Вы тут

Шоукейс Belarus Open: разгерметызацыя


Шоукейс Belarus Open: разгерметызацыя

Вялікае шоу для гасцей і маштабная рэпрэзентацыя. Праграма VIII Міжнароднага форума тэатральнага мастацтва «ТЕАРТ»[i] атрымала назву «Разгерметызацыя». Стваральнікі праграмы выбралі рызыкоўную назву, якая характарызуе рызыкоўную праграму, дзе адбываецца страта герметычнасці і распорваецца вакуумная абалонка беларускага тэатра.

Разгерметызацыя — гэта ў любым выпадку пра парушэнне цэласнасці. Разгерметызацыя найчасцей адбываецца пад уздзеяннем гвалтоўных знешніх фактараў, калі гэта не добраахвотныя тэхнічныя працы. І тут ёсць падстава задумацца: якой была разгерметызацыя? Тут можна казаць, што тэатр робіць гэта сам і добраахвотна. Але, у той жа час, яго падштурхоўваюць да гэтай разгерметызацыі, і, з аднаго боку, яму страшна, а з іншага — яму хочацца рухацца далей. Што гэта: гвалт ці сталенне?

Што рабіць, калі ў сваёй прасторы дарос да вышыні, далей — куды? Далей няма куды, далей сценкі капсулы: з аднаго боку ў яе ўпіраецца макушка, з другога — ногі. Толькі згортвацца ўнутр.

Нават калі вы не тэатрал, вы ўсё роўна дзесьці побач з тэатрам. Калі вы думаеце, што тэатр далёка, то тэатр занадта блізка і ўжо хвалюе вашую прастору сваімі коламі. І калі вы ў маленькі вузкі вадаём культурнага працэсу кінеце каменьчык, то па ўсёй вадзе пойдуць адчувальныя колы. Мы з вамі знаходзімся ўнутры гэтай капсулы з нашай прасторай. Нават калі вы не памятаеце, калі вы апошні раз былі ў тэатры, вы ўсё роўна ўнутры працэсу: сядзіце на канапе і, напрыклад, глядзіце новы кліп NaviBand, а недзе ў культурнай прасторы ціха ідзе тэатральны працэс. Вы таксама ўнутры капсулы, якую разгерметызуюць. Мы ўнутры — і нас адкрываюць камусьці. Нас адкрываюць не для нас, як гэта часта робіцца, калі нам жа прапануюць паглядзець на нешта беларускае і ўбачыць, што яно файнае. Нас адкрываюць для тых, хто па‒за гэтай капсулай. Нас адкрываюць для замежных гасцей, крытыкаў, тэатралаў. З аднаго боку, не самае прыемнае адчуванне, што гэта робіцца зусім не для нас. З іншага боку, а як інакш, калі капсулу трэба ўсё ж раскалупаць і паказаць? Наш тэатр варты таго, каб пра яго ведалі не толькі тут, каб праз яго запрашалі некуды, каб ён сталеў і не бачыў межаў.

Як прайшла тэатральная разгерметызацыя?

Значным для тэатральнага працэсу стала тое, што ў склад праграмы ўвайшлі як спектаклі дзяржаўных тэатраў, так і спектаклі, створаныя ў межах праекта «ТОК», што існуе на базе Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн». Гэта прыемны элемент разгермецызацыі, які развівае ўнутраную канкурэнцыю, што таксама звычайна з’яўляецца добрай рысай любога сацыяльнага працэсу.

У гэтай праграме сабраныя рэжысёры, якія досыць трывала ўпіраюцца галавой і нагамі ў канцы капсулы. Некаторыя яшчэ і прытрымліваюць рукамі сценкі, каб яны не сціснуліся. Тут няма пачаткоўцаў, якіх адкрывае для сябе прастора, тут мы адкрываем нашую прастору для іншых — таму толькі гучныя імёны. Насамрэч тут няма нечаканых рэжысёраў. Аляксей Ляляўскі, Аляксандр Янушкевіч, Яўген Карняг — нельга прайсці міма рэжысёраў лялечных тэатраў, якія зараз робіць найлепшыя спектаклі ў краіне. Мікалай Пінігін, Аляксандр Казак і Саўлюс Варнас — мэтры драматычнага тэатру. Юрый Дзівакоў, Аляксандр Марчанка, Дзмітрый Багаслаўскі — маладыя рэжысёры, якія робяць свае спектаклі міждысцыплінарнымі, працуюць на сутыкненні, на мяжы нечага і нечага — у той ці іншай ступені, чым прывабліваюць.

