Вы тут

Беларуская царква ў Лондане намінавана на званне найлепшага будынка Еўропы


Беларуская царква, пабудаваная ў Лондане па замове беларускай дыяспары архітэктарам Цзыўаем Со, ужо атрымала шматлікія ўзнагароды ў архітэктурных конкурсах. Спраборнічаючы з будынкамі, створанымі найлепшымі архітэктурнымі школамі свету, яна неаднаразова абыходзіла іх і прызнавалася пераможцай. Камернасць, архітэктурная вытанчанасць і ўзнёсласць да неба сумяшчаюцца ў ёй з пэўнай утульнасцю і нават дамашняй атмасферай. Цяпер царква зноў намінавана — на званне найлепшага будынка ў Еўропе! Карэспандэнт «Звязды» пагутарыла з яе стваральнікам — архітэктарам Цзыўаем Со і распытала пра крыніцы натхнення і пра нюансы будаўніцтва беларускай царквы ў Лондане.


— Спадар Цзыўай, у свой час вы шмат вандравалі па Беларусі, вывучалі мясцовую нацыянальную архітэктуру. А пазней казалі, што мясцовыя збудаванні вельмі натхнілі вас. Раскажыце крыху пра гэта натхненне.

— Беларуская архітэктура — вельмі шырокая тэма, якая ахоплівае шмат стыляў з розных эпох. Яскравы прыклад з ХVІ стагоддзя — гэта цагляная гатычная ўмацаваная царква ў Мураванцы, з ХХ стагоддзя — канструктывісцкія шэдэўры Лангбарда. Але я даследаваў галоўным чынам драўляную царкоўную спадчыну Беларусі, якая вельмі адрозніваецца ад таго, што будавалі ў суседніх краінах. Расійскія цэрквы рабіліся з бярвення і мелі цэнтрычную планіроўку, у той час як у паўднёвай Польшчы і Карпатах дамінантамі былі вялізныя, крутыя дахі, абліцаваныя дахоўкай. Драўляныя цэрквы ў Беларусі і ў некаторых іншых месцах былога Вялікага Княства Літоўскага мелі чыста абліцаваныя сцены ў асаблівым вертыкальным насціле. Контррэфармацыя была вельмі моцнай у ВКЛ, таму стыль барока тут прынялі з вялікім энтузіязмам. У ХVІІІ стагоддзі развілася яго адрозная версія, названая Віленскім барока. Геніем гэтага стылю быў архітэктар Ян Глаўбіц. Рэха такога ўплыву было адчувальным у будаўніцтве драўляных цэркваў: яны вылучаліся адной ці дзвюма стромкімі вежамі, франтонным фасадам, заблытанымі, выпуклымі лініямі купалоў і тонкімі жалезнымі крыжамі.

— Як вы думаеце, шмат людзей даведалася пра Беларусь дзякуючы гэтаму будынку?

— Спадзяюся, што так, ва ўсякім разе ў архітэктурным асяродку. Напрыклад, летась падчас Дня адкрытых дзвярэй многія брытанцы наведалі царкву — гэта адзіная драўляная царква ў Лондане. Яна, здаецца, вельмі папулярная сярод лонданцаў — я ўсё яшчэ атрымліваю электронныя лісты ад грамадскасці, у якіх час ад часу ў мяне просяць дазволу наведаць царкву. І царква названая ў гонар Беларусі, таму гэта дапамагае распаўсюдзіць веды пра краіну, бо натхніла на стварэнне канструкцыі драўлянага храма менавіта беларуская архітэктура.

— Вы з'яўляецеся членам праўлення дабрачыннага фонду Hеrіtаgе Trust Nеtwоrk у Лондане — арганізацыі, якая займаецца культурнай спадчынай. Ці існуюць нейкія праблемы ў гэтай сферы ў Вялікабрытаніі?

— Я з'яўляюся адной з давераных асоб фонду. Мая краіна сапраўды зрабіла выдатную работу ў абароне яе культурнай спадчыны. Мая дабрачыннасць — добры прыклад, які шчодра падтрымліваецца за кошт дзяржаўнага фінансавання. Закон таксама абараняе нашу культурную спадчыну — любыя змены ў будынках, якія абаронены дзяржавай, з'яўляюцца крымінальным злачынствам. Метады, якія мы выкарыстоўваем, каб захаваць спадчыну, вельмі ашчадныя — мы імкнёмся атрымаць і захаваць аўтэнтычнасць будаўнічых матэрыялаў.

— Вы неяк казалі, што цэнтр Мінска з'яўляецца добрым кандыдатам на ўключэнне ў Спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Чым, на вашу думку, адметная гэта архітэктура?

— У першую чаргу гэта ўзор савецкага неакласічнага адраджэння, горад Сонца. Таксама не трэба прапускаць некалькі каштоўных канструктывісцкіх шэдэўраў, такіх як Дом урада Іосіфа Лангбарда, стары будынак нацыянальнай бібліятэкі Іосіфа Лаўрова. Тым не менш у маіх фаварытах — Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі архітэктара Лангбарда — выдатны прыклад спалучэння канструктывізму і неакласіцызму.

