нам беларускага рынка вельмі мала. Той жа кальпаскоп намінальна павінен стаяць побач з кожным гінекалагічным крэслам. У 2003 годзе, напрыклад, па звестках Міністэрства аховы здароўя, патрэба ў іх была ў Беларусі прыблізна 440 штук. Гэта для нас усяго некалькі гадоў работы. А вось у Расіі маштабы большыя. Закупкі там таксама часткова цэнтралізаваныя, але нам пашчасціла знайсці добрых партнёраў.

— З якімі праблемамі даводзіцца сутыкацца?

— Складанасць у тым, што новыя медыцынскія вырабы нельга прапанаваць адразу ж, іх трэба спачатку зарэгістраваць. А працэдура рэгістрацыі расцягваецца на год-паўтара — тэхнічныя, клінічныя выпрабаванні, вялікая колькасць дакументаў. Гэта працэдура жорстка рэгламентуецца, яна складаная і дастаткова дарагая. Да таго ж раз у пяць гадоў рэгістрацыйнае пасведчанне трэба пацвярджаць. Апошнюю рэгістрацыю мы праходзілі ў 2016 годзе. І калі ў 2011 годзе ўвесь цыкл выпрабаванняў каштаваў нам 300 долараў, то ў 2016-м ужо каля 1500 долараў у эквіваленце. За пяць гадоў можаш столькі прыбытку не зарабіць, колькі ўкладзеш у распрацоўку, у гэтым праблема.

Дзе браць інвестыцыі?

— У Беларусі, здаецца, створаны ўсе ўмовы для інвестараў, але іх усё роўна не хапае. Як вы думаеце, чаму? — цікаўлюся ў суразмоўніка.

— У свеце асноўны спосаб прыцягнення інвестыцый — акцыі. Любая кампанія, якая хоча развівацца, не мае грошай, прапануе свае акцыі. Калі ў нас у краіне стваралі акцыянерныя таварыствы, ідэя была менавіта прыцягнуць грошы. У нашым разуменні, што нехта прыедзе і дасць нам грошы. Але так не бывае. Тыя ж кітайцы проста так грошы не даюць. Гэта або звязаны крэдыт — вось вам грошы, а на іх вы купіце ў нас тое і тое. Або, калі трэба нешта пабудаваць, яны таксама выкарыстоўваюць усё сваё. Любы донар зацікаўлены ў тым, каб зарабіць. Рынак акцый — барометр. У Беларусі з гэтым складана, бо якое прамысловае прадпрыемства ні вазьмі — манаполія. У гэтым, магчыма, ёсць свой сэнс. Бо так беларуская маёмасць можа перайсці ў чужыя рукі.

Летась на рахунках беларускіх грамадзян было 16 мільярдаў рублёў — вялікія інвестыцыі. Для банкаў гэта абаротныя сродкі, але вялікага прыросту эканомікі яны не даюць. У краіне створаны ўмовы для бізнесу, але не хапае стартавага капіталу. Каб тую ж кавярню адкрыць, трэба 300 тысяч долараў. А дзе іх узяць? Вы ж разумееце, стартапу акцыямі не выцягнуць, ён павінен скарыстацца пазыковымі сродкамі. Той жа крэдыт браць нявыгадна. Ужо ў наступным месяцы трэба пачынаць яго вяртаць. На наш маленькі рынак інвестары не спяшаюцца ісці. Ва ўсім свеце, дзе рыначная эканоміка не такая маладая, як у нас, грошы ўкладваюць у нешта даходнае.

— А ці ёсць краіне карысць ад такіх маленькіх фірмаў, як ваша?

— Маленькія фірмы добрыя тым, што ад заснавальнікаў патрабуюць мала выдаткаў, але прыносяць краіне вялікую карысць. У Беларусі ў 2016 годзе недзяржаўныя прадпрыемствы давалі ўклад у ВУП каля 30 %. У заходніх краінах працэнт наогул даходзіць да 60—65 %. Такімі фірмамі можна часткова вырашыць праблему недахопу інвестыцый. Яны не крэдытуюцца, не звяртаюцца да пазыковых сродкаў, але і не абцяжарваюць дзяржаву, плацяць падаткі і ствараюць рабочыя месцы. Маленькія фірмы закрываюць нішы, куды дзяржаве і буйным вытворцам ісці нявыгадна.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Вялікія магчымасці маленькай кампаніі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».