Праграма паказвае вытанчанасць ў звароце да беларускага класічнага матэрыялу («Новая Зямля») і класічнага іншаземнага матэрыялу («Рэвізор», «Mann ist mann»). Рэжысёры дэманструюць пошук новых рашэнняў, інтэрпрэтацый, майстэрства перакладання класічных тэкстаў на беларускі сучасны кантэкст. Праграма адкрылася спектаклем Мікалая Пінігіна «Рэвізор» і закрылася спектаклем Аляксея Ляляўскага «Mann ist mann», усярэдзіне апынулася праца з сучаснымі тэкстамі («З вучылішча» і «крестовыйпоходдетей» па п’есах Андрэя Іванова, «Чалавек з Падольска» Дзмітрыя Данілава, «Ліпень» Івана Вырыпаева), і праца па‒за тэкстамі п'ес («Сёстры Грайі», «Бетон», «Дарожка мая»).

Нам паказалі класічны драматычны тэатр, лялечны тэатр і тэатральныя перформансы. І значнае адрозненне беларускай праграмы ад міжнароднай палягае ў тым, што ў межах Belarus Open не прадстаўленыя музычны тэатр і тэатр танца, але затое паказаныя шырокія магчымасці сучаснага лялечнага тэатра. І гэты адбор паказвае, які напрамак у Беларусі развіваецца найбольш ярка, а які аказваецца па‒за бортам тэатральнай лодкі.

Праграма атрымалася сацыяльнай і з‒за гэтага хваравіта‒вострай. Тут востра гучыць тэма беларускасці ў разнастайных праявах. Праграма адкрываецца трасянкай у Купалаўскім тэатры практычна на мяжы з «клюквы» («Рэвізор»), пераходзіць да коласаўскага тэксту («Новая зямля»), дае трохі гарадскіх мінскіх лакацый («З вучылішча»), паказвае сапраўдную беларускую аўтэнтыку («Дарожка мая»). Вар'яцкая штодзённасць і паняцце нармальнасці гучаць у спектаклях «З вучылішча», «Чалавека з Падольска», «Ліпень», «Крыжовы паход дзяцей» і «Mann ist mann». Тры спектаклі ў праграме («З вучылішча», «Бетон», «Сёстры Грайі») ствараюць нябачны антычны фон, які расцягваецца на ўсю праграму. Праграма гучыць амаль як антычная трагедыя.

Спектаклі для VIII Міжнароднага форума тэатральнага мастацтва «ТЕАРТ» падабраныя рэпрэзентатыўна, прыгожа і гучна. Але мне не хапіла лёгкасці і вытанчанасці XIII Міжнароднага моладзевага форума тэатральнага мастацтва «Март.контакт‒2018», які плаўна тэматычна перацякаў з адной працы ў другую, працаваў з тэматычнай разбіўкай па днях, выбудоўваў складаную настраёвую плынь — ствараў праграму як асобны твор мастацтва. І калі «Март.контакт» я глядзела так, як чытаюць кнігу, то «ТЕАРТ» стаў паказам мод, які, у прынцыпе, таксама складзены па законах драматургіі, але тут усё працуе інакш. Як бы ні хацелася іх параўноваць як тэатральныя форумы, іх мэты сёлета аказаліся занадта рознымі: яны сталі двума рознымі творамі мастацтва, як бы дзіўна гэта ні гучала.

Святлана КУРГАНАВА


[i] Арганізатары: Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн», ААТ «Белгазпрамбанк», ААТ «Газпром трансгаз Беларусь». Форум праходзіць пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».