Вы тут

Спытайце ў Дарвіна


«Смерць забірае самых лепшых. Таму я ўзмоцнена дэградую апошнія некалькі гадоў». Не ведаю, як вам, а мне ў галаву прыходзіць найперш гэты анекдот, калі я чытаю некаторыя заходнія навіны адносна гендара. («Хопіць пужаць усіх канцом свету. Гэта нікога не палохае. Напужайце ўсіх канцом інтэрнэту».) Якія там дамаганні да знакамітасцяў? Якія даследаванні брытанскіх вучоных? Гэта ўсё дзіцячы лепет у параўнанні з тым, што творыцца ў галовах звычайных, падавалася б, людзей!.. Можа, яны сапраўды нешта ведаюць і спрабуюць так выжыць? («— Я тут грэшнай справай падумаў... — Галавой трэба было думаць!») Бо іншых тлумачэнняў таго, што адбываецца, я назваць не магу, хоць вельмі хацелася б. («— Доктар, я ж не стары, мне толькі 22 гады. Мае сябры ходзяць у клубы і тырчаць там да ранку, а мне гэта нецікава. Што са мной не так? — Нічога страшнага, проста ў вас ёсць мазгі».) Ну вось уявіце сабе: у ЗША некалькі студэнтаў сарвалі лекцыю пра гендарную разнастайнасць з-за слоў прафесара біялогіі аб адрозненнях паміж... мужчынамі і жанчынамі. Без жартаў...


Спецыяліст адзначыла, што лічыць дзіўнай пазіцыю, калі сцвярджаецца, быццам біялагічны пол чалавека, як і паняцце гендара (успрыняцце пола) можа змяніцца падчас эвалюцыі. Чытачы, вы ў гэта верыце? Ці пад «эвалюцыяй» некаторыя маюць на ўвазе нешта зусім іншае? («Чым добры наш час: калі не атрымаецца ўдала жаніцца, дык можна паспрабаваць выйсці замуж».) Няўжо ў кагосьці тут ёсць нейкія сумненні? («У вас ніколі не збываюцца гараскопы? Значыць, бацькі манілі вам пра дату нараджэння, а тое і ўвогуле купілі вас у цыган».) Прафесар заявіла, што анатомія і фізіялогія мужчын і жанчын адрозніваецца незалежна ад таго, што думаюць пра гэта ў грамадстве. Няўжо гэта раней не было вядома? («Калі б крэмы ад маршчын рэальна дапамагалі, дык у жанчын ужо не было б адбіткаў пальцаў».) Што ў процілеглых полаў розны рост, аб'ём мышачнай масы, па-рознаму адкладваецца тлушч. («— Фіма, ты памятаеш, што пры награванні цела расшыраецца? — Так, і што з таго? — Дык значыць, я не тоўстая, а проста страшэнна гарачая!») І мозг у мужчын і жанчын працуе таксама па-рознаму, дадала біёлаг. («Не жаніцеся з высокімі дзяўчатамі. На іх футра даражэй каштуе...»)

Што тут пачалося! («Глядзі доранаму каню ў зубы. Выкінь слова з песні. Зрабі слова вераб'ём. Намаж «дзякуй» на хлеб. Без высілкаў выцягні рыбку з сажалкі. Ідзі супраць сістэмы».) Некалькі студэнтаў учынілі скандал, вывелі са строю аўдыясістэму і пад наглядам паліцыі пакінулі аўдыторыю. Напрыканцы кінуўшы прафесару фразу пра яе «прамытыя мазгі». Як вам такое? («Як казала цётка Цыля, «самы страшны від беспрацоўя — галава, якая не працуе».) Трэба аддаць належнае, пасля гэтага круглы стол прадоўжыўся і словы лектара ў зале падтрымалі бурнымі апладысментамі. Ну, значыць, не ўсё яшчэ згублена... («— Вучоныя знайшлі новы спосаб зачацця. — А чым стары не падабаецца?»)

Яшчэ больш дзікунскі выпадак, на мой погляд, адбыўся ў Вялікабрытаніі. Там студэнта з Кіпра выключылі з універсітэта за твіт пра тое, што ў жанчын няма... Увага, засяродзьцеся, набярыце ў грудзі болей паветра... Чаго няма? Усё роўна не здагадаецеся. («З дзяўчатамі заўсёды так: прыстаеш — нахабнік, не прыстаеш — прыдурак».) Ну, таго самага мужчынскага палавога органа, малюнак якога раней быў у кожным папяровым падручніку па анатоміі. А анатомія, нагадаў бы тым «разумнікам», гэта навука. («Я настолькі стары, што памятаю часы, калі Сабчак і Клінтан былі мужыкамі».) Ты-ы-д-ым! Я зараз паспрабую адгадаць: вы плачаце альбо смеяцеся? Іншае? («Слоўнікавы запас фізрука на 70 працэнтаў складаецца са свісту».) Дык вось, за сцвярджэнне відавочнага хлопца не толькі выключылі з універсітэта, але і звольнілі з пасады рэдактара студэнцкага часопіса і прэзідэнта студэнцкай супольнасці за свабоду слова. Апошняе — гэта, пагадзіцеся, увогуле супер! Але і тут яшчэ не ўсё! На ўжо колішняга студэнта так «наехалі» прадстаўнікі сексуальных меншасцяў, што той мусіў не толькі выдаліць свой твіт, прынесці прабачэнні, але і заявіць, што... Так, канешне ж, жанчыны могуць мець той самы орган... (Памятаеце эпізод з фільма «Добры дзень, я ваша цёця»? «— Што вам трэба, сэр? — Ты што, з глузду з'ехаў?! Які я табе сэр?») Дадаць больш няма чаго.
Заслона. Нямая сцэна...

Нядаўна майстар адзінаборстваў, а цяпер амерыканскі радыёвядучы заявіў на ўсю краіну пра тое, што рускія — гэта апошнія мужыкі, якія засталіся на Зямлі, у прамым сэнсе слоў. Думаю, пад рускімі можна разумець усіх прадстаўнікоў дужай паловы чалавецтва некалі адзінай вялікай краіны. Дык вось, каментуючы сітуацыю, радыёвядучы сказаў, што «ў ЗША ўсе сталі нейкімі жанчынападобнымі, яшчэ крыху — і мужыкі пачнуць насіць шпількі і фарбавацца... Рускія не любяць, калі ім указваюць, гэта апошнія мужыкі на Зямлі. Нам трэба браць з іх прыклад».

...Дык а пры чым тут Дарвін? Як вядома, галоўны (хоць і не адзіны) фактар эвалюцыі, згодна з яго вучэннем, — натуральны адбор. «Дарвін быў мудрым чалавекам, ён даў нам магчымасць хоць бы неяк тлумачыць нашы ідыёцкія ўчынкі».

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».