«Звязда» звярнулася таксама да дацэнта кафедры «Архітэктура жылых і грамадскіх будынкаў» Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Віталя Арабея з просьбай пракаментаваць поспех беларускай царквы ў Лондане і расказаць пра стан аналагічных пабудоў у Беларусі:

— Аўтару беларускай царквы ў Лондане ўдалося дасягнуць выдатнага спалучэння нацыянальных і сучасных матываў, — лічыць Віталь Арабей. — У будынка добрая экалагічнасць, выкарыстоўваецца спрадвечны беларускі матэрыял — дрэва. У той жа час гэта і сучасная тэндэнцыя — браць для пабудоў аднаўляльныя матэрыялы. Архітэктар удала выкарыстаў гэту тэндэнцыю.

Завяршаецца царква барочным купалам, а дакладней, народнай інтэрпрэтацыяй барока. У ім няма пампезнасці, атрымаўся камерны храм. Да таго ж дрэва — утульны, блізкі кожнаму, цёплы матэрыял. Такім чынам архітэктару ўдалося спалучыць камернасць з дамашняй атмасферай.

На жаль, драўляныя цэрквы ў нашай краіне сустракаюцца ўсё радзей. А дакладна такой вы не пабачыце. Бо цэрквы маюць свае рэгіянальныя асаблівасці — адметнасці кампазіцыі, прыёмаў будоўлі. Цзыўаю Со ўдалося выкарыстаць прыём, уласцівы беларускай архітэктуры, схапіць агульнае ўражанне. Да таго ж аўтар адчуў і перадаў атмасферу ўніяцкага храма.

Аналагічныя цэрквы ў сучаснай Беларусі, на жаль, мы ўсё часцей бачым з пераробкамі. Іх абнаўляюць звычайным штатным рамонтам: перарабляюцца купалы і абрысы цэркваў, нават макаўкі, якія завяршаюць іх, мяняюць формы. Аўтэнтычныя храмы настаяцелі абшчын, якія ў іх служаць, змяняюць на ўласны густ. Часцей за ўсё гэтыя храмы знаходзяцца на перыферыі, далёка ад цэнтра.

Мы маем іншыя прыклады сучасных цэркваў, збудаваных з народнымі беларускімі матывамі, — кожны аўтар увасабляе іх па-свойму. Прыгадаю толькі храмы ў Мінску. Гэта царква ў гонар Сафіі Слуцкай архітэктара Міколы Лук'янчыка, храм Іконы Божай Маці Мінскай — архітэктар Алесь Трухін выкарыстаў матывы ручніка на барабане. Вельмі народны характар мае Мікалаеўскі храм у Шабанах. Ёсць цэрквы, выкананыя з народнымі матывамі, і ў іншых гарадах. Уніяцкі характар храмаў выразна праглядаецца на Віцебшчыне, цікавы храм маецца і ў Брэсце.

Алесь Трухін у свой час для стварэння храма ў сталічным мікрараёне Лошыца ўзяў за ўзор храм у Старым Свержані ў беларускай барочнай тэматыцы. Гэты праект зацвердзілі і дабраславілі на выкананне. Але ў сілу некаторых прычын туды прызначылі іншага архітэктара і была збудавана сучасная тыпавая царква.

Гэта цікава!

Беларуская царква ў Лондане намінавана на Прыз Еўрапейскага саюза ў сучаснай архітэктуры — прэмію Міс ван дэр Роэ 2019 (скарочана: thе ЕU Mіеs Аwаrd 2019). Гэта прэмія — найвышэйшая ўзнагарода ў еўрапейскай архітэктуры, якая прысуджаецца кожныя два гады Еўрапейскім саюзам і фондам Міс ван дэр Роэ з 1988 года.

Упершыню ў гісторыі будынак, непасрэдна звязаны з Беларуссю, быў намінаваны на гэту прэмію. Грэка-каталіцкая царква пабудавана ў 2017 годзе для супольнасці беларускай дыяспары ў Вялікабрытаніі як месца для малітваў, а таксама мемарыял усім ахвярам Чарнобыля.

Царква атрымала прызнанне крытыкаў як у Вялікабрытаніі, так і на міжнародным узроўні. Напрыклад, яна абышла 160 іншых новых будынкаў і выйграла Лонданскі фестываль архітэктуры ў 2017 годзе, а таксама намінавана ў дзвюх катэгорыях на Прыз за найлепшы будынак года ў свеце на Сусветным фестывалі архітэктуры, які адбудзецца сёлета 28—30 лістапада.

Брытанскі архітэктар Цзыўай Со, які спраектаваў царкву, у сакавіку 2018 года перамог у міжнародным конкурсе на дызайн новага пан'еўрапейскага мемарыяла ў Бруселі. Мемарыял будзе прысвечаны ўсім ахвярам таталітарызму ХХ стагоддзя ў Еўропе, яго пабудуюць на плошчы Жана Рэ ў Бруселі побач з Еўрапарламентам.

Архітэктар Цзыўай Со сёлета далучыўся да праекта рэстаўрацыі Вялікай сінагогі ХVІІ стагоддзя ў Слоніме.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота Якіма БОРАНА

Загаловак у газеце: Драўляная, камерная, унікальная

